Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–28 жніўня

Лукашэнка вельмі моцна ўбівае ў галаву беларусаў, што ўсё дрэннае, што адбываецца ў Беларусі, — гэта толькі выключна знешнія фактары, вайна, сусветны крызіс і г. д. А беларусы вераць у тое, што гэта не ўлада так дрэнна працуе, а што знешнія сілы ў крызісе вінаватыя. «Озоди» (Таджыкістан)



smi4.jpg

Эскалацыя канфлікту на Данбасе фактычна абнуліла заслугі Мінска як пасярэдніка ў мірным урэгуляванні ва Украіне. Кароткая серыя дыпламатычных перамог прэзідэнта Беларусі, які ў ходзе мінскіх перамоваў апынуўся ў коле лідараў вядучых еўрапейскіх дзяржаў, завяршылася. У гэтых умовах спадар Лукашэнка пайшоў насустрач даўнім патрабаванням Брусэля — амніставаў палітвязняў. Гэта значна павышае шанцы на прызнанне Еўропай вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка.
«Коммерсантъ» (Расія)
Лукашэнка, несумненна, баіцца, што яго можа напаткаць тая ж доля, што і Януковіча, таму Мінск узяў на сябе ролю пасярэдніка ў перамовах па ўкраінскім крызісе. Лукашэнка хоча паказаць, што яго ўрад можа быць хутчэй карысным мастком паміж Расіяй і Захадам, чым выключна адданым саюзнікам Масквы.
«Stratfor» (ЗША)
Дзе грошы ўзяць, пакуль не зразумела: мяркуючы па дзеяннях Масквы, яна не гарыць жаданнем спансіраваць эксперыменты з «рынкавых сацыялізмам» у фармальна саюзнай постсавецкай рэспубліцы. Не спяшаюцца і замежныя патэнцыйныя крэдыторы: ЕАБР да гэтага часу абмяркоўвае прычыны невыканання афіцыйным Мінскам абавязкаў па папярэднім антыкрызісным крэдыце. У такіх умовах кіраўніцтву постсавецкай рэспублікі даводзіцца зніжаць рэальныя зарплаты і дэвальваваць беларускі рубель.
«REGNUM» (Расія)
Палітолагі ў большасці сваёй прызнаюць прыярытэтнасць палітычных аргументаў і геапалітычных фактараў над эканамічным разлікам у цяперашняй сітуацыі. І расійскія, і еўрапейскія крэдыторы сёння здольныя заплюшчыць вочы на нейкія дробныя недахопы Лукашэнкі. Той, у сваю чаргу, прыціснуты абставінамі і будзе старацца спадабацца таму, хто хутчэй дасць грошы. 
«Независимая газета» (Расія)
На захадзе Беларусі працягваецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, закліканай зрабіць Беларусь ядзернай дзяржавай. Але акрамя гэтай задачы Астравецкая АЭС вырашае яшчэ адну: працаўладкаванне на атамнай станцыі або абслугоўванне яе інфраструктуры дазволіць канчаткова інтэграваць беларускіх палякаў, якія пражываюць у раёне будаўніцтва АЭС, раз і назаўжды зрабіўшы іх патрыётамі Беларусі.  «RuBaltic» (Расія)