Апошні бой складаны самы. Ізраіль у кроку ад здабычы кантраляванага ХАМАСам горада Рафах

Падаецца, у найбліжэйшы час мы станем сьведкамі сканчэньня вайны Ізраіля супраць тэрарыстычнай арганізацыі, якая зьдзейсьніла страшэнную разьню 7 кастрычніка 2023 года. Апошнія батальёны ХАМАС схаваліся ў густанаселеным горадзе Рафах. Нэтаньяху аддаў загад аб ваеннай апэрацыі. Што маем на гэты час?

Ізраільскія танкі ўваходзяць у Рафах. Фота: АР

Ізраільскія танкі ўваходзяць у Рафах. Фота: АР

Што адбываецца зараз?

У звароце прэм'ер-міністра Біньяміна Нэтаніяху напачатку гэтага тыдня можна было пачуць наступныя словы:

«Учора ўвечары, са згоды ваеннага кабінэта, я аддаў распараджэньне пачаць ваенныя дзеяньні ў Рафахе. На працягу некалькіх гадзінаў нашыя войскі паставілі сьцягі Ізраілю на КПП Рафах і зьнялі сьцягі ХАМАС. Уваход у Рафах мае дзьве асноўныя ваенныя мэты: вяртаньне нашых выкрадзеных і зьнішчэньне ХАМАС.

Ізраіль не дазволіць ХАМАС аднавіць сваё злачыннае кіраваньне ў Газе, не дазволіць яму аднавіць свой вайсковы патэнцыял для таго, каб імкнуцца нас зьнішчыць. Ізраіль не можа прыняць прапанову, якая пагражае бясьпецы нашых грамадзянаў і будучыні нашай дзяржавы.

Захоп КПП Рафах зьяўляецца вельмі істотным крокам на шляху да зьнішчэньня ваенных здольнасьцяў ХАМАС, уключаючы зьнішчэньне чатырох брыгад тэрору ў Рафахе і істотным крокам да падрыву кіраўніцкіх здольнасьцяў ХАМАС, бо з раніцы мы пазбавілі ХАМАС пераходу, які быў жыцьцёва неабходны для ўмацаваньня яго у сектары Газа.

Разам мы будзем змагацца, і з Божай дапамогай разам мы пераможам».

Раніцай 6 траўня Армія абароны Ізраілю заклікала жыхароў усходніх кварталаў Рафаха эвакуявацца. Увечары таго ж дня ЦАХАЛ нанёс удары па аб'ектах ХАМАС ва ўсходняй частцы Рафаха. Ізраільскія вайскоўцы захапілі КПП Рафах, які злучае сектар Газа з Эгіптам.

Глядзіце таксама

Ізраіль запэўніў ЗША, што войскі Арміі абароны Ізраіля не ўвойдуць у Рафах, перш чым будзе эвакуявана каля 800 тысячаў з прыкладна 1 мільёна палестынцаў, якія схаваліся там.

Паводле ацэнак ізраільскіх вайскоўцаў, апублікаваных 11 траўня, каля 300 тысячаў чалавек з Рафаху рушылі да горада Аль-Мавасі.

Толькі сёньня ЗША заявілі, што прапануюць інфармацыю пра месцазнаходжаньне лідараў ХАМАС, калі Ізраіль адмовіцца ад буйной апэрацыі ў Рафах. Паведамляецца, што адміністрацыя Байдэна таксама заяўляе, што можа даць інфармацыю пра месцазнаходжаньне таемных тунэляў у Газе, якія выкарыстоўваюцца тэрарыстычнай групоўкай. Гэта можа адбыцца ў якасьці стымулу не заходзіць у самы паўднёвы горад Газы.

Цікавая складваецца сітуацыя, што інфармацыю пра лідараў тэрарыстаў ХАМАС амэрыканцы не перадаюць у наступную хвіліну пасьля атрыманьня сваім хаўрусьнікам у Ізраілі, а спрабуюць гандляваць ёю з урадам у Ерузаліме.

Глядзіце таксама

Прэм'ер-міністар Нэтаніяху:

«Мы ўвойдзем у Рафах, таму што ў нас няма іншага выбару. Ёсьць шмат сілаў, якія спрабуюць перашкодзіць нам гэта зрабіць. Нядаўна да іх далучылася яшчэ адна - Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. У гэтага суда няма ніякіх паўнамоцтваў у адносінах да Дзяржавы Ізраіль. Магчымасьць выдачы ім ордэра на арышт за ваенныя злачынствы камандзіраў ЦАХАЛа і кіраўнікоў дзяржавы — гэта скандал гістарычнага маштабу.

