Прэмія Гедройца падштурхнула да канкурэнцыі
Мы вырашылі пацікавіцца ў заснавальніка кнігарні «ЛогвінаЎ», выдаўца Ігара Логвінава пра літаратурную кухню: як гатуюцца беларускія раманы для замежнікаў і як беларускаму аўтару патрапіць да выдаўца.
Ігар Логвінаў. Фота аўтара
— Ці магчыма ў цяперашні час інфармацыйнага шуму завабіць чытача ў кнігарню без раскруткі?
— Наша кнігарня існуе не як звычайная крама па продажу кніг. Кнігарня — гэта праект аб’яднання людзей, якія любяць літаратуру. Проста ў пэўны момант з’явілася пляцоўка, публічнае месца, дзе можна збірацца, абмяркоўваць, выказвацца з нагоды. Кнігарня «ЛогвінаЎ» першапачаткова не стваралася як інструмент для зарабляння грошай. І яна на сёння залежыць ад знешніх дадатковых фінансаў: у нас вялікія падаткі, вялікая арэндная плата, спадарожныя выдаткі. Кнігарня «ЛогвінаЎ» — хутчэй не дзеля продажу кніг, а дзеля задавальнення. Беларускія кнігі не ёсць інструментам бізнэсу, які можа прынесці нейкія адчувальныя прыбыткі.
— То бок чалавеку, які захоча прыйсці ў гэтую сферу дзейнасці, не варта марыць пра звышпрыбыткі?
— Не! Думаю, гэта залежыць ад чалавека! Ёсць жа паспяховыя выдавецтвы, але малаверагодна, што гэта будзе звязана з беларускай літаратурай, з сучаснай беларускай літаратурай. Час ад часу я чую гісторыі пра звышпаспяховыя продажы накладу, бестсэлеры.
— Што можна аднесці да катэгорыі «бестсэлер» для беларукай кнігі?
— Вялікім накладам можна лічыць тры тысячы асобнікаў. Ведаю, што і дзяржаўныя выдавецтвы выпускаюць беларускія кнігі накладам да тысячы экзэмпляраў.
— Атрымліваецца, кніга цяпер не папулярная?
— Ёсць нейкі працэнт людзей, якія любяць кнігі, чытанне. Гэта ўжо даўно не масавы занятак. У савецкі час была кніга, і былі размовы на кухні, а іншага не было. Сёння няма канкурэнцыі паміж электроннай і папяровай кнігай, бо ў нас гэта пытанне толькі звычкі. Канкурэнцыя такога кшталту ёсць у нашых галовах і ў ЗША. У Штатах прыкладна 80 працэнтаў рынка складаюць электронныя кнігі, у Еўропе яны займаюць, здаецца, толькі два адсоткі ад аб’ёму продажаў папяровых кніг. У Штатах культура продажу электронных кніг, на маю думку, заснаваная на страху — санкцыі за пірацтва там большыя за нежаданне развітацца з грашыма за прадукт. У нас жа электронная кніга не хутка стане канкурэнтам папяровай. Я чытаю кнігі на Kіndle — гэта зручна, мабільна. Час ад часу набываю папяровыя кнігі, але цяпер гэта не ўсё запар, а калі кніга ёсць адметным творам мастацтва.
— Кнігарня «Логвінаў» — той яшчэ рассаднік іншадумства ў цэнтры Мінска. Улады не бачаць з боку кнігалюбаў пагрозы для сябе?
— Я не ведаю. Але ў нас ёсць няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Будынак стаіць пад знос, які ніхто не адмяняў, тут плануецца нешта вялікае пабудаваць. Канешне, у нас ёсць унутраная цэнзура: не рабіць нейкія рэчы, што адкрыта б раздражнялі ўлады. Мы не будзем рабіць нічога, што пераважыць нашу працу. Нас не цікавіць палітыка, толькі літаратура.
— У літаратурных спрэчках часта выказваецца меркаванне, што беларускай літаратуры не хапае маштабнага твору, тома, які проста парве аўдыторыю. Вы з гэтым згодныя?
