Фемінісцкая спадчына Ангелы Меркель

Першая жанчына на канцлерскай пасадзе Германіі завяршае свой апошні чацвёрты мандат. За амаль 16 год кіравання Ангела Меркель пакінула глыбокі след у палітыцы, у памяці немцаў і еўрапейцаў.

la_chanceliere_allemande_angela_merkel_a_berlin_le_14_septembre_2016_5747859.jpg


Яна сыходзіць, сыграўшы вялікую ролю ў пераадоленні шматлікіх крызаў, у тым ліку звязанага з кавідам. Яна сыходзіць, калі на ўсходняй мяжы ЕС паўстала новая міграцыйная крыза, да якой спрычыненая ў тым ліку і яна сама — праз свае акуратнічанне з Расіяй і Беларуссю. Зразумела, нельга чакаць ад чалавека выключна геройства, яму ўласцівыя і пэўныя слабасці, былі яны і ў нямецкай канцлеркі.

Адзінае ў чым, Меркель застаецца непераўзыдзенай і рэвалюцыйнай — гэта ў фемінісцкім уплыве на грамадства і палітыку. Моцная, разумная, дыпламатычная жанчына ва ўладзе, якая холадна і пэўна перамагала на выбарах, фемінізавала сваім прыкладам не толькі нямецкую мову — «kanzlerin», але і іншыя мовы: «канцлерка» у беларускай, «chancelière» у французскай мовах і пад. Калі раней словы існавалі хіба ў тэорыі, то дзякуючы ёй, словы сталі ўжывацца і ўвайшлі ў актыўны ўжытак. Пры гэтым фемінізацыя закранула не толькі адно слова, мову ў цэлым, а разам з ёй палітыку.

У палітыку яна прыйшла па нефармальных квотах: як жанчына і як усходняя немка. У 1991 годзе гэта была двайная маргінальнасць — у той момант ніхто не мог уявіць, кім стане Ангела Меркель. Прэса 1990-х часта смяялася з неспрактыкаванай жанчыны ў палітыцы. Аднак паступова яна стала лідаркай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, а потым і канцлеркай чатыры разы запар. Якраз гэтыя чатыры разы — шаснаццаць год на адной пасадзе — любяць выкарыстоўваць праўладныя палітолагі-ідэолагі, апраўдваючы такім чынам 27 год ля ўлады Лукашэнкі. Пры гэтым кішэнныя палітолагі забываюць адну прынцыповую розніцу: выбары ў дэмакратыі і ў дыктатуры адбываюцца па-рознаму з самага пачатку.

x720.jpg


Сёння ў Нямеччыне часта жартуюць аб тым, ці могуць мужчыны стаць канцлеркай — нагэтулькі моцна ўзняла планку Ангела Меркель і нагэтулькі аўтарытэтнай сталася яна ў палітыцы, што многія сумняюцца, ці змогуць мужчыны надалей быць канцлерамі. А яшчэ часта ў прэсе і ў сеціве немцы паўтараюць адзін дзіцячы жарт: дзяўчынка пытаецца ў маці «Мама, хіба мужчыны могуць быць канцлеркамі?» Гэта якраз і ёсць фемінісцкая спадчына Меркель, якая змяніла не толькі мову, але і завядзёнкі, руціну, паводзіны і ўяўленні немцаў аб гендарнай роўнасці наогул. За кіраўніцтвам канцлеркі паўстала цэлае «пакаленне Меркель», як часта называюць яго сацыёлагі. Адкрытае, прафемінісцкае пакаленне, якое ў цэлым з пашанай і любоўю ставіцца да яе, але мае пры гэтым і адное прынцыповае шкадаванне-крытыку: слабое экалагічнае заангажаванне канцлеркі. Як бы там ні было, канцлерка прадэманстравала немцам і свету, што жанчына цудоўна спраўляецца ў палітыцы, рэгулюе крызы, вырашае канфлікты і супакойвае падчас пандэміі.

Ды і ўвесь шлях Ангелы Меркель увасабляе шлях нямецкага фемінізму: ад маргінальнага да ўладнага, дзяржаўнага. На пачатку кар’еры яна не вызначалася, як феміністка, хоць роўнасць палоў быў заўсёды для яе прынцып нумар 1. Аднак нядаўна, у 2021 годзе ў размове з нігерыйскай пісьменніцай Чымамандай Нгозі Адычы яна заявіла, што лічыць сябе феміністкай. І яна падрабязна на сваім прыкладзе паказала, як становяцца феміністкамі ў палітыцы.

Да ўсяго варта прыгадаць, што Меркель — не толькі палітыца, але і навукоўка: фізіца і хіміца. Яна абараніла дысертацыю па квантавай хіміі. Яшчэ адзін важны бал у скарбонку фемінісцкай спадчыны.

Ну і апошні важны момант, які сутыкнуў паміж сабою як феміністак, феміністаў, так і антыфеміністаў — стыль канцлеркі. Адныя лічаць яе нефеміннай, іншыя занадта маскуліннай ці нейтральнай у манеры апранацца. Падаецца, якраз Меркель знайшла свой стыль: на працы яна пазбягае гіперфеміннасці з макіяжам і абцасамі, бо і раней яна ўнікала такога, але пры гэтым яна носіць як нагавіцы, так і спадніцы, зручныя безабцасныя чаравікі, выбірае зручны стыль. Пры гэтым на кактэйлях яна з’яўляецца ў амаль каралеўскіх дэкальтаваных сукнях.

image_36.jpg


Зразумела адно: вялікая частка немцаў з настальгіяй развітваюцца з канцлеркай Ну і таму, хто будзе пасля яе, будзе нялёгка ісці па шляху, пракладзенаму магутнай папярэдніцай.