Землятрус і выбары турэцкага прэзідэнта. Дасье ў карыкатурах

Землятрус у Турцыі прыйшоўся якраз на старт прэзідэнцкай кампаніі, вынікі якой цяпер не здольны прагназаваць ніводны палітычны сіноптык.

3_554.png


Нават без землятрусу даўно існуючы ў Турцыі глыбокі раскол па лініі «ўлада — апазіцыя», па ходзе набліжэння выбараў дасягнуў, падавалася, максімальных памераў. Абодва лагеры рыхтаваліся да запеклай дуэлі.

З боку цяперашняга гаранта, клерыкала-папуліста Рэджэпа Эрдагана акцэнт рабіўся на ўмацаваным міжнародным становішчы Турцыі, барацьбе за ўласныя нацыянальныя інтарэсы, ісламскую ідэнтычнасць.

У гэтым плане мабілізаваць электарат Эрдагану моцна дапамаглі правыя радыкалы Швецыі і Даніі, якія не так даўно спалілі Каран пад сценамі турэцкіх пасольстваў. Такія выхадкі абурылі шмат туркаў. Зрэшты, і на Захадзе шмат хто не разумее перформансаў са спаленнем Карана. Напрыклад, нейкі мастак у сваім творы намякае, што падобныя акцыі яўна на карысць Пуціну, які на малюнку працягвае радыкалу запальнічку.

1_670.jpg


У выпадку апазіцыі, як вынікае з праграмы, апублікаванай 30 студзеня, акцэнт зроблены на абяцанні вяртання да парламентарызму і на шляху ў Еўропу. Напэўна, мінусам з'яўляецца адсутнасць адзінага лідара — вынік таго, што апазіцыя па сутнасці — гэта кааліцыя шасці партый. Хаатычная ўнутраная прырода кааліцыі — сюжэт многіх турэцкіх карыкатур.

2_620.jpg


І тут нечакана сваё слова ўзяла прырода. 6 лютага на Турцыю абрынуўся жорсткі землятрус, які прывёў да масавых смерцяў і разбурэнняў. Колькасць загінулых складае каля 40 тысяч чалавек, а параненых — пераваліла за 100 тысяч. У 10 правінцыях з насельніцтвам каля 15 млн чалавек разбураны дзясяткі тысяч пабудоў і аб'ектаў інфраструктуры. Страты турэцкай эканомікі знаходзяцца ў дыяпазоне ад 1% да 10% ВУП, гэта значыць ад 8 да 80 млрд долараў. Малюнак аднаго з мастакоў перадае ўвесь жах катастрофы.

3_554.png


Землятрус стаў свайго роду «абнуленнем» выбарчай кампаніі. Цяпер пераможа той, хто пераканае электарат у тым, што менавіта ён здольны абараніць грамадзян краіны ад удараў разбуральнай сілы прыроды і ад іх наступстваў.

У большай ступені давесці сваю здольнасць абараняць краіну ад прыродных катастроф цяжэй Эрдагану, які 20 год кіруе Турцыяй. Таму, напэўна, і ўзнікла ідэя пераносу выбараў на год.

Нельга сказаць, што ўлада не мае магчымасці арганізаваць карэкціроўку палітычнага календара: у 10 пацярпелых правінцыях уведзены рэжым надзвычайнага становішча. Аднак можна таксама з пэўнасцю казаць, што Захад у выпадку пераносу выбараў пойдзе на самыя рашучыя крокі аж да абвінавачанняў турэцкага кіраўніцтва ва «ўзурпацыі ўлады». Праз пераслед апазіцыі і змены Канстытуцыі на карысць выканаўчай галіны ўлады еўрапейскія мастакі даўно малююць Эрдагана дыктатарам накшталт Гітлера.

4_519.jpg


Што тычыцца апазіцыі, то на першы погляд зараз яна падаецца фаварытам выбарчай гонкі. Большасць будынкаў, якія не вытрымалі падземных штуршкоў, былі пабудаваны фірмамі, якія вельмі часта звязаныя з уладай. Акрамя таго, многія туркі яўна не зразумелі, навошта Эрдагану было забараняць Twitter, з дапамогай якога ахвяры землятрусу інфармавалі ратавальнікаў. Як бачна па карыкатуры ўнізе, гэта забарона абурыла таксама мастакоў.

5_482.jpg


З іншага боку, як прызнаюць эксперты, у апазіцыі больш абмежаваныя медыйныя сродкі даказаць сваю перавагу ў параўнанні з уладай.

Так ці інакш, цяпер трэба чакаць 14 сакавіка або 18 красавіка. Менавіта ў гэтыя даты, за 60 дзён да выбараў, мусіць адбыцца іх фармальнае прызначэнне на 14 траўня ці 18 чэрвеня адпаведна. Зрэшты, якую дату не абяруць, ясна, што сутыкненне дэмакратаў і ісламістаў падчас выбараў аб'ектыўна немінуча. Эмоцыі разаграваюцца ўжо зараз. У тым ліку пры дапамозе графікі. Так лаяльныя на адрас Эрдагана мастакі выяўляюць хуткія выбары як рашучую бітву патрыётаў супраць апазіцыі, якая з'яўляецца агентам ЗША.

6_358.jpg