Замежныя СМІ пра Беларусь: 23–30 красавіка
У візіту Лукашэнкі ў Грузію было некалькі мэтаў. Відавочна, што ў апошнія гады ў яго з’явілася сімпатыя да нашай краіны. Як вядома, Міхаіл Саакашвілі ў бытнасць прэзідэнтам не раз звяртаўся да заходніх лідараў з просьбай не аддзяляць Беларусь ад еўрапейскай прасторы, не пакідаць яе ў абдымках Расіі. Думаю, гэты візіт таксама быў некаторым пасылам для Еўропы, маўляў, ён прыехаў як сябар і партнёр у краіну, якая імкнецца ў ЕС. «Онлайн» (Грузія)
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што краіне трэба больш актыўна пераарыентаваць свой экспарт з расійскага рынку на іншыя кірункі. Рынкавая логіка ў гэтым ёсць —
рубель моцна абясцэніўся. Гэта вельмі добра для расійскіх экспарцёраў, нядрэнна для тых, хто вырабляе тавары для ўнутранага рынку, а вось для Беларусі, якая доўгія гады паразітавала на расійскім
рынку са сваёй дэмпінгавай прадукцыяй, вядома, дрэнна. Але колькі можна трываць, што падмаскоўнае малако на сталічным рынку даражэй за беларускае прывазное — Мінск трымае ў сябе надзвычай
нізкія зарплаты, так што канкураваць проста немагчыма, хіба што перастаць плаціць сваім.
«Форум» (Расія)
Расійскія кіраўніцтва і СМІ вельмі спакойна паставіліся да заявы Лукашэнкі аб тым, што яго не будзе ў Маскве 9 мая. Чаму? Таму што яму тэрмінова патрэбныя грашовыя ўліванні, якія Расія сёння
забяспечыць не можа (расійскі бюджэт на 2015 год зрэзаны на 10%). Выратаваць Лукашэнку могуць толькі заходнія крэдыты. Цяпер якраз вядуцца перамовы з Міжнародным валютным фондам. Адсюль і ўяўная
фронда ў дачыненні да Масквы. Але такая ж аперацыя была ажыццёўлена Лукашэнкам са згоды Расіі ў 2008–2009 гадах — тады ён не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію ў абмен на 3,5
мільярда долараў ад МВФ. Але каб вярнуць гэты крэдыт, Лукашэнка прыйшлося цалкам прадаць Расіі газатранспартную сістэму і, адпаведна, трапіць яшчэ ў большую залежнасць ад Пуціна. Трэба глядзець
праўдзе ў вочы: 9 мая Пуцін будзе камандаваць ваенным парадам не толькі ў Маскве, але і ў Мінску.
«ТСН» (Украіна)
Кітайцы дзейнічаюць прадумана і ўсвядомлена, у той час як у кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь няма ні эканамічнай, ні архітэктурнай, ні, галоўнае, нацыянальнай стратэгіі. Кітайскія крэдыты, як і
крэдыты МВФ, прыйдзецца вяртаць (што да Расіі, то яе, зразумела, паспрабуюць спакусіць чарговым «братэрскім» праектам). Беларусы рызыкуюць патрапіць у поўную залежнасць не ад
міфічна «імперскай» Расіі, а ад жорстка прагматычнага Кітая, для якога словазлучэнні тыпу «братэрская сяброўства» — пусты гук.
«Рэгнум» (Расія)
Лукашэнка выдатна разумее, што мае справу з абсалютна амаральным агрэсарам, які не абмежаваны нічым, акрамя сілы. Але гэта не значыць, што Мінск стане сур’ёзным партнёрам Украіны.
Беларусь паспрабуе ўсядзець на двух крэслах, таму што за яе няма каму заступіцца. За Украіну ўвялі санкцыі, а за Беларусь наўрад ці хто заступіцца. Лукашэнка вымушаны падладжвацца пад сітуацыю. Ён
доўга быў за «жалезнай заслонай» Еўропы. Зараз пачаў выходзіць з-за яе, але толькі таму, што побач з’явіўся яшчэ больш жорсткі дыктатар.
«Главное» (Украіна)
РФ наўрад ці зможа ў бліжэйшы час адмовіцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю, якая зрабіла сур’ёзны рывок у развіцці тэхналогій і вытворчасці ў ваенна-прамысловай сферы. Так што
стрымліваючым фактарам для некаторых сумесных беларуска-ўкраінскіх распрацовак і вытворчасці ваеннай тэхнікі будзе не столькі адмоўная рэакцыя Расіі, якая назірае, як развіваюцца адносіны Мінска і
Кіева пасля Крыму. На жаль, у Беларусі фінансы пяюць рамансы, і паглыбленню сувязяў з Украінай у сферы ВПК перашкодзіць у першую чаргу не незадаволенасць РФ, а недахоп сур’ёзнага
фінансавання сумесных праектаў.
«Deutsche Welle» (Германія)
На думку некаторых экспертаў, візіт Лукашэнкі ў Грузію звязаны з надыходзячым самітам «Усходняга партнёрства». Лукашэнка ўзмоцнена манеўруе, імкнучыся нармалізаваць адносіны з
Захадам. Праўда, большасць экспертаў, асабліва эканамічных, схіляюцца да таго, што галоўная задача візіту — адкрыць рынак Грузіі для беларускіх тавараў. Экспарт Беларусі ў Расію —
асноўную краіну паставак — абваліўся, а рынкі трэціх краін заваяваць нялёгка. Таму пакуль Мінск можа разлічваць толькі на рост продажаў у краіны былога СССР, дзе беларускія тавары яшчэ
памятаюць.
«Независимая газета» (Расія)