Юлія Чарняўская: Быць «жонкай шэфа» мне заўсёды было агідна
Стартавы капітал парталу TUT.BY — гэта былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. А назву парталу прыдумаў унук Кузьмы Чорнага. Прапануем вам урывак з расповеду жонкі Юрыя Зісера — вядомага культуролага Юліі Чарняўскай, упершыню апублікаванага ў НЧ у 2017-м: пра каханне, сям'ю і з чаго ўсё пачыналася.
З Юрам мы пазнаёміліся 2 мая 1986 года. Я прыехала ва Львоў з сябрамі на «майскія» святы. Паехалі ў лес на пікнік пагаманіць, паспяваць. Юра не захапляўся бардаўскай песняй, а ў нашу тусоўку трапіў дзякуючы свайму сябру. Амаль выпадкова. Страшна падумаць, што мог бы і не паехаць...
Ён больш любіў джаз. Што не перашкодзіла яму падысці да мяне і спытаць: «Дзе ты навучылася так спяваць?» Гэта і стала нагодай для знаёмства. А потым ён навучыў мяне любіць джаз.
Жонка TUT.BY
…Мой Юра вучыўся спачатку ў Львоўскім палітэху. Паступаў было ў МДУ, але там яго, медаліста, пракінулі па так званым "пятым пункце". А давучваўся ён ужо ў Ленінградзе, на факультэце біямедыцынскай кібернетыкі. Падчас чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.
Дарэчы, менавіта з ім праз некалькі гадоў у Маскве я трапіла на разагнаны пікет Валерыі Навадворскай, і мы разам — Валерыя Ільінічна, Вадзім і я — спрабавалі спыніць міліцэйскую «газель», куды запіхнулі актывістаў Дэмакратычнага Саюза. Нічога не атрымалася, але дубінкай па нырках атрымала.
Ну вось, пасяліўся Юра ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць пабрацца з ім шлюбам. І ўгаварыў, праўда не на шлюб, а толькі прыехаць да яго ў Львоў на летні адпачынак. Там высветлілася, што я ўжо ўладкаваная на працу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і атрымалася, што той «летні адпачынак» цягнецца трыццаць другі год…
Львоў — цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе… Я не магла чуць, як майго мужа і яго бацькоў абражаюць проста на вуліцы ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.
Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо «жыдоўскай мордай» тут амаль не называлі.
Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцём, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Спачатку па гэтай прычыне я не магла працаваць.
Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое «ліхія дзевяностыя», добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такім ж беднымі, як усе. Здымалі «хрушчоўку» на Залатой горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся павышэннем платы. Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 рублёў плюс мае 35 рублёў дэкрэтных, мінус 45 за жытло. Каляска, крамы, купоны… Адно слова — галеча…
Потым Юра «вахтавым метадам» уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўску.
Ён з’язджаў на некалькі месяцаў. Я заставалася з дзіцём адна. Хапалася за любую работу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г.д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым, пра дзяцінства і юнацтва.
Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, дзякуй Богу, пачаў нармальна зарабляць. Потым стварыў сваю фірму — "Надзейныя праграмы", якая спецыялізавалася на праграме для банкаў, якую ён напісаў яшчэ ў Лангепасе. І праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы набылі першую ўласную кватэру. Завадскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратных метры. Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.
У пэўным сэнсе «Надзейныя праграмы» — няўдалы папярэднік партала TUT.BY.
Фірма, якая пачыналася з маленькага пакою нашай кватэры, дзе сядзеў кампутаршчык Дзіма, а Юра са сваім кампутарам сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе акрамя іх дваіх быў яшчэ толькі бухгалтар — дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.
У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара гады пекла.
Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазыкаў. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў «скукожылася» да некалькіх чалавек.
Я круцілася, як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса «Здароўе і поспех». А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай «Swiss Formula».
Потым нам пашанцавала, нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY.
Калі парталу споўнілася два гады і мы «выйшлі на самаакупнасць», журналісты пачалі пытацца пра стартавы капітал. Гэты былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. Юра ўклаў іх у новую рызыковую справу, і мы яшчэ сем гадоў жылі ў старой кватэры.
Удалую назву TUT.BY прыдумаў мой сябра Мікола Раманоўскі — рэдактар, перакладчык і паэт, унук нашага класіка Кузьмы Чорнага.
На мой погляд, жанчына не павінна станавіцца вядомай проста як «другая палова» свайго мужа. Адна знаёмая мяне некалі цікава прадставіла свайму спадарожніку. Кажа: «А гэта жонка TUT.BY». Быць «жонкай шэфа» мне заўсёды было і будзе агідна. Таму я доўга і свядома дыстанцыявалася ад парталу, займаючыся сваімі справамі: кнігамі, п'есамі, артыкуламі, дысертацыямі, выкладаннем. А цяпер і літаратурным клубам «GRAPHO».
На партале я пачала з’яўляцца, калі TUT.BY існаваў ужо дзевяць гадоў. І раблю я гэта вельмі рэдка. Я там мала каго ведаю. Пішу артыкул, дасылаю рэдактару. Калі рабіла перадачы — з'яўлялася менавіта на здымкі. Вось, хіба што, раз на месяц на літаратурны клуб «GRAPHO» прыходжу, таму што менавіта ў галерэі TUT.BY яго і праводжу.
Даволі часта пытаюцца, навошта мне ўсё гэта трэба, навошта пры такім загрузе «за капейкі» выкладаць ва Універсітэце культуры?
Адказваю — мне цікава быць патрэбнай. Упэўнена, наша краіна падымецца не дзякуючы некім апазіцыйным асобам, а дзякуючы ўсёй грамадзянскай супольнасці. Яна ўжо ёсць, але пакуль маленькая. Людзей трэба вучыць дэмакратыі, а значыць, мысленню і адказнасці. А дзе гэта можна зрабіць лепш, чым ва ўніверсітэце?
Сёння грамадзянская супольнасць існуе сярод тых, хто займаецца дабрачыннасцю, хто адважваецца на стартапы, рызыку і г.д. Мне падабаецца дапамагаць такім людзям, быць ім карыснай. Падабаецца быць мостам паміж АСОБАМІ, плакаць з-за «галодных дзяцей у Мазамбіку». Гэта мой лёс. Хоць цяпер гэта часцей беларускія сіроты, жабракі-пенсіянеры, людзі з абмежаванымі магчымасцямі — і наогул, як сфармуляваў Дастаеўскі, "зняважаныя і абражаныя". Мне падабаецца вучыць студэнтаў і перадаваць ім не толькі веды, але і служыць мастком паміж пакаленнямі і людзьмі. Гэтаму калісьці навучыў мяне дзед. І недзе там, далёка-высока, яго і маё пакліканні аб'ядналіся...
Фота з сямейнага архіву Юліі Чарняўскай