Алегу Манаеву — 65!

Неаднойчы быў сведкам, як вынікі працы зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў выклікалі адмоўную рэакцыю і ў апазіцыі, і ва ўлады. Для сацыёлагаў гэта найлепшы паказчык якасці іх працы.



28a543c2a9eee8c0d6fbfaff7ca7e224.jpg


Выбар без выбару

Сёння cпоўнілася 65 гадоў заснавальніку НІСЭПД сацыёлагу Алегу Манаеву. Як кажа сам Алег Манаеў, нарадзіўся ён яшчэ пры Сталіне — 3 лютага 1952 года. Адбылося гэта ва Уладзівастоку, таму першыя чатыры гады жыцця ён правёў на беразе Ціхага акіяну. Потым бацькі пераехалі ў Хабараўск.Менавіта на гэты перыяд прыходзіцца іх развод і новы шлюб маці з ваенным журналістам Аляксандрам Дракахрустам. У 1964 годзе той змяніў «Суворовский натиск» на «Во славу Родины», якая не так даўно стала «Военной газетой», а Хабараўск на Мінск. Як вядома, вайскоўцы не абіраюць места жыцця. У тым ліку і ваенныя журналісты.
Праз чатыры гады пасля нараджэння самога Алега ў яго з’явіўся малодшы брат — Юра. Сёння гэта адзін з лепшых палітычных аглядальнікаў радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.
На жаль, іх бацькі, вядомага паэта і журналіста Аляксандра Абрамавіча Дракахруста, не стала 14 лістапада 2008 года.
У Мінску Алег Манаеў пайшоў у элітную чацвёртую школу, якая была бліжэйшай за ўсіх да гасцініцы Дому афіцэраў, дзе тады жыла іх сям’я. Побач знаходзіўся той самы «чырвоны дом» — будынак ЦК КПБ. (Пасля путчу ў гэты дом перабраўся Вярхоўны Савет, а пасля 1994 года будынак быў заняты пад прэзідэнцкую рэзідэнцыю). Таму цалкам лагічна, што там вучыліся амаль усе нашчадкі тагачасных партыйных бонзаў.
Аднак «ідэалагічна правільнае» асяроддзе ў 1968 годзе не перашкодзіла Алегу Манаеву далучыцца да моладзевага гуртка, які меў дыяметральна супрацьлеглы афіцыйнаму погляд на «пражскую вясну».
Да яго бацькі, які тады працаваў адказным сакратаром газеты «Во славу Родины», нават прыходзілі з папярэджаннем з мясцовага КДБ. Так 16-гадовы юнак упершыню патрапіў у фокус увагі галоўнай спецслужбы СССР. Не абыдзе яго пільнай увагай і беларускае КДБ. І не толькі таму, што, захаваўшы былую сутнасць, нават назвы не зменіць. А таму, што Алег Манаеў заўсёды шукае праўду жыцця. А яна ніколі не падабаецца існуючай уладзе.
Выбар прафесіі
Маці (на жаль, Дзіна Мікалаеўна таксама пайшла з жыцця ў 2008) будучага сацыёлага таксама была журналісткай, таму нікога не здзівіла, што такім жа шляхам вырашыў пайсці і Алег Манаеў. У старэйшых школьных класах ён вучыўся на падрыхтоўчых курсах пры факультэце журналістыкі прэстыжнага Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды кожны месяц дасылаў свае пісьмовыя работы. Цікава, што ад выбару гэтай прафесіі больш другіх яго адгаворвалі бацькі, бо добра ведалі сутнасць савецкай «чацвёртай улады».
Моладзі ўласціва не слухаць парадаў старэйшых. Алег Манаеў — не выключэнне. У МДУ ў тыя часы адкрылі факультэт міжнароднай журналістыкі. Туды і вырашыў паступаць амбіцыйны (у добрым сэнсе) юнак. Здаў два іспыта, калі высветлілася, што ў яго не хапае «камсамольскага стажу». Чаму на гэта ніхто не звярнуў увагу адразу, патлумачыць можна толькі савецкім бардаком. Альбо невядомай «пільнасцю»…
Экзамены ў МДУ адбываліся раней за астатнія, але ў мінскія ВНУ з іх адзнакамі не ўзялі. Звычайная правінцыйная зайздрасць. Маўляў, мы не горшыя… Выключэннем стаўся толькі педагагічны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Магчыма таму, што на той час універсітэт быў таксама вельмі малады і таксама вельмі амбіцыйны.
