Родная душа. Згадваючы Генадзя Бураўкіна

Ад самага пачатку я ўсведамляў, хто ёсць Генадзь Бураўкін для літаратуры, для краіны, для гісторыі, і таму практычна ўсе гэтыя гады занатоўваў нашы гутаркі. Некаторыя з іх і хацелася б прыгадаць. 28 жніўня Генадзю МІкалаевічу споўніўся б 81 год.

Фота Сяргея Шапрна

Фота Сяргея Шапрна

Першай сустрэчы з Генадзем Мікалаевічам не прыгадаю. Зыходзячы з дарчага надпісу на кнізе «Выбранага»: «Сяргею Шапрану, якога заўсёды чытаю з цікавасцю, — са спадзяваннем, што і ён мяне прачытае з разуменнем. Генадзь Бураўкін. 16.VІ.1999 г.», — знаёмства адбылося недзе ў той час. Спачатку гэта былі, вядома, звычайныя дзелавыя стасункі: як журналіст я звяртаўся да яго з просьбамі пра інтэрв’ю і за каментарамі да нейкіх падзей, аднак незаўважна «службовыя» стасункі паступова перараслі ў адносіны проста прыязна-чалавечыя. Здаецца, упершыню адчуў гэта, калі, збіраючыся летам у вёску, завітаў да Генадзя Мікалаевіча, і ён — мажны, пасівелы чалавек, які, як мне тады здавалася, толькі ў сваёй паэзіі, але ніяк не ў жыцці, здольны быць пяшчотным і наіўна-безабаронным, — нечакана папрасіў: «Калі будзеш праязджаць праз Расоншчыну, спынішся і ціхенька скажаш: “Прывітанне ад Генькі”. Генька — гэта так мяне клікалі там у маладосці…»

Тыя адносіны канчаткова ўмацаваліся, калі я пачаў пісаць кнігу пра Васіля Быкава: мы тады часта сустракаліся і гутарылі пра Васіля Уладзіміравіча, прычым Бураўкін падтрымліваў мяне ўсе тыя амаль пяць гадоў, пакуль пісалася-збіралася кніга. Увогуле, па вялікім рахунку, адзінай маральнай апорай у тыя не дужа спрыяльныя для мяне пяць гадоў былі толькі два чалавекі: Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін…

Трэба сказаць, што няхай, вядома, не ў поўнай меры, але ад самага пачатку я ўсведамляў, хто ёсць Генадзь Бураўкін для літаратуры, для краіны, для гісторыі, і таму практычна ўсе гэтыя гады занатоўваў нашы гутаркі і сустрэчы. Некаторыя з іх і хацелася б прыгадаць.

17 чэрвеня 1999 г. 19-га — 75 гадоў Быкаву. Доўга гутарылі з Бураўкіным пра Васіля Уладзіміравіча, дык сярод іншага Генадзь Мікалаевіч распавёў: «Ужо калі я вярнуўся з камандзіроўкі з-за акіяна, з пасады пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, мне была зроблена даволі хітрая прапанова: я, маўляў, мог бы разлічваць на высокую пасаду, калі б прынародна адмовіўся ад сяброўства з Быкавым. Ішоў, відаць, 1994 год. Я адказаў: “Перадайце вашаму патрону (гэтая прапанова была перададзена праз аднаго чалавека), што на свеце няма і не будзе такіх пасад, за якія я мог бы прадаць маё сяброўства з Васілём Быкавым”. Я на самай справе ганаруся гэтым сяброўствам і вельмі шаную яго. Ведаю, што і Васіль таксама ставіцца да мяне па-сяброўску. І гэта, можа быць, найвышэйшая з адзнак, пра якія я мог бы марыць».

11 снежня 2000 г. Генадзь Мікалаевіч распавёў, як цэнзура ледзь не спляжыла яго новую кнігу «Паміж зоркай і свечкай»:

— Гэтая кніга для мяне прынцыповая найперш таму, што гэта не чарговы зборнік вершаў — гэткі «мяшок», куды «скідваюць» напісанае, пакуль ён не будзе поўны. Я задумваў кнігу як нешта суцэльнае, арганічнае, са сваім настроем, са сваёй унутранай «драматургіяй». Гэта — менавіта кніга. Здаючы рукапіс у выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якім выйшлі практычна ўсе мае кнігі, я, безумоўна, разумеў, што сітуацыя ў кнігавыдавецкай справе складаная — фінансаў не хапае, і не прэтэндаваў на асаблівую ўвагу, разумеючы, што прыйдзецца стаяць «у чарзе» разам з калегамі і сябрамі.

