«Хочаш, каб твая жонка нарадзіла ў турме?..»

Алёна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, колішні сябар «Маладога фронту». Ілля да зняволення займаўся тайскім боксам, трэніраваў падлеткаў. Вернікі-пратэстанты. Маладая сям’я, дзе вось-вось мела нарадзіцца дачка. Патрыёты Беларусі. Але ў нейкі момант усё пайшло не так…

Ілля i Алёна 

Ілля i Алёна 

А 5-й гадзіне ранку 22 сакавіка 2016 года ў кватэру, дзе жылі Ілля з Алёнай, уварваўся спецназ. Тыя, каго ў народзе ўжо звыкла называюць «маскі-шоў». З імі — следчы ў цывільным з пастановай на вобшук кватэры ды арышт Іллі Валавіка за «кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй» ды «бойку».

«Мы спалі, зранку ж на працу… — узгадвае Алёна Валавік. — А тут чалавек дзесяць у поўнай экіпіроўцы, не лічачы тых, хто ў пад’ездзе ды на вуліцы. Усе ў чорным. Я стаю цяжарная, на сёмым месяцы, плачу, мне страшна, а яны сабе ў кватэры робяць сэлфі! Ім год па 20, як мне падалося, кажуць адно аднаму: «Сфоткай мяне!»

Падчас вобшуку выграблі ўсе выданні па-беларуску, усё, мінімальна звязанае з Украінай, нават каляндарыкі «Маладога фронту» за 2006 год ды кнігі Паўла Севярынца. Довады Алёны, маўляў, гэта яе рэчы, а не мужа, не падзейнічалі:

«Я спачатку даводзіла, маўляў: «Гэта маё, што вы робіце?! Тады і тэлевізар здымайце, усё бярыце!» Вынеслі ж і тэхніку, і кампутары, і флэшкі… А мне ў адказ: «Будзеш вазнікаць, не паглядзім на цяжарнасць, паедзеш за ім». Такая размова», — працягвае Алёна.

Але следчага цікавіла не столькі «агітацыя», колькі…адзежа. Усе летнія рэчы, уключна з футболкамі, красоўкамі ды заплечнікамі, прыхапілі, каб праверыць на сляды газу. Заплечнік, з якім зараз ходзіць Алёна, таксама з дзірачкамі — слядамі экспертызы.

«Я выклікала хуткую, мне ж страшна за дзіця. Лекар заходзіць, бачыць усё гэта, мой стан, кажа: «Вам тэрмінова ў лякарню, пагроза выкідышу!» Перапужаў яшчэ больш… Пасля ў тым шпіталі я даведку брала аб пагрозе выкідышу, каб прадставіць у Следчы камітэт: быў шанец, што Іллю выпусцяць пад падпіску. Але — ніяк», — узгадвае дзяўчына.


Тайскі баксёр са шляхецкім радаводам

…А пачалося ўсё ў 2013 годзе, калі Алёна Макарэвіч ды Ілля Валавік пазнаёміліся на турніры па тайскім боксе, які Ілля акурат арганізоўваў. Дзяўчына на той момант займалася класічным боксам, але з часам, пад уплывам хлопца, змяніла кірунак на тайскі. Агульным захапленнем пары апынулася айчынная гісторыя, а яшчэ Іллі вельмі спадабалася спецыяльнасць Алёны: настаўнік беларускай мовы ды літаратуры. У 2015-м яны ажаніліся.

Ілля працуе з дзецьмі ў зале

Ілля працуе з дзецьмі ў зале

Хто ж ён такі, Ілля Валавік? На той момант хлопец быў выступаючым байцом па тайскім боксе. Займаўся прафесійна, трэніроўкі праходзілі шэсць, а часам і сем разоў на тыдзень. У дадатак працаваў менеджэрам на бетонным заводзе, паралельна вучыўся ва ўніверсітэце — энергіі хапала на ўсё. Напярэдадні пасадкі займаўся продажам запчастак. Як прыйшоў да беларушчыны? Гэта адбылося яшчэ ў школе.

