Панядзелак – «судны дзень» для палітвязня Міхаіла Жамчужнага
На панядзелак, 5 сакавіка, прызначаны два судовыя працэсы па скаргах Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя ў адносінах да яго спагнанні адміністрацыяй калоніі №9 у Горках, куды палітвязень пераведзены адбываць пакаранне ў ліпені 2017 года.
У 10 гадзін раніцы ў Магілёўскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Горацкага раёна ад 23 студзеня, які адмовіў у задавальненні скаргі на вынесеныя Міхаілу Жамчужнаму тры спагнанні ў жніўні 2017 года: 9 жніўня — сем сутак ШІЗА, 16 жніўня — 10 сутак ШІЗА, 28 жніўня — сем сутак ШІЗА.
На гэты ж дзень у Горацкім раённым судзе на 14.30 запланаваны судовы працэс па скарзе Жамчужнага на вынесеныя спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года: 4 верасня — адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка — 10 сутак ШІЗА, 16 кастрычніка — 10 сутак ШІЗА, 26 кастрычніка — пяць сутак ШІЗА.
На дадзены момант сувязь праз ліставанне з Міхаілам Жамчужным адсутнічае. Гэта, найбольш верагодна, звязана з чарговым утрыманнем палітвязня ў ШІЗА. Папярэдняе спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА (ужо 19-е па ліку ў Горацкай калоніі) павінна было скончыцца 18 лютага, і цяперашняя адсутнасць карэспандэнцыі ад Міхаіла найхутчэй азначае, што ён зноў змешчаны ў ШІЗА, а не ў ПКТ, бо адтуль перапіска дазволеная.
Праваабаронцы моцна занепакоеныя лёсам Міхаіла Жамчужнага і прадпрымаюць магчымыя спосабы станоўчага ўплыву на сітуацыю, у якой ён апынуўся.
Вядома, што пасля звароту ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную назіральныя камісіі адносна надзвычайнага становішча, у якім апынуўся палітвязень, дадзеныя Камісіі запланавалі наведванне Міхаіла Жамчужнага ў Горацкай калоніі. Візіт павінен адбыцца ў першай палове сакавіка.
Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.