Аляксандр Тамковіч: «Зінаіда Бандарэнка — гэта шчырасць і дабрыня»
Ёй прыпісвалі раман з Генадзем Бураўкіным, спрабавала вербаваць КДБ, яна адкрыта спрачалася з Лукашэнкам і вучылася прымаць роды. Народная артыстка і легендарная дыктарка беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка застаецца для многіх эталонам прыгажосці, шчырасці, вытанчанасці і патрыятызму.
Ёсць асобы, чыё жыццё — гатовы сцэнар для фільма, і Зінаіда Бандарэнка — з іх ліку. ЖурналістАляксандрТамковіч кіно пакуль не здымае, але падрыхтаваў да выдання кнігу ўспамінаў легендарнай вядучай «Мой шлях да Беларусі. Далягляды Зінаіды Бандарэнкі», збор сродкаў на якую цяпер адбываецца на платформе «Талака». Спадар Аляксандр прыадкрыў «Новаму Часу» невядомыя старонкі жыцця артысткі, спрычыніцца да выдання кнігі пра якую — справа гонару кожнага, хто лічыць сябе беларусам і патрыётам.
Рукі Машэрава
— На Дзень Перамогі ў 1975 годзе ад будынка ЦК КПБ адбывалася шэсце ветэранаў з удзелам Машэрава. І калі калона рушыла ў бок Плошчы Перамогі, кадэбэшнікі пачалі расчышчаць першыя шэрагі ад ветэранаў, каб вызваліць цэнтральнае месца для кіраўніка рэспублікі. Але ў іх нічога не атрымалася, бо ветэраны сказалі: «Сёння наш дзень» і засталіся стаяць у цэнтры. Таму, калі калона падыйшла да абеліска, Машэраву давялося стаць убаку, і ён апынуўся побач з вядучай — Зінаідай Бандарэнка. Гэты момант зафіксаваў партыйны фатограф. Але калі Зінаідзе Аляксандраўне перадалі здымкі, Машэраў на фота быў «адрэзаны», засталіся толькі рукі, якія немагчыма было зарэтушаваць, бо фоташопа ў тыя часы яшчэ не было. «Першага мы адрэзалі, бо вядоўцам не належыць быць побач з Машэравым...», — патлумачылі Зінаідзе Аляксандраўне.
Зінаіда Бандарэнка распавядала, што часта бачыла Пятра Машэрава, ведала пра пэўныя праблемы ў яго сям’і, і яе заўсёды ўражвала, як ён трымаецца на людзях, нягледзячы ні на што.
Сукенка разладу
У савецкія часы вядучыя беларускага тэлебачання былі прымацаваныя да атэлье Саўміна, куды завозілі дэфіцытныя матэрыялы для касцюмаў. Дырэктарка атэлье добра ведала Зіну Бандарэнка, і аднойчы, калі прыйшла дабротная тканіна, пашыла той з яе сукенку. Трэба зазначыць, што падчас вялікіх канцэртаў вышэйшаму кіраўніцтву заўсёды выдзялялі шосты шэраг. І вось на адным з такіх канцэртаў Зінаіда Бандарэнка выходзіць на сцэну аб’яўляць артыстаў у той самай сукенцы і разумее, што ў зале нейкая дзіўная цішыня. Аказалася, што ў шостым шэрагу сядзеў першы сакратар ЦК Кісялёў са сваёй жонкай, апранутай у такую ж самую сукенку. Пасля гэтага ўсіх вядоўцаў адмацавалі ад саўмінаўскага атэлье, а яго дырэктарку звольнілі.
Мінск – Гомель – Мінск
Зінаіда Бандарэнка нарадзілася ў Мінску, але ў першыя гады вайны трапіла на Гомельшчыну. Скончыўшы школу, яна паступіла ў медвучэльню, а неўзабаве яе ўзялі дыктарам на гомельскае тэлебачанне. Праз нейкі час маладую прыгожую дыктарку паспрабавалі перавабіць у Мінск. Аднак у той час, хаця гэта не было яшчэ заўважна, Бандарэнка была цяжарная. Сумленне не дазволіла ёй пераехаць з Гомеля ў Мінск, бо яна разумела, што папрацуе які месяц і сыйдзе ў дэкрэт, і не хацела падводзіць людзей.