«Яму трапіўся вельмі добры рэпетытар. Ён распавядаў, што з таго часу для яго ўсё перавярнулася. Ілля ў добрым сэнсе апантаны, фанатык усяго гэтага. Мог увесь вольны час сядзець на гістарычных форумах, чытаць, пісаць каментары, яго гэта чапляла. Балаховіч, дарэчы, быў ягоным кумірам», — распавядае Алёна.

«Сякера» — герб роду Бутрымовічаў, якім ганарыцца Ілля

«Сякера» — герб роду Бутрымовічаў, якім ганарыцца Ілля

Магчыма, не апошнюю ролю ў цікавасці да гісторыі адыгралі… гены. Бацька Іллі — патомны вайсковец, афіцэр Генштаба. Маці працавала ў зелянбудзе. Але калі капнуць глыбей, то па маці ён — нашчадак роду Бутрымовічаў. Тых самых, што вядуць пачатак ад баярына-ліцвіна Бутрыма, які ўдзельнічаў у падпісанні Гарадзельскай уніі ў 1413 годзе. Бутрымовічы адыгрывалі не апошнюю ролю пры двары ўжо ў XVIII стагоддзі, у Пінску дагэтуль захаваўся іхны палац.

Падчас трэніровак па тайскім боксе

Падчас трэніровак па тайскім боксе

Яшчэ адным захапленнем Іллі быў фанацкі рух. Ён быў заўзятарам ФК «Партызан», але перастаў хадзіць на матчы прыкладна ў 2012 годзе. З аднаго боку, пасталеў разам са сваімі аднагодкамі, з’яўляліся іншыя прыярытэты: праца, самарэалізацыя, перспектыва сям’і. З іншага — асабліва пасля Майдану ў Кіеве, органы пачалі надаваць беларускаму фанацкаму руху зашмат увагі: заўзятараў здымалі на камеры перад заходам на сектар, а пасля развозілі на аўтазаках па розных частках горада. Ніхто не хацеў трапляць у базы, мець праблемы, таму на матчы пэўная частка фанаў наўпрост перастала хадзіць. Сярод іх апынуўся і Ілля.


«Чаго ты цягаешся з гэтымі наркотамі?»

Сваю энергію, харызму, лідарскія якасці, пры гэтым, атрымалася прыкласці ў спорце. Ён не быў трэнерам, усяго толькі памочнікам, але вёў астатніх сваім прыкладам: каб трэніраваліся, займаліся спортам, перамагалі, рабіліся чэмпіёнамі. Чым больш байцоў з клуба на прызавых месцах — тым вышэй узровень клуба.

«Ён мае лідарскія якасці, магчыма — бацькоўскія для некага, — распавядае Алёна. — Не ведаю, чым ён іх чапляў… Магчыма, гэта валоданне мовай, дар пераканання. Але мог і прысароміць: «Вось, ты не ходзіш, не сочыш за сабой! Як так?» Вельмі сур’ёзна да ўсяго ставіўся, памятаю, заўжды абтэлефаноўваў хлопцаў, каб не забываліся, прыходзілі. Для яго тое было вельмі важна».

Ілля працуе з дзецьмі ў зале

Ілля працуе з дзецьмі ў зале

У гэтай справе Іллі даводзілася камунікаваць з вельмі рознай моладдзю, у тым ліку, залежнай ад алкаголю ды наркотыкаў. Шмат хто быў суседам з Уручча, з вайсковага гарадку. Ілля ўпэўнены, што чалавек мае пайсці ў зал, пачаць займацца, а пасля ўся набрыдзь сама адваліцца, не будзе патрэбы. Калі займаешся сур’ёзна спортам — то змяняешся як знешне, так і ўнутрана.

«Так, Ілля меў кантакты з рознымі людзьмі, бо выцягваў іх у нармальнае жыццё. Яны маглі назад саскочыць, прыходзілі да яго, плакаліся, а ён зноў цягнуў… Я яму казала: «Валавік, чаго ты цягаешся з гэтымі наркотамі? Не вадзі іх, я баюся». А ён: «Алёна, ты не разумееш, я ведаю яго з 15 гадоў, трэба дапамагчы!» Вось так і цягаўся з імі, даваў шанец», — кажа Алёна.

