«Шанец гэтай дзяржавы перажыць дзень свайго нараджэньня залежаў ад здольнасьці адбіць напад пяці рэгулярных арабскіх армій»
14 траўня 1948 года стала кульмінацыяй тысячагодзьдзяў памкненьняў, дзесяцігодзьдзяў палітычнага манэўраваньня і гадоў інтэнсіўных канфліктаў. Абвяшчэньне Дзяржавы Ізраіль Давідам Бэн-Гурыёнам стала мамантам гістарычнай справядлівасьці, якую не жадалі прыняць ворагі вакол. На наступны дзень пяць рэгулярных армій арабскіх дзяржаваў пачалі вайну.
Што непасрэдна стала прычынай стварэньня дзяржавы
Гэта быў плян ААН па падзеле Палестыны 1947 года. Яго прапанаваў Спецыяльны камітэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па Палестыне (UNSCOP), што быў створаны ў 1947 годзе для вырашэньня праблемы ў рэгіёне. ААН прапанавала плян падзелу, рэзалюцыю, вядомую як рэзалюцыя 181 Генэральнай Асамблеі ААН.
Сутнасьць пляна заключалася ў падзеле Палестыны на дзьве незалежныя дзяржавы: адну габрэйскую і адну арабскую, а горад Ерузалем павінен быў быць перададзены пад міжнароднае кіраваньне праз яго рэлігійнае значэньне. Абедзьве дзяржавы павінны былі атрымаць эканамічнае адзінства праз прапанаваны эканамічны зьвяз.
Арабскія краіны, у тым ліку палестынскія арабы, катэгарычна выступілі супраць пляну падзелу ААН. Арабам здавалася, што падзел узнагароджвае сіянісцкі рух за нядаўнюю міграцыю і наступную куплю зямлі, адначасова падрываючы стагодзьдзі арабскай дэмаграфічнай большасьці. Была шырока распаўсюджаная вера ў арабскае адзінства і ідэю адзінай, непадзельнай арабскай нацыі, якая распрасьціраецца па ўсім Блізкім Усходзе. Ідэя неарабскай, габрэйскай дзяржавы пасярод гэтай арабскай прасторы была для іх непрымальнай.
У выніку Генэральная Асамблея ААН прагаласавала па дадзенай рэзалюцыі. За падзел выступілі 72% дзяржаваў, у тым ліку і Беларусь, як краіна-заснавальнік ААН. Сярод тых, хто быў супраць – прагаласавалі ўсе арабскія дзяржавы.
1948
Голда Мэір, прэм’ер-міністар Ізраіля ў 1969-1974 гадах, згадвала сітуацыю непасрэдна напярэдадні абвяшчэньня незалежнасьці:
«Бэн-Гурыён выклікаў Ігаэля Ядзіна начальніка аператыўнага аддзела Хаганы і Ісраэля Галілі — фактычнага галоўнакамандуючага. Яны адказалі аднолькава, аднолькава жорстка. Толькі ў дзьвюх рэчах можна быць упэўненымі, сказалі яны: брытанцы сыйдуць і арабы ўварвуцца. І тады? Абодва замоўклі. Праз хвіліну Ядзін сказаў: «У лепшым выпадку, шанцы нашыя — пяцьдзясят на пяцьдзясят. Пяцьдзясят, што пераможам, пяцьдзясят — што пацерпім паразу».
На гэтай аптымістычнай ноце і было прынятае канчатковае рашэньне. 14 траўня 1948 года (пятага іяра 5708 года па габрэйскім календары) будзе абвешчаная габрэйская дзяржава з насельніцтвам у 650 тысячаў чалавек. Шанец гэтай дзяржавы перажыць дзень свайго нараджэньня залежаў ад здольнасьці гэтых 650 тысячаў адбіць напад пяці рэгулярных армій, якія актыўна падтрымліваюцца мільёнам палестынскіх арабаў.
Абвяшчэньне
Вырашана было правесьці цырымонію абвяшчэньня дзяржавы ў тэль-авіўскім музэі на бульвары Ротшыльда, не таму, што гэта быў асабліва імпазантны будынак — такім ён ня быў — а таму, што ён быў маленькі і таму яго лёгка было ахоўваць. Калісьці гэты дом, адзін з першых дамоў Тэль-Авіва, належаў яго першаму мэру, Дызенгофу, і ён пакінуў яго грамадзянам горада з тым, каб яны зладзілі там мастацкі музэй.
Вялізарная сума — дзьвесьце даляраў — была адпушчаная на яго ўпрыгожваньне да гэтага дня. Падлогі былі выскабленыя, карціны на сьценах, якія паказвалі галізну, цнатліва задрапіраваныя, вокны прыцемненыя на выпадак паветранай трывогі, а над сталом, за якім павінна было зьмясьціцца трыццаць чалавек — чальцы часовага ўрада, — вісеў вялікі партрэт Тэадора Герцля, — узгадвае непасрэдная ўдзельніца тых падзеяў Голда Мэір.