Аднак мінаў час, а ніякага руху не было. І стала відавочна, што ў выдавецтва няма жадання не тое, што паспрыяць выхаду кніжкі, а наогул праявіць да яе хоць бы якую-небудзь увагу. Ведаючы пра тыя стасункі, якія склаліся паміж некаторымі нашымі пісьменнікамі і ўладай, я зразумеў, што ляжаць мне і ляжаць! Усвядоміўшы гэта, я зрабіў тое ж самае, што і Васіль Уладзіміравіч Быкаў, які забраў з «Мастацкай літаратуры» рукапіс кнігі «Сьцяна». Не магу сказаць, хто канкрэтна «замарозіў» выданне майго рукапісу. У наш час цяжка даведацца, хто ў сапраўднасці стаіць за падобнымі рашэннямі. Звычайна хітра кажуць: «Хтосьці». Сам жа гэты «хтосьці» твар, натуральна, не адкрывае...

Аднак, на маё шчасце, дапамогу прапанаваў пісьменнік і выдавец Яўген Лецка і яго выдавецтва «Бацькаўшчына». Рукапіс мы здалі ў маладзечанскую друкарню «Перамога». Прычым ні я, ні Лецка па зразумелых прычынах гэты факт не афішавалі. Як раптам Яўген паведаміў, што нехта з друкарскіх чыноўнікаў хоча выключыць з кніжкі тры вершы. Мяне гэта здзівіла: з якіх гэта часоў друкарня атрымала права цэнзуры або, скажам так, літаратурнай крытыкі?! Зрэшты, гэтая быццам бы самадзейная ініцыятыва здалася мне не такой ужо і немагчымай, бо калі сяржант міліцыі падчас мітынгу замест таго, каб займацца аховай парадку, бярэ на сябе смеласць ацэньваць, хто, што і як кажа, гэта ўсё з той жа песні! Я прапанаваў: калі хочуць, няхай вершы здымаюць, і кніга выходзіць з белымі старонкамі. Гэта будзе цікавы факт у біяграфіі і маёй, і выдавецтва. Аднак у друкарні працуюць не такія ўжо някемлівыя людзі — яны, вядома, не пагадзіліся.

Самае цікавае, што тыя тры вершы ў свой час былі ўжо апублікаваны — у «Народнай газеце» (падкрэслю: не ў «Народнай волі»!), у «Звяздзе» і часопісе «Беларусь». Усё гэта — дзяржаўныя выданні, там працуюць досыць прафесійныя рэдактары, якія не прапусцілі б палітычную крамолу або літаратурную «невнятицу». Таму я і сказаў сваё рашучае «не». А каб не ўзнікала абвінавачанняў у тым, што аўтар залішне амбіцыйны, прапанаваў (перамовы ішлі праз Яўгена Лецку): я гатовы ў любы час сустрэцца з чалавекам, каму гэтыя мае вершы не спадабаліся. Ён выкажа свае прэтэнзіі, і, можа быць, я іх прыму. Тады, паціснуўшы яму руку, ад душы падзякую за тое, што ён засцярог мяне ад таго, што я мог апублікаваць няправільныя і дрэнныя вершы. А магчыма, я змог бы даказаць яму, што калі пісаў, думаў пра нешта разумнае... Зрэшты, мой рэцэнзент або крытык — не ведаю, як яго назваць, — не захацеў здымаць маску: мы не сустрэліся, а кніжка ўсё-ткі выйшла з «сумнеўнымі» вершамі…
Вось адзін з тых трох вершаў:
Чорнай навалаю коціцца зверхуГвалт небывалы,Раз’ятраны вэрхал.У кіраўнічых суровых прамовахБэсціцца зноў беларуская мова:Быццам бы наскія словы не здатныВыказаць талент і розум выдатны.Новай уладзе не пашанцавала —Хоць да спадобы ёй бульба і сала,І самазвалы,І фермы,І нівы,Непераборлівы люд наш цярплівы,Бор карабельныІ мёд верасовы, —Косткаю ў горле —Народная мова.
Колькі цкавалі яе і глумілі,А не складае падбітае крылле,А ўсё жыве і ніяк не канае —Песня азёрная,Казка лясная.
Перажыла наша родная моваІ Бенкендорфа, і Мураўёва,Панскія здзекі,Чэкісцкія чысткі,Рогат імперскі,Вырак фашысцкі...
Тых,Што з трасянкаю ў галаве,Перажыве!..

