Бэн Ладэн, аз-Завахіры, аль-Багдадзі: як зьнішчалі галоўных ворагаў чалавецтва
Сёньняшняя навіна аб забойстве лідара тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ханіі дала нагоду прыгадаць якім чынам былі адпраўленыя на той сьвет іншыя топавыя тэрарысты.
Усама бэн Ладэн
Гэта была чарговая звычайная ноч у пакістанскім Абатабадзе. 2 траўня 2011 года элітная каманда марскіх коцікаў ВМС ЗША пачала сваю місію. Мэта: Усама бэн Ладэн, натхняльнік тэрактаў 11 верасьня 2001 года, чалавек, які стаў тварам сусьветнага тэрарызму. На працягу амаль дзесяці гадоў бэн Ладэн ухіляўся ад ледзьве не самага маштабнага вышуку ў гісторыі.
За некалькі гадоў перад пачаткам фінальнай апэрацыі ўсё пачалося з дробнай дэталі, якую атрымалася высьветліць – імя кур'ера, які наведваў тэрарыста №1. Апэратыўнікі амэрыканскай выведкі павольна разблытвалі сетку сувязяў, якая прывяла іх да ўмацаванага комплексу, відавочна зробленага вельмі бясьпечным, у пакістанскім гарадку. Высокія сьцены комплексу і адсутнасьць камунікацыі толькі падкрэсьлівалі: там знаходзіцца вельмі ўплывовая асоба. Аналітыкі былі перакананыя: гэта сховішча бэн Ладэна.
Элітныя вайскоўцы ЗША прабілі сьцены і трапілі ў межы комплекса. Яны сутыкнуліся з жорсткім супрацівам. У пакоі на трэцім паверсе яго знайшлі. Высокая, худая асоба з пазнавальнай барадой — Усама бэн Ладэн. Супрацьстаяньне было кароткім. Бэн Ладэн, узброены, але не здольны адрэагаваць дастаткова хутка, упаў на зямлю апошні раз. Два стрэлы, адзін у грудзі і адзін над левым вокам, абарвалі жыцьцё самага небясьпечнага тэрарыста ў сьвеце.
У наступныя гадзіны цела бэн Ладэна было дастаўленая на вайсковы карабель. Яго пахавалі ў моры, каб месца яго апошняга спачыну не стала сьвятыняй для ісламістаў.
Абу Бакр аль-Багдадзі
Сьвет пазбавіўся ад Абу Бакра аль-Багдадзі, самаабвешчанага халіфа Ісламскай дзяржавы 26 кастрычніка 2019 года. Аль-Багдадзі, народжаны як Ібрагім Авад Ібрагім Алі аль-Бадры аль-Самараі, стаў самым небясьпечным тэрарыстам на плянэце. Абвяшчэньне халіфата ў 2014 годзе выклікала шок ва ўсім сьвеце, і прыцягнула дзясяткі тысячаў ісламістаў да сумеснай тэрарыстычнай дзейнасьці. Гэта разьвязала такую хвалю гвалту, якая ахапіла Блізкі Ўсход і дакацілася да Эўропы і Амэрыкі.
Жудасная тактыка аль-Багдадзі, публічнае абезгалоўліваньне сваіх і чужых і бязьлітаснае кіраваньне замацавалі яго імідж сучаснага галоўнага зла. На працягу некалькіх месяцаў спецслужбы розных краінаў зьбіралі разам фрагмэнты інфармацыі, і спрабавалі выявіць схему перасоўваньня высокапастаўленых баевікоў Ісламскай Дзяржавы.
Намаганьні прывялі да комплексу ў Барышы, вёсцы ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе Сірыі - месцы, якое, на думку аль-Багдадзі, засьцеражэ яго ад доўгай рукі правасудзьдзя.
У тую ноч пры падтрымцы 75-га палка рэйнджараў і 160-га авіяцыйнага палка спецыяльных апэрацыяў – сілы вольнага сьвету падрыхтаваліся да ўдару. Падчас старанна скаардынаванага рэйду яны прыляцелі на гелікоптэрах. Пасьля гэтага вайскоўцы прабівалі сьцены з дапамогай выбухоўкі і штурмавалі будынкі, нэйтралізуючы тэрарыстаў.
У тым хаосе аль-Багдадзі ўцёк. Аднак ён забраў дваіх сваіх дзяцей у якасьці жывога шчыта і трапіў у лябірынтную сетку тунэляў пад комплексам. Але ратунку не было. Загнаны ў кут і ў роспачы, ён падарваў сябе, чым скончыў сваё жыцьцё і жыцьці яшчэ малых, невінаватых дзяцей, якіх ён забраў з сабой. Яго цела знаходзіцца недзе ў Міжземным моры.
Дональд Трамп тады выказаўся без паліткарэктнасьці: «Памёр як сабака. Памёр як баязьлівец. Цяпер сьвет нашмат больш бясьпечны».
Абу Мусаб аз-Заркаві
Аз-Заркаві быў кіраўніком Аль-Каіды ў Іраку. Ён і ягоныя тэрарысты пераўтварылі Ірак у залітае крывёю поле бітвы. Але 7 чэрвеня 2006 года яго дзейнасьць была скончаная ў вёсцы на поўнач ад Багдада.