— Такой праблемы няма, бо людзі масава цяпер не чытаюць здаравенныя тамы. Хаця, Аксана Забужка, напрыклад, выдала ва Украіне твор пад тысячу старонак, і быццам бы добра разышлася кніга. Я не думаю, што ў беларускай літаратуры ёсць праблема аб’ёму. Ёсць праблема якасці. Так атрымалася, што сучасная беларуская літаратура не мае ўсіх прыкмет вялікіх літаратур, якія разбітыя на жанры і працуюць з усімі чытачамі.
Беларуская літаратура — гэта літаратура высокага кшталту, складанае інтэлектуальнае чытво, якое прэтэндуе на элітарнасць. Ёсць малыя спробы пісаць жаночыя раманы, забаўляльную літаратуру, дэтэктывы... І малая верагоднасць, што гэта разаўецца: у нас невялікая краіна, а колькасць чытачоў да таго ж абмежаваная колам тых, хто ведае беларускую мову і чытае па-беларуску. Хутчэй за ўсё, гэты стрымліваючы фактар не дасць развіцца літаратуры ў поўным аб’ёме.
Таму няма праблемы «вялікага рамана». Але, з іншага боку, падзялюся сваімі назіраннямі: літаратурная прэмія імя Гедройца вельмі падштурхнула жанр раману. Апошнія дзесяць гадоў усе пісалі вершы, эсэ, апавяданні. А Гедройц нейкім чароўным чынам матываваў пісьменнікаў уключыцца ў грашовую, статусную канкурэнцыю. Думаю, гэта цягам бліжэйшых год паўплывае на развіццё беларускага рамана як жанру.
— Ці маглі б вы вылучыць аўтара, творы якога можна назваць «бестсэлерамі»?
— Ёсць кнігі, якія мы рэгулярна друкуем дадатковым накладам. Напрыклад, кніга Алеся Белага «Наша страва». Гэта была першая беларуская кніга, якая займела падробку. Скандалы з «чорнымі накладамі» здараюцца ў Расіі, а для нашай краіны гэта было не тыпова, дзіўна. Стабільна прадаюцца Бахарэвіч, Глобус, Арлоў, Акудовіч, Разанаў. Апошні поспех Марціновіча («Сфагнум» — аўт.) гаворыць пра тое, што ёсць інтарэс публікі, які мы не заўсёды можам задаволіць. За месяц было прададзена 500 экземпляраў — гэта прыклад добрай стратэгіі, піяру, часу, сітуацыі. Усё супала. Ёсць патрэба ў падобным лёгкім чытве.
— Што можа зацікавіць да перакладу беларускай кнігі: ёсць нейкая ўніверсальная формула, або немагчыма спрагназаваць, што «выстраліць»?
— Самая пазнавальная беларуская аўтарка на Захадзе — Святлана Алексіевіч, гэта пацвярджаецца падчас замежных візітаў. Таму яе і перакладаюць. Час ад часу прыязджаюць літаратурныя агенты і задаюць вобраз таго рамана, які яны чакаюць з Беларусі. Асноўныя крытэры: пра сучасную Беларусь, у творы тлумачыцца, што тут адбываецца, мусіць быць пазнавальны для ўнутранага чытача аўтар. Ведаю, многія імкнуцца патрапіць у гэтыя рамкі, але гэта насамрэч нічога не гарантуе.
Я думаю, не трэба падкладвацца аўтарам пад гэтыя крытэры. Добрая кніга будзе цікавая для перакладу менавіта таму, што яна добрая. Падобная гісторыя была з Артурам Клінавым. «Падарожная кніжыца па Горадзе Сонца» добра прагучала па-англійску і па-нямецку, бо яна пісалася акурат пад крытэры. Другую кнігу «Шалом» Клінаў напісаў «для душы», і гэтая гісторыя не патрапіла ў крытэры літаратурных агентаў, быў «гандаль сюжэтам» не за кнігу, а за літаратурны прадукт. Не варта траціць час на падгонку пад рамкі, бо ў аснове перакладу ўсё адно часцей за ўсё — прыватныя кантакты, сімпатыі.
— Якія вашы крытэры да аўтараў?
— Галоўнае — каб спадабалася мне. Ёсць 10–15 аўтараў, якіх мы друкуем па змоўчванні, але мы заўсёды шукаем нешта новае. Крытэр: мы робім гэта дзеля задавальнення. Калі мне не падабаецца твор, то плаціць аўтар.
