Замежныя СМІ пра Беларусь: 25–31 кастрычніка

Абяцанне строгіх мер супраць дармаедаў узбудзіла абывацеляў, актывізавала спецыялістаў па ідэалагічнай працы — барацьба з дармаедствам стала тэмай палітінфармацыяў у працоўных калектывах. Але незалежныя эканамісты і эксперты настроеныя скептычна. У наступным годзе Лукашэнку чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары, і яму важна падтрымліваць ілюзію сацыяльнай дзяржавы і тэму сацыяльнай справядлівасці. «ВВС» (Вялікабрытанія)  



smi4.jpg

Маючы фактычна ізаляваную інфармацыйную прастору паміж Беларуссю і Украінай, аднаасобны пафас Лукашэнкі пра братэрства, сапраўды, можа выклікаць ілюзію падтрымкі з боку Беларусі. Але гэта, вядома, не так. Незалежныя апытанні паказваюць, што большасць беларусаў на баку Расіі і супраць Майдана ў крамлёўскай інтэрпрэтацыі. Гэта факт, гэта тэндэнцыя, якія б ружовыя акуляры ні апранала ўкраінскае кіраўніцтва цяпер. «Любоў» Лукашэнкі да Украіны нічым не адрозніваецца ад «любові» Лукашэнкі да Расіі. У тым і іншым выпадку крыніца гэтай «любові» — выгада.
«Корреспондент» (Украіна) 
Сёння ў беларускіх працоўных існуе толькі адзін спосаб барацьбы за сваю заработную плату — пасіўны, шляхам міграцыі на часовую працу ў Расію. Таму яшчэ адной задачай гэтых мер (кампанія супраць дармаедаў) з’яўляецца фактычны прымус гастарбайтэраў і «ценявых» рабочых вярнуцца на дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы Беларусі і прыняць той памер заработнай платы (як мінімум у 2–3 разы ніжэйшы за іх цяперашні ў Расіі) і тыя ўмовы працы, якія ім прапануе афіцыйны працадаўца. 
«Русская планета» (Расія)
І хоць яснага адказу не прагучала, але сам факт праведзенай размовы, магчыма, кажа калі не аб глабальных пераменах у дачыненні да пісьменнікаў, якім да нядаўняга часу наракалі на ідэйную чужасць, то хаця б аб з’яўленні думкі, што перамены патрэбныя. Бо праўладны саюз пісьменнікаў актыўна, доўга і таленавіта ўдзельнічаў у насаджэнні аскепкаў савецкай беларускай ідэнтычнасці, апелюючы  да гісторыі, напісанай савецкімі ідэолагамі. Але, верагодна, наступіў момант, калі ўладзе больш патрэбныя «несумленныя» літаратары, таму што менавіта яны пішуць пра той тып ідэнтычнасці, які трэба сцвярджаць, улічваючы палітычны кантэкст і пагрозу страты суверэнітэту. 
«Deutsche Welle» (Германія)
Украіна зараз знаходзіцца ў сітуацыі, якая нагадвае беларускую тры гады таму. «Бацька Лукашэнка гуляўся перад выбарамі ў папулізм, значна павялічыў  выдаткі. Быў шалёны дэфіцыт бягучага рахунку. Заціснулі валютны рынак — тое самае, што цяпер робіць кіраўнік Нацбанка Гантарова. З’явілася некалькі курсаў валюты: афіцыйны, аўкцыённы, для мянялаў. Так яны пражылі некалькі месяцаў. Бацька запусціў друкарскі станок на поўную магутнасць — і ўсё паляцела. Калі мы не паменшым тэмпы друку грыўні, рызыкуем паўтарыць лёс Беларусі
From-ua.com (Украіна)