З Андрэем Макаёнкам і Васілём Быкавым. 1973 г. Фота Уладзіміра Крука

З Андрэем Макаёнкам і Васілём Быкавым. 1973 г. Фота Уладзіміра Крука


29 жніўня 2001 г. Генадзю Мікалаевічу — 65. Першым учора яго павіншаваў, патэлефанаваўшы з замежжа, Васіль Быкаў, потым былі віншаванні ад Янкі Брыля, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Анатоля Кудраўца, ад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ніякіх урачыстых мерапрыемстваў Бураўкін не наладжаваў — па-сямейнаму адзначыў дзень нараджэння з калегамі з газеты Аляксандра Старыкевіча «Беларускі час», увечары прымаў дома самых блізкіх людзей, а ўжо сёння я распытаў Генадзя Мікалаевіча пра мінулае. Вось толькі адзін эпізод з яго журналісцкага досведу:

— Яшчэ адна «правдистская» гісторыя звязаная з вайсковымі вучэннямі «Дзвіна», якія праходзілі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Мне тады тэрмінова далі заданне выехаць у раён вучэнняў, а канкрэтна — у штаб, дзе я павінен быў знайсці кіраўніка прэс-цэнтра генерала Рабава. А як на бяду, тэрмін дзеяння майго «правдистского» пасведчання тады якраз скончыўся, падоўжыць яго я не паспеў — для гэтага трэба было ехаць у Маскву. Што было рабіць? Указанне выязджаць на вучэнні даў сам Міхаіл Васільевіч Зімянін, галоўны рэдактар «Правды». Прыйшлося тэрмінова ехаць.

Ад генералаў у штабе было не праціснуцца! І вось я, у сваёй дублёначцы, пытаюся ў гэтых вельмі важных людзей, дзе знайсці Рабава. Раптам адзін генерал (відаць, збіраючыся паставіць мяне па стойцы «смірна») строга спытаў: «А хто вы, уласна кажучы, такі?!» — «Карэспандэнт газеты “Правда”». — «Прад’явіце пасведчанне». Я прад’явіў! «Ага! — чамусьці ўзрадаваўся генерал. — Пасведчанне ў вас несапраўднае! А дзе, цікава, ваш пропуск?! Дзе вашы акрэдытацыйныя паперы?!» — «Няма ў мяне нічога, — адказаў я. — Усё гэта я і хачу атрымаць». — «Во як!..» — генерал пачаў шукаць афіцэра, каб, відаць, арыштаваць мяне. Адначасова ж задаў забойнае пытанне: «Як вы сюды праніклі?!» Не ведаю, што мне падказала, аднак я сказаў: «Гэта я, як карэспандэнт “Правды”, хачу спытаць у вас: як гэта без пропуска, з пратэрмінаваным пасведчаннем мне ўдалося пракрасціся ў штаб?!» Генерал разгубіўся. І ў гэты час на маё шчасце з’явіўся кіраўнік прэс-цэнтра, які ўручыў мне ўсе неабходныя дакументы.

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана


29 кастрычніка 2004 г. Быў у Бураўкіна, гаварылі пра яго новую кнігу «Жураўліная пара», рукапіс якой ён спачатку па традыцыі занёс у «Мастацкую літаратуру» — у выдавецтва, з калектывам якога звязаны практычна ўвесь яго літаратурны лёс. І неўзабаве «Жураўліная пара» была ўнесена ў тэматычны план выдавецтва на 2003 год. Праўда, спачатку там паскардзіліся, што, маўляў, час сёння такі — на беларускую паэзію заказаў мала. Але ў выпадку з «Жураўлінай парой» прычын для турбот не было — колькасць папярэдніх заказаў выхад кнігі гарантавала. Аднак у 2003-м яна не выйшла — абяцалі выдаць у 2004-м… Тым часам у пісьменніцкіх колах даўно гаварылі пра «чорны спіс» літаратараў — тых, каго загадана не друкаваць у сілу іх «апазіцыйнасці». «Урэшце я зразумеў, — гаварыў Бураўкін, — што хоць адмовіць мне пад добрапрыстойнай падставай не могуць, але і выпускаць кнігу не збіраюцца. Тады я і напісаў заяву: у сувязі з відавочным нежаданнем выдаваць кнігу рукапіс прашу вярнуць». У недзяржаўным жа выдавецтве «Беларускі кнігазбор» да «Жураўлінай пары» і аўтара паставіліся больш чым добразычліва. Вынік — «восеньская» кніга Бураўкіна выйшла якраз восенню. Для Генадзя Мікалаевіча падзея, па яго прызнанні, неардынарная. Праўда, заўважаў, радасць ад яе ў яго ўзросце не павінна быць такой відавочнай. «Я памятаю, якое гэта было неверагоднае шчасце, калі выйшла першая мая кніга! — прыгадваў Бураўкін. — Ужо не ведаю, колькі разоў я яе тады перагартаў-перачытаў! Потым былі іншыя кнігі, якія выходзілі ў Мінску і Маскве, на іншых мовах. Да самога факту іх з’яўлення я неяк прызвычаіўся, і ранейшага ашаламляльна радаснага адчування ўжо не было. Але цяпер такі час, што гэтае пачуццё вярнулася — настолькі рэдка выходзяць кнігі... Я сапраўды невыказна рады, што мая “Жураўліная пара” выйшла, што такім чынам перагорнута яшчэ адна старонка ў маім жыцці».

