15 ІТ-кампаній перанеслі дзейнасць з Беларусі ў Латвію. Гэта 1000 працоўных месцаў
Замежныя інвестары стварылі ў Латвіі за дзевяць месяцаў 2300 новых працоўных месцаў. З іх блізу 1000 стварылі беларускія кампаніі.
За дзевяць месяцаў гэтага года Латвія прыцягнула замежныя інвестыцыі ў памеры 204 мільёнаў еўра, паведаміў дырэктар Латвійскага агенцтва інвестыцый і развіцця (LIAA) Каспарс Ражкалнс. Паводле яго слоў, за гэты час інвестары стварылі ў краіне 2300 новых працоўных месцаў — у асноўным у сферы ІТ.
Акрамя таго, сёлета перанеслі сваю дзейнасць з Беларусі ў Латвію 17 прадпрыемстваў, і 15 з іх — ІТ-кампаніі. Яны стварылі ў каля 1000 новых працоўных месцаў, перадае Беларускі партызан са спасылкай на Baltic Course.
У той жа час Ражкалнс выказаў упэўненасць у тым, што для далейшага прыцягнення інвестыцый важна ўпарадкаваць бюракратычныя працэсы. LIAA, паводле яго слоў, паспрабуе скараціць адміністрацыйную нагрузку, каб паскорыць абслугоўванне замежных інвестараў, у тым ліку тых, хто ўжо працуе ў Латвіі.
Як адзін з пазітыўных аспектаў у прыцягненні замежных інвестараў дырэктар LIAA згадаў даступнасць офісаў. Ён прызнаў, што да крызісу з-за пандэміі COVID-19 знайсці належнае памяшканне магло быць праблемай, аднак цяпер, калі большая частка прадпрыемстваў працуе аддалена, праблемаў з даступнасцю офісаў няма.