Гамарджоба, Тбілісоба! (фотарэпартаж)
Сёння сталічны Верхні горад на дзень ператварыўся ў маленькую гасцінную Грузію. Другі год запар тут праходзіў гастранамічны фэст "Тбілісоба Баржомі". Гэтым разам ён адбываўся ў рамках Фестывалю нацыянальных культур.
Прывітальныя стэнды
Сёлета арганізатары зрабілі акцэнт на нацыянальную кухню. Ужо з 12 гадзін дня па плошчы перад мінскай Ратушай разносіўся водар гарачых хінкалі і хачапуры.
"Тбілісоба" больш за 30 год з'яўляецца брэндам Грузіі. Гэта агульнанароднае свята, якое адзначаецца ў апошні тыдзень кастрычніка, сімвалізуе заканчэнне збору ўраджаю і супадае са святам горада. У гэты дзень у сталіцы Грузіі праходзіць святочнае шэсце, арганізуюцца гулянні. Брэнд "Баржомі" ладзіў "Тбілісоба" ў Маскве, Кіеве, Рызе, Вільнюсе, Мінску.
Мінскі "Тбілісоба Баржомі" — гэта своеасаблівае грузінскае застолле, пасля якога цяжка сысці галодным. У рамках фестывалю праходзіць прэзентацыя міжнароднага праекта "Гастранамічны гід па Грузіі". Гэта партал, на якім сабраны рэцэпты аўтэнтычных грузінскіх страў. Калі на леташнім мінскім "Тбілісоба" стаяў стол у 50 метраў, то сёлета паставілі 100-мятровы!
Сёння на свяце прадстаўлены ўсе грузінскія рэстараны Мінска (іх каля дзесяці: "Тыфлісъ", "Батумі", "Стары Тыфліс" і інш.), невялікія пякарні, якія выпякаюць грузінскі хлеб шоціс пуры. А таксама можна пакаштаваць традыцыйныя грузінскія стравы як хачапуры, лабіяні, кубдары, хінкалі, саціві, пхалі, чурчхела. У кожнага рэгіёна краіны ёсць свае кулінарныя асаблівасці. Разнавіднасцяў толькі хачапуры, да прыкладу, каля дзесяці. Каларытныя грузінскія стравы і насычаныя віны будуць прадавацца на працягу ўсяго свята. Каб пры гэтым пачуваць сябе лёгка — пад рукой заўсёды будзе "Баржомі".
Нацыянальны куток
Першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі IDS Borjomi Georgia Леван Багдавадзэ склаў свой топ-5 сваіх любімых страў і распавёў, што беларусам абавязкова варта пакаштаваць на фэсце:
1. Хінкалі — страва з цеста і мяснога начыння — сечанага мяса ялавічыны або свініны з ялавічынай ці бараніны. Пры падачы пасыпаецца чорным молатым перцам.
2. Хачапуры — праснак з імерытынскім сырам. Змазваецца свежым ці топленым сметанковым маслам.
3. Пхалі — халодная закуска з дзвюх частак: запраўкі з грэцкіх арэхаў, чырвонага вострага перцу, здробненага часнаку, кінзы, запраў і асноўнага інгрэдыенту (можа быць шпінат, бурачнае бацвінне, грыбы, зялёная фасоля, капуста).
4. Чурчхела — слодыч з арэхаў у сіропе з вінаграднага соку.
5. Мцвадзі — шашлык, прыгатаваны на дровах з вінаграднай лазы.
Нацыянальны куток
Асаблівасць сённяшняга фестывалю — цэлая серыя майстар-класаў. У адным з майстар-класаў плануе паўдзельнічаць нават мэр Мінска Андрэй Шорац. Тут можна не толькі пакаштаваць, але і самому прыгатаваць розныя грузінскія стравы.
Апроч таго, гасцей фестывалю навучалі душыць вінаград для віна, стрыгчы авечак, ляпіць гліняны посуд, ткаць нацыянальны дыван. Таксама ў праграме — майстар-клас па грузінскіх танцах і навучанне грузінскаму алфавіту.
Не меней цікавая і музычная праграма. Хедлайнерам "Тбілісоба Баржомі" выступае папулярная ў Грузіі і ў еўрапейскіх клубах група "Kahaberi&Khanums", якую Ніна Катамадзэ адзначыла, як лепшы электра-фолк гурт краіны.
Надпіс па-грузінску: "Новы час"
З новай праграмай выступіць ансамбль "Сонечная Грузія", у якім грузінскія танцы ставіць удзельнік легендарнага "Сухішвілі". Не абыдзецца і без мужчынскага шматгалосся: з Аджарыі прыехаў ансамбль народнай песні "Elesa". ЮНЭСКА прызнала грузінскае шматгалоссе шэдэўрам нематэрыяльнай спадчыны.
Па словах кіраўніка групы "Elesa" Іраклія Сірабідзэ, у хору спяваюць толькі мужчыны — бо да традыцыйнага шматгалосся не дапускаюцца жанчыны. І справа тут не ў гендарнай дыскрымінацыі, а ў традыцыі.
Арганізатары фестывалю — Мінгарвыканкам, пасольства Грузіі, дыяспара ў асобе Грузінскага культурна-асветніцкага грамадства "Мамулт" і ГМ "Баржомі".
Дарэчы, у Беларусі пражывае каля 5 тысяч грузінаў. За апошнія 5 гадоў колькасць беларускіх турыстаў у Батумі павялічылася ў 15 разоў, а Грузія ўвайшла ў дзясятку самых папулярных турыстычных накірункаў. Па словах арганізатараў, на "Тбілісоба Баржомі — 2015" прыйшло каля 10 тысяч чалавек.
Нагадаем, што акрамя грузінскай нацыянальнай культуры, у мінулыя суботы наведнікі Верхняга гораду маглі пазнаёміцца з культурай польскай, карэйскай і украінскай.