Алесь Лагвінец: «Збольшага сваёй мэты мы дасягнулі»

Актыўнасць у кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Алеся Лагвінца зачапіла ўсё палітызаванае грамадства. Не дзіва, што Алеся не зарэгістравалі. Пра тое, як паламаць шаблоны, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» распавядае чытачам.



4ca8da04_3b66_45b2_b2ee_4623d6bfba11_w987_s_s.jpg



— Алесь, першае пытанне стандартнае. Выбараў няма, навошта марнаваць свае высілкі без выніку?

— Выбараў няма, але ёсць выбарчая кампанія. Калі мы не ўдзельнічаем у выбарчай кампаніі, мы проста не прысутнічаем у публічнай прасторы, становімся яшчэ больш адарванымі ад людзей, ад іх патрэбаў. Безумоўна, можна і трэба працаваць з людзьмі па-за кампаніямі, але выбарчая кампанія — гэта магчымасць заваяваць давер людзей і ахапіць — праз фізічную прысутнасць, праз візуалізацыю, — больш шырокае кола грамадзян. Вось галоўная прычына ўдзелу ў кампаніі.

Мы павінны даваць людзям альтэрнатыву. Паказаць, што ва ўладаў словы і справы — гэта дзве розныя рэчы. Калі не спрабаваць удзельнічаць, то ўлады могуць наствараць «альтэрнатыўных» кандыдатаў, зрабіць выгляд, што прайшлі выбары, і нават дазволіць сабе раскошу палічыць бюлетэні.

Ад пачатку кампаніі я арыентаваўся на тое, што збор подпісаў — гэта самая ліберальная частка кампаніі. Менавіта таму мы прыдумалі шэраг такіх «асіметрычных», нечаканых крокаў, якія дазволілі нашай камандзе і мне асабіста заіснаваць публічна ў нашай акрузе.


img_1573.jpg


— Ці цяжка вам было праводзіць гэтую «асіметрычную» кампанію?

— Вялікіх складанасцяў не было. Найбольшы выклік — гэта мы самі. Я не лічу цяжкасцямі скаргі, якія на мяне пісалі па падказцы мясцовых уладаў ці спецслужбаў.

Я зыходзіў з таго, што выбарчая кампанія — гэта спосаб прыцягнення ўвагі да несправядлівых момантаў у нашым жыцці, да тых праблемаў, якія ёсць у грамадстве агульнанацыянальна альбо ў акрузе лакальна. У агульнанацыянальным ёсць тое, што прадстаўнікі беларускай культуры рашэннем уладаў адрэзаныя ад сваёй публікі, якая іх любіць і прызнае. Я паспрабаваў спалучыць адно і другое.

Што тычыцца канцэрту, то я задаў Лявону пытанне наконт канцэрту, ён не сказаў «не», падумаў, і, калі мы да гэтага пытання вярнуліся, ён пагадзіўся.

Пры арганізацыі канцэрту мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Побач быў адміністрацыйны будынак, і ў ім ніхто не пагадзіўся падлучыць нас да электрычнасці, адмовілі нават арэндаваць разетку на паўтары гадзіны! Нам проста пашэнціла, што ў доме непадалёк адна сям’я ласкава дала згоду падлучыцца да яе разеткі. Нізкі ім паклон!

У нас былі два генератары, але ў той момант, калі людзі ў цывільным спрабавалі націснуць на гаспадароў кватэры і перакрыць нам электрычнасць, ніводзін з іх не заводзіўся. Магло б атрымацца вельмі непрыгожа.

Абвесткі пра «спеўны пікет» мы рабілі праз сацыяльныя сеткі, вырабілі запрашальнікі на сустрэчу з прэтэндэнтам у кандыдаты з канцэртам. Раздалі людзям недзе паўтары тысячы гэтых запрашальнікаў. Але такой колькасці людзей мы не чакалі.

Мы зрабілі яшчэ адну «асіметрычную» рэч — «мост нацыянальнага сцягу». З бел-чырвона-белымі сцягамі стаялі на мосце праз МКАД. Зараз Мінгарвыканкам унёс змены ў сваю пастанову пра дазволеныя месцы пікетаванняў, і забараніў акцыі на мастах, віядуках і праезных частках дарог. То бок, фактычна забаранілі выкарыстоўваць машыны для агітацыі за кандыдата. Гэта канкрэтная рэакцыя Мінгарвыканкаму на тое, што мы рабілі.


20160727_194226434.jpg


— Пытанне, якое цікавіць усіх і заўсёды: яркая выбарчая кампанія патрабуе грошай. Адкуль грошы на кампанію, і наогул, у якую капейчыну яна ўляцела?

