Забіты лідар ХАМАС Ісмаіл Ханія. Што вядома?
Тэрарыстычная групоўка ХАМАС аб'явіла, што яе палітычны лідэр Ісмаіл Ханія забіты ізраільскім ударам па яго рэзідэнцыі ў Тэгеране. Ізраільскія ўлады і вайскоўцы пакуль не заяўлялі пра смерць Ханіі.
«Брат, лідэр, маджахед Ісмаіл Ханія, лідэр руху, загінуў у выніку ўдару сіяністаў па яго штаб-кватэры ў Тэгеране пасля таго, як ён прыняў удзел у інаўгурацыі новага прэзідэнта Ірана», — цытуюць сусветныя агенцтвы заяву ХАМАС.
Аб смерці Ханіі аб'явіў і іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, пиша Бі-бі-сі. У паведамленні на сайце Корпуса гаворыцца, што разам з лідэрам ХАМАС загінуў адзін з ягоных целаахоўнікаў.
Якім менавіта чынам быў нанесены ўдар, які прывёў да сьмерці лідэра ХАМАС, групоўка пакуль не тлумачыць.
Ізраільскія ўлады і вайскоўцы пакуль нічога пра смерць Ханіі не заяўлялі. Прэс-аташэ Арміі абароны Ізраілю контр-адмірал Даніэль Хагары толькі напісаў у сацсетцы Х, што ЦАХАЛ праводзіць «ацэнку сітуацыі».
Некаторыя арабскія СМІ перадаюць, што Ханія быў забіты прамым трапленнем ракеты, але гэтая інфармацыя мае быць пацверджанай.
Напрыклад, іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Ханія быў забіты каля дзвюх гадзін ночы ў сераду дадаўшы, што ён знаходзіўся ў «спецыяльнай рэзідэнцыі для ветэранаў вайны на поўначы Тэгерана». Іранскае выданне Nournews сцвярджае, што па рэзідэнцыі Ханіі ў Тэгеране быў нанесены авіяўдар, перадае агенцтва Reuters.
Як перадае палестынскае агенцтва WAFA, прэзідэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас рашуча асудзіў забойства Ханіі.
Розныя палестынскія арганізацыі заклікалі сваіх прыхільнікаў на дэманстрацыі пратэсту наконт ліквідацыі палітычнага лідэра ХАМАС.
Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі на Блізкім Усходзе Ёланда Кнел, прадстаўнікі ХАМАС ужо заявілі, што ўдар па Ханіі азначае сур'ёзную эскалацыю канфлікту ў рэгіёне і «не застанецца беспакараным».
Надэр Хашэмі, прафесар блізкаўсходніх даследаванняў у Джорджтаўнскім універсітэце, у размове з Бі-бі-сі не выключыў, што забойства Ханіі можа наблізіць рэгіён да поўнамаштабнай вайны. Эксперт нагадвае, што ўсяго некалькі гадзін таму Ізраіль спрабаваў забіць высокапастаўленага лідэра «Хезбалы» ў Паўднёвым Бейруце. І калі раней лічылася, што Іран і «Хезбала» не зацікаўленыя ў эскалацыі, забойства Ханіі можа гэта змяніць, дадае Хашэмі. «Цяпер у Ірана ёсць усе стымулы паспрабаваць абвастрыць гэты канфлікт», – лічыць ён.
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін, наадварот, заявіў, што не лічыць вайну непазбежнай. Ён паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць перарастання лакальнага канфлікту ў шырэйшы ва ўсім рэгіёне.
Ханія лічыўся лідэрам усяго ХАМАС
ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у Еўразвязе і ЗША.
Ісмаіл Ханія з 2017 года ўзначальвае палітычнае крыло ХАМАС і лічыцца лідэрам усёй групоўкі, адзначае DW. Ён пражываў у сталіцы Катара горадзе Доха.
У красавіку ў выніку ізраільскага авіяўдару ў сектары Газа былі забітыя тры сыны Ханіі. У ЦАХАЛ заявілі, што "тры баевікі" Амір, Махамед і Хазем Ханія былі членамі ваеннага крыла ХАМАС. Сам Ханія заявіў аб пакутніцкай смерці яго трох сыноў і некалькіх унукаў і паведаміў, што з пачатку ваеннай аперацыі Ізраіля супраць ХАМАС былі забітыя 60 чальцоў яго сям'і.
Напад ХАМАС на Ізраіль
Эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе пачалася пасля таго, як 7 кастрычніка 2023 года радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС, прызнаны ў Еўрасаюзе і ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй, здзейсніў маштабную атаку на Ізраіль, нагадвае DW. Тэрарысты нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі, уварваліся на яго тэрыторыю і ўчынілі самую масавую расправу над мірным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы. Яе ахвярамі сталі каля 1200 чалавек. Паводле апошніх звестак, баевікі таксама захапілі каля 250 закладнікаў і вывезлі іх у сектар Газа.
Ізраіль у адказ аб'явіў вайну ХАМАС. Армія краіны наносіць масіраваныя ўдары па гэтым густанаселеным палестынскім рэгіёне, які знаходзіцца пад уладай ХАМАС, а таксама праводзіць наземную ваенную аперацыю. Па сцвярджэнні падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя, у сектары Газа загінулі больш за 39 тысяч чалавек, яшчэ больш за 90 тысяч атрымалі раненні. Пацвердзіць гэтыя дадзеныя па незалежных крыніцах не ўяўляецца магчымым.
У рамках часовага рэжыму спынення агню, які дзейнічаў да 1 снежня 2023 года, былі вызвалены больш за 100 закладнікаў. Ізраіль выпусціў з турмаў каля 240 палестынцаў. Ва ўладзе баевікоў, паводле звестак ізраільскіх уладаў, застаюцца каля 120 чалавек, захопленых 7 кастрычніка. Пры гэтым, паводле ацэнак Ізраіля, не менш як 40 закладнікаў ужо няма ў жывых.