Алесь Петрашкевіч: «Хачу вярнуць сапраўдную гісторыю»
Год таму, 24 жніўня, сышоў з жыцця Алесь (Аляксандр Лявонавіч) Петрашкевіч — беларускі гісторык, драматург і сцэнарыст. Але засталося яго слова. Гэта інтэрв’ю ніколі раней не друкавалася.
1 мая 2005 года Алесю Петрашкевічу споўнілася 75 гадоў. Па шчырасці, я не збіраўся рабіць з ім ніякіх юбілейных інтэрв’ю найперш з-за занятасці кнігай пра Васіля Быкава, але было адчуванне няёмкасці, бо з Петрашкевічам быў знаёмы не першы год і неаднойчы ўжо друкаваў гутаркі з ім.
Таму, адклаўшы працу над кніжкай, усё ж пазваніў, але толькі праз дзесяць дзён. Алесь Лявонавіч, як падалося, да ідэі інтэрв’ю паставіўся без асаблівай ахвоты, запытаўся, пра што яно будзе? — «Пра тое, над чым працуеце, на што спадзеяцеся». Петрашкевіч у адказ: «Гэта вельмі складанае пытанне — на што спадзяюся… Гэта ж будуць кароткія пытанні і адказы?..» Дамовіліся, што ўвечары буду ў яго. Алесь Лявонавіч дадаў яшчэ, што з юбілеем яго павіншавалі толькі часопіс «Роднае слова» і газета «Наша слова», афіцыйныя змаўчалі. «Мяне няма ў іх календары, — пасмяяўся Петрашкевіч. — Відаць, я ў іх толькі ў спісах».
Інтэрв’ю хоць і было зроблена (Алесь Лявонавіч пазваніў на наступны дзень — сказаў, што, відаць, шмат лішняга нагаварыў, але я адказаў, што ў тым, сярод іншага, і сутнасць маёй працы — каб выбіраць з гутаркі галоўнае), аднак на старонках «Белорусской деловой газеты» не выйшла — мне было прапанавана скараціць яго ўдвая, я адмовіўся ад публікацыі наогул.
Калі Петрашкевіч дазнаўся пра тое, сказаў, што я ўсё правільна зрабіў, дадаў таксама, што абсалютна не крыўдуе. Аднак адчуванне няёмкасці засталося. Таму з таго часу Алесю Лявонавічу я больш не званіў і ніколі з ім ужо не бачыўся.
Ніжэй падаецца не толькі тое інтэрв’ю, што было завізавана Петрашкевічам, але і вытрымкі з нашай гутаркі, якія ў канчатковы варыянт інтэрв’ю не патрапілі.
— Алесь Лявонавіч, як гэта — пісаць, калі п’есы не ставяць? Драматургія ж не існуе без тэатра.
— Мяне гэта не хвалюе. Гавару гэта абсалютна шчыра. Гэта нават добра. Вось такі парадокс! Бо калі пішаш, разважаючы, куды пасля панясеш п’есу, тым самым шмат чым звязаны, паколькі, свядома ці не, раздумваеш над пытаннямі: а ці возьмуць? ці дазволіць цэнзура? «не переборщил ли?..» А калі пішаш, не спадзеючыся, што будзе пастаўлена, ты абсалютна вольны — вольны найперш ад усялякай мітусні. Ды і драматургія як жанр літаратуры можа існаваць і без тэатра.
— Аляксандр Твардоўскі гаварыў, што літаратура павінна стварацца ў свой час. Вашай драматургіі гэта не датычыцца?