Ягонай марай было адкрыць свой зал, каб гэта было нядорага, бо 100 рублёў на месяц пры нашых заробках не кожны маладзён гатовы выкласці. Свой зал — для «сваіх пацаноў».

Падчас трэніровак па тайскім боксе

Падчас трэніровак па тайскім боксе

«Мы вылічвалі ўсё, — дадае Алёна, — складалі бізнес-план, але нават у нуль не атрымалася выходзіць. Мы ўжо шукалі памяшканне, спонсара. Яшчэ трошкі — і ў нас бы ўсё атрымалася. Я вельмі хацела дапамагчы, бо сама раней працавала менеджэрам. Калі б справа пайшла, я б звольнілася з працы, і гэта быў бы наш сямейны бізнес. Мары-мары…»

illja_pracue_z_dzecmi_u_zale__1__logo.jpg

Ані пацярпелых, ані пабояў — нічога

Падставай для затрымання Іллі Валавіка і ўсёй далейшай гісторыі сталі падзеі летняй ночы 2014 года. Яму ўвечары тады пазваніў нехта са знаёмых. Алёна не ведала зместу размовы, адно чула яго раздражнёную рэпліку: «Вы што? Куды?!» Ілля меў траўмаваную на трэніроўцы руку ў гіпсе, таму ні пра якія бойкі яму нават не думалася. Паехаў, каб суцішыць гарачыя галовы, каб не нарабілі чаго…

Увесь канфлікт, які пасля быў раздзьмуты ледзьве не да маштабаў «штурму тралейбуса з дымавымі шашкамі», доўжыўся ўсяго некалькі хвілінаў. Кароткая сутычка, парваная куртка, пару пшыкаў з газавага балончыка ды пабітае шкло тралейбуса. Сутычка была з фанамі «Тарпеда», помста за нешта сваё… Справа — пшык: ані пацярпелых, ані пабояў — нічога. Ілля наогул стаяў па іншы бок дарогі, бо спазніўся, не змог суцішыць 16–17-гадовых падлеткаў.

Праз нейкі час Мінсктранс падаў позву ў Заводскі РАУС за разбітае шкло, была заведзеная «крыміналка». На допыты пачалі выклікаць сведак, некаторых браў спецназ: аднаму з хлопцаў падчас затрымання выбілі ўвесь першы шэраг зубоў. У выніку, кошт разбітага шкла быў сплочаны, справу праз паўгады прыкрылі. Валавіка не чапалі наогул.

Але следчыя цягам допытаў атрымалі падарунак у выглядзе хлопца з наркатычнай залежнасцю, які мог даваць любыя сведчанні: дыктуй — ён падпіша. У Іллі той яшчэ раней пазычаў грошы, каб сплаціць даўгі, бо крэдыторы ўжо пагражалі. У выніку хлопец даў паказанні, што менавіта Ілля ліў газ з балончыка… Для таго, каб падрыхтаваць справу «належным чынам», следчым спатрэбіўся час — акурат да сакавіка 2016-га, калі Іллю забралі.

Ілля Валавік

Ілля Валавік

«Мы дамовіліся, каб збіць з панталыку следчых…»

Асобны раздзел гэтай гісторыі — гэта сюжэт пра адваката. Пасля пасадкі мужа Алёне параілі аднаго «добрага спяца», дзень якога па тых часах каштаваў 4 мільёны. Адвакат з прозвішчам Ваўчкоў пакруціў носам, маўляў, 99%, што пасадзяць, і дадаў: «Я за такое г…но ніколі не ўзяўся б, але папрасілі». Ён і вёў справу з вясны 2016-га ажно па студзень, амаль да суда.

«Хадзіў ён да Іллі 1–2 разы на тыдзень. Мы плацілі, былі запасы сямейныя, на роды адкладзена, на дзіця — усё туды пайшло. А ён прыходзіў на 10 хвілін і… усё! Пасля аднаго дня ўвосень прыходзіць і кажа: «Мы з Іллём дамовіліся, каб збіць з панталыку следчых, ён у лістах будзе пісаць, маўляў, адвакат дрэнны. Вы яму адказвайце ў тым жа духу. Мы ўсіх надурым». Дамовіліся. Ілля нам так і пісаў, мы адказвалі адпаведна», — узгадвае Алёна.