Роўна а чацьвертай гадзіне пачалося ўрачыстае паседжаньне. Давід Бэн-Гурыён, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, устаў і пастукаў старшынскім малатком. Па пляне гэтым падаваўся знак аркестру, схаванаму на галерэю другога паверха, сыграць "Ха-Ціква". Нешта не спрацавала, і музыка так і не раздалася. Але ўсе ўзьняліся са сваіх месцаў і прасьпявалі нацыянальны гімн. Тады Бэн-Гурыён адкашляўся і нягучна сказаў: «Цяпер я прачытаю Дэклярацыю Незалежнасьці». Чытаньне заняло ўсяго чвэрць гадзіны. Ён чытаў павольна, вельмі выразна. Яго голас зьмяніўся і крыху ўзмацніўся, калі ён дайшоў да адзінаццатага параграфа.
«На гэтай падставе мы, сябры Нацыянальнай Рады, прадстаўнікі габрэйскага насельніцтва Эрэц-Ісраэль і сіянісцкага руху, сабраліся ў дзень заканчэньня брытанскага мандата на Эрэц-Ісраэль і ў сілу нашага натуральнага і гістарычнага права і на падставе рашэньня Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый сапраўдным абвяшчаем стварэньне габрэйскай дзяржавы ў Эрэц-Ісраэль — Дзяржавы Ізраіль».
Бацька-заснавальнік Ізраіля Давід Бэн-Гурыён працягваў:
«Заклікаем сыноў арабскага народа, якія пражываюць у Дзяржаве Ізраіль, нават у гэтыя дні крывавай агрэсіі, разьвязанай супраць нас шмат месяцаў таму, — ахоўваць мір і ўдзельнічаць у будаўніцтве Дзяржавы на аснове поўнага грамадзянскага раўнапраўя і адпаведнага прадстаўніцтва ва ўсіх яе ўстановах, часовых і сталых».
І далей:
«Працягваем руку міру і прапануем добрасуседскія адносіны ўсім суседнім дзяржавам і іх народам і заклікаем іх да супрацоўніцтва з габрэйскім народам, які здабыў незалежнасьць у сваёй краіне. Дзяржава Ізраіль гатова ўнесьці свой уклад у агульную справу разьвіцьця ўсяго Блізкага Усходу».
Калі ён прачытаў усе 979 іўрыцкіх словаў, зь якіх складалася Дэклярацыя, ён папрасіў усіх узьняцца і «прыняць акт, які ўсталёўвае стварэньне габрэйскай дзяржавы». І тады адбылося нешта вельмі кранальнае і непрадбачанае. Рабі Фішман-Майман узьняўся, дрыготкім голасам вымавіў традыцыйную габрэйскую малітву-падзяку:
«Блаславёны Ты, Пан Бог наш, Кароль сусьвету, які захаваў нас у жывых і даў нам усё вытрываць і дажыць да гэтага дня. Амэн».
Бэн-Гурыён прачытаў першыя дэкрэты новай дзяржавы. «Белая кніга» абвяшчалася несапраўднай і адмянялася, астатнія ж распараджэньні і правілы мандатнага ўрада, каб пазьбегнуць заканадаўчага вакуўму, пацьвярджаліся і абвяшчаліся часова дзейнымі. Пасьля гэтага пачалася цырымонія падпісаньня Дэклярацыі.
Прэзідэнт ЗША Гары Трумэн абвесьціў аб прызнаньні Дзяржавы Ізраіль у 18:11 — праз 11 хвілінаў пасьля таго, як Бэн-Гурыён прачытаў Дэклярацыю аб Незалежнасьці.
Голда Мэір згадвала той гістарычны вечар 14 траўня 1948 года:
«Як і трэба было чакаць, вечар не прынес нам заспакаеньня. Я сядзела ў сябе ў гатэлі і гутарыла з сябрамі. Адкаркавалі бутэльку віна і выпілі за нашу дзяржаву. Некаторыя з гасьцей і маладыя жаўнеры Хаганы, якія ахоўвалі іх, сталі сьпяваць і скакаць, з вуліцы таксама даносіліся песьні і выбухі сьмеху. Але мы ведалі, што роўна апоўначы мандат скончыцца, брытанскі вярхоўны камісар адплыве на караблі, апошнія брытанскія жаўнеры таксама пакінуць Палестыну, і мы не сумняваліся, што арабскія войскі пяройдуць межы дзяржавы, якую мы толькі што заснавалі.
Так, мы зараз незалежныя, але праз некалькі гадзінаў у нас пачнецца вайна. Я не толькі не была вясёлая — я адчувала жах, а іншае — ня мець веры, а я была ўпэўненая, што хаця габрэйскае насельніцтва новай дзяржавы і складае ўсяго 650 тысячаў, мы ўжо ўраслі ў яго, і ніхто ніколі не зможа зноў нас расьсеяць або перасунуць».
На наступны дзень, 15 траўня 1948 года, муфтый Ерузалема, Амін аль-Хусэйні, родны дзядзя будучага кіраўніка тэрарыстычных групаў Ясіра Арафата, заявіў:
«Я абвяшчаю сьвятую вайну, браты мусульмане! Забівайце габрэяў! Забівайце іх усіх!»
Арабскія арміі Эгіпта, Трансярданіі, Сірыі, Ірака, Лібана ў той жа дзень увялі свае войскі на тэрыторыю Ізраіля. Тая вайна, як і ўсе наступныя, скончыліся разгромам арабаў.
Ам Ісраэль Хай! (на іўрыце – Народ Ізраіля жывы!)