Алесь Гурло: На рубе двух міроў, між горадам, палеткам...

Сёння, 4 лютага, спаўняецца 86 гадоў з дня смерці паэта, пісьменніка і перакладчыка Алеся Гурло. Па біяграфіі гэтага чалавека можна смела здымаць фільм, а то і цэлы шматсерыйны серыял, які без сумневу будзе добра глядзецца і ў наш час.  

qbdxiytfr5q8hh11i3dy94npvyderafh.jpeg

У дзень памяці гэтага заўважнага ў 1920-я гады літаратара і навукоўца budzma.org прыгадвае цікавосткі з яго жыцця.

Па біяграфіі гэтага чалавека можна смела здымаць фільм, а то і цэлы шматсерыйны серыял, які без сумневу будзе добра глядзецца і ў наш час. Троху дзіўна, што за савецкім часам такой стужкі не з’явілася, бо жыццяпіс ягоны ў многім адпавядаў савецкім пастулатам. Мяркуйце самі.

Нарадзіўся паэт ў 1892 годзе ў Капылі ў беднай сялянскай сям’і. Маці ў хуткім часе пайшла з жыцця. З малых гадоў Алесь Гурло працаваў, як і многія сялянскія дзеці ў той час — быў пастушком. Першую адукацыю атрымаў дома, бо «тагачасныя дзеці пачыналі навуку саматугам: каго вучыў бацька, каго дзядзька, а каго дарэктар».

У сваіх успамінах Гурло потым прыгадваў: «Калі ў Капылі адчынілі двухкласнае вучылішча, а гэта прыпадае, прыблізна, на 1900 год, дык вядомая справа, усе дзеці рынуліся пад яго страху. Вось дзе мы і сустрэліся з Цішкам Гартным». Знаёмства з Жылуновічам потым перарасце ў сапраўднае сяброўства і адыграе важную ролю ў жыцці паэта, таму запомнім гэтую дэталь.

Таксама Гурло прыгадвае і тое, як будучы старшыня першага ўраду Савецкай Беларусі практыкаваўся ў вершаскладанні: «Пазней сярод старэйшыхвучняў згуртавалася грамадка хлапцоў, якія спрабавалі пёрлы ў пісанні вершаў. Сярод іх быў і Цішка Гартны. Мы, падлеткі, гэта ведалі, бо вершы перапісвалісяі хадзілі з класа ў клас, з аддзялення ў аддзяленне, з рук у рукі, чыталіся і перачытваліся, а здаралася, што траплялі ў рукі настаўніка, які часам не дужа хваліў іх змест».

Наступным разам яны ўбачацца толькі ў 1910 годзе. Цішка Гартны ў той момант будзе ўжо мець за плячыма салідны багаж: пошукі лепшай долі ў чужых краях, праца на заводах у вялікіх гарадах, дэбют на старонках «Нашай Нівы», цікаўнасць да адраджэнскага руху і захопленасць бальшавіцкімі ідэямі. Маладзейшы Алесь Гурло не адставаў ад свайго старэйшага таварыша.

З 1909 года ён быў сябрам нелегальнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі, якая займалася агітацыяй праз выданне рукапісных часопісаў «Зара», «Голас ніза» і «Вольная думка». Пра тыя выданні Алесь Гурло ўспамінаў потым на старонках «Савецкай Беларусі» ў 1928 годзе: «На абавязку кожнага члена арганізацыі ляжала: даваць матэр’ял у іх, друкаваць гектографскім спосабам часопісы і распаўсюджваць іх. А колькі было іншых абавязкаў...».

У канцы 1909 года Алесь Гурло дэбютаваў з невялічкім празаічным абразком «Ласун» на старонках «Нашай Нівы». Жартаўлівую мініяцюру апублікавалі ў самым апошнім нумары, неўзабаве пасля таго, як ён даслаў абразок у рэдакцыю. Пазначана не толькі аўтарства, але і месца жыхарства — Капыль. З гэтага моманту пачалася супраца пісьменніка-пачаткоўца з «першай беларускай газэтай з рысункамі».

У 1912 годзе яго вершы з’яўляюцца ў «Маладой Беларусі» — літаратурным альманаху, які выдаецца беларускай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбургу. Вершы літаратара з’яўляюцца на адных старонках з творамі прызнаных аўтараў — Якуба Коласа і Янкі Купалы, Канстанцыі Буйло і Алаізы Пашкевіч, Уладзіслава Галубка і Змітрака Бядулі.

У гэты час Алесь Гурло ўжо і сам жыве ў сталіцы Расійскай імперыі, дзе працуе рабочым на заводзе «Вулкан». Як і старэйшага сябра, Цішку Гартнага, цікавіць яго не толькі рэвалюцыйны рух і справы пралетарскія, але таксама і беларускае адраджэнне. І тут няма ніякага перабольшання.

Бо калі ў лютым 1913 года ў Санкт-Пецярбургу паказалі купалаву «Паўлінку», Алесь Гурло даслаў у «Нашу Ніву» кампліментарны водгук, які скончваўся такімі словамі: «Найлепшай наградай будзе для ідэйных працаўнікоў, калі кінутае імі зярно зарунее і закаласіцца ядрэным коласам».

