Сейсмолаг, які прадказаў землятрус у Турцыі, спрагназаваў катаклізмы па ўсім свеце ў бліжэйшыя дні

Фрэнк Хугербітс, які прадказаў землятрус у Турцыі і Сірыі ў пачатку лютага, зрабіў новы прагноз: магчымы мегаземлятрус 3-4 ці 6-7 сакавіка.

frenk_khugerbits._skrinshot_video_youtube.jpg

Нідэрландскі сейсмолаг-самавук Фрэнк Хугербітс, які прадказаў землятрус у Турцыі і Сірыі ў пачатку лютага, зрабіў новы прагноз: паводле яго слоў, па ўсёй планеце ўжо ў пачатку сакавіка можа адбыцца мегаземлятрус. Пра гэта ён распавёў на YouTube-канале навуковай арганізацыі «Solar System Geometry Survey» (SSGEOS).

У сваіх прагнозах землятрусаў Хугербітс абапіраецца на становішча нябесных целаў. З выкладак навукоўца вынікае, што збліжэнне Зямлі з іншымі планетамі Сонечнай сістэмы 2 і 5 сакавіка можа прывесці да высокай сейсмічнай актыўнасці і, магчыма, нават да мегаземлятрусу 3-4 ці 6-7 сакавіка (у гэтую дату таксама будзе назірацца поўня).

— Нельга даведацца напэўна, але першы тыдзень сакавіка будзе вельмі крытычным, — сказаў Хугербітс.

Паводле яго слоў, можна чакаць падземных штуршкоў з магнітудай 7,5 і вышэйшай у розных кропках планеты. Так, сярод патэнцыйных месцаў, якія могуць пацярпець ад землятрусу, сейсмолаг назваў Заходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, поўдзень Японіі, Філіпіны, Інданэзію, Партугалію, Грэцыю, Пакістан, а таксама Камчатку і Курыльскія астравы ў Расіі.

Раней Фрэнк Хугербітс апублікаваў пост у Twitter, дзе папярэджваў аб магчымасці землятрусу магнітудай 7,5 і вышэйшай на тэрыторыі Турцыі і Сірыі. Усяго праз тры дні, 6 лютага, на мяжы краін сапраўды адбыўся магутны землятрус, які прывёў да гібелі больш чым 45 тысяч чалавек.

Пасля ён папярэдзіў, што паўторныя падземныя штуршкі будуць працягвацца ў Турцыі і бліжэйшых рэгіёнах яшчэ нейкі час — гэта прадказанне таксама спраўдзілася.


Фрэнк Хугербітс — прагназіст землятрусаў, сейсмолаг-самавук і даследчык з «Solar System Geometry Survey». Ён нарадзіўся 26 кастрычніка 1968 года ў Харлеме на захадзе Нідэрландаў, інфармацыі пра яго адукацыю ў адкрытых крыніцах няма. Казаць пра дакладнасць яго прадказанняў таксама складана.

Дарэчы, за апошні месяц землятрасусы адбываліся ў розных краінах, у тым ліку Казахстане і Японіі. Апошні магутны штуршок магнітудай 6,3 зафіксаваны ля ўзбярэжжа Папуа — Новай Гвінеі ў сераду, 1 сакавіка, хоць тады пра загінулых і пацярпелых інфармацыі не было, перадае ТАСС са спасылкай на Еўрапейска-міжземнаморскі сейсмалагічны цэнтр.


Нагадаем, як пісаў «НЧ», прадказанне землятрусаў — справа на дадзены момант безнадзейная. Сучасная навука не можа з дакладнасцю прадказаць, дзе, калі і якой моцы адбудзецца землятрус.

Землятрусы бываюць рознага паходжання: вулканічныя, карставыя (пры абвалах у падземных пустэчах) ці выкліканыя дзейнасцю чалавека. Але самыя разбуральныя — тэктанічныя землятрусы. Іх падставы трэба шукаць у нетрах планеты і ў руху тэктанічных пліт.

Землятрус у Турэччыне і Сірыі адбыўся ў раёне Усходне-Анаталійскага разлому, дзе ідзе сутыкненне трох пліт: адносна невялікай Анаталійскай і вялікіх Афрыканскай і Аравійскай. У выніку Анаталійская пліта (на якой знаходзіцца асноўная частка тэрыторыі Турэччыны) пад ціскам з боку Аравійскай змяшчаецца на захад. Усходне-Анаталійскі разлом мае трансформны тып, адсюль і гарызантальныя змяшчэнні на зямной паверхні, якія прывялі да ўтварэння «разрываў» у некалькі метраў на чыгуначных шляхах і аўтамабільных дарогах.