Алёна І Ілля

Алёна І Ілля

Далей — цікавей. Калі Алёне нарэшце далі спатканне з мужам у СІЗА, той у першую чаргу абурыўся: «Чаму вы мяне не чуеце?! Я столькі месяцаў вам кажу пра адваката… Гэта ўсё праўда!»

«Я была ў такім шоку… З мая па студзень яго трымалі. Адвакат ведаў маю сітуацыю, ведаў, што дзіця маленькае… Высмактаў усе грошы, падманваў штораз. Ён сышоў перад самым судом, а мы ўзялі Ганну Бахціну», — дадае Алёна.

Бахціна пачала ў аўральным рэжыме вывучаць справу — 37 тамоў. Папярэдні адвакат нават гэтага не рабіў, у выніку Ілля вывучаў усё самастойна, рабіў выпіскі, пазнакі. Сама ж Ганна Віктараўна адно канстатавала: «Зараз ужо позна…» Самае цікавае, што Ваўчкоў яшчэ назвоньваў родным Іллі з прапановамі дапамагаць і працаваць, як што, на пару з новым адвакатам.

Артыкулы апынуліся сур’ёзныя: «бойка» (частка 3 артыкула 339) ды «кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй» (артыкул 193 — тое самае, за што Зміцер Дашкевіч у 2006 годзе атрымаў свой першы тэрмін). Следчыя прыпісалі Іллі кіраўніцтва ажно шасцю (!) групоўкамі, якія дзейнічалі ў розны час.

Ілля Валавік

Ілля Валавік

«Я агаварыў Валавіка»

Суд доўжыўся месяц, пасяджэнні праходзілі штодзённа. Не дзіўна, бо адных сведак апынулася больш за сотню: ажно да кіроўцаў праязджаючых міма аўто. Карціну, якую вымалевала следства, не пацвердзіў ніхто. Некаторыя ж наўпрост абураліся, калі іх называлі пацярпелымі: «Я не лічу сябе пацярпелым!» «А гэта не вам вырашаць», — лаканічна рэзюмаваў пракурор. Некаторыя фанаты «Тарпеда» не толькі не мелі прэтэнзіяў да Валавіка і іншых, але ж адкрыта адмовіліся ад сведчанняў, якія давалі падчас следства, кажучы пра ціск.

Віну прызналі ўсе фігуранты, акрамя Іллі Валавіка ды Вадзіма Бойкі, які і разбіў шкло. Апошні прызнаўся наўпрост у залі суда: «Я агаварыў Валавіка. Я выбачаюся перад бацькамі, перад Алёнай. На мяне ціснулі, а мае бацькі інваліды…» Ілля Валавік у выніку атрымаў 10 гадоў зняволення — колькі і прасіў пракурор. Сума атрымалася шляхам складання: восем гадоў за «тралейбус» і тры гады, максімум, за «незарэгістраваную арганізацыю».

Ілля Валавік

Ілля Валавік

«Заедзе Валавік, рабі з ім, што хочаш…»

Варта сказаць пару словаў і пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА, куды трапіў Валавік. «Хата» №99 на Валадарцы (СІЗА №1) лічыцца «прэс-хатай»: туды трапляюць тыя, каго трэба зламаць. На момант «заезду» Іллі там ужо сядзеў «Тлусты» — забойца з залітымі па модзе 90-х вазелінам кулакамі, мажны дзядзька 2-метровага росту ды вагой за 100 кілаграмаў. Ён, згодна са словамі Іллі, і ладзіў прэсінг.

Сістэма была арганізаваная наступным чынам: у кабінетах вязня «прэсуюць» следчыя, а па вяртанні ў камеру — «Тлусты», каб спакою не было нідзе. Ён забіраў у вязняў усе перадачы, частку перадаваў кудысьці «ў калідор», частку браў сабе, рэшту раздаваў астатнім, як сабакам. Пры гэтым злаваўся, калі перадачы былі «беднымі».

