Гэта вайна не за межы, а за «тэрыторыю духу»

Канец вайны будзе тады, калі Расійская імперыя разваліцца канчаткова. Я перадумоваў такога развалу пакуль не бачу. Ад санкцый Захаду супраць Масквы больш пакутуе Захад. Ментальна «кацап» моцны...

Васіль Шкляр

Васіль Шкляр

Васіль Шкляр у нейкім сэнсе адкрыў для ўкраінцаў забароненыя старонкі іх гісторыі. Да з’яўлення рамана «Чорны воран» пра атаманаў цэнтральнай Украіны, герояў Халоднаярскай рэспублікі, якая нечым нагадвала Слуцкі Збройны Чын, дзе нават у 1920-я гады не было савецкай улады, ведалі адзінкі.

Калі асабіста знаёмішся з Васілём Шклярам, ствараецца ўражанне, што гэты чалавек наўпрост сышоў са старонак сваёй жа прозы: вайсковая выпраўка, казацкія вусы, пранізлівы погляд. Зараз ён піша пра падзеі вайны на Усходзе Украіны і дапамагае дабравольцам «Азову».


szkljar_2_logo.jpg

 

«Нашу гісторыю пісалі ворагі і акупанты»

 

— Пане Васіль, калі вы пішаце гістарычную прозу, ці адчуваеце, што ствараеце гісторыю?

 

— Ёсць такая думка, што аўтар гістарычнага раману стварае міфы, і гэтыя міфы вельмі важныя для нацыі. Іх не варта разумець як выдумкі, творчую фантазію. Шмат міфаў стварала сама гісторыя, таму іх трэба наўпрост выхопліваць, па-мастацку асэнсоўваць, і тады яны могуць стаць нават вышэйшымі за праўду.

Сёння ва Украіне найбольш запатрабаваны гістарычны раман. Я б сказаў, што чытач больш цягнецца да гістарычнай прозы, чым да сучаснай, нават пра вайну, якая ідзе.

 

— У чым прычына?

 

— Усё проста: украінцы, як і беларусы, ніколі не ведалі сваёй сапраўднай гісторыі, бо яе пісалі ворагі і акупанты, якія нашых герояў называлі бандытамі, а саміх сябе — героямі.

Бальшавікам цяжка было прыхаваць подзвіг УПА, бо было шмат сведкаў і ўдзельнікаў, а вось ранейшы перыяд паспрабавалі выкінуць з нашай памяці. Атаманы казалі: «Мы загінем, але пакінем пасля сабе легенду. На нашай крыві і магілах прарасце мэта і з’явяцца новыя героі». Тамунават чэкістаў, якія ў сваіх успамінах згадваюць атаманаў, расстрэльвалі. Пра гэта наўпрост нельга было казаць: ані добрага, ані злога. Маўляў, не было такога!


szkljar_i_ales_kirkevicz_logo.jpg

 

«Хлопец выйшаў на запраўцы і забіў «сепара» — голымі рукамі»

 

— Вы кажаце пра «новага чалавека», «новага ўкраінца», хто гэта?

 

— Яшчэ гадоў пяць таму ў мяне пыталіся: маўляў, вы апісваеце бясстрашных людзей, а ці ёсць такія сярод нас? Я казаў: не, няма, бо нас вытапталі на генным узроўні. Нам нагналі такога страху, што гэта ўжо ўвайшло ў кроў, таму мы не такія.

Але было прадчуванне з’яўлення новага чалавека. Была надзея на новае пакаленне, якое вырасла ў часы незалежнасці. У выніку так і сталася: на Майдан прыйшлі хлопцы, якія з драўлянымі шчытамі выступілі супраць такой сілы… Прыйшлі і перамаглі.

 

— То бок Майдан стаў рубіконам?

 

— Так, на Майдане нарадзіўся новы ўкраінец, які перамог у сабе страх. Гэта не значыць, што такі чалавек не баіцца: страх характэрны для кожнага. Але справа ў тым, каб страх перамагчы і пайсці далей.

Пасля гэтыя ж хлопцы паехалі на Данбас. Паехалі з голымі рукамі, без аніякага забеспячэння, ехалі ў бусіках, каб ніхто не ведаў. Не выходзілі, выбач, мачыліся ў пластыкавыя бутэлькі. Калі даехалі, ужо на Данбасе, выйшлі на запраўцы, і адзін «сепар» пабачыў, раскусіў, хто едзе, і кажа мацюкамі, маўляў, валіце адсюль, бандэраўцы. Тады адзін хлопец падышоў і… забіў яго. Не нажом, не з аўтамату, наўпрост голымі рукамі — забіў.


img_8194_logo.jpg

 

Вярнуць Крым і Данбас — найгоршае, што можа зрабіць Пуцін

 

— Рэвалюцыя Годнасці ўжо адбылася, а што з культурнай рэвалюцыяй? Яна ідзе ці дагэтуль наперадзе?

