Жазэп Барэль распавёў пра чатыры крокі ЕС у адказ на дзеянні ўладаў Беларусі

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль распавёў, якія напрамкі дзеянняў у дачыненні да Беларусі абмяркоўвае ЕС. Таксама ён заявіў, што гатовы прыехаць у Мінск, каб дапамагчы развязаць палітычны крызіс. Беларускай тэме ён прысвяціў свой блог на сайце Еўрапейскай службы знешніх сувязяў.

barel_0709_1.jpg


Па словах Барэля, на нарадзе міністраў замежных спраў ЕС 21 верасня абмяркоўваліся чатыры галоўныя напрамкі дзеяння ў адказ на дзеянні беларускіх уладаў.

Першы — пакет санкцый за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць мірных грамадзянаў. У яго ўжо ўключаныя каля 40 асоб і арганізацый. Па словах Барэля, прадугледжваецца замарозка іх рахункаў і актываў у Еўрасаюзе, немагчымасць атрымаць фінансаванне ад ЕС, а таксама забарона на ўезд у ЕС.

Другі — праца па стварэнні ўмоваў для нацыянальнага дыялогу. На думку Барэля, у гэты працэс трэба ўключыць Каардынацыйную раду, якая патрабуе новых, свабодных і сумленных выбараў з прыцягненнем міжнародных назіральнікаў.

Дыпламат згадаў, што Лукашэнка адмаўляецца ад кантактаў з апазіцыяй і еўрапейскімі пасярэднікамі. Ён падтрымаў запуск Маскоўскага механізму АБСЕ — місію экспертаў па пошуку фактаў меркаваных парушэнняў правоў чалавека. «Мы таксама падтрымліваем прапанову бягучага і будучага старшыняў АБСЕ, Албаніі і Швецыі, адправіцца ў Мінск. Я гатовы паехаць у Мінск, калі гэта можа спрыяць прагрэсу», — заявіў Барэль. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ЕС не плануе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, а сам ён рэгулярна кантактуе з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым.

Трэцім напрамкам дзеянняў Барэль назваў перагляд узаемаадносін Беларусі і ЕС, у тым ліку ў рамках «Усходняга партнёрства». Па яго словах, Еўрасаюз плануе падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ ў нашай краіне, пашырыць кантакты са студэнтамі і спрыяць студэнцкаму абмену паміж Беларуссю і ЕС.

Чацвёрты напрамак — фінансавая падтрымка беларусаў. Барэль падкрэсліў, што Еўракамісія вылучыла 53 мільёны еўра на гэтыя мэты. Раней ужо згадвалася, што 50 мільёнаў еўра з гэтай сумы пойдуць на ліквідацыю наступстваў пандэміі COVID-19. Таксама мяркуецца выдаткаваць сродкі на развіццё грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў краіне.

Як паведамлялася раней, на пасяджэнні міністраў замежных спраў у Бруселі 21 верасня рашэнне пра санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў так і не ўдалося прыняць. Супраць выступіў Кіпр: ён патрабуе, каб адначасова ЕС прыняў санкцыі супраць Турцыі, якая вядзе здабычу газу ў кіпрскай эканамічнай зоне Усходняга Міжземнамор’я.

ПаводлеЕўрарадыё