Праз два гады Алег Манаеў перавёўся на журфак БДУ, які і скончыў у 1974 годзе. Зараз, напэўна, працаваў бы ў якім-небудзь СМІ, калі б на пятым курсе не пачаў зноў «шукаць праўду».
Сутнасць «студэнцкага бунту» была ў прапановах унесці карэктывы ў вучэбныя праграмы, якія былі літаральна насычаныя марксіцка-ленінскай ідэалогіяй. Звярнуліся нават да Машэрава і рэдактара «Праўды» Зімяніна.
У выніку нейкія змены ў навучальны працэс былі ўнесены, але па сутнасці нічога не змянілася. Аднак усім, хто меў дачыненне да «бунту», даволі хутка адпомсцілі. Манаеву гэта каштавала месца ў газеце «Знамя юности». Замест работы па спецыяльнасці ён два гады камандаваў танкавым узводам у лесе пад Любанню.
Новы выбар
У 1976 годзе яму нарэшце пашанцавала. Яшчэ падчас вучобы на журфаку Алег забягаў слухаць лекцыі па філасофіі, а дыпломную работу напісаў па сацыяльнай псіхалінгвістыцы. Пасля таго, як працаўладкавацца ў газеты не атрымалася, ён звярнуўся да галоўнага сацыёлага Беларусі прафесара Давідзюка. І неўзабаве стаў малодшым навуковым супрацоўнікам Праблемнай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў БДУ.
Праз некалькі месяцаў у гэты ж кабінет прыйшлі супрацоўнікі КДБ, аднак у іх нічога не атрымалася. Мабыць, раней кіраўнікі былі больш сумленныя і смелыя, чым сёння…
У 1992 годзе Алег Манаеў абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў хуткім часе і доктарскую. Абедзве звязаныя з праблемамі сродкаў масавай інфармацыі.
Нягледзячы на тое, што ў 1990 годзе Алег Манаеў меў дачыненне да стварэння Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, якая праз пяць гадоў аб’ядналася з Грамадзянскай, стаць партыйцам ён не захацеў. Больш за тое, у 1992 годзе быў створаны Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), які даволі хутка стаў не даспадобы былым паплечнікам, таму што пачаў агучваць лічбы, якія, мякка кажучы, ім не падабаліся.
Тое ж самае можна сказаць і пра ўладу. Пачала яна са спробаў перацягнуць таленавітага сацыёлага на свой бок. У 1988 годзе гэта паспрабавалі зрабіць камуністы, у 1992 — прыхільнікі Кебіча, а ў 1997-м — атачэнне Лукашэнкі. Безвынікова.
І тады пачаў працаваць прынцып: хто не з намі, той супраць нас. Хаця аб’ектыўныя сацыёлагі не выступаюць супраць канкрэтных персон. Яны толькі агучваюць лічбы, ад якіх гэтыя самыя персоны пачынаюць вар’яцець.
Эфект «неваляшкі»
Гісторыя супрацьстаяння НІСЭПД з дзеючымі беларускімі ўладамі, на мой погляд, пачалася тады, калі тыя зразумелі, што ўзяць пад поўны кантроль прафесара Манаева не атрымаецца. Раздражняла і тое, што, у адрозненне ад некаторых «штатных» апазіцыянераў, ён не падганяе лічбы пад канкрэтныя мэты, а значыць, карыстаецца большым даверам.
І Алега Манаева пачалі «прэсаваць».
У 1997 годзе па ініцыятыве НІСЭПД была створана Беларуская асацыяцыя фабрык думкі, у якую ўвайшлі 18 вядучых недзяржаўных цэнтраў Мінска і большасці рэгіёнаў краіны. У 2006 годзе яе ліквідаваў Вярхоўны суд Беларусі.
У жніўні 2002 года была прынятая Пастанова Савета Міністраў РБ з доўгай назвай — «Аб дзейнасці, звязанай з правядзеннем даследаванняў і публікацыяй вынікаў апытанняў грамадскай думкі, што тычацца грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў і выбараў.
