Украіна. Ці гуляць у футбол з Косава?

Увесну Косава прынялі ў склад еўрапейскай і сусветнай футбольных арганізацый. А днямі ў Жэневе, дзе месціцца офіс FIFA, было вырашана ўключыць касавараў у адборачны турнір да Чэмпіянату свету 2018 года.

Фота www.mk.ru

Фота www.mk.ru


Невядома толькі, чаму Косава зрабілі ўдзельнікам той групы, дзе таксама гуляе Украіна. У Кіеве такое рашэнне выклікала супярэчлівую рэакцыю.
Справа ў тым, што Украіна афіцыйна не прызнае Косава. І сам факт матчу з камандай непрызнанай краіны выглядае адыходам ад прынцыпу «ніякіх кантактаў з сепаратыстамі». «У нашай краіне вайна, і мы маем уласныя квазідзяржавы — «ДНР» і «ЛНР». Сёння мы прызнаем Косава, а заўтра расіяне пачнуць патрабаваць незалежнасці «ДНР» і «ЛНР», — піша адно з кіеўскіх выданняў.
 Ёсць яшчэ адна праблема. Калі зборная Косава прыляціць у кіеўскі аэрапорт Барыспаль, іх не пусцяць на тэрыторыю Украіны, бо Косава — не прызнаная Кіевам дзяржава.
Некаторыя аматары футболу нават заклікаюць украінскую футбольную федэрацыю адмовіцца ад сустрэчы з касаварамі. На іх думку, лепш атрымаць тэхнічную паразу за нявыхад на поле, чым паступацца прынцыпамі. Першы матч з касаварамі ўкраінцы павінны правесці ў кастрычніку.
Паводле ўкраінскай прэсы