— Ці можна ў Беларусі жыць аўтару за кошт літаратуры?
— Так. Пражыць за літаратуру можна, але не ў літаральным сэнсе: напісаў—прадаў — атрымаў ганарар. Для большасці аўтараў ганарар не складае істотнай сумы. Ёсць шмат еўрапейскіх літаратурных фондаў, якія падтрымліваюць аўтараў, і многія нашы пісьменнікі туды звяртаюцца.
— Што б вы параілі прачытаць да канца лета?
— Мне спадабалася кніга Богуміла Грабала «Я абслугоўваў ангельскага караля» — вельмі добры пераклад Марыйкі Мартысевіч. Добрая кніга Міхала Вівега «Цудоўныя гады сабаку пад хвост». Гэта перакладная літаратура. З нашых аўтараў: да канца лета выйдзе кніга Адама Глобуса «Казкі пра жывёл», перавыданне Валянціна Акудовіча «Дыялогі з Богам». Выйшла кніга Паўла Касцюкевіча «Блог Усяслава Чарадзея» — лёгкая і цікавая.
З пытаннем «Ці чытаеце вы сучасную беларускую літаратуру і чаго вам у ёй не хапае?» мы звярнуліся да маладых людзей, якія мусяць быць спажыўцамі літаратурнага прадукту.
Наталля Рудак, настаўніца замежных моваў:
— Сучасную беларускую літаратуру чытаю, не скажу, каб мала, але хацелася б больш. Калегі не вельмі цікавяцца беларускімі кнігамі, сярод сваякоў чытаюць брат і муж, а сябры ў мяне збольшага беларускамоўныя і, наколькі ведаю, чытаюць шмат нашага.
Думаю, белліту не хапае захапляльнай «папсы» кшталту «Сумерак» ці фэнтэзійных сагаў, як кнігі Роўлінг ці Марціна.
Арына, працуе на дзяржслужбе:
— Беларускую сучасную літаратуру не чытаю. Дрэнна ведаю беларускую мову, многіх слоў не разумею, таму дрэнна яе ўспрымаю. Беларускіх аўтараў не ведаю. Нават не цікаўлюся! Чаго не хапае, не магу адказаць, бо я вельмі далёкая ад гэтага! Пра беларускую літаратуру, напэўна, трэба пытацца ў настаўнікаў беларускай мовы. З маіх знаёмых яе ніхто не чытае.
Чытаю навіны ў інтэрнэце, электронныя кнігі. Апошняя — Валянціна Пікуля «На задворках расейскай імперыі». Мне падабаюцца гістарычныя раманы пра Расію, але не пра Беларусь.
Наталля, геймер:
— Не чытаю. Інтэрнэт займае шмат часу. Назваць магу тых, каго вучылі ў школе. Думаю, беларускай літаратуры не хапае рэкламы, актуальнасці і чаго-небудзь цікавенькага.
Віталь Рудак, супрацоўнік сеткі крамаў:
— На маю думку, доступ да сучаснай беларускай літаратуры даволі абмежаваны геаграфічна. Я жыву ў Мазыры год, і за гэты тэрмін ніводзін пісьменнік не прыехаў у наш далёка не самы маленькі горад у Беларусі. А ў кнігарні можна набыць хіба пару кніжак, якія выйшлі за гэты перыяд. Не заўсёды зручна замаўляць кнігі праз інтэрнэт і плаціць грошы за перасылку, а ехаць за кніжкамі ў Мінск, шчыра кажучы, не надта хочацца.
Але я стараюся чытаць усе навінкі. Любімыя аўтары: А. Федарэнка, браты Адамчыкі, Я. Маўр, Я. Брыль, І. Канановіч, Ю. Станкевіч. Мае знаёмыя збольшага чытаюць шмат, але па-беларуску рэдка.
Узровень выдання беларускамоўных кніг і брашур не перавысіў у 2011 годзе 8,5% як па колькасці, так і па агульным накладзе.
Удзельная вага англамоўных кніг — 4,5%, займае трэцяе месца ў моўнай структуры кнігавыдавецтва Беларусі.
На першым месцы рускамоўныя выданні — 85,3%.