Галава Леніна, рамонт у хрушчоўцы і дэкамунізацыя
Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра магчымую дэкамунізацыю ў Беларусі.
Адно з найбольш яскравых уражанняў кіеўскага Майдану – гэта зрынанне помніка Леніну 8 снежня 2013 года на Храшчаціку. Позна ўвечары помнік спачатку акружылі фанаты ў масках, гэтым часам да скульптуры прывязалі нейкія тросы – і працэс пайшоў.
З боку бульвара Шаўчэнкі пад’ехаў “Беркут”: вылезлі з транспарту, пашыхтаваліся, але іх было занадта мала – нічога зрабіць не маглі. А помнік нахіляўся, нахіляўся… і рухнуў! Паверыць было цяжка – нібы ўсё адбываецца ў кіно. Далей ужо на яго ўскараскаўся чалавек з молатам і пачаў дабіваць правадыра пралетарыяту. Галаву хутка знеслі ў невядомым напрамку, аскепкі пратэстоўцы распіхалі па кішэнях – на памяць. Я таксама насіў пару каменьчыкаў, пасля выкінуў.
Гэта быў толькі пачатак Майдану. Далей былі месяцы супрацьстаяння, кроў, ахвяры. Але менавіта знос Леніна, які шмат хто палічыў актам вандалізму (помнік аўтарства Меркурава быў усё ж творам мастацтва, а не штампоўкай), стаў сімвалічнай падзеяй. Пачаткам “ленінападу”, які працягваўся ўвесь наступны год. Пачаткам маштабнай дэкамунізацыі – перайменавання вуліцаў, плошчаў, змены культурнага ландшафту.
Зікурат з муміяй мёртвага бога
Украінцы з таго часу пры нагодзе любілі нагадаць беларусам, маўляў, чаму ж вы ў сябе ленінаў з дзяржынскімі не чапаеце? Няхай гэта “балваны” з бетону ці мармуру, але яны вельмі важныя – сімвалічна.
Асабліва мне спадабалася тэорыя аднаго ўкраінца з Варшавы, які на поўным сур’ёзе даводзіў, што маўзалей у Маскве – гэта зікурат з муміяй мёртвага бога. Усе астатнія помнікі з ім звязаныя, гэта праваднікі энергіі. Дзе стаяць леніны – там кіруе той галоўны, які ў маўзалеі. Або той, хто валодае маўзалеем… Сэнс такі: калі скідваеш ленінаў, то і агульная тэрыторыя, падкантрольная “сілам цемры”, змяншаецца.
У Беларусі ідэя дэкамунізацыі, здаецца, ідзе з іншага боку: праз Курапаты. Маўляў, пакуль усе беларусы не пабываюць у Курапатах і не пакаюцца, краіна так і будзе ва ўладзе “сілаў цемры”. Гэты момант час-почас закідаюць і топавым палітыкам: а ці быў у Курапатах? Ці ставіў знічку? Ці бараніў?
Маўляў, усё звязанае з Лукашэнкам – толькі лісце вялізнага дрэва, якое каранямі ўгрызаецца ў Курапацкую Галгофу. Без асэнсавання гэтага і зменаў ніякіх не будзе. Таму, маўляў, і ў палітыку лезці не трэба, пакуль кожны беларус не ўсвядоміць трагедыю сталіншчыны і савецкіх рэпрэсіяў.
З падзеннем ленінаў камунізм нікуды не знік
Містыка, знакі, сімвалы – гэта, вядома, крута. Але давайце задумаемся, як рэальна магла б выглядаць дэкамунізацыя ў беларускім фармаце. І ці ёсць ленінапад ва ўкраінскім варыянце яе абавязковай умовай? Ці адназначна паспяховы такі шлях?
Ва Украіне з падзеннем ленінаў камунізм як сістэма поглядаў і звычак нікуды не знік. Былыя прыхільнікі Януковіча і СССР цудоўна перафарбаваліся і надалей займаюць месцы ў Вярхоўнай Радзе. Зяленскі кажа, што “няма розніцы, як завецца вуліца, калі яна не асветленая ці не заасфальтаваная”.
