Польшча хоча супрацоўнічаць з Беларуссю па ўшчыльненні мяжы
Гэта лепшы спосаб спынення прытоку бежанцаў, чым механізм перасялення, лічыць кіраўнік польскага МУС.
Польскі бок бачыць неабходнасць ушчыльнення сваёй усходняй мяжы і павелічэння колькасці функцыянераў Памежнай варты. Як заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі, гэта польскі адказ на новыя пагрозы бяспецы.
У інтэрвію Першай праграме грамадскага Польскага радыё міністр Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak) пераконваў, што па гэтай справе ўрад ужо шмат чаго зрабіў.
— Цяпер мы вяртаем папярэднюю колькасць памежнікаў. Нагадаю, што з 2008 году колькасць функцыянераў Памежнай варты была скарочана на больш за 1 800 чалавек. Мы ўжо вярнулі Малапольскі аддзел памежнай варты. Вонкавыя межы, гэта прыярытэт нашай дзейнасці. Гаворка ідзе пра супрацоўніцтва з Украінай і Беларуссю на справе ўшчыльнення межаў, а таксама прыпыненне малога памежнага руху з Расіяй, — распавёў Марыюш Блашчак.
Міністр раскрытыкаваў таксама сваіх папярэднікаў за згоду на тое, каб у рамках еўрасаюзаўскага механізму перасялення прыняць частку бежанцаў. Паводле Марыюша Блашчака, гэты механізм не выконвае сваёй ролі, паколькі замест таго, каб спыніць прыток бежанцаў, ён заахвочвае новых мігрантаў прыбываць у Еўропу.
Як сказаў міністр, значна лепшым рашэннем з’яўляецца ўшчыльненне знешніх межаў Еўрасаюза, у тым ліку, усходніх.
www.radyjo.net