Павел Севярынец — сыну: «Мой тата, а твой дзед быў чалавекам светлым»
Палітвязень даслаў з-за кратаў ліст сыночку Францішку. У лісце Паўла таксама быў намаляваны ім партрэт бацькі, Кастуся Севярынца, які памёр 1 кастрычніка.
Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла жонка палітвязня Вольга Севярынец. Павел напісаў свайму сыну:
«...Мой тата, а твой дзед быў чалавекам светлым, таленавітым, дабрадушным і шчодрым. Нарадзіўся ён ва Унорыцы. Менавіта ён патлумачыў мне, што наша родная мова — беларуская, і што Беларусь мае быць незалежнай. Ён даглядаў мяне разам з бабай Таняй, маёй матуляй, карміў, апранаў, гадаваў і выхоўваў. Усіх нас, дзяцей, ён вадзіў на футбол, вазіў у грыбы — і, канечне, летам адпраўляў у любую Унорыцу. Калі ён прыходзіў дахаты, то званіў у званок будзёра і весела — "там-там-тарарам — тара-тара-тарам!", і мы ўсе падхоплівалі: "Вось і тата прыйшоў!"
Дзед Косця пісаў вельмі добрыя вершы, багата дапамагаў іншым, расказваў пра Беларусь, вучыў ставіцца да жыцця спакойна, добра гатаваў і складаў цэлыя кніжкі для дзяцей.
Словам, твой дзед Кастусь Севярынец быў цудоўным чалавекам. Ведай гэта. Вельмі шмат людзей кажуць пра яго добрыя словы і праводзілі яго на неба.
Дасылаю табе ягоны партрэт — і дзякую табе за малітву за дзеда Косцю!»