Андрэй Скурко: Для Беларусі мусіць быць справядлівасць
Андрэй Скурко сустракае сваё 45-годдзе за кратамі. Яго разважанні ў лістах дапамагаюць зразумець людзей і наш час. «НН» цытуе вытрымкі з лістоў рэдактара.
Гэта другі дзень народзінаў, які ён сустракае ў няволі.
За кратамі Андрэй Скурко, аўтар выбітных гістарычных нарысаў, адкрыў у сабе талент дзіцячага пісьменніка. Ён напісаў дзясяткі дзіцячых вершаў для свайго сына Тамашыка. Частка з іх увайшла ў кнігу «Пра сланоў і барсучкоў», частка пераўтварылася ў кароткія мультфільмы. Таксама ён пераклаў на беларускую мову знакамітую казку Карнея Чукоўскага «Добры доктар Будзь-Здароў».
Згадваем цытаты з лістоў палітвязня. У іх Андрэй Скурко дзеліцца філасофскімі развагамі, якія дапамагаюць перажыць гэтыя цяжкія часы.
«…Як раней не будзе. Будзе лепей.
…Вось яшчэ якую сістэму абароны псіхікі для сябе сфармуляваў: не перажываць за тое, на што ніяк не можаш паўплываць і здзяйснення чаго ніякімі сваімі дзеяннямі не справакаваў.
…Шчасце — унутры нас, і толькі ад нас залежыць, быць шчаслівымі ці не. І процілегласць шчасцю — не няшчасце, а пошукі шчасця.
Калі чалавек разбярэцца ў сабе, зразумее, хто ён, для каго і для чаго, яму прасцей быць шчаслівым.
…Усё мінецца, а мы застанёмся.
…Думалася неяк, што ў гэты складаны перыяд мы, у многіх сэнсах слова, робім задзел на будучыню — у тым ліку і далёкую: і краіна, і кожная сям’я. «Это печальная выгода тревожных времён: они отнимают у людей спокойствие и довольство и взамен того дают опыты и идеи», — пісаў Ключэўскі пра Масковію XVII стагоддзя».
…Падумалася: мы-та, наша пакаленне, і не разлічвалі ні на якія прыгоды, а так фантастычна лёсы складваюцца. І колькі ўсяго яшчэ, дасць Бог, пабачым за свой век.
…Усе чорныя палосы ўрэшце заканчваюцца, і ў прынцыпе жыццё — бясконцы шэраг змен, казалі старажытныя індыйскія філосафы. Казаў ужо, можа:
вельмі вялікі працэнт рэчаіснасці фармуе наша ўспрыманне. Дык ведай, што я ўсё ўспрымаю спакойна і з аптымізмам, як, спадзяюся, і вы».
…У японскіх баявых майстэрствах, у іх філасофіі, праціўніка раяць успрымаць не як ворага, а як настаўніка. У нашым выпадку праціўнік — гэта не персаналія нейкая, а сітуацыя нашага расстання і звязаных з гэтым нязручнасцей. Мы яе перамагаем, і яна вучыць нас. Кажу гэта да таго, што такія эмоцыі, як гнеў, крыўда, злосць, тут лішнія.
Наадварот, мы пераможам чысцей, калі будзем спакойныя. Эмоцыі пакінем на пасля.
…Бітву, піша Талстой, выйграе той, хто цвёрда вырашыў яе выйграць. І поспех залежыць не ад пазіцыі, загадаў камандавання, колькасці гармат, а толькі ад няўлоўнай сілы, якая называецца духам войска.
…Задумваючыся пра лёсы продкаў (асабліва захмарна-далёкія, тысячы гадоў таму), асабліва ясна адчуваеш сябе часткай велізарнага кругавароту пакаленняў.
Мы не першыя і не апошнія, не найлепшыя і не найгоршыя — і ўрэшце ўсё міне, «бо векавечны толькі край і далеч, і жоўты ліст на зелені травы». І, разам з тым, ніводнае звяно не лішняе, бо яго адсутнасць спыніла б той кругаварот. Ад кожнага з нас у кожную хвіліну залежыць, куды далей пакоціцца кола нашай шматтысячагадовай вандроўкі.
…Веру ў тое, што для Беларусі мусіць быць справядлівасць. І наша сённяшняя праца, калі мы будзем упартымі, паслядоўнымі і спакойнымі, дасць плён. Я веру ў тое, што мы жывём у гістарычны час, і што сёння, калі казаць вобразна, пад цяжкім аўтарытарным молатам куецца будучыня беларускай дэмакратыі. Я веру ў веліч духу нашых палітвязняў…
Я веру ў тое, што мы пабачым іншую Беларусь: гэта не будзе рай на зямлі, гэта будзе краіна з вялізнымі канфліктамі і супярэчнасцямі. Але я таксама веру ў тое, што ў той краіне будзе месца для ўсіх, што там не будзе гнаных за праўду, там будзе свабода, у якой нам яшчэ трэба будзе навучыцца жыць».
Адрас для лістоў Андрэю:
Скурко Андрэй Генадзевіч, атрад 7, Слаўгарадская шаша, 183, Папраўчая калонія №15, 212013, п/а Вейна, г. Магілёў.