— Грошы я ўклаў свае і некаторых сяброў. Насамрэч, вялікіх грошай на кампанію не трэба. Сцягі: матэрыял каштаваў два з паловай мільёны недэнамінаваных рублёў — 250 сучасных. Пашыла іх актывістка Руху. Стэнды — фактычна капейкі, каштавала толькі жалеза і фарба. Зварылі, разрэзалі і пафарбавалі іх я асабіста і сябры маёй каманды. 10 рублёў каштавала фарба. Улёткі — раздрукаваць паўтары тысячы запрашальнікаў на канцэрт Вольскага можна на любым прынтары.

Фактычна, зараз кампанія каштуе два-тры месячныя заробкі. Любы грамадзянін, які думае стаць дэпутатам не «зараз», а за два-тры гады, можа зэканоміць гэтыя сродкі.

Я прыхільнік таго, што, калі ты не здольны ідэйна мабілізаваць людзей — не трэба сунуцца ў палітыку. Я, напрыклад, не разумею тых, хто плаціць грошы зборшчыкам за подпісы. Так, у кампаніі ёсць выдаткі, трэба, каб былі грошы, але самае галоўнае — гэта  людзі, каманда, жаданне дапамагчы.

Яркая кампанія — гэта не грошы, гэта ідэі. Канцэрт Вольскага — мая ідэя. Пікет на мосце — майго сына. Ідэя банераў — Пятра Маркелава. Здымкі нам дапамагаў рабіць бясплатна адзін вядомы беларускі фатограф, ён жа дапамог з дызайнам банеру. То бок, у нас у краіне ёсць людзі, якія гатовыя ўкладаць не грошы, а сваю працу дзеля таго, каб адбыліся змены. І гэта той патэнцыял, які надалей трэба выкарыстоўваць. Дарэчы, «Вышысцяг» — гэта таксама ідэя Маркелава.

Мы працавалі і працуем так, каб у людзей быў імпэт. Мне вельмі хацелася, каб мая каманда адчула асалоду ад камунікацыі з людзьмі. Каб досвед гэтай камунікацыі, жаданне зменаў, імкненне пераканаць людзей, што змены магчымыя, — перадаваліся ў камандзе. І потым ад каманды — далей. Мне здаецца, што гэта ў нас атрымалася.


_img_1774.jpg


— Тое, што вас не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, вашай дзейнасці не перашкодзіла?

— Зазначу, знялі з кампаніі мяне не за канцэрт Вольскага, не за пікеты і «Лагвінецмабіль», і не за скаргі, якія пісалі настаўнікі. Фармальна мяне не зарэгістравалі за распаўсюд друкаваных матэрыялаў, які забаронены пастановай ЦВК. Друкаваныя матэрыялы — гэта мая візітоўка, якую мы давалі зацікаўленым, запрашэнне на «спеўны пікет», і газета «Народная воля», якую на пікеце раздавала рэдакцыя дзеля рэкламы выдання. Такое палажэнне ў пастанове ЦВК — атавізм. Ладна, напісалі б агітацыйныя матэрыялы.

Дарэчы, упэўнены, калі б не гэта, яны б знайшлі іншыя падставы, каб мяне не рэгістраваць.

Але кампанія яшчэ не скончаная — хачу гэта падкрэсліць. Нерэгістрацыя не перашкаджае  дзейнічаць у акрузе далей. Мы ўжо зараз сабралі больш за 100 подпісаў за вырашэнне дзвюх мясцовых праблемаў. Адна з іх — рамонт мосту праз МКАД, дзе мы ставілі пікет. На ім у пешаходнай зоне пасля кожнага дажджу ствараецца лужына, праз якую людзям даводзіцца скакаць, вельмі небяспечна яе абыходзіць. Гэтую сотню подпісаў мы пададзім, а яшчэ фармуляры заяваў параскідваем па паштовых скрынках, каб людзі і індывідуальна дасылалі звароты па гэтай праблеме.

Да канца кампаніі мы думаем сабраць подпісы за рашэнне іншых праблем, на якія не звяртаюць увагі ні ўлады, ні іх мясцовыя дэпутаты. Якія, у прынцыпе, і павінны былі такія праблемы вырашаць. Дарэчы, мая канкурэнтка па акрузе і ёсць мясцовая дэпутатка. Яна ўжо двойчы мясцовая дэпутатка, але я не чуў ад людзей, каб яна намагалася вывучаць і вырашаць праблемы выбарцаў.

Збольшага мы ўжо дасягнулі мэтаў сваёй кампаніі. У нас яшчэ ёсць два тыдні да яе заканчэння, і мы яшчэ будзем у публічнай прасторы як акругі, так і агульнанацыянальнай.

