Львоў і Менск будуць рэкламаваць сябе наўзаем

У Менску з’явяцца рэкламныя бігборды турыстычных аб’ектаў Львова, а ў сталіцы Галічыны — рэклама беларускіх турыстычных маршрутаў. Пра гэта дамовіўся львоўскі мэр Андрэй Садовый падчас сустрэчы са старшынём Менскага гарвыканкама Андрэем Шорэцам.

lviv_map_panorama_1024x786.jpg


Львоў, разам з Кіевам, Чарнігавым і Адэсай уваходзіць у лік самых папулярных украінскіх гарадоў у беларускіх турыстаў. Пры гэтым на папулярнасць у беларусаў «горада Лева» не паўплывала і  расейская прапаганда, якая традыцыйна называе галоўны горад Галічыны «сталіцай бандэраўскіх украфашыстаў».
Львоў застаецца адкрытым горадам, дзе заўсёды радыя гасцям, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання і мовы. Расказвае карэнны львавянін Олесь Дзындра, вялікі сімпатык Беларусі:

— Львоў — гэта мастацкі горад. Львоў — гэта месца дыялогу ўжо апошнія 800 гадоў, гэта горад, дзе кожны да кожнага кажа на свай мове і ўсе адзін аднаго разумеюць. У гэтыя моманты, калі Львову не шанцавала, палітыкі ўмешваліся ў нармальны рэжым жыцця, у нармальны спосаб стасункаў, дыялогаў, тады былі моманты агрэсіі, але гэта былі моманты вялікай гісторыі Львава — гэта моманты на якія можна не звяртаць увагу. 
Нагадаем, што 17 жніўня беларуская кампанія «Белавіа» запусціла рэгулярны авіярэйс Менск-Львоў-Менск.

Паводле racyja.com