 

— Культурная рэвалюцыя — гэта велічэзная праблема. У нас ніколі не было нармальнай гуманітарнай палітыкі, сапраўднага «адраджэння», інтэграцыі тэрыторый, якія зараз пад акупацыяй. Яшчэ ў 90-я гады я казаў непапулярныя рэчы пра тое, што і Крым, і Данбас трэба аддаць. Бо не ўкраінізацыя рухаецца на Усход, а русіфікацыя на Захад.

Дагэтуль уласнікі тэлеканалаў — людзі не ўкраінскага духу, для іх усё дыктуе эканамічная выгада, а ва ўмовах дэмакратыі з гэтым цяжка змагацца. Няма нейкіх нормаў ці абмежаванняў, каб гэта змяніць, рабіць украінскае кіно, ствараць украінскую тэлепрастору. Усё гэта толькі ў зародкавым стане, і я, на жаль, не бачу ніякага прасвету.

 

— Дэмакратыя стала праблемай?

 

— Бацька ўкраінскага нацыяналізму Мікола Міхноўскі яшчэ ў 1900 годзе выказаў такую думку: «Нацыя, якая не вызваліць сябе да надыходу дэмакратыі, не будзе мець шансаў». Што такое дэмакратыя? Прыйшлі захопнікі, вымарылі голадам украінцаў, засялілі тэрыторыю, а зараз кажуць: «Давайце жыць дэмакратычна і галасаваць». А іх большасць, і ты нічога не можаш зрабіць.

На парламенцкіх выбарах дагэтуль праходзяць былыя «рэгіяналы», антыўкраінскія сілы. Як толькі даходзіць да галасавання, напрыклад, каб абмежаваць расійскую папсу ў эфіры, даць украінцам хаця б 30%, такі смешны адсотак, і тое не набіраецца галасоў… Адсюль з’яўляецца «філасофія адчаю».

Што можа найгоршага зрабіць Пуцін? Не пайсці на Марыупаль, не ствараць планы далейшага наступу… Найгоршае з яго боку — вярнуць Украіне Крым. Гэта зноў баласт, зноў фактар русіфікацыі. Калі паслухаць некаторых нашых палітыкаў, то ўзнікае адчуванне, што размова ідзе не пра вяртанне Данбасу ва Украіну, а пра далучэнне Украіны да Данбасу. Гэта ганебная пазіцыя.


img_8126_logo.jpg

 

«Крымам маюць займацца татары, а на Данбасе трэба будаваць сцяну»

 

— А ці ёсць нейкі пазітыўны сцэнар вяртання Крыму і Данбасу?

 

— Я лічу, што Крым не вернецца ва Украіну. Такім, як ён ёсць, ён і не патрэбны. Вядома, палітыкі не маюць права, за іх правіламі, казаць, што мы згубілі Крым назаўжды. Але я ніякіх ілюзіяў не маю. Гэта зямля крымскіх татараў, мы іх павінны падтрымліваць. Калі нацыя мае паўнавартасна развівацца на сваёй зямлі, дык чаму на гэта не маюць права крымскія татары?

Хай займаюцца, тым больш, што дэмаграфічная сітуацыя ў іх лепшая за ўкраінцаў. Хай павольна з гэтым працуюць, пры падтрымцы сусветнай супольнасці. Вядома, кожны нацыяналіст марыць, каб яго зямля не была аўтаноміяй, а стала незалежнай. Яны таксама маюць на гэта права.

 

— А што наконт Данбасу?

 

— На Данбасе трэба будаваць сцяну. Нас калісьці пужалі, маўляў, з Данбасам нас чакае варыянт Прыднястроўя. А я скажу, што гэта найлепшы варыянт. Малдова развіваецца, ідзе ў Еўрасаюз, не мае пагрозы асіміляцыі. Таму трэба аддзяліць іх, і хай робяць сабе, што хочуць. А нам варта будаваць сваю моцную дзяржаву ў тых межах, дзе ўкраінцы лічаць сябе ўкраінцамі. Пасля — хай далучаюцца. Толькі ўжо на нашых умовах.