Народжаны ў Ярданіі Ахмад Фадзіль аль-Назал аль-Халайла пачаў сваю “кар’еру” ў гарніле афганскага джыхаду ў 1980-х гадах. Да пачатку 2000-х гадоў ён стаў істотнай асобай у сусьветным руху джыхадзістаў, які імкліва пашыраўся і разьвіваўся. Яго бачаньне будучыні Ірака было апакаліптычным: канфэсійная вайна, якая запаліць увесь Блізкі Ўсход.
Аз-Закраві арганізаваў выбухі, выкраданьні людзей і абезгалоўліваньні. Ён распаўсюджваў жудасныя відэа, каб узмацніць тэрор. Яго напады былі скіраваныя на шыіцкіх грамадзянскіх асобаў Ірака, амэрыканскіх войскаў і ўсіх, хто выступаў супраць яго ідэалёгіі. Урад ЗША прызначыў узнагароду ў памеры 25 мільёнаў даляраў за яго галаву.
Сілы ЗША і кааліцыі разам з іракскімі службамі бясьпекі абшукалі краіну, каб назьбіраць інфармацыі аб тэрарысьце. Прарыў адбыўся, калі захоплены паўстанец падзяліўся месцам: аз-Заркаві хаваўся ў бясьпечным доме каля горада Бакуба.
У тую апошнюю для тэрарыста ноч амэрыканскія зьнішчальнікі F-16 узьняліся ў неба, узброеныя высокадакладнымі боепрыпасамі. Аз-Заркаві сустракаўся там са сваім блізкім атачэньнем. Удар быў хуткім і разбуральным. Дзьве магутныя бомбы зьнішчылі дом. Калі пыл асеў, сілы спецыяльных апэрацыяў пад'ехалі, каб пацьвердзіць сьмерць тэрарыста. Сярод абломкаў яны знайшлі аз-Заркаві, цяжка параненага, але ўсё яшчэ жывога. Неўзабаве пасьля гэтага ён памёр ад атрыманых траўмаў.
Прэзыдэнт Джордж Буш заявіў: «Мы зьдзейсьнілі правасудзьдзе ў дачыненьні да самага небясьпечнага тэрарыста ў Іраку».
Айман аз-Завахіры
Айман аз-Завахіры стаў лідэрам тэрарыстычнай групоўкі Аль-Каіда пасьля сьмерці Усамы бэн Ладэна. Увечары 31 ліпеня 2022 года ў навакольлі Кабула дакладны і старанна сплянаваны ўдар беспілотніка ЗША паклаў канец яго злачыннаму кіраваньню.
Аз-Завахіры нарадзіўся ў Эгіпце, дзе ён і далучыўся да тэрарыстаў з «Братоў-мусульманаў», а пазьней стаў галоўнай асобай эгіпецкага ісламскага джыхаду. Яго ўдзел у забойстве прэзідэнта Эгіпта Анвара Садата ў 1981 годзе стаў пачаткам яго кар’еры ў сьвеце джыхадзістаў. Да канца 1990-х ён аб'яднаў сваю групу з Аль-Каідай Усамы бэн Ладэна, і стаў яго намесьнікам, і ўрэшце, пераемнікам.
Больш за два дзесяцігодзьдзі ён заставаўся па-за зрокам спецслужбаў вольнага сьвету. Прарыў адбыўся ў пачатку 2022 года, калі амэрыканская выведка дакладна вызначыла яго месцазнаходжаньне ў сталіцы Афганістана Кабуле.
Аз-Завахіры пасяліўся ў бясьпечным доме ў элітным раёне, мяркуючы, што адносны спакой горада, які кантралюецца іншымі тэрарыстамі – талібамі, стане прытулкам. Ён памыліўся.
Беспілотныя лятальныя апараты, узброеныя найноўшымі высокадакладнымі боепрыпасамі, бясшумна луналі над Кабулам. Яны даляцелі да балкона, дзе аз-Завахіры, як стала вядома, праводзіў вечары. У зручны момант ракеты, мадыфікаваныя для мінімізацыі пабочных пашкоджаньняў, нанеслі ўдар.
Пра посьпех апэрацыі сьвет даведаўся на наступны дзень. Прэзідэнт Джо Байдэн пацьвердзіў сьмерць аз-Завахіры. «Справядлівасьць усталяваная, і гэтага лідэра тэрарыстаў больш няма», — заявіў ён. «Незалежна ад таго, колькі часу гэта зойме, незалежна ад таго, дзе вы хаваецеся, калі вы ўяўляеце пагрозу для нашага народа, Злучаныя Штаты знойдуць вас».
Выдатныя словы амэрыканскага прэзідэнта, да якога ва ўнісон далучаюцца кіраўнікі Ізраіля і іншых краінаў, якія знаходзяцца ў першым эшэлоне змаганьня з ісламісцкімі тэрарыстамі.
Цікавае супадзеньне ў аднолькавым дні зьнішчэньня Айман аз-Завахіры і кіраўніка тэрарыстаў ХАМАС Ісмаіла Ханіі з розьніцай роўна ў 2 гады.