У Гомелі сям’я жыла на здымнай кватэры. Муж Зінаіды Аляксандраўны Генадзь Мікалаевіч працаваў у патэнтным бюро на Гомсельмашы, і перспектыў атрымаць уласнае жыллё ад працы ні ў яго, ні ў жонкі не было. Але паколькі Генадзь Мікалаевіч часта ездзіў па працы ў Мінск, аднойчы ён не пасаромеўся і пайшоў наўпрост да тагачаснага кіраўніка беларускага тэлебачання Несцяровіча і нагадаў, што некалі той прапаноўваў жонцы месца. Несцяровіч пагадзіўся: так, запрашаў, але ж яна адмовілася. Тады кемлівы муж сказаў, што яна пагодзіцца пры ўмове прадастаўлення жылля ў сталіцы. Пытанне было хутка ўладкавана, і неўзабаве сям’я пераехала ў Мінск.
Ні каханка, ні агентка
Зінаіда Бандарэнка пачала працаваць на беларускім тэлебачанні, але начальнік апынуўся яшчэ тым «хадаком», і аднойчы прапанаваў ёй стаць яго каханкай. Яна вельмі абурылася такой прапанове і адмовілася. Літаральна праз некалькі дзён атрымала выклік у ЦК КПБ. Ідучы, не магла зразумець прычыны: можа, праз тое, што нядаўна ездзіла за мяжу? Ці беспартыйную дыктарку хочуць прыняць у кампартыю?
У кабінеце, куды яе правялі, сядзеў чалавек — як пасля высветлілася, супрацоўнік КДБ. Ён распавёў, што ведае пра гісторыю з Несцяровічам, і што Бандарэнка яму адмовіла. Прапанаваў супрацоўнічаць з органамі і паведаміў, што Несцяровіч неўзабаве будзе звольнены. Ад супрацоўніцтва вядучая наадрэз адмовілася, а Несцяровіча, сапраўды, хутка знялі з пасады.
Два Генадзі Мікалаевічы і адзін Сыс
На беларускім тэлебачанні змянілася яшчэ некалькі кіраўнікоў, пакуль туды не прыйшоў Генадзь Бураўкін. Адметна, што яго поўнае імя супадала з іменем мужа Зінаіды Бандарэнкі — Генадзь Мікалаевіч. І калі яна на студыі размаўляла па тэлефоне з сужэнцам, усе думалі, што яна гутарыць з Бураўкіным. Вядома ж, па тэлебачанні разнесліся плёткі пра тое, што, нібыта, у Бандарэнка і Бураўкіна раман. Гэтыя чуткі, абсалютна беспадстаўныя, дайшлі нават да жонкі паэта. Але справа ўладкавалася, і ўсё жыццё Зінаіда Аляксандраўна заўсёды вельмі добра адзываецца аб сваім колішнім кіраўніку.
Зінаіда Бандарэнка паспрыяла таму, каб на тэлебачанне ўзялі Анатоля Сыса. Яго радзіма знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад вёскі, з якой паходзіла маці Зінаіды Аляксандраўны. А на тэлебачанні ў той час была тэндэнцыя ездзіць па рэгіёнах і шукаць таленавітых людзей. Вядома ж, талент Сыса нельга было не заўважыць. Яна ўзяла яго на тэлебачанне, але праз праблемы з алкаголем ён не мог працаваць на адказных пасадах. Ён быў нават электрыкам — на такі крок пайшоў Бураўкін, толькі б пакінуць Сыса на студыі.
Сапраўды — народная
Напачатку 1980-х гадоў Зінаіда Бандарэнка разам з украінскай калегай вяла канцэрт. І калі аб’яўлялі вядучых, то калегу прадставілі Народнай артысткай Украіны, а Зінаіду Бандарэнку — Заслужанай артысткай Беларусі. Гэта многіх абурыла, і ў ЦК пасыпаліся лісты ад прыхільнікаў артысткі: чым Зінаіда Бандарэнка горшая за ўкраінскую калегу? Трэба даць ёй званне Народнай! І дзякуючы тым лістам у 1985 годзе яна гэтае званне атрымала.
1963 год.
Шляхі з уладамі разыйшліся
Пасля рэферэндуму 1996 года Лукашэнка прыйшоў на сустрэчу з супрацоўнікамі беларускага тэлебачання. Ужо тады ўсе разумелі, што ён застанецца ва ўладзе надоўга, віншавалі. А Зінаіда Бандарэнка стала ў адкрытую спрачацца з ім і абурацца становішчам беларускай мовы, якой у публічнай прасторы станавілася ўсё менш. Неўзабаве пасля гэтага Зінаіда Аляксандраўна сыйшла з беларускага тэлебачання. Потым нейкі час яна працавала ў аркестры Міхаіла Фінберга, але пасля таго, як дала каментар «Народнай волі» пра тое, якім мусіць быць кіраўнік Беларусі, давялося звольніцца і адтуль. З таго часу яна сыйшла ў апазіцыю да ўлады.
