«Ён ніколі дабравольна не шоў у аўтазак». Сябры і паплечнікі пра Валера Шчукіна

У Мінску развіталіся з Валерам Шчукіным — вядомым праваабаронцам, марскім афіцэрам, камуністам, дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ХІІІ склікання. На развітанне прыйшло каля 100 чалавек.

121484987_3906222622739628_8957684049686873046_n_logo.jpg

Сябры і паплечнікі распавялі НЧ пра тое, кім для іх быў Валерый Аляксеевіч.
Ян Грыб:
— Гэта сапраўдны герой Беларусі. Колькі існуе гэтая пракамуністычная, прабальшавіцкая, калгасная ўлада, столькі ён змагаўся. І я горды тым, што ўсе гэтыя гады стаяў плячо плячом з ім. Нас збівалі дубінкамі да крыві, сцягі ў нас аднімалі, але мы ніколі не адступалі. Валер Шчукін для ўсіх нас — герой Беларусі. Яго смерць, мы лічым, што заўчасная смерць — гэта вялікая страта для нашага руху, для нашага народу, для Беларусі. Ён мог яшчэ змагацца і змагацца і пабудаваць свабодную, еўрапейскую, дэмакратычную краіну.

121530153_790657321507047_7657723458164356634_n_logo.jpg


Леанід Кулакоў:
— Ён мог заступіцца за любога: за знаёмага і незнаёмага. Чалавек-душа, а на флоце ўсе афіцэры людзі з душой. І тое, што ён стаў супраціўляцца гэтай уладзе, дае яму больш павагі, чым іншым афіцэрам, якія кормяцца з гэтага карыта. Ён ад гэтага ўсяго адмовіўся, і галаву ні перад кім не нахіліў, і на калені не ўстаў. Ён казаў, што да сваіх катаў заўсёды становіцца тварам, а не спіной. Я памятаю, што ён ніколі дабравольна не шоў у аўтазак, яго заўсёды няслі на руках, нават з дому, у адніх “тапках”. Шкада, што губляем такіх людзей. Самае страшнае, што не змог дажыць да новага часу, каб пабачыць вынік таго, за што змагаўся, і пабачыць сваю перамогу. Гэта яго перамога, якая будзе, Валера Шчукіна. Нізкі паклон яму і светлая памяць. Калі ўлада зменіцца, у гонар такіх людзей будуць названыя вуліцы.

121266597_641282896560766_5847849681970307425_n_logo.jpg


Павел Знавец, дэпутат ХІІІ склікання Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь:
На адным з судоў ён казаў, што камуніст, але не чалец партыі, ён гэта адрозніваў… Ён заўсёды шоў наперад, і я ўпэўнены, што калі б такіх быў дзясятак-другі, то рэжым даўно б ужо паў. Мы б жылі ў вольнай краіне. Лукашэнка такіх людзей страшэнна баяўся, ён ім помсціў, працягвае помсціць, помсціць усім, хто можа супраціўляцца…

121220956_1057852874674407_806191070456443727_n_logo.jpg


Бард Андрэй Мельнікаў:
Валер Шчукін адметны тым, што ён рускі чалавек, па паходжанні і характару, але пранікся болем беларускага народу. Які стаў паказваць для яго нейкі прыклад — прыклад паводзін, прыклад стойкасці, прыклад упартасці, прыклад паразумення нават пры розных поглядах. Ён быў камуністам, але не чальцом партыі, пра што заўсёды казаў, ён быў камуністам па перакананнях, а не па таму, куды згінаецца партыйная лінія. І пры гэтым сябраваў з тым жа самым Янам Грыбам, які бэнээфавец з 1988-га. У гэтым плане Валер Шчукін — асоба, у якой ёсць чаму павучыцца, у якой варта павучыцца. У 1995 годзе я прысутнічаў на адным з такіх ключавых момантаў, на з’ездзе ТБМ. Ён рускамоўны чалавек, увесь час размаўляў па-руску, хоць у вышыванцы прыходзіў у Вярхоўны Савет. Яму зрабілі такую абструкцыю: смех, улюлюканне, бо выступае па-руску ды яшчэ камуніст. А ён казаў пра галоўную справу, якой трэба зараз заняцца, тады ў 1995 годзе — гэта спыніць спаўзанне краіны ў дыктатуру. Ну, тады людзі не павучыліся, 25 гадоў трэба было, каб зразумелі, наколькі дыктатура — гэта страшна… Наколькі гэта страшна спаўзаць у дыктатуру дабраахвотна…