Днямі я сустракаўся са свядомымі людзьмі з Усходу, якія распавядалі пра тамтэйшую партызанку, што там украінская зямля… А з іншага боку, я гляджу, як на 9 сакавіка, на дзень нараджэння Шаўчэнкі, да помніка Тарасу там выйшла адна бабуся з сіне-жоўтым сцяжком. Яе атачыла столькі «ваты», зацкавалі, абмацюкалі… Там большасць такога элементу. Каб было інакш, не сталася б тое, што сталася. Я радыкальны ў гэтым пытанні.

img_8101_logo.jpg

 

«Можна хоць усю Расію далучыць да Украіны, толькі ад Украіны нічога не застанецца»

 

— Тады наогул ці можа ўкраінскі патрыёт быць рускамоўным?

 

— Часам сустракаеш такіх хлопцаў. Вырас ён у тым жа Данецку, ніколі гэтай мовы не чуў. Адзін хлопец з пазыўным «Прафесар» распавядаў мне, як ён прыехаў на ўкраінскае вяселле. А там — абрады, песні, нацыянальныя строі. Ён кажа: «Я ніколі не ўяўляў, што жыву ў такой краіне». Да гэтага варта ставіцца з разуменнем. Рускамоўны патрыёт — гэта той, хто не мог вывучыць мову, але жадае яе ведаць.

Часам з рускамоўным гаворыш, і ён кажа: «Мне это не нужно, я без этого языка обойдусь…» Гэта — найбольшая бяда, калі ў дзяржаве можна абысціся без дзяржаўнай мовы. Трэба, каб было інакш: не, не абыдзешся. Калі ты хочаш толькі замятаць вуліцы і мыць прыбіральні — размаўляй, як хочаш. А калі хочаш рабіць кар’еру — не можаш абысціся. А ў нас можна, у нас міністры нарады праводзяць па-руску.

 

— Рускамоўны ўкраінец, які робіць над сабой высілкі, каб спасцігнуць сваё, — гэта таксама патрыёт?

 

— Рускамоўны бацька, які аддае дзіцё ва ўкраінскі садок ці школу, выхоўвае адпаведна — так, гэта патрыёт. А ёсць жа і тыя, хто ваюе і кажа: «А я воюю за русскоязычную Украину». З такімі людзьмі будуць праблемы ў будучым. Мы вернем свае межы, але галоўная праблема застанецца.

 Часам кажуць нашы патрыёты: маўляў, мы Данбас забярэм, пасля Кубань. А я кажу: навошта вам Кубань? Усю Расію забярыце — Расія згодная, напрыклад, далучыцца, нават сталіцу ў Кіеве можна зрабіць. Толькі тады ад Украіны нічога не застанецца. Далучаць тэрыторыі, якія будуць фактарам чужой ментальнасці — самагубства.


img_8190_logo.jpg

 

«Мы перабольшваем вартасць тэрыторый»

 

— Вайна з Расіяй у той ці іншай форме цягнецца стагоддзямі. Ці будзе ў яе канец?

 

— Канец будзе тады, калі Расійская імперыя разваліцца канчаткова. Я перадумоваў такога развалу пакуль не бачу. Ад санкцый Захаду супраць Масквы, па-мойму, пакуль больш пакутуе Захад, а не Масква. Ментальна «кацап» моцны: ён згодны галадаць, як тыя ж крымчакі. «Только бы умереть в России!» Мы брэшам сабе пра тое, што яны там аб нечым ужо шкадуюць. Ніхто не шкадуе! І на Данбасе не шкадуюць. Яны хочуць свайго, любым коштам.

З іншага боку, я не бачыў і блізкага развалу Савецкага Саюзу. А ён разваліўся. Дай Бог, каб і тут так атрымалася. Але калі разваліцца гэтая імперыя, ведаеш, колькі будзе праблемаў? Хваля бежанцаў паедзе сюды…

Гэтая вайна надоўга. Яна будзе трываць і ў самой Украіне, і на мяжы з Расіяй, калі яна пачне распадацца. Гэта ж вайна не за межы, мы перабольшваем вартасць тэрыторыяў. Ёсць тэрыторыя духу. У ХХІ стагоддзі мы маем змагацца не столькі за кавалачак зямлі, колькі за ўласную прастору. Твая прастора там, дзе твая мова, твая культура, твой уплыў, а чыя мова — таго і праўда, таго і ўлада.


img_8136_logo.jpg

 

szkljar_logo.jpg

Фота Васіля Малчанава