Распрацоўшчык прыкладання Flo адкрывае офіс у Вільні

Яшчэ адна беларуская IT-кампанія адкрывае офіс у Вільні. Распрацоўшчык прыкладання для жаночага здароўя Flo забяспечыць працай у Літве інжынераў, спецыялістаў аналізу вялікіх звестак і машыннаму навучанню

2d7918002f37d4d22bad4bfcf4c03607.jpg


Колькасць супрацоўнікаў літоўскага офіса пакуль не называецца. Зараз штат Flo налічвае больш за 260 супрацоўнікаў у Мінску, Лондане і Сан-Францыска, паведамляе Dev.by са спасылкай на тэхдырэктара кампаніі Рамана Бугаева.

27 кастрычніка супрацоўнікаў Flo папрасілі пакінуць мінскі офіс: паведамлялася, што туды накіроўваецца аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. «Супрацоўнікі АБЭЗ паведамілі аднаму з супрацоўнікаў, што прыедуць у офіс задаць некалькі пытанняў у рамках справы аб яго адміністрацыйным правапарушэнні», — растлумачылі тады ў кампаніі.

Некалькі супрацоўнікаў Flo затрымліваліся за ўдзелы ў акцыях пратэсту, да аднаго з іх сапраўды прыходзілі супрацоўнікі АБЭЗ.

Апошнім часам многія беларускія кампаніі адкрываюць офісы ў Літве. Пра гэта ўжо заявілі Currency, Epam і Wargaming. На фоне палітычнага крызісу ў Беларусі многія суседнія краіны спрашчаюць умовы адкрыцця бізнесу для беларускіх IT-кампаній, спрабуюць прыцягнуць іх рознымі прэферэнцыямі.