«Ён здолеў звярнуць увагу свету на маштабы Чарнобыльскай катастрофы»
Генадзь Уладзіміравіч Грушавы нарадзіўся ў Мінску 24 ліпеня 1950 года. Сёлета яму было б 70 гадоў. Чалавек з вялікай літары, які пакінуў яркі след у гісторыі краіны.
Грушавы вядомы перш за ўсё як кіраўнік грамадскага фонду «Дзецям Чарнобыля». За перыяд дзейнасці пры дапамозе гэтага фонду на аздараўленне ў краіны Еўропы былі вывезеныя больш за 100 тысяч беларускіх дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў.
Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе «Імёны Свабоды» напісаў пра Грушавога, што ён «... здолеў звярнуць увагу Еўропы і свету на маштабы Чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць выратавання генафонду найбольш пацярпелай краіны».
Мала хто ведае, што Генадзь Грушавы з'яўляўся заснавальнікам і старшынёй Беларускай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (была зачынена ў 1999 годзе), дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання, а потым — дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання.
Яшчэ адна рыса ў біяграфіі Грушавога — нароўні з актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасцю ён выкладаў на філасофскім факультэце Белдзяржуніверсітэта, стаў адным з нямногіх тады дактароў філасофскіх навук.
На 10-годдзе Чарнобыльскай катастрофы ў парафіі абраза Божай Маці «Усіх смуткуючых радасць» Грушавы заклаў Сад надзеі — своеасаблівае пасланне беларускаму народу ў памяць аб страшнай бядзе.
Мяне звязвалі з Генадзем сяброўскія адносіны на аснове грамадскай працы. Ён быў вельмі цікавым і разумным суразмоўцам. У нас з ім былі падобныя погляды па ацэнцы сітуацыі ў краіне і шляхах далейшага развіцця. Ён марыў аб свабоднай і еўрапейскай Беларусі.
Грушавы памёр 28 студзеня 2014 года ад «чарнобыльскай хваробы» —рака крыві. І хоць ён пахаваны на Паўночных могілках, але ўшанаваць яго памяць сябры, паплечнікі і родныя прыходзяць у прыход на вуліцу Прытыцкага, да дома 65. Там растуць грушы, пасаджаныя Грушавым. Кожны можа іх пакаштаваць і ўспомніць пра чалавека-легенду.
Светлая памяць!