«Я спачатку перадавала добрыя перадачы, а Ілля кажа: «Які сэнс, калі я гэта толькі пабачу ды распішуся за атрыманне?..» Ён баланду еў, каб не карміць таго, «Тлустага». Я пачала перада­ваць сціплейшыя перадачы, а што рабіць? Усё было пастаўлена на тое, каб справакаваць бойку — а Ілля цярпеў, не рэагаваў на правакацыі», — узгадвае Алёна.

Праз камеру №99 прайшло багата цікавых персанажаў. Напрыклад, мільянер Руклецоў, які займаўся аўтамабілямі. Быў таксама гандляр наркотыкамі, узяты па гучнай справе акурат у 2016-м. Тут жа сядзеў «Бензапіла» — маладзён, які парэзаў людзей у гандлёвым цэнтры. Тут жа — два забойцы, што рэзалі ды забівалі сваіх ахвяраў, жонак у тым ліку. Усё гэта гучныя справы, пра якія багата пісалі ў СМІ.

Магчыма, самым цікавым сукамернікам апынуўся… Канстанцін Бурыкін, больш вядомы як «бацюшка са свастыкамі», які «акармляў» РНЕ яшчэ ў 1990-я. Супадзенне? Не думаю. Бурыкін таксама займаўся спортам, але стаяў на ўльтраправых прарасійскіх пазіцыях. На волі ў іх з Іллём неяк быў канфлікт, таму следчыя ўсё пралічылі нібыта правільна, але… канфлікту ў камеры не атрымалася, абодва разумелі, праз якое «супадзенне» яны тут сустрэліся.

Дарэчы, садзіць разам «фашыстаў» і «антыфашыстаў», кім лічыў сябе Ілля, — практыка даволі стандартная. Іншым разам у СІЗА Ілля сутыкнуўся з фанатам «Дынама», ідэйным праціўнікам. Той таксама не пайшоў на канфлікт, але зазначыў: «За 2–3 дні мяне выклікаў начальнік, маўляў, заедзе Валавік, рабі з ім, што хочаш…» Прэсінг непасрэдна з боку следчых выглядаў яшчэ больш цынічна.

«Ён распавядаў, што яму прынеслі заведзеную на мяне справу: «Ты ж нас ведаеш, нам пофіг, твая жонка народзіць за кратамі», — расказвае Алёна. — Я яшчэ была цяжарная, нара­дзіла ў ліпені 2016-га. Таму Ілля нешта падпісаў, а ўжо на судзе часткова прызнаў віну толькі па эпізоду з бойкай, бо ён быў у тым раёне фізічна, але нічога не рабіў. Па артыкуле за незарэгістраваную арганізацыю, адмовіўся цалкам».

Ціск праз сям’ю, мабыць, самы жорсткі. Ён можа быць наўпроставым, а можа — прыхаваным. Так, у часе, калі Ілля знаходзіўся ў СІЗА, 3 кастрычніка 2017 года памёр яго бацька. Яму нельга было нервавацца, а тут такое… Пачаў худнець рэзка, на вачах. А пасля сэрца не вытрымала і спынілася назаўсёды.

Ілля і Алёна

Ілля і Алёна

Імя для дачкі Ілля напісаў у лісце

У калонію №15 у Магілёве Ілля прыехаў з «шэрай біркай». Размова пра бірку, што мацуецца на робе і пазначае градацыю вязняў. У наркаманаў — свае, у суіцыднікаў — свае… Бірка Іллі значыць, што ён нібыта схільны сабатажу, уцёкаў і г.д. Падобныя біркі даюць большасці фанатаў. Прафілактычны ўлік яму быў дадзены яшчэ ў СІЗА, зняць яго можна толькі праз 2,5 гады. Калі не здымуць — значыць, вязень сядзіць «ад званка да званка», без спадзяванняў на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. У сакавіку споўніцца два гады, як ён за кратамі. Наперадзе — яшчэ восем…

Глорыя, дачка Іллі ды Алёны

Глорыя, дачка Іллі ды Алёны

«Ён пакутуе праз тое, што без яго расце наша дачка, Глорыя. Гэта ён прыдумаў імя, напісаў у лісце. Калі аднойчы ў нас было доўгае спатканне, ён увесь час амаль правёў з дачкой... Зараз перадаю яму ўсё, што просіць: рэчы, грошы на рахунак, кнігі. Ён там бегае, адціскаецца, стараецца трымаць сябе ў тонусе», — кажа Алёна.

