У Францыі паліцыя затрымала больш за 40 расійскіх футбольных заўзятараў

У Францыі паліцыя затрымала 43 расіян — футбольных заўзятараў і кіроўцаў аўтобуса, на якім яны прыехалі (за краты трапілі ўсе, хто быў у транспартным сродку).

Фота: LETA

Фота: LETA


Як інфармуе meduza.io, пракурор Марсэля санкцыянаваў затрыманне на суткі. Вядома, што аўтобус быў спынены раніцай 14 чэрвеня ў дэпартаменце Паўночныя Альпы. Прадстаўнікі ўладаў заявілі, што ў аўтобусе маглі быць і ўдзельнікі беспарадкаў 11 чэрвеня.
Сёння, 14 чэрвеня, УЕФА ўмоўна дыскваліфікаваў футбольную зборную Расіі да канца чэмпіянату Еўропы 2016 года. Таксама Расійскі футбольны саюз быў аштрафаваны на 150 тысяч еўра. Дыскваліфікацыя будзе задзейнічаная толькі ў выпадку паўтарэння беспарадкаў на стадыёнах у наступных матчах зборнай Расіі.
Нагадаем,  якраз у Марсэлі перад і пасля матчу на "Еўра–2016" паміж зборнымі Расіі і Англіі ў Марсэлі 11 чэрвеня адбываліся сутычкі паміж заўзятарамі. Калі гульня скончылася, група расійскіх заўзятараў прарваліся ў сектар стадыёна, у якім знаходзіліся англійскія фанаты, і распачалі бойку. Агулам пацярпелі 35 чалавек. З-за паводзінаў расійскіх заўзятараў на стадыёне УЕФА распачаў дысцыплінарную справу.
15 чэрвеня ў горадзе Ліль футбольная зборная Расіі згуляе са Славакіяй. У горад сцягваецца паліцыя.
Паводле euroradio.fm