— У мяне спецыфічнае пісьмо — я рэканструюю гісторыю, але па ўсіх правілах літаратурнага жанру. За дваццаць гадоў я стварыў мастацкі варыянт гісторыі Беларусі ў дзеючых асобах: ад Рагнеды да Янкі Купалы. Я ажывіў нашу гісторыю. Так, сёння мае п’есы не запатрабаваныя, аднак неабходнасць у іх з’явіцца заўтра, калі ўсур’ёз будзе пастаўлена пытанне пра незалежную дзяржаву, бо ў суверэннай дзяржавы павінен быць гістарычны фундамент. Усё ж не з 1917 года пачалася наша гісторыя! І не «тутэйшыя» тут жылі — «тутэйшымі» нас зрабілі абставіны. Зыходзячы ж з маіх п’ес, можна будзе прасачыць, як і чаму мы такімі сталі. Паводле іх можна будзе вялікі гістарычны серыял зняць! І такі серыял пэўна будзе, хай нават не па маіх п’есах — гэта ўжо не так істотна. Даволі будзе таго, калі мая драматургія абудзіць чыюсьці творчую фантазію, пасее ідэю.
— І не шкада, што не дачакаецеся такога серыяла?
— Разумееце, буду я шкадаваць ці не — ад гэтага нічога не зменіцца. Ці пра гэта трэба думаць, калі табе 75?
— У маладосці прызнання хочацца шмат каму. А ў 75?
— Прызнанне ў любым узросце — рэч, вядома, прыемная. Але зусім не абавязковая. Хоць крыкі: «Аўтара на сцэну!»… Чалавек слабы… Аднак мяне ж у Беларусі не так добра ведалі нават тады, калі мае п’есы ставіліся ў сямідзесяці гарадах Савецкага Саюза!
Наогул, я лішні раз пераконваюся: не трэба чакаць ухвалы і прызнання — трэба проста рабіць сваю справу. Хоць часта можна пачуць папрокі ў адрас пісьменніцкай браціі і наогул інтэлігенцыі: маўляў, яна інертная, далёкая ад жыцця, не ўдзельнічае ў бурных і важных для краіны падзеях. У гэтым, на мой погляд, праяўляецца неразуменне ролі інтэлігенцыі ў грамадскім працэсе. Не трэба ад пісьменнікаў чакаць, каб яны беглі на барыкады! Не трэба ўпікаць, што яны не ходзяць на мітынгі хоць бы таму, што калі нехта з іх патрапіць на Акрэсціна, дык жывымі яны адтуль ужо не выйдуць — гэта калі пакінуць іх на адну ноч без лекаў. А па-другое, пісьменнікі ўсё ж назіраюць за жыццём крыху збоку, асэнсоўваюць яго і параўноўваюць з тым, што ўжо было, знаходзячы пры гэтым аналогіі і паўтарэнне гісторыі то ў выглядзе трагедыі, то ў выглядзе фарса. Тыя гістарычныя жарсці, якія неаднойчы кіпелі на нашай зямлі, абсалютна не саступаюць таму, што апісваў Шэкспір! Але Шэкспір шмат што прыдумаў, а ў беларускай гісторыі можна знайсці столькі сюжэтаў, што паўстане іншая праблема — чаму аддаць перавагу, пра што напісаць? Мне здаецца, што ў гэтым і заключаецца сэнс пісьменніцкай працы: аналізуючы і ўзнаўляючы карціну мінулага, праектаваць яе на сённяшні дзень. «Усё ўжо было», — сказана ў Бібліі. Няшчасце ў тым, што людзі мала чаму вучацца ў гісторыі.
— Тым не менш на мітынгі Вы ж хадзілі?
— І дасюль здараецца, што хаджу. Але хаджу найперш з-за цікавасці — а што, калі ўбачанае нейкім чынам мне, як драматургу, пасля спатрэбіцца? Гістарычныя ж аналогіі можна знайсці ва ўсім.
— Святлана Алексіевіч, калі яшчэ была журналістам, але ўжо працавала над першай сваёй кнігай, толькі з часам зразумела, што ж павінна стаць галоўнай справай яе жыцця. І вымушана пакінуўшы журналістыку, прысвяціла сябе дакументальнай літаратуры. Ці пагодзіцеся з тым, што ў Вашым выпадку такой справай стала гістарычная драматургія?