Ілля шмат чытае, у асноўным беларускую класіку. Тое-сёе ёсць нават у тамтэйшай бібліятэцы. Алёна новага пакуль не дасылае, бо ёсць абмежаванні: адна кніжная бандэроль на год. Часам у лістах перапытвае пра аўтараў, на якіх натрапіў: «Ці праўду пісалі? Як жылі?»

Ілля Валавік

Ілля Валавік

Зняволенне — заўсёды ўдар па здароўі. «Заехаць» можа цалкам здаровы чалавек, а на волю выходзіць ужо з букетам хранічных захворванняў: нястача вітамінаў, дрэннае харчаванне і вада, псіхасаматыка… У Іллі ўжо з’явіліся камяні ў нырках, чаго раней не было ніколі. Таксама ўпаў зрок: святло для чытання выбіраць не даводзіцца.

«Зараз яму даходзяць лісты ад мяне і мамы. Да восені з лістамі было ўсё ў парадку, а зараз… Перабоі. Ён заўжды ўсім стараецца адказаць. Распавядаў, да прыкладу, што толькі пасля Новага года яму прыйшоў ліст, які цётка адпраўляла ў верасні», — распавядае Алёна.

* * *

Яшчэ адзін важны момант, без якога расповед быў бы няпоўным, гэта жыццё Алёны ў акалічнасцях гэтай гісторыі. Нарадзіць, падтрымліваць свякроў, якая згубіла мужа, падтрымліваць мужа… як гэта?

Алёна з дачкой Глорыяй

Алёна з дачкой Глорыяй

«Я не ведаю, як перажыла ўсё гэта, — дзеліцца Алёна. — Мне падаецца, што цяжарнасць уключае інстынкт самазахавання. Ты не расстройваешся, не нервуешся — усё з каменным тварам успрымаеш, каб не на­шкодзіць дзіцяці. Я не на адным судзе не заплакала. Можа, прытупілася нешта… Калі вырак на судзе чыталі, я ўжо нарадзіла была, усе плачуць, а я не: «Дзесяць — дык дзесяць, што далей робім?» — такія думкі».

Дапамагае таксама вера. Алёну яшчэ ў 2006-м Зміцер Дашкевіч упершыню запрасіў у пратэстанцкую царкву «Новае Жыццё». Для Іллі гэты шлях адкрыўся праз Алёну, якая спачатку нават саромелася весці туды хлопца.

«Ён быў няверуючы, я яго прывяла. Баялася, думала, што яму не спадабаецца. Сама не хадзіла пэўны час, адышла ад веры, збіралася вярнуцца. А тут — ён — як успрыме?.. Не хадзіла, але марыла, каб мы хадзілі ў царкву разам, малілася за гэта. Марыла, але не верыла, шчыра. Гады два так было. Пасля неяк намовіла яго, каб прывесці туды аднаго хлопца, што меў праблемы з алкаголем, на служэнне. Прывялі, але той хлопец нават да канца не вытрымаў. А Ілля пайшоў на сцэну і пакаяўся. Проста Дух Святы сышоў. Ён стаяў і плакаў».

Алёна з дачкой Глорыяй

Алёна з дачкой Глорыяй

Ілля пасля нейкі час вадзіў у царкву хлопцаў з трэніровак, каб навярнуць ад цемры да святла. Тое самае ў «Маладым фронце» некалі рабіў Дашкевіч — падобныя людзі, падобныя лёсы. У калоніі Ілля таксама знайшоў аднаверцаў, маліліся разам, пастар з Магілёва прыязджаў, але пасля ўсіх папераводзілі — Ілля застаўся адзін.

«Уяві сабе, сяджу я на спатканні з ім, а ён у слухаўку праз шкло мне Біблію цытуе! Я яму кажу нешта, а ён у адказ цытату з Евангелля!

Я думаю, ён будзе сядзець 10 гадоў. Так і бачу наша жыццё — закансерваваным да часу. Буду працу шукаць, чакаць на яго, расціць Глорыю. Усё ў Божых руках», — упэўненая Алёна.

Здымкі з архіву Іллі ды Алёны Валавік