Казаў яшчэ Генадзь Мікалаевіч пра намер узяцца за мемуары, нават назву прыдумаў — «Вузлы памяці». Я нагадаў, як некалі ён сказаў пра Быкава: «Калі Васіль напісаў успаміны, я зразумеў, што ён пастарэў. У мяне ж такога адчування няма, таму і не пішу ўспамінаў». Значыць, запытаўся я, цяпер такое адчуванне з’явілася? «Лічы, Сярожа, што і я ўжо пастарэў, — адказаў Бураўкін. — Раней у мяне не было адчування, што мне ўжо час прыгадваць, а цяпер яно ёсць — што мне час пачынаць фіксаваць тое, што было важна для мяне ў гэтым жыцці. Гэтае рашэнне выклікана яшчэ і тым, што апошнім часам шмат начытаўся і наслухаўся ўспамінаў знаёмых мне людзей, якія вельмі ўмела кажуць паўпраўду, а часта і няпраўду. І хачу, каб засталіся і мае сведчанні. Я не патрабую, каб лічылі тое, што напішу, канчатковай ісцінай, але хацеў бы, каб тыя, хто будзе потым ацэньваць тыя падзеі, у якіх я браў удзел, і людзей, з якімі быў добра знаёмы, прымалі пад увагу і мой пункт гледжання…»

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Фота з архіву сям'і Бураўкіных

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Фота з архіву сям'і Бураўкіных


Зрэшты, не ўсё Генадзь Мікалаевіч гаварыў пад дыктафонны запіс, у тым ліку, напрыклад, пра тое, як яго запрасіў на працу ў «Правду» Міхаіл Зімянін. Увогуле распавядаў цяпер пра гэта, як сам адзначыў, з той мэтай, што ў тыя часы нельга было меркаваць пра людзей адназначна. «Гэта пра Лукашэнку можна судзіць адназначна, пра Шэймана, а пра таго ж Машэрава — не». І хоць Быкаў, па яго словах, даў Машэраву адназначную характарыстыку, але Бураўкін і Быкаву гаварыў, што прытрымліваецца іншай думкі.

— Машэраў прызначыў мяне старшынёй тэлерадыё, мяне, «нацыяналіста»! — казаў Генадзь Мікалаевіч. — Ён некалькі месяцаў мяне ўгаворваў, а я адмаўляўся! Пакуль нарэшце не сказаў: «Вось у мяне трыццаць прэтэндэнтаў, а ты прымушаеш сябе ўгаворваць! Я не магу адкрыта выказвацца ў падтрымку беларускай мовы, інакш мяне назавуць нацыяналістам. Я — не магу, а ты — рабі!» І пра Брэжнева сам-насам Машэраў мне гаварыў: «Ты што, думаеш, я не лічу яго, як і ты, ідыётам? Я ўсё цудоўна разумею. Але калі буду казаць адкрыта, мяне здымуць. І што мне з таго? — ну, атрымаю добрую пенсію, але на маё месца дашлюць кагосьці іншага, і для рэспублікі ад гэтага можа быць горш».

Гэта, можа быць, Машэраў толькі аднаму мне сказаў. І я, лічу, павінен пра гэта напісаць. Так, можа быць, ён не быў шчыры, можа быць, ён быў са мной артыстам — ён жа ведаў, што я літаратар і магу пра гэта напісаць. І калі Машэраў прызначыў мяне старшынёй тэлерадыё, ён сказаў, што загадзя папярэдзіць, калі яго будуць здымаць. «Тады, — сказаў, — альбо ты сам сыдзеш, альбо я табе прапаную іншае месца, гледзячы, якія будуць вакансіі». Гэтаксама і Зімянін запрасіў мяне, каб пагаварыць. Я быў малады і паводзіў сябе, напэўна, нават нахабна. Зімянін запытаўся пра маё стаўленне да Быкава.