«Давай я табе лепш пра жыццё распавяду»
— У 2005 годзе я паехаў у санаторый у Літву. Нас было чацвёра: мама Генадзя Карпенкі Вера Міхайлаўна, Вольга Рыгораўна Завадская, Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка і я. Але атрымалася так, што мне візу аформілі на 14 дзён, а ім усім на 15. А з’язджаць мы павінны былі разам на адной машыне. Мне параілі схадзіць у паліцыю, і са мной пайшла Зінаіда Аляксандраўна. У выніку візу працягнуць не атрымалася, мне давялося з’язджаць раней, і Зінаіда Бандарэнка з салідарнасці таксама з’ехала са мной, — згадвае Аляксандр Тамковіч сваю гісторыю знаёмства з гэтай дзіўнай жанчынай.
— Падчас таго ж адпачынку ў санаторыі я запісаў інтэрв’ю з Верай Міхайлаўнай Карпенка. Я не збіраўся рабіць ніякіх кніжак, але праз некалькі дзён да мяне прыйшла Зіна Бандарэнка, з якой я таксама меўся рабіць інтэрв’ю. Калі стаў запытвацца ў яе пра палітыку, яна сказала: «Давай я табе лепш пра жыццё распавяду». І так яна падала мне ідэю пісаць кніжкі. Першая кніжка «Судьбы» выйшла ў 2006 годзе. Тады я яшчэ не адважваўся пісаць на беларускай мове. Рабіць гэта я стаў дзякуючы Аляксею Сцяпанавічу Каралю, які прапанаваў мне пісаць нарысы для «Новага Часу». А другая мая кніжка ўжо называлася «Лёсы». Атрымліваецца, Зінаіда Аляксандраўна прапанавала мне ідэю першай кнігі, і мая 21-я кніжка — таксама пра яе. А паміж імі — 12 гадоў.
Жарсці вакол вокладкі «недацкай» кнігі
— Ідэя напісаць кнігу пра саму Зінаіду Аляксандраўну ўзнікла пасля таго, як яна правяла прэзентацыю маёй мінулай кнігі «Мазаіка жыцця». Я прыехаў павіншаваць яе з Новым годам, а яе муж, Генадзь Мікалаевіч, які цяпер ужо не бачыць, паказаў мне альбом з газетнымі выразкамі ўсіх інтэрв’ю і зацемак пра Зінаіду Аляксандраўну, якія збіраў цягам жыцця. Ён сказаў, што ў яе хутка юбілей, і было б добра выдаць да яго кніжку.
У выніку Аляксандр Тамковіч запісаў 30 гадзін размоў з Народнай артысткай. Аднак выданне будзе складацца не толькі з тэксту: палову кнігі зоймуць унікальныя фотаздымкі з архіву гераіні — іх будзе каля 300. Прычым гэта не толькі прыгожыя студыйныя картачкі, але і нефармальныя фота, якія раскрываюць Зінаіду Аляксандраўну як асобу. Аўтар зазначае: хоць выданне падрыхтаванае да юбілею артысткі, кніга будзе «недацкая».
Калі пачаўся збор сродкаў, многія раскрытыкавалі вокладку: маўляў, надта савецкая. Але першы варыянт вокладкі не ўхваліла сама Зінаіда Аляксандраўна, тлумачыць Аляксандр Тамковіч. Праўда, цяпер, здаецца, прыйшлі да кампрамісу: за афармленне вокладкі ўзяўся дызайнер Уладзімір Цэслер.
«У яе няма ніякай фанабэрыі»
Выдаць кнігу ўспамінаў Зінаіды Бандарэнкі плануюць да 25 сакавіка, напярэдадні 101 гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР і незадоўга да асабістага юбілею народнай артысткі. Праект яшчэ можна падтрымаць, як гэта ўжо зрабілі Святлана Алексіевіч, Павел Бераговіч, Станіслаў Багданкевіч, тэлеканал «Белсат» і яшчэ больш за сотню беларусаў.
— Для мяне Зінаіда Бандарэнка — гэта шчырасць. Яна заўсёды хоча дапамагчы людзям, і робіць гэта без усялякай карысці для сябе. У яе няма ніякай фанабэрыі, яна, сапраўды, шчыра верыць у тое, што робіць, — зазначае Аляксандр Тамковіч. — Яна апранае вышыванку з самага пачатку працы на тэлебачанні, з 1970-х гадоў, і заўсёды гаворыць на беларускай мове — і гэта не поза. Яе хвалюе тое, што адбываецца ў Курапатах, становішча беларускай мовы. Акрамя гэтага, яна вельмі добры чалавек, да ўсіх ставіцца з павагай, шмат каму дапамагае. Яна — чалавек, які не думае пра дывідэнды, якія можа атрымаць ад сваёй шчырасці і дабрыні.
Фота прадастаўлены Аляксандрам Тамковічам