— Безумоўна. Хоць я, вядома, «запознены» пісьменнік — першую п’есу напісаў, калі мне было ўжо за сорак. Але, ведаеце, няшчасця ў тым няма.
— А шкадаванне?
— Шкадаванне ёсць, бо цяпер і гады не тыя, дый здароўе… Пачні раней, я больш паспеў бы. Да таго ж трэба было яшчэ і на жыццё зарабляць. Па вечарах і начах пісаў п’есы, а раніцай ішоў на працу. Ні ў кога з савецкіх пісьменнікаў не было сваёй «Яснай Паляны»! Вось і трэба было рабіць шмат непатрэбнай працы.
Хоць не скажу, што праца ў «Беларускай энцыклапедыі» была без карысці — гэтая праца якраз была па душы, таксама як і праца над ста тамамі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць». Дый ці здолеў бы я напісаць свае гістарычныя п’есы, калі б не прачытаў кожны энцыклапедычны том па тры разы?!
Зусім іншая справа — камсамольска-партыйная праца. Колькі ж я гадоў на яе страціў?.. Божа мой, амаль сямнаццаць! Шкадаваць пра тое?.. Але затое я бачыў, што, напэўна, мала каму вядома. Не выключаю, што гэтыя веды дапамогуць мне напісаць яшчэ адну п’есу…
Ды і тое, што было, тое ўжо было. Можна толькі дзякаваць лёсу, што, хай са спазненнем, але мне давялося зразумець, у чым жа яна — мая галоўная справа. Такая справа была ў Васіля Быкава, ёсць яна ў Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова, Сяргея Законнікава. Ну, не будзем адставаць ад іншых! (Смяецца.)
Праўда, тыя ж Алексіевіч і Арлоў — больш шчаслівыя ў гэтым сэнсе пісьменнікі — яны бачаць свае кнігі. Апошнюю ж маю кнігу — зборнік, складзены з дзесяці гістарычных п’ес, «Здрапежаная зямля» — я выдаў у колькасці 250 экземпляраў за ўласную пенсію.
— Відаць, Вы не надта шчаслівы чалавек — Вашыя п’есы не ставяцца, а Вашай пенсіі наўрад ці хопіць на наступную кнігу…
— Так, я ўжо даўно напісаў кнігу ўспамінаў, але выдаваць яе сам наўрад ці ўжо буду — для гэтага ніякай пенсіі не хопіць! Тым не менш я, напэўна, здамся вам дзіваком, бо ўсё роўна шчаслівы. Шчаслівы хоць бы таму, што тая ж «Здрапежаная зямля» атрымала такія высокія водгукі, што я і сам паверыў у тое, што напісаў добрую рэч! (Смяецца.) Гэта, дарэчы, і было тое прызнанне, пра якое вы раней пыталіся.
— Драматург Мікалай Матукоўскі незадоўга да смерці выказаў шкадаванне, што не напісаў п’есу пра Ісуса Хрыста. Ці ёсць у Вас тэма, да якой Вы дасюль не наважыліся падступіцца?
— Адна фантазія ў мяне ёсць: я хацеў бы напісаць фантасмагорыю, у якой, сабраўшы ўсіх сваіх герояў, наладзіў бы ім Вышэйшы суд. Мяркую, гэта было б лагічнае заканчэнне майго цыклу гістарычных п’ес. І гэта была б мая апошняя п’еса.
Аднак сёння я хачу часова адысці ад гістарычнай тэматыкі. Як вядома, драматургу лепей адпачываць на сатыры, але ў дадзеным выпадку я хацеў бы напісаць п’есу на сучасную тэму, сюжэт якой быў бы ўзяты з найноўшай гісторыі.