Я адказаў: «Давайце лепш не будзем гаварыць пра гэта, бо Быкаў — мой сябар”. — «Дык што ж, — перапытаў Зімянін, — калі сябар, дык і крытыкаваць нельга?» — «Можна, але не так, як гэта робіцца ў адносінах да Васіля, у тым ліку ў “Правде”...» Ужо потым Зімянін сказаў, што ўзяў мяне ў «Правду» менавіта за маю чэснасць, паколькі я ж не мог не разумець, якое існуе ў «Правде» стаўленне да Быкава і што ў прынцыпе я павінен быў бы сказаць, але не сказаў... Пазней, калі Васіль напісаў «Сотнікава» — аповесць яшчэ не была апублікавана, але Зімянін, не ведаю, якім чынам, даведаўся пра гэта, спытаў аднойчы: «Быкаў быццам бы напісаў новую аповесць. Вы яе чыталі?» — «Чытаў». — «І як?» — «Лічу, што гэта самая моцная яго рэч». — «А вы не маглі б даць пачытаць, аднак каб пра гэта ведалі толькі вы і я, і больш ніхто». — «Але яна на беларускай мове». — «А вы думаеце, што я ўжо і забыўся беларускую мову?!» (Зімянін жа ў юнацтве нават вершы пісаў па-беларуску.)

І калі мы сустрэліся з Васілём, я распавёў пра размову з Зімяніным, бо не мог жа я яму не сказаць. У адказ Васіль моцна паморшчыўся, аднак я пераканаў яго, што варта даць пачытаць... Потым ужо Зімянін сказаў, што аповесць яму спадабалася. «А што, калі мы дамо ў “Правде” кавалак з аповесці? Як паставіцца да гэтага Быкаў?» — запытаўся ён. Я адказаў, што добра было б. Але калі распавёў пра гэта Васілю, ён засумняваўся: а ці варта, якія могуць быць наступствы? І, бачачы такія ягоныя сумненні, я не стаў нагадваць пра аповесць Зімяніну, а сам ён больш пра яе не загаворваў.

Яшчэ адна гісторыя. Вырашыў Генадзь Мікалаевіч напісаць да дня нараджэння Змітра Паўлычкі невялікае віншаванне ў газету. Патэлефанаваў знаёмаму ў «Звязду» (не ўзгадаю прозвішча): маўляў, ці можа быць апублікавана? «Вядома, — адказаў той, — толькі невялікі артыкул пішы». «Аднак ведаючы, якое існуе да мяне стаўленне, — працягваў Генадзь Мікалаевіч, — папрасіў яго: “Ты схадзі да рэдактара (з якім, між іншым, мы даўно знаёмыя) і ўдакладні — ці варта пісаць? Мне самому няёмка яму тэлефанаваць, бо калі нельга будзе надрукаваць, дык яму будзе няёмка мне адмовіць. А ты мне ўжо потым прама скажаш”. Ужо не ведаю, ці хадзіў ён да рэдактара, аднак калі я патэлефанаваў на наступны дзень, ён сказаў: “Пішы!” Ну, і я напісаў невялічкі артыкул, на тры з паловай старонкі. Сам аднёс, зрабіў гэта за тыдзень да дня нараджэння Паўлычкі.

Дамовіліся, што будзе апублікавана менавіта ў дзень яго нараджэння. Прычым мяне запэўнілі, што рэдактару спадабалася, і надрукавана будзе дакладна. І вось вяртаюся са сваіх “лясоў”, хачу патэлефанаваць Дзмітру, але спачатку вырашыў адкрыць газету, а там — нічога! Тэлефаную [Бураўкін назваў прозвішча свайго знаёмага са «Звязды»]: “Як жа так?!” Той адказвае: “Я сам здзіўлены! Учора матэрыял быў на паласе. Я, супакоены, пайшоў дадому, а сёння яго ўжо няма!” — “Схадзі спытай у рэдактара”. Тым часам я патэлефанаваў Паўлычку, але яго не было дома, дачка сказала, што пайшоў да Кучмы. Тэлефаную ў “Звязду” — не дазваніцца. Зноў патэлефанаваў Паўлычку. Ён распавядае: быў у Кучмы, сам-насам. Кучма адразу запрасіў у асобны пакой, дастаў пляшку каньяку, закуска была ўжо падрыхтавана.

Павіншаваў з днём нараджэння, сказаў, што падпісаў указ аб узнагароджанні званнем Героя Украіны. «Ты, маўляў, будзеш здзіўлены, але я не такі дурны, як вы ўсе ўяўляеце, — сказаў Кучма. — Я ведаю, што ты ў апазіцыі. Але ты быў і будзеш, а Кучма быў прэзідэнтам, потым — не будзе. Быў Краўчук прэзідэнтам — быў Паўлычка. Быў Кучма — быў Паўлычка. Будзе нехта іншы пасля Кучмы — Паўлычка ўсё роўна будзе. Калі будзе прэзідэнт горшы за Кучму, тады той час, калі я быў прэзідэнтам, будуць прыгадваць па-добраму. Будзе лепшы — аплююць тыя часы, калі Кучма быў прэзідэнтам. Але хто-небудзь, можа, потым прыгадае, што быў такі ўказ аб узнагароджанні Паўлычкі, пад якім будзе стаяць прозвішча Кучмы. І скажуць: “А не такі ўжо дурны быў гэты Кучма!”».