Ну а калі звычайны жыхар, скажам, Тэрнопаля, б’е сябе ў грудзі на тэму таго, які ён антыкамуніст, а пасля крадзе на працы ці выкідае недакуркі ў ліфце, то хто ён, калі не дзіця савецкай сістэмы?
Дык, можа, рэч не ў бронзавых “балванах” на плошчах? Дакладней, не толькі ў іх?..
“Не кран, а ўсю сістэму змяняць трэба…”
Вы калі-небудзь рабілі рамонт у савецкай хрушчоўцы ці брэжнеўцы? Так-так, у кватэры, дзе ўсё крыва і коса, замест нармальнага расшчэпу – пясок, а ў санвузле не ведаеш як павярнуцца і зацягнуць душавую кабіну, бо месца няма. А яшчэ трэба чэхаславацкі хрусталь некуды падзець, бо гэта “рэліквія”… Упэўнены, што рабілі. Ну, ці акурат збіраецеся рабіць.
Дэкамунізацыя па-беларуску – гэта вялікі рамонт у савецкай хрушчоўцы. Рамонт, які трывае не адзін тыдзень ці месяц. Беларусы – людзі практычныя, часам ажно да цынізму. Робяць, разбіраюцца, угрызаюцца ў тэму. Нацыя працы. І калі тое, з чым працуюць, ніякаватае, непрыдатнае – злуюцца.
Так будзе і са спадчынай камунізму. Апошнія гады ў краіне трываў касметычны рамонт – мянялі рассохлыя драўляныя рамы на шклопакеты, лінолеум на паркет. Але то тут, то там цякло, адвальвалася, караціла. Стала ясна, што мяняць трэба ўсё – ад трубаў да праводкі. Як той водаправодчык казаў: “Тут не кран, а ўсю сістэму змяняць трэба…” Зносіць старое – ставіць новае.
І тут адбыўся калапс, бо намінальны ўласнік кватэры, зразумела, супраць. Гэты камод яму дарагі як памяць, а гэты хрусталь быў набыты падчас паездкі ў Чэхаславакію, а халадзільнік яшчэ марозіць, то навошта яго выкідаць?.. Так і пайшло супрацьстаянне: “еўрарамонт” або “савок”, рэвалюцыя або рэакцыя.
Як “рай савецкага чалавека” ператварыўся ў пекла?
Прыбраць ленінаў – гэта вынесці на сметніцу скрыню з чэхаславацкімі графінамі і фужэрамі. Перарабіць сістэму – гэта зрабіць рамонт комплексна, ад пачатку і да канца. Прычым графіны на час рамонту можна знесці ў падвал, каб вочы не мулялі. Не ў іх бяда.
Так, думаю, будзе і ў нашым выпадку. Змены ў краіне незваротныя, рамонт зацягнуўся – але ж робіцца, нават насуперак істэрыкам намінальнага ўласніка кватэры. І чым даўжэй робіцца, тым больш мы хочам яго скончыць – пад ключ. Беларусы прыйдуць да антыкамунізму не праз Курапаты, не праз ленінаў, а проста ў працэсе – асэнсоўваючы, наколькі ўсё гнілое, няспраўнае, невылечнае.
Магчыма, такі варыянт не самы пафасны і прыгожы. Пра знос Леніна на Храшчаціку можна спяваць песні і пісаць карціны. Пра вываз Леніна на які-небудзь склад з мэтай далейшага продажу калекцыянерам ці стварэння музея памяці СССР пісаць можна, але найхутчэй сумныя бюракратычныя справаздачы. Беларусы гаспадарлівыя – разбяруцца.
А яшчэ я б вельмі хацеў, каб у новай Беларусі паўстаў адзіны ў СНД Інстытут вывучэння СССР. Хай бы яго ўрачыста адкрылі 8 снежня – у дзень падпісання “Белавежскіх пагадненняў”. Менавіта там разумныя людзі б расшчаплялі на атамы феномен сацыяльнага эксперыменту пад назвай “камунізм”. Без лішніх эмоцыяў і прапаганды. Каб урэшце зразумець, што ж з намі ўсімі адбывалася столькі гадоў і чаму асобная кватэра ў хрушчоўцы – “рай савецкага чалавека” – урэшце ператварылася ў пекла.
Алесь Кіркевіч, budzma.by