Па-беларуску выходзіць «Стамбул» Архана Памука

Гэта кніга нобелеўскага лаўрэата, аднаго з самых чытаных аўтараў ХХІ стагоддзя.

1260x708765ac38435aed21fd5720832f4a7542949b8a133.jpg

“Упэўнены, менавіта гэтай кнігай мы закладзём добры падмурак для таго, каб перакладаць на беларускую мову творы сучасных топавых аўтараў. Аўтараў-мільённікаў – па накладах іх кніг. А таксама здолеем прывезці ў Беларусь гэтых пісьменнікаў”, – кажа ініцыятар выдання Сяргей Макарэвіч.
Агульны наклад кніг Памука ў свеце складае каля 15 мільёнаў асобнікаў. Яго творы чытаюць на 60 мовах. Зараз да іх ліку дадасца і беларуская. Каб рэалізаваць такі праект, на сайце ulej.by запусцілі краўдфандынгавую кампанію – падпіску на выданне. 
“Стамбул. Горад і ўспаміны” выйшаў упершыню ў 2003 годзе. А ў 2006-м Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію як аўтар, “які ў пошуках меланхалічнай душы роднага горада выявіў новыя сімвалы для сутыкнення і перапляцення культур”.
“Гэтая кніга – мастацкая біяграфія Стамбула. Не гайд і не гісторыя горада: не разлічвайце прачытаць пра ўсе шматлікія цэрквы і мячэці, палацы і вілы, музеі і галерэі… Памук вядзе чытача за руку па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі Стамбула, не бачных турыстам, схавананых ад мімалётных разявак”, – тлумачыць Макарэвіч.
Памук напісаў кнігу, калі быў на мяжы дэпрэсіі: ён разводзіўся, пры смерці быў яго бацька, было шмат іншых праблем. “Я падумаў, што правалюся ў дэпрэсію, калі здамся. Але кожны дзень я прачынаўся, прымаў халодны душ, сядаў, успамінаў і пісаў”, – прызнаўся пісьменнік пасля.
Па-беларуску кніга з’явіцца ў студзені 2019 года ў выдавецтве “Янушкевіч”.
“Стамбул” пераклала на беларускую Таццяна Урублеўская-Токер, рэдактар – Сяргей Шупа. Гэта будзе трэцяя кніга ў серыі Noblesse oblige (творы нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску). Раней пабачылі свет “Голад” Кнута Гамсуна і “Каханне падчас халеры” Габрыеля Гарсіі Маркеса.
“Мы працягнем выдаваць сучасных замежных аўтараў. У пачатку наступнага года выйдзе раман Казуа Ішыгура “Не пакідай мяне”. Праз скандал, які скалануў Шведскую акадэмію, акурат Ішыгура можа застацца апошнім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Сёлета прэмія не прысуджаецца, а што з ёй будзе налета – не ясна”.
Архан Памук (нарадзіўся ў 1952 годзе) – турэцкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат 2006 года. Аўтар такіх бестселераў, як “Музей цноты”, “Мае дзіўныя думкі”, “Чорная кніга”, “Снег”.
Паводле прэс-рэлізу