Ужо потым Бураўкін дазваніўся рэдактару «Звязды» — той кажа: «Вы разумееце, рэклама, такія часы...» Тады Бураўкін паведамляе, што Паўлычку дадзена званне Героя Украіны. «Гэта іншая справа, — адказвае рэдактар. — Абавязкова апублікуем». — «Напішыце пра званне ў пастскрыптуме і павіншуйце ад майго імя або ад імя рэдакцыі». Пра ўсё дамовіліся, але ў прызначаны дзень артыкул не выходзіць! Бураўкін зноў патэлефанаваў рэдактару: «Можа, справа ў маім імені? Можа, варта было падпісацца псеўданімам?» — «А можа…» — пагадзіўся быў рэдактар, аднак тут жа спахапіўся і змоўк.

«Але ты ж разумееш, — працягваў Генадзь Мікалаевіч, — што Паўлычку не патрэбныя віншаванні ад псеўданіма — яму патрэбныя віншаванні альбо ад майго імя, альбо ад імя Барадуліна. Таму я сказаў рэдактару: “Калі матэрыял не выйдзе ў пятніцу, забараняю вам яго друкаваць і аддаю ў іншую газету, але пры гэтым вымушаны буду распавесці гісторыю, чаму віншаванне з’явілася так позна”. І матэрыял нарэшце надрукавалі. Мабыць, рэдактар параіўся дзесьці “наверсе”, бо сам ён, вядома, не мог прыняць такое рашэнне…

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана


4 лістапада 2004 г. Генадзь Мікалаевіч падараваў сваю новую кнігу, у якой быў ужо такі надпіс: «Сяргею Шапрану, маладому майму сябру, з якім мне добра і лёгка ў маёй восені. Генадзь Бураўкін. 2.ХІ.2004 г.» Нечаканы для мяне па сваёй цеплыні аўтограф. Збянтэжаны, я пажартаваў, што калі з’явіцца мая кніга, дык падпішу: «Майму старэйшаму сябру». — «Нічога тут запярэчыць не магу», — лагодна ўсміхнуўся Бураўкін.

Потым мы гадзіны паўтары гутарылі, дакладней — распавядаў Генадзь Мікалаевіч. Так, у адказ на маё пытанне, сказаў, што верш «Шаноўны дружа мой…» у яго новай кнізе прысвечаны Нілу Гілевічу. «Ніл пра гэта ведае, — гаварыў Бураўкін. — Верш калісьці быў апублікаваны ў “Народнай волі”. Тады мне патэлефанаваў Мікалай Матукоўскі, спытаў: “Гэта Нілу прысвечана?” — “Так”. — “Ён пакрыўдзіцца”. — “Пакрыўдзіцца, а потым адыдзе”. Затым ужо Ніл патэлефанаваў Мікалаю — спытаў: “Ты чытаў, што наш сябар пра мяне напісаў?..”

Гэта бяда Ніла. Ён сапраўды шмат зрабіў для беларускай літаратуры, для беларускай мовы, але ён такой ужо высокай думкі пра сябе! Ну, нельга ж так! Нядаўна, у верасні, у Доме літаратара была вечарына Ніла. Я не пайшоў, і правільна зрабіў. І добра, што Рыгор не пайшоў, — мы б не вытрымалі. Потым мне расказвалі, што нехта (здаецца, гэта быў Уладзімір Конан), выступаючы, сказаў: “Хто такі Гілевіч? — гэта Якуб Колас і Янка Купала разам узятыя”. Іншы на месцы Гілевіча аджартаваўся б, а Ніл сказаў: “Я рады, што некаторыя з маіх сяброў разумеюць, хто такі Ніл Гілевіч”. Сумна, калі гэта Конан сказаў, бо калі б нейкая экзальтаваная жанчына... Мікалай у канцы жыцця таксама разышоўся з Нілам — пасля таго, як той напісаў ліст у “БДГ”.

Потым Ніл напісаў ліст ужо Мікалаю. Ну, раз напісаў, дык Мікалай таксама лістом адказаў. Ён мне даваў чытаць той ліст. Самае страшнае ў ім было (здаецца, гэта быў апошні абзац): “Ніл, задумайся: раней ты разышоўся з Васілём, потым ты разышоўся з Генадзем, зараз са мною. З кім ты застаешся?..” Праз месяц Мікалай памёр».

У звязку з гэтым аповедам Генадзь Мікалаевіч прыгадаў, як аднойчы сустрэліся Макаёнак і Чыгрынаў: «Іван ішоў і нешта думаў пра сябе, і тут сустракае Макаёнка. Іван кажа: “Вось іду і думаю (гаварыў ён звычайна на рускай мове, а дакладней — на магілёўскай трасянцы): у нас ёсць толькі два вялікія пісьменнікі...” — “Ну, першы — гэта я, — пажартаваў Макаёнак. — А хто другі?”».

Генадзь Мікалаевіч распавёў яшчэ пра Мікалая Дземянцея. Калі той быў сакратаром ЦК па сельскай гаспадарцы, неяк папрасіў пазнаёміць з Быкавым і Барадуліным: «Такія людзі, а я не знаёмы! Паехалі б куды-небудзь на прыроду, прыгатавалі б юшку! Але што параіш прачытаць перш, чым сустракацца? А то я ў літаратуры не разбіраюся». Бураўкін, параіўшы «Сотнікава» і «Знак бяды», барадулінскую «Баладу», яшчэ нешта, сказаў пра тое Барадуліну — ён у адказ: «Вядома-вядома!» Паведаміў Быкаву — той паморшчыўся: «Навошта?» — «Васіль, Дземянцей так кажа пра зямлю, пра ўсё, што з ёй звязана, што, можа, табе будзе цікава». — «Ну добра», — пагадзіўся Быкаў. Але сустрэча не адбылася, паколькі Бураўкін з’ехаў у Нью-Ёрк.

Калі ж Дземянцея прызначалі старшынёй прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Бураўкін напісаў на яго эпіграму, якую даслаў у лістах да сяброў. І вось вяртаецца ў Беларусь, а яму кажуць: «Якую выдатную эпіграму напісаў на Дземянцея Грахоўскі!» — «Якую?» — пацікавіўся Бураўкін, думаючы, што, можа, Грахоўскі напісаў нешта цікавейшае за яго. І Бураўкіну зачытваюць… яго ўласную эпіграму. «Дык гэта ж я напісаў!» — дзівіцца ён, а яму ў адказ: «Сяргей Іванавіч казаў, што ён». Сустрэўшыся неяк з Грахоўскім, Бураўкін спытаў: «Што ж вы кажаце, што гэта вы напісалі?» — «Ну, можа, і не я», — няпэўна адказаў Сяргей Іванавіч…

А калі Бураўкін яшчэ ўзначальваў Дзяржтэлерадыё, тэлефануе яму аднойчы Дземянцей — пасля таго, як па тэлевізары паказалі нейкі спектакль (што за спектакль — Бураўкін ужо не памятаў, але казаў, што нічога такога ў ім не было). «Што гэта ў цябе ўчора па тэлевізары было?!» — незадаволена пытаецца Дземянцей. Бураўкін у адказ: «А што вы лезеце не ў сваю справу, у тое, у чым не разбіраецеся?! Я ж не лез у вашыя пытанні, не раіў вам, калі вы былі сакратаром па сельскай гаспадарцы!» І Дземянцей пасля паўзы раптам кажа: «Гэта я раней лічыў, што не разбіраюся, а цяпер зразумеў, што вельмі нават разбіраюся!» Пра гэтую размову Бураўкін распавёў Быкаву: «Вось, Васіль, дару табе тыпаж: як чалавек, падняўшыся па службовай лесвіцы ўверх, лічыць, што разбіраецца ва ўсім, раз ужо яго на гэтую пасаду прызначалі». Быкаў пагадзіўся, што гэта цікава, але нічога пісаць на гэтую тэму не стаў.

11 мая 2006 г. Міністэрства юстыцыі ставіць пытанне аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў (такую заяву Мінюст падаў у суд). Бураўкін разам з Алесем Пашкевічам, Алесем Масарэнкам і яшчэ кімсьці з літаратараў абмяркоўвалі сёння ў Мінюсце гэтае пытанне. Падчас выступу ў Генадзя Мікалаевіча спынілася сэрца. Ён у рэанімацыі.

16 мая. Разам з Глебам Лабадзенкам былі ў Бураўкіна ў лечкамісіі. Генадзь Мікалаевіч выглядаў так, нібы нічога кепскага з ім не здарылася (пазней лекары паставілі дыягназ — інфаркт), таму я пажартаваў: «Генадзь Мікалаевіч, чаму вы так добра выглядаеце?!» Бураўкін у адказ: «Сябар называецца! — “чаму вы так добра выглядаеце?!”».

Я перадаў запіску, што напісаў Барадулін:

«Генадзь!

Пішу табе з Вушачы, дзе помняць цябе і жадаюць, каб ты хутчэй акрыяў. Усе бары й пералескі, усе азёры й рэкі (а іх пакуль яшчэ багата), усе дарогі й сьцяжынкі чакаюць цябе! Каб не захлынуцца ў чорнай скрусе без Бураўкіна ўсёй Беларусі, жыві сто год!

Чалом!

Рыгор

14.V.06».


10 чэрвеня. Калі быў у Бураўкіна, запытаўся, што ж усё-такі адбылося тады ў Міністэрстве юстыцыі:

— Тое, што адбылося, я больш ведаю не па ўласных успамінах, а з аповедаў іншых людзей, — казаў Генадзь Мікалаевіч. — У той дзень у мяне не было прадчування, што нешта такое можа здарыцца. Але справа, відаць, у тым, што гэта нядобрыя эмоцыі назапашваліся ў душы ўвесь апошні час. Я, як чалавек неабыякавы, не магу не рэагаваць на тое, што адбываецца ў роднай краіне. І, канешне, не мог не хваляваць мяне лёс Саюза пісьменнікаў, тым больш што я з’яўляюся адным з ветэранаў пісьменніцкай сям’і, з якой звязана літаральна ўсё маё творчае жыццё. Звязана не толькі з самім саюзам, але і з тымі людзьмі, якія некалі былі ў гэтай арганізацыі, узначальвалі яе і якія сапраўды засталіся ў душы народа, у яго памяці. Цяпер жа пастаўлена пытанне аб ліквідацыі саюза. Прычым з-за абсалютна несур’ёзных, фармальных, на мой погляд, прычын.

Гэта было для мяне сапраўднае ўзрушэнне. І таму, калі пайшлі суды, я хадзіў на іх і па абавязку душы сваёй, і проста па сваім характары. У мяне было адчуванне жахлівай нясправядлівасці ў адносінах калі не да самай святой справы ў гісторыі беларускай культуры, дык да адной з самых святых. Бо Саюз беларускіх пісьменнікаў — гэта і Янка Купала, і Якуб Колас, і Аркадзь Куляшоў, і Пімен Панчанка, і Максім Танк, і Іван Мележ, і Пятрусь Броўка, і Уладзімір Караткевіч, і Васіль Быкаў, і Алесь Адамовіч… Усё тое таленавітае, па чым зямлю нашу ведаюць ва ўсім свеце…

А порстскія чыноўнікі вырашылі адным махам «ліквідаваць» усё гэта! Такое, не пабаюся гэтага слова, злачынства перад беларускай гісторыяй не магло не хваляваць. Таму, калі Алесь Пашкевіч сказаў, што прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі хочуць неафіцыйна з намі пагаварыць, у гэтым мне ўбачыўся нейкі крок да прымірэння ці да пошукаў кампрамісу. Прычым было сказана, што пажадана, каб удзел у гутарцы ўзяў і я… У той час я жыў на лецішчы і паехаў проста з-за пісьмовага стала, спадзеючыся, што вярнуся праз некалькі гадзін…

Гаворка не была грубай, зняважлівай, але пазіцыі нашыя з прадстаўнікамі міністэрства ў той момант, калі я ўзяў слова, на жаль, не надта сыходзіліся. Я пачаў з таго, што з-за нявопытнасці маладых супрацоўнікаў апарата СБП фармальныя парушэнні нейкіх інструкцый і бюракратычных закаручак сапраўды былі, але гэта не настолькі сур’ёзна, каб гаварыць аб ліквідацыі арганізацыі, у якую, дарэчы, уваходзяць усе жывыя народныя пісьменнікі. І хай нехта збірае новую, «правільную» літаратурную суполку — на здароўе! Толькі не трэба дзеля таго, каб ствараць ім лёгкае, забяспэчанае дзяржавай жыццё, ліквідоўваць тое, што ўжо ёсць. Тым больш, што наш саюз мае перад нацыянальнай літаратурай такія заслугі, якіх у новага, даруйце, пакуль што няма…

На пасяджэнні Вярхоўнага суда рассыпалася адно з самых сур’ёзных, палітычных абвінавачванняў — быццам бы СБП правёў у Доме літаратара з’езд «казулінскай» Сацыял-дэмакратычнай партыі. Такім чынам, падстаў для ліквідацыі не засталося… Я гаварыў і міжволі адчуваў бяссілле перад тупой бюракратычнай сцяной: ты выкладаеш відавