Ракаўскі фэст: міністр культуры, супрацоўнік НКУС і музыка (фота)
У суботу, 27 жніўня, упершыню прайшоў «Ракаўскі фэст». Наведвальнікаў чакалі выступы гуртоў з Польшчы і Беларусі, прэзентацыя польскай і беларускай кухні, выставы і кірмаш рамесных вырабаў. Як гэта было? Глядзіце ў нашым фотарэпартажы.

На плошчы Свабоды, галоўнай плошчы Ракава, была ўсталявана сцэна, а побач з ёй некалькі шэрагаў лавак. На адкрыцці фестывалю прысутнічалі афіцыйныя асобы, у тым ліку міністр культуры Барыс Святлоў.

Падчас урачыстых выступаў, калі са сцэны прамаўляў адзін з чыноўнікаў, нехта з гасцей запатрабаваў гаварыць па-беларуску. На гэта выступоўца адказаў, што абавязкова так зробіць у наступны раз. Пазней пачуць беларускую мову са сцэны можна было ад новага дырэктара Польскага інстытута ў Мінску Матэуша Адамскага ды міністра культуры Барыса Святлова.

Матэуш Адамскі і чыноўнік, які абяцаў наступным разам абавязкова прамаўляць па-беларуску

Вось гэты дзядзька патрабаваў, каб чыноўнік выступаў па-беларуску

Міністр культуры Барыс Святлоў абыходзіць кірмаш
Таксама цікаўных чакаў тэатралізаваны квэст паводле кнігі "Каханак Вялікай Мядзведзіцы" польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага і магчымасць прайсці "Сцежкай кантрабандыстаў" і знайсці клад.

Канешне, быў і традыцыйны кірмаш "Горад майстроў", на якім можна было набыць разнастайныя DIY-вырабы.



Каля васьмі гадзін вечара пачалася асноўная музычная частка
фестывалю. Наведвальнікаў парадавалі музыкі з гурту «Дзікія яблыкі» (Польшча) і
беларускі калектыў «Нагуаль».

"Дзікія яблыкі" (Польшча)

"Нагуаль" (Беларусь)