Праз 80 гадоў пасьля Галакосту міжнародныя арганізацыі, якія ўзьніклі для прадухіленьня новага Галакосту, разглядаюць магчымасьць адмовы габрэйскай дзяржаве ў яе праве на самаабарону. Самаабарону ад каго? Ад тых, хто працаваў і да гэтага часу працуе - адкрыта гэта абвяшчаючы — над зьдзяйсьненьнем над намі генацыду. Які абсурд, якое скрыўленьне справядлівасьці і гісторыі! Калі гэта адбудзецца, гэта стане нязмыўнай плямай на ўсім чалавецтве. Гэта стане беспрэцэдэнтным злачынствам на глебе антысэміцкай нянавісьці, злачынствам, якое падкіне алею ў агонь антысэміцкага падбухторваньня, які ўжо бушуе ў сьвеце».

12 траўня Эгіпет абвесьціў, што падтрымае пазоў Паўднёвай Афрыкі ў Міжнародным судзе аб абвінавачваньні Ізраіля ў генацыдзе ў Газе. Арабская рэспубліка Эгіпет папярэджвала, што наступ на Рафах можа паставіць пад пагрозу мірнае пагадненьне паміж дзьвюма краінамі, якое дзейнічае, заўважым, з 1979 года!

Эгіпет заявіў, што не адкрые свае межы, каб дазволіць вялікай колькасьці арабскіх жыхароў Газы пазьбегнуць баявых дзеяньняў. Ён таксама закрыў пераход Рафах для гуманітарнай дапамогі ў знак пратэсту супраць апэрацыі там ЦАХАЛ.

Глядзіце таксама

Арабская адсечаная рука дапамогі арабскаму народу.

Адносіны Ізраіля з хаўрусьнікамі

Кіраўнік ХАМАС Сінвар хаваецца ў бункерах тэрарыстаў. Скрыншот з лістапада 2023 года

Кіраўнік ХАМАС Сінвар хаваецца ў бункерах тэрарыстаў. Скрыншот з лістапада 2023 года

У апошнія дні зьявілася інфармацыя са словаў двух неназваных чыноўнікаў адміністрацыі ЗША, што лідар тэрарыстаў ХАМАС Сінвар не хаваецца ў Рафаху. Яны спасылаліся на нядаўнія ацэнкі выведкі, паводле якіх галоўны тэрарыст знаходзіўся ў падземных тунэлях у раёне Хан-Юніс.

На мінулым тыдні Джо Байдэн ужо затрымаў пастаўку бомбаў з высокай карыснай нагрузкай праз асьцярогу, што яны будуць выкарыстаныя ў Рафаху.

ЗША гістарычна аказвалі велізарныя аб'ёмы ваеннай дапамогі Ізраілю. Гэта толькі павялічылася пасьля нападу тэрарыстаў 7 кастрычніка 2023 года. Прыпыненьне паставак дапамогі зьяўляецца найбольш яркай праявай растучага супрацьстаяньня паміж урадам Біньяміна Нэтаньяху і адміністрацыяй Джо Байдэна.

Толькі ў мінулым месяцы Кангрэс ЗША прыняў законапраэкт аб нацыянальнай бясьпецы на 95 мільярдаў даляраў, які ўключае фінансаваньне Украіны, Ізраіля і іншых хаўрусьнікаў. Пакет уключаў больш за 14 мільярдаў даляраў ваеннай дапамогі Ізраілю. Спыненыя пастаўкі зброі не былі зьвязаныя з гэтым законам.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран заявіў, што Брытанія выступае супраць ваеннай апэрацыі ў Рафаху, але наўрад ці пойдзе ўсьлед за ЗША у затрымцы продажу зброі Ізраілю.

На гэта прадстаўнік ізраільскага камандаваньня Даніэль Хагары заявіў, што ў яго краіны дастаткова боепрыпасаў, каб рэалізаваць свае пляны і без амэрыканскай падтрымкі.

Сам Нэтаньяху таксама падкрэсьліў: «Калі нам давядзецца змагацца самастойна, мы будзем змагацца самастойна, калі прыйдзецца, біцца мы будзем хоць голымі рукамі».

Міністар абароны Ізраіля Ёаў Галянт выказаўся яшчэ больш яскрава: «Як ворагі, так і лепшыя сябры Ізраіля павінны зразумець, што гэтую краіну нельга паставіць на калені. Мы будзем цьвёрда стаяць на нагах, пакуль не дасягнем усіх нашых мэтаў».

Мала сумневаў, што Ізраіль будзе ісьці да канца.