Ёсць адзін індыкатар, лакмусавая паперка, якая кажа, што і сёлета падліку галасоў не будзе. Я бадай што адзіны з усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, які вылучыў кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі падвойным чынам: ад грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» 34 чалавекі, і 37, уключаючы тых жа 34 — шляхам збору подпісаў грамадзян. Усіх чальцоў выбарчых камісіяў у акрузе — 442 чалавекі. Нашых уключылі толькі двух, а гэта 0,5% ад агульнай колькасці. Таму абвешчаныя вынікі будуць проста капрызам уладаў.

Я хачу выйграваць выбары, а не быць прызначаным. І, зважаючы на водгукі людзей, я сапраўды меў шанцы атрымаць большасць.


vilejka_12_20160719_.jpg


— А рэакцыя людзей у параўнанні з папярэднімі выбарамі змянілася?

— Варта адзначыць, што 101-я акруга — адна з самых «маладых» у горадзе. У ёй жывуць маладыя, эканамічна актыўныя, адукаваныя людзі, шмат хто з іх падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці. Але як бы я гэтага ні хацеў, мушу прызнаць — сёння «рэвалюцыйнай сітуацыі» няма. Ёсць людзі, якія хочуць зменаў, але бальшыня з іх не верыць у гэтыя змены, у тое, што яны магчымыя. Яны бачаць, што ўлада не вядзе да зменаў, і ў той жа час не вераць у свае сілы нешта змяніць. І гэтае стаўленне трэба памяняць, будуючы большы давер людзей і прапануючы альтэрнатыву.

Кожная другая кватэра, у якую мы заходзілі, — пры тым, што зараз лета, няшмат хто ёсць дома, — падпісвалася. Подпіс — гэта ўсё ж такі пэўны давер да кандыдата. То бок патэнцыял атрымаць давер у 50% грамадзян у нас ёсць. Але гэтага, на жаль, недастаткова, каб у краіне адбыліся змены. Яшчэ трэба працаваць, працаваць, працаваць.

Канешне, на несправядлівасць уладаў нараканняў было шмат: малыя заробкі, малыя пенсіі, дарагая адукацыя… Але не было наступнага кроку — адказу на пытанне: «А што мы можам зрабіць разам?» Пакуль у нас не будзе разумення, што салідарныя шырокія дзеянні, мірны ціск на ўладу прымусіць яе мяняцца і рэагаваць, — сітуацыя будзе трымацца так, як яна ёсць.

— Калі казаць пра планы…

— Мы плануем вельмі актыўнае назіранне. І я вельмі сур’ёзна разглядаю магчымасць абвяшчэння байкоту на сваёй акрузе. Гэта не тычыцца ўсёй кампаніі па краіне, але ў нашай акрузе склаліся такія канкрэтныя варункі. Байкот на нашай акрузе — «Байкот 101» — быў у 2012 годзе, і менавіта з-за гэтага байкоту ўлады ўвялі ў заканадаўства забарону на заклікі да байкоту. Гэтае абмежаванне супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, але пакаранне за яго — толькі адміністрацыйнае.

Але гэта вялікі выклік. Байкот павінен суправаджацца моцным назіраннем. У нас 34 участкі, трэба як мінімум два назіральнікі на ўчастак, значыць, мінімум 68 асобаў. І мы будзем намагацца іх знайсці.

— Няўжо апроч байкоту — ніякіх планаў?

— Канешне, ёсць. Увогуле, зараз я разглядаю сябе як мясцовага палітыка ці мясцовага актывіста. Я хачу, каб далей ішоў «разрыў шаблону». Напрыклад, буду рабіць усё, каб выбарцы Сухараўскай акругі атрымалі маю ўлётку, дзе будзе напісана, што я — кандыдат на наступных выбарах. Гэта зноў вялікі выклік, на гэта патрэбныя сродкі, але я хачу гэта зрабіць.

Традыцыйна тыя, хто за мяне падпісаўся, атрымаюць паштоўкі з падзякай за падтрымку. Гэта недзе дзве з паловай тысячы чалавек: усяго мы сабралі 1907 подпісаў, плюс 484 тых, хто падпісваўся за вылучэнне маіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі.

Пералічанае — гэта толькі пачатак. Працы непачаты край. Зараз мы крыху паварушыліся, атрымаўся пэўны рэзананс, а што далей будзе… Гэта праца. Рэгулярная праца. Прысутнасць у медыя, непасрэдны кантакт з людзьмі праз мясцовыя праблемы, прапановы шляхоў іх вырашэння.

— То бок, вас яшчэ пабачаць кандыдатам на мясцовых выбарах?

— Калісьці на «Радыё Свабода» я казаў, што буду балатавацца да тых часоў, пакуль не выйграю выбары. Пакуль што ў мяне ёсць драйв і жаданне балатавацца, я яшчэ бачу сэнс ад правядзення кампаніяў. І таму трэба спрабаваць далей. Прынамсі, ужо ёсць невялічкі падмурак, невялічкі аўтарытэт… Варта яго далей пашыраць.