Пазней, але ў тым жа 1913 годзе, яго забралі ў войска і ён трапіў на Балтыйскі флот. Гурло быў унтэр-афіцэрам Рускага імператарскага флоту, членам экіпажа крэйсера «Богатырь», а пазней мінаносца «Забияка», наякіх браў удзел у Першай сусветнай вайне. Акрамя гэтага, ён актыўны ўдзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. Непасрэдна ўдзельнічаў у штурме Зімняга палаца, а потым і ў Грамадзянскай вайне, быў цяжка паранены. Натуральна, што на баку чырвоных...

Алесь Гурло (стаіць у верхнім радзе крайні справа) з калектывам часопіса «Полымя»

Алесь Гурло (стаіць у верхнім радзе крайні справа) з калектывам часопіса «Полымя»

Ён публікаваўся ў першай «савецкай» газеце на беларускаймове «Дзянніца», якая ў 1916 годзе выходзіла ў Петраградзе, а з 1918 года ў Маскве. Галоўным рэдактарам і выдаўцом яе быў Цішка Гартны. Першыя нумарывыдання амаль цалкам складаліся з матэрыялаў, якія былі напісаныя ім самім. Разам з тым на старонках газеты публікаваліся творы Канстанцыі Буйло, Альберта Паўловіча ды іншых блізкіх па духу аўтараў. Публікаваў у гэты час вершы Алеся Гурло і Вацлаў Ластоўскі на старонках выдаванага ім у Вільні «Гоману».

У 1921 годзе Алесь Гурло вярнуўся ў Мінск па запрашэнні ўрада БССР. За даволі кароткі час ён уключыўся ў грамадскае і культурніцкае жыццё новапаўсталай краіны. Першая палова 1920-х гадоў — гэта час, калі ён актыўна выступае ў друку з паэзіяй. Спачатку адна за адной выходзяць нізкі звершамі, а следам пачынаюць выходзіць і кнігі.

У 1924 годзе выйшаў дэбютны паэтычны зборнік «Барвенак», азатым лічы кожны год новы: «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць»(1927), «Межы» (1929). Аформіў першы паэтычны зборнік знакаміты мастак Анатоль Тычына, для якога гэта таксама быў своеасаблівы дэбют: ён толькі пачаў займаццаілюстраваннем кніг. Праўда, кніга пабачыла свет у трохі змененым выглядзе, бо Павал Гуткоўскі — галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, дзе яна выходзіла, дадаў у малюнак Тычыны валошку.

Алесь Гурло быў і сярод тых, хто стаяў ля вытокаў «Маладняка». Што даволі лагічна, бо лірыка паэта шмат у чым адпавядала патрэбам часу. Ён пісаў не толькі пейзажныя вершы, але таксама і пра рабочых, якія далі рады класавым ворагам. Лірыка Гурло цікавая і тым, што ў ёй шмат аўтабіяграфізму — паэт пражываў жыццё, якое потым адлюстроўваў ва ўласнай творчасці:

На рубе двух міроў, між горадам, палеткам

Люблю я думкаю лятаць,

Каб быць красы тварцом, яе тварэння сьведкам

І кволы дух душы ўзбуджаць...

Таму не выклікае ніякага дзіва тое, што пісаў ён і аўтабіяграфічныя творы, дзе больш-менш падрабязна распавядаў аб сваім жыцці. Першы такі твор быў напісаны яшчэ ва ўзросце 25 гадоў. Яшчэ адзін называўся «Змайго жыцця» і быў апублікаваны на старонках «Полымя». Хаця часопіс першыя дзесяць гадоў і не меў свайго рэдактара, але стаяў за ім Зміцер Жылуновіч. Той яшчэ ў 1923 годзе заклікаў на старонках часопіса: «Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі».

Не выклікае здзіўлення і той факт, што ў 1927 годзе АлесьГурло далучыўся менавіта да літаратурнага аб’яднання «Полымя».

Працаваў Алесь Гурло на ніве беларушчыны — быў супрацоўнікам Наркамату асветы БССР, тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускай культуры,навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы Беларускай акадэміі навук. Браў удзел узнакамітай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ўвосень 1926 года.

Алесь Гурло (другі злева, сядзіць у ніжнім радзе) з супрацоўнікамі Інбелкульта. Мінск, 1927. Фота nlb.by 

Алесь Гурло (другі злева, сядзіць у ніжнім радзе) з супрацоўнікамі Інбелкульта. Мінск, 1927. Фота nlb.by 

Але перакрэсліла ўсё справа «Саюза вызвалення Беларусі», па якой у 1930 годзе былі арыштаваныя больш за сотню дзеячаў беларускай культуры і навукі. Сваёй віны ён так і не прызнаў, тым больш датычнасці да неіснуючай арганізацыі. Але ў красавіку 1931 года яго ўсё адно адправілі на высылку ў Самару, пасля якой ён вярнуўся ў Беларусь.

Пайшоў з жыцця Алесь Гурло ў лютым 1938 года. У тым самым «Полымі», якое тады ўжо звалася «Полымем Рэвалюцыі», а рэдактарам пры ім быў Міхась Лынькоў, надрукавалі некралог, у якім нябожчык быў названы «адным з старэйшых беларускіх паэтаў», а прычынай смерці — «сухоты і калецтва».

Пахаваны пісьменнік на вайсковых могілках у Мінску.