Алесь Пушкін: Нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў не буду
Мастак катэгарычна адмовіўся прасіць аб памілаванні. Пра гэта «Салідарнасць» даведалася праз яго адвакатку.

Алесь Пушкін, «Партрэт пасля зняволення». Малюнак, які дайшоў у адным з лістоў мастака
Алесь Пушкін, які ўжо больш як паўгода ўтрымліваецца ў следчай турме ў Жодзіне, працягвае маляваць і вучыць сукамернікаў, а таксама працаваць над п’есай.
Паводле слоў адвакаткі, Пушкін зноў пагаліў галаву (цікавая дэталь: амаль 200 гадоў таму вялікі рускі паэт, яго цёзка, пасля цяжкай хваробы вымушаны быў зрабіць тое самае. — Заўв. рэд.), адчувае сябе добра і на здароўе не скардзіцца, толькі што адзначае, што ў Жодзіне холадна.
Мастак вельмі стараецца падбадзёрыць родных і піша лісты. Але перапіска ў апошні час ускладнілася, і ў абодва бакі цэнзары прапускаюць далёка не ўсю карэспандэнцыю, а некаторыя лісты даходзяць урыўкамі без пачатку або канца.
— Ён вельмі ганарыцца сынам, які сёлета паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, і задаволены, што ў таго ўсё добра. Таксама кожны раз перадае сям'і словы падтрымкі, — гаворыць адвакатка.
Акрамя таго, жонцы мастака Яніне стараюцца дапамагаць як сябры сям’і, так і валанцёры, і асуджаныя, якія асабіста ведаюць Алеся.
Нагадаем, Алеся Пушкіна абвінавачваюць у тым, што адна з яго карцін — партрэт антысавецкага падпольшчыка, выстаўлены ў «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне, парушае 130-ы артыкул Крымінальнага кодэкса («Распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці»). За «рэабілітацыю нацызму» мастаку і перформеру, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, пагражае ад 5 да 15 гадоў зняволення.
Пакуль пра дату суда над ім нічога не вядома, чарговы дзень народзінаў Пушкін сустрэў за кратамі, а тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты да канца лістапада.
Пры гэтым да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву на памілаванне, але ён катэгарычна не згодны.
— Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў не будзе, — перадае словы мастака адвакатка.
Дарэчы, працы беларускага жывапісца-нонканфарміста разам з творамі яшчэ 27 мастакоў свету, многія з якіх таксама зазналі рэпрэсіі ў сваіх краінах, цяпер экспануюцца ў Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» у Варшаве на выстаўцы «Sztuka polityczna» («Палітычнае мастацтва»), якая працуе з канца жніўня да сярэдзіны студзеня 2022 года. Таксама ў Варшаве працягваецца збор подпісаў пад зваротам да ўлад Беларусі з патрабаваннем вызваліць Алеся Пушкіна.
Мастачка Руфіна Базлова прысвяціла Алесю Пушкіну сваю новую вышыўку з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі». На дадзены момант кошт працы, выстаўленай на дабрачынны аўкцыён, дасягнуў 500 еўра. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры.

Фота: facebook.com/rufinartist
Ахвотныя асабіста падтрымаць мастака могуць дасылаць лісты і паштоўкі: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Мікалаевіч Пушкін.