Сутнасць яе зводзілася да вельмі простага: каб мець магчымасць праводзіць у Беларусі любыя сацыялагічныя даследаванні, трэба было атрымаць адпаведную акрэдытацыю. Права на выдачу акрэдытацыі было ўскладзена на створаную ўладай спецыяльную камісію, кіраўніком якой быў прызначаны “свой чалавек Ігар Катляроў. Многія расцанілі гэта як увядзенне прымітыўнай цэнзуры.
З верасня па лістапад 2004 года НІСЭПД атрымаў аж восем (!!!) лістоў з Мінюсту з прэтэнзіямі, якія больш нагадвалі звычайныя прыдзіркі. 13 снежня 2004 года супрацоўнікі КДБ абшукалі кватэру намесніка Алега Манаева, кандыдата эканамічных навук і былога першага міністра працы Аляксандра Саснова.
Пасля яшчэ неаднойчы былі пераследы з боку ўлады, якія скончыўся тым, што 15 красавіка 2005 года НІСЭПД з дапамогай Вярхоўнага суда Беларусі ліквідавалі. За што? Можна пералічыць афіцыйныя фармулёўкі, але, я думаю, — «ты виноват лишь тем, что хочется мне кушать».
Я не аднойчы пісаў, што, некаторыя арганізацыі тых часоў нагадвалі дзіцячыя лялькі-неваляшкі. Дзяржава «нахіляе», а яны зноў паўстаюць у поўны рост. Так адбылося і з НІСЭПД.
Адразу пасля беларускай ліквідацыі з’явілася літоўская рэгістрацыя. Інстытут з гэтага моманту ўзначаліў доктар філасофіі Альгірдас Дэгуціс, а старшынёй Наглядальнага савету стаў доктар юрыдычных навук, прафесар Рэмігіюс Шымашус.
Беларускія ж сацыёлагі працягнулі працу як незалежныя эксперты. Так бы мовіць, прыватным чынам. У РБ з’явілася добра вядомая «група прафесара Манаева», куды акрамя Алега Цімафеевіча ўваходзіць узгаданы вышэй Аляксандр Сасноў і паважаны аўтар нашай газеты Сяргей Нікалюк.
Небяспечныя вынікі
Заўсёды ведаў, што лічбы сапраўдных сацыёлагаў могуць не падабацца, але ніколі не думаў пра верагоднасць такога перапалоху.
Каля трох месяцаў таму Алега Манаева паспрабавалі зволіць (за паўгады да пенсіі) з БДУ, дзе ён зараз чытае курс лекцый. Не атрымалася, бо за беларускага сацыёлага ўступіліся многія сусветна вядомыя і ўплывовыя навукоўцы. 121 чалавек з 28 краін свету.
Урэшце пасля такой нечакана бурнай рэакцыі нехта вырашыў пайсці ў «лабавую атаку», якая па арыгінальнасці нагадвала вынікі непаспяховай лабатаміі.
Пасля таго, як у пачатку кастрычніка 2011 года былі надрукаваныя дадзеныя аб рэкордным падзенні рэйтынга прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, 6 кастрычніка ў 15.00 Алег Манаеў на тры гадзіны быў затрыманы міліцыянтамі. Ён накіроўваўся ў польскую амбасаду, дзе павінен быў адбыцца штоквартальны брыфінг для дыпламатычнага корпусу краін Еўрасаюза.
Для тых, хто не памятае, узгадаю, што праводзяцца брыфінгі з моманту заснавання інстытута (1992), а пасля ліквідацыі НІСЭПД (2005 год), у сувязі з адсутнасці магчымасці правесці іх на якой-небудзь айчынай пляцоўцы (не даюць), незалежных сацыёлагаў слухаюць у замежных амбасадах, дзе беларуская юрысдыкцыя не дзейнічае.
Як адзначыў першы сакратар польскай амбасады Павел Марчук, сярод замежных дыпламатаў на брыфінгі «групы прафесара Манаева» з-за іх папулярнасці існуе чарга, і таму цалкам натуральна, што сарванае беларускімі «цэрберамі» мерапрыемства адбылося ў польскай амбасадзе літаральна праз два дні.
Здагадкі пра тое, што, хто і каму хацеў даказаць, пакінем за дужкамі. Асабіста я не бачу тут разумнай логікі, а скончыць нарыс хачу адной прымаўкай — паглядзіся на воду, якога ты роду…
 

*****

Рэдакцыя «Новага часу» віншуе Алега Манаева з днём народзінаў!