— Такім чынам, Вы па-ранейшаму за пісьмовым сталом? Дарэчы, размовы: тая ж Алексіевіч лічыць, што час барыкад мінуў — кожны павінен займацца сваёй справай, а калі ўсе будуць рэвалюцыянерамі, дык хто будзе шыць боты пасля таго, як рэвалюцыя ўжо адбудзецца?
— О, калі б я гэта сказаў — было б вельмі добра! (Смяецца.) А так проста пагаджуся з гэтым. Хай пісьменнікі пішуць, каб было што ў далейшым, пасля рэвалюцыі, чытаць. Тым больш, што час для таго, каб пісаць, надта ўжо спрыяльны. Добрая літаратура заўсёды нараджалася ў цяжкія часы. Ці вы думаеце, што пяцьсот сябраў Саюза пісьменнікаў нічога не робяць?! Працуюць людзі! І добрая літаратура абавязкова будзе…
* * *
У гісторыі заўсёды былі трагедыі, прычым вялікага напалу. Але такіх трагедый, якія дало ХХ стагоддзе, у гісторыі яшчэ не было. Нават у ХІХ стагоддзі — нягледзячы на паўстанні 1831 і 1863 гадоў. У ХХ стагоддзі таксама былі паўстанні — тое ж Слуцкае 1920 года, лозунгам якога было: «Без польскага пана і без маскоўскага камісара!». Бачыце, якія жарсці! А тая ж Айчынная вайна, партызанскі рух — гэта ўсё небывалыя трагедыі, небывалыя. Іх можна параўнаць, бадай, толькі з нашэсцем на Княства Літоўскае цара Аляксея Міхайлавіча, калі былі знішчаны 52 адсоткі мясцовага насельніцтва. Мільён васемсот тысяч!..
Я прасачыў гэтыя рэчы з адной толькі мэтай — вярнуць чытачу гістарычную памяць. У Беларусі, як нідзе болей, не ведаюць сваю гісторыю. Гісторыя тут падмененая, фальсіфікаваная. Яна напісана з пазіцый імперскіх, бальшавіцкіх, з сённяшняга расійскага пункту гледжання. Гэта не наша гісторыя — у нас была абсалютна іншая гісторыя! Гісторыя вечнай аховы ад агрэсіі як з Захаду, так і з Усходу, але найчасцей — з Усходу.
Беларус усё жыццё змагаўся за сваю незалежнасць. Таму і былі бясконцыя, бесперапынныя войны. Спачатку татарскія набегі, потым татара-рускія, бо царскія войскі ў XV—XVI стагоддзях нападалі на Беларусь найчасцей у саюзе з татарамі. Пасля быў Кацярынінскі падзел — тройчы дзялілі нашую зямлю, паэтапна яе асвойвалі і гвалтоўна далучалі да Масковіі. А мы сёння кажам вучням пра добраахвотнае ўваходжанне Беларусі!..
* * *
Цікавасць да гістарычнай тэматыкі абудзіла ў мяне адна публікацыя. Я тады вывучаў польскую мову, і ў газеце «Tribuna lude» прачытаў наступнае: пасля таго, як Княства Літоўскае, а, значыцца, і Польшча, было раскрыжавана і ліквідавана як дзяржава, польская інтэлігенцыя напаўлегальна сабралася, каб вырашыць, што яна павінна зрабіць, каб не памерла польская нацыянальная ідэя. І гэты сход прыняў простае, але мудрае рашэнне: трэба стварыць польскую рамантычную гісторыю. І палякі яе стварылі, забраўшы нашую гісторыю. Таксама, дарэчы, як і літоўцы. Яны стварылі сваю гісторыю — вельмі захапляльную, што і зафіксавала нацыянальную ідэю. Па-другое, яны вырашылі стварыць рамантычную польскую гістарычную літаратуру — вось адкуль пайшоў Сенкевіч і астатнія. Менавіта тады я і вырашыў: напішу 11 п’ес — на кожнае стагоддзе па п’есе. Праўда, цяпер ужо атрымліваецца 17…