Авантурыст і шулер Міхал Валіцкі
Ён быў вядомым для свайго часу авантурыстам і шулерам, які набыў за грошы нават уласнае прозвішча.
Міхал Валіцкі (1746-1828) зарабіў сваё багацце гульнёю ў карты, більярд і перапродажы твораў мастацтва. Яго славалюбівыя памкненні ўвасобіліся ў маёнтку Азёры, які ён набыў у апошняга караля Рэчы Паспалітай і які ператварыў ва ўзорную гаспадарку.
Карты замест працы ў судзе
Сапраўднае прозвішча Міхала Валіцкага – Міцкевіч (у іншых крыніцах – Міськевіч). Паходзіў з сям’і збяднелага шляхціча Навагрудскага павета Мінскай губерні. З маленства выхоўваўся дзядзькай па мацеры – вялікакняскім краўчым Бучынскім. Вучыўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, па заканчэнні якога ў 18 гадоў пачаў працаваць у мінскіх судах. Але гэтая справа яму хутка надакучыла. Ён пакінуў Мінск і накіраваўся ў Кракаў (па адной з версій, прычынай ад’езду стала дуэль з набліжаным князёў Радзівілаў).
У Кракаве Міхал з галавой аддаўся запалу салоннага жыцця – більярду і картам, у якія прайграў усю сваю маёмасць. Аднак гэта не спыніла апантанага ідэяй багацця і славы маладога чалавека. Ён вырашыў авалодаць шулерскім майстэрствам, школа якога ў Рэчы Паспалітай была лепшай у Еўропе.
Ад маркера да шулера
Міцкевіч пераязджае ў Львоў, дзе паступае на працу маркерам у рэстаран і кіруе картачнымі гульнямі ў яго залі. У гэты час адбываецца першы падзел Рэчы Паспалітай і горад апынуўся ў складзе Аўстрыйскай імперыі. Сюды накіроўваюцца авантурысты і аматары вострых адчуванняў з усяе Еўропы. Да іх ліку належыў багаты магнат Францыск Сапега. Ён заўважыў цікаўнага маладога маркера, які вылучаўся сваёй знешняй прыгажосцю і разумовымі здольнасцямі. У выніку Міхал апынуўся ў свіце Сапегі і накіраваўся разам з ім у салоны Вены. Пасля некалькіх перамог над вядомым венгерскім князем Эстэргазі, той зрабіўся заступнікам маладога чалавека і ўзяў яго з сабою ў Парыж.
У сталіцы Францыі Эстэргазі знаёміць Міцкевіча з самымі знакамітымі людзьмі таго часу. Сярод іх К. Весялоўскі – адзін з адукаванейшых людзей Рэчы Паспалітай, ад якога Міхаіл атрымаў веды па фізіцы, хіміі і мінералогіі, пераняў ад таго арыстакратычную манеру паводзін. Таксама Міхаіл знаёміцца з блізкай сяброўкай каралевы Марыі-Антуанэтты – графіняй дэ Паліньяк, якая зрабілася яго палюбоўніцай.
Шулерскае майстэрства прыносіла свой плён, і Міхаіл Міцкевіч паступова ператварыўся ў заможнага чалавека. Але калі першая мара яго здзяйснялася на вачах, то перад другой – аб славе, стаяла, здавалася, непераадольная праблема: паходжанне і сацыяльнае становішча. Аднак і тут малады чалавек знайшоў выйсце.
Набыццё прозвішча і тытула
Менавіта ў Парыжы Міхаіл Міцкевіч набыў у літоўскага ваяводы Базыля Валіцкага яго прозвішча і права належыць да рода Валіцкіх. А ў 1778 годзе ў свайго новага заступніка падскарбія Станіслава Солтыка купіў пасаду каралеўскага падстолія. Той быў абавязаны Міхаілу, які ў адной з начных гульняў уратаваў маёмасць прайграўшага ўсё да капейкі Солтыка, адыграўшы яе ў шулераў. Крыху пазней, падчас вандроўкі па Італіі, Міхаіл набыў у аднаго італьянскага арыстакрата графскі тытул і стаў называцца “графам Міхаілам Валіцкім”.
Па вяртанні з Італіі ў Версаль, графіня дэ Паліньяк прадставіла Міхаіла Валіцкага Марыі-Антуанэцце, назваўшы яго графам са знакамітага рода і прыдворным караля Рэчы Паспалітай. Ён зрабіўся пастаянным партнёрам каралевы за картачным сталом і зарабіў вялізныя грошы гульнёю супраць прадстаўнікоў найбагацейшых сем’яў Францыі. Польскі храніст Генрык Жевуцкі ўзгадваў пра Валіцкага: “Ніколі ні пра што не спрачаўся, прабачаў памылкі партнёрам, ніколі нікому не адмаўляў у крэдыце, ні ад каго не патрабаваў неадкладна заплаціць пройгрыш наяўнымі грашыма”.
Більярд і спекуляцыі
Разумеючы, што далей спакушаць фартуну не мае сэнсу, у маі 1783 года Міхаіл Валіцкі з Парыжа пераехаў у Лондан. Замест картачных гульняў, у сталіцы Брытаніі ён стаў зарабляць грошы на гульні ў більярд і спекуляцыях на творах мастацтва. Напрыканцы 1787 года, ва ўзросце 41 года Валіцкі вяртаецца ў родную Рэч Паспалітую графам і мільянерам.
Недавер арыстакратычнага грамадства Варшавы да “новаспечанага графа” Міхаіл Валіцкі спыніў пры дапамозе асобы караля Станіслава Аўгуста, які летам 1789 года за ахвяраванні вялізных сум грошай на карысць вучэбных устаноў узнагародзіў яго ордэнам Св. Станіслава першай ступені, а ў 1790 годзе – адзначыў ордэнам Белага Арла.
Міхаіл Валіцкі спраўна выкарыстоўваў магчымасці, якія з’ўяўляліся ў пераломную эпоху – час Французскай рэвалюцыі і падзелаў Рэчы Паспалітай. Так, у 1793 годзе ён купляе ў Гродна палац віцэ-губернатара, а восенню 1793 года, падчас якабінскага тэррора, едзе ў Парыж і скупляе за капейкі карціны знакамітых мастакоў, мэблю з Версаля і Цюільры, антычныя скупльптуры, фарфор.
Уладальнік Азёраў
Пасля смерці Панятоўскага ў 1798 годзе, Міхаіл Валіцкі набыў маёнтак Азёры, дзе з улікам досведа Антонія Тызенгаўза і яго каралеўскіх мануфактур у Гродна, будуе суконную (1807) і папяровую (1809) мануфактуры, для чаго запрашае нямецкіх спецыялістаў. У 1820 годзе суконнае прадпрыемства было ў арэндзе ў немца Г. Гейзлера. На ім працавала 23 рабочых (з іх 15 – жанчыны), у большасці сваёй з ліку мясцовых сялян. На 1815 год папяровая фабрыка была ва ўтрыманні выхадца з Прусіі І. Рульфа, які асабіста працаваў на прадпрыемстве разам з чатырма тутэйшымі сялянамі.
Італьянскія майстры ўзводзяць у Азёрах новы млын, разбураны ў 1980-я гады, на месцы якога сёння знаходзяцца аўтастаянка і будынак магазіна. На беразе ж возера Белае ўзводзіцца “саламяны палац”, побач з якім, паводле пісьменніка У. Крэстоўскага, меліся глыбокія ямы, у якіх саджалі пакараных сялян.
Пасля знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэчы Паспалітай, Валіцкі ў 1799 годзе перабраўся ў сталіцу Расійская імперыі – Пецярбург, дзе здзіўляў усіх прыёмамі, манерамі, розумам, дабрачыннасцю, калекцыямі каштоўных камянёў і пазалочаных табакерак. Пасля вяртання ў 1806 годзе з кругасветнага плавання прадстаўнікоў экспедыцыі І.Ф. Крузенштэрна, ён купіў калекцыю рэдкіх кітайскіх і японскіх рэчаў.
Апошнія 20 гадоў жыцця граф правёў у асноўным у Вільні, дзе купіў вялізны дом. А ў 1805 годзе заснаваў стыпендыю для студэнтаў з шляхецкіх сем’яў Валіцкіх і Міцкевічаў, навучэнцаў Віленскага ўніверсітэта, якому перадаў уласныя калекцыі мінералаў і ракавін. Памёр Валіцкі ў 1828 годзе, ва ўзросце 82 гадоў. Яго пахавалі на могліцах каля Бернардынскага манастыра ў Вільні. Шматлікім прадстаўнікам роду Валіцкіх перайшлі вялізныя багацці, у тым ліку маёнтак Азёры, дзе знаходзілася багатая калекцыя карцін. За ўдзел нашчадкаў Міхала Валіцкага ў паўстанні 1863-1864 гадоў, спадчына стваральніка рода была канфіскаваная расійскімі ўладамі.