Юнацтва сінія арэлі. Да 80-годдзя Генадзя Бураўкіна
З Генадзем Бураўкіным нас звяла «Маладосць». Тая самая «Маладосць», у якую я яшчэ студэнтам насіў свае першыя апавяданні Міхасю Стральцову.
Вядома ж, паэта Бураўкіна я ведаў, відаць і знаёмы быў з ім яшчэ ў гады студэнцтва. Мы, маладыя, дапіналі не толькі на паседжанні ўніверсітэцкага літаб’яднання, але і ў «Чырвоную змену», і на некаторыя сходы Саюза пісьменнікаў яшчэ ў стары будынак на вуліцы Энгельса. З захапленнем чыталі вершы старэйшых паэтаў, ахрышчаных потым крытыкай філалагічным пакаленнем. Гэта і Генадзь Бураўкін, і Рыгор Барадулін, і Анатоль Вярцінскі, і Васіль Зуёнак, і Міхась Стральцоў, і Кастусь Цвірка, і Юрась Свірка, і Янка Сіпакоў, і Уладзімір Паўлаў, і Сымон Блатун, і многія-многія іншыя, пералічыць усіх я цяпер не змагу. Іхняя паэзія імпанавала нам, пачаткоўцам. Ды і час быў узвеўны, паэтычны — 60-я гады. Ну як маглі не падабацца маладому камсамольскія звонкія вершы Бураўкіна і маладая лірыка пачуццяў? Так мною тады ўспрымаўся паэт Бураўкін. Але ж Бураўкін быў не толькі паэт, але і ўласны карэспандэнт газеты «Правда» па Беларусі. Пасада вымагала быць у касцюме, пры гальштуку, а па ўсіх маіх колішніх вясковых мерках гэта быў ужо бяспрэчна і начальнік.
Але як незаўважна хутка час многае мяняе ў жыцці! У 1977 годзе я апыніўся ў адным кабінеце з Генадзем Мікалаевічам, які ў той час быў ужо галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», як яго намеснік. Пад вокнамі прасторнага рэдактарскага кабінета вясною раскашавала памятная мне са студэнцтва яблыня.
Калі прыходзіў на працу, Генадзь Мікалаевіч не вассядаў на крэсла, а адразу ж ішоў па рэдакцыйных пакоях. Уваходзячы ў пакой, абавязкова ўключаў святло, бо рэдакцыя месцілася на ценевым баку будынка, і тым самым быццам прыводзіў у рух рэдакцыйны механізм. У аддзелах вырашаліся і бягучыя рабочыя пытанні. Магчыма таму і рэдакцыйныя планёркі былі кароткімі і дзелавымі, не наладжваліся доўгія і часам нудныя разборкі аддрукаваных нумароў, як гэта было прынята ў тыя часы ў рэдакцыях.
Ён не любіў лішняе сядні на сваім рэдактарскім крэсле. Затое калі часам у канцы рабочага дня ў суседнім пакоі хлопцы даставалі шахматы, ён абавязкова быў там. Паўдзельнічаць у шахматных баталіях прыходзіў з «Бярозкі» Васіль Зуёнак, да супрацоўнікаў далучаліся і аўтары. Галоўны рэдактар увязваўся ў шахматныя баталіі. А баталіі былі азартныя, гарачыя. Пакуль хто-небудзь з удзельнікаў не спахопліваўся, што ўжо даўно пара ісці дадому.
Генадзь Мікалаевіч сябраваў з камсамольскімі сакратарамі, з якіх потым выйшлі і міністры, і вядомыя дзяржаўныя кіраўнікі. Ён прымаў дзейсны і актыўны ўдзел у камсамолькім жыцці. У выніку камсамол стаў ініцыятарам правядзення першага семінара творчай моладзі на Нарачы, потым і другога на Свіцязі. На гэтыя семінары запрашаліся і пісьменнікі, і музыкі, і акцёры, і мастакі, і кінарэжысёры… Многія з іх сталі шырока вядомымі, заслужанымі, народнымі. Па ініцыятыве Генадзя Мікалаевіча пачаў праводзіцца творчы конкурс «Дружба» аналагічных «Маладосці» выданняў разам з Прыбалтыйскімі часопісамі. Бураўкін дамогся каляровых уклеек у часопіс «Маладосць», каб знаёміць чытачоў з творчасцю беларускіх мастакоў, якія на той час не мелі свайго выдання. Таму і тыраж часопіса «Маладосць» дасягаў дваццаці тысяч экземпляраў.
Працавалі мы з Генадзем Мікалаевічам разам нядоўга. Набірала моц тэлебачанне, і Беларусі было патрэбна сваё, беларускае тэлебачанне. Выбар Пятром Міронавічам Машэравым быў зроблены дакладны — Бураўкін. Ствараць новае заўсёды цяжка. Цяжка давялося і Генадзю Мікалаевічу. Я гэта ведаю, таму што і сам пасля яго прызначэння на новую пасаду дзесьці праз паўгода аказаўся на рабоце ў ЦК КПБ і шмат чаго давялося ведаць і бачыць.
Стварэнне свайго нацыянальнага тэлебачання для некаторых здавалася святатацтвам. Ды і слова «нацыянальнае» ў той час не ўжывалася — гаварылі: сваё, беларускае. Дайшло да таго, што пытанне было вынесена на пасяджэнне Бюро ЦК КПБ, на якое Бураўкіна не запрасілі. Яго прапаноўвалася вызваліць ад пасады і выключыць з партыі. Але «распраўшчыкаў» астудзіў першы сакратар ЦК КПБ Ц. Я. Кісялёў. Генадзь Мікалаевіч застаўся на пасадзе, запушчаная ім праграма засталася ў эфіры, застаўся і не са скалечаным лёсам цудоўны паэт Бураўкін, які пазней разам з Васілём Раінчыкам напіша для беларускага тэлебачання «Калыханку», пад якую засынае ўжо не адно пакаленне беларускіх дзетак.
Генадзю Мікалаевічу ўдалося адстаяць беларускае тэлебачанне і займець адданага сябра і паплечніка Валянціна Блакіта, які на той час, пасля працы ў Гродненскім абкаме, узначаліў сектар тэлебачання і радыё ЦК КПБ, бо станаўленне такой складанай арганізацыі патрабавала не аднаго года працы, якая працягвалася да 1990 года, пакуль Генадзь Мікалаевіч не быў прызначаны пастаянным прадстаўніком Беларускай ССР пры ААН.
Яшчэ ў час працы ў «Маладосці» мы з Генадзем Мікалаевічам зрэдку выязджалі ў грыбы. І заўсёды з намі быў то хтосьці са спевакоў з опернага тэатра, то мастак, то акцёр… У яго было шмат знаёмых з творчай інтэлігенцыі, тыя знаёмствы былі нечаканымі і прыемнымі мне, абмежаванаму рэдакцыйнымі знаёмствамі.
Так, як «Маладосць» звяла нас з Бураўкіным, гэтак на доўгія гады зблізіў і лес. Хоць і не адпускала служба, усё ж у выхадныя ў грыбную пару мы маглі дазволіць сабе паездку ў лес. Паступова склаўся і амаль пастаянны «экіпаж»: Генадзь Мікалаевіч, Валянцін Блакіт, Сяргей Законнікаў і я.
Генадзь Мікалаевіч не быў зацятым грыбніком, хаця без грыбоў мы ніколі не вярталіся. Ён любіў пабыць у лесе. Зводдаль я назіраў часам, што ён не так грыбы вызірае, а проста любуецца лесам. Я ведаю, што лес мае сваю, уласцівую толькі яму магію. І яна вабіла яго. Валянцін Блакіт і Сяргей Законнікаў былі нястомныя паляўнічыя на баравікоў. А мне хацелася выглядзець лесавога звярка, што ў лесе не так і проста.
Спачатку нашым любімым месцам быў лес ля Белага Бору ў Валожынскім раёне. Пасля таго, як яго пасыпала чарнобыльскім попелам, мы ездзілі за Магільнае, у лес, які пачынаўся за вёсачкай Язвін. Нахадзіўшыся ўдосталь, перад выездам дадому спыняліся на ўскрайку сасновага бору, які рос на пагорку, ля ссунутых з поля валуноў. Адсюль была відаць вёсачка, поле, якое паўкругам аддзяляла яе ад лесу. Калі на гэтым полі пад восеньскім сонцам зелянела рунь, прыгажосць была неімаверная. Мы пяклі на ражэньчыках сала і любілі паслухаць расказы Генадзя Мікалаевіча. Расказчык ён быў цудоўны, а жыццё падаравала яму шмат сяброў, знаёмых і проста сустрэч з цікавымі людзьмі. Мне хочацца верыць, што ён пакінуў пасля сябе запісаным тое, што ведаў.
На жаль, тыя нашы лесавыя выездкі скончыліся, калі не стала Валянціна Блакіта. Ды і многага не стала ў жыцці, што збірала нас разам: не стала Дома літаратара, які быў культурным асяродкам горада, а потым і рэдакцыі перасталі быць своеасаблівымі літаратурнымі клубамі...
Цяпер, калі перачытваў Генадзя Бураўкіна і ўгледзеў яго прысвечаныя любімай жонцы Юлі радкі: «Юнацтва сінія арэлі // Ляцяць між небам і зямлёй», яны з той жа пранізлівасцю, як і паўвека назад, працялі мяне. Не, гэта не сказана, гэта не напісана — гэта выдыхнута душой паэта ў вечнасць, і яно застанецца назаўжды ў зямным эфіры.
Няўдзячная справа — тлумачыць творчасць пісьменніка, тым больш паэта. Паэзію трэба чытаць і мець на яе слых і душу. Пра творчасць Генадзя Бураўкіна напісана многа. І пра надзённасць, і пра сацыяльную, нават палітычную вастрыню, і, вядома ж, пра яго цудоўную лірыку. Што зроблена — тое зроблена, каму спатрэбіцца — прыгодзіцца. У добрага гаспадара павінна быць усё. З-за гэтага багацця, мабыць, пішучымі не заўважалася, як ён умеў тонка пісаць прыроду, менавіта пісаць прыроду, а не пра прыроду.
…Мне помніцца да драбніц ласкавы раннявосеньскі адвячорак. Мы сядзелі з Генадзем Мікалаевічам у бальнічным дворыку. Тады добра скончыліся ўсе яго абследаванні, і ён быў у добрым настроі. Гаварылі пра ўсё, радыя, што можам вось проста так сядзець і гаварыць. Згадаўшы ягоную апошнюю падборку вершаў, я спытаўся: «Не заўважаеш сам, стары рэдактар, што за радкамі пакрысе, але праступае самота?» Генадзь усмешліва зірнуў на мяне і адказаў сур’ёзна, па-мужчынску: «А што зробіш, Алесь, да таго ідзём…»
Генадзь Бураўкін пражыў сапраўднае вялікае жыццё і як чалавек, і як паэт, і як адданы сын сваёй Беларусі. Хварэў і паміраў ён цяжка, змагаўся да апошняга дыхання — і адыйшоў, не страціўшы сваёй чалавечай годнасці ні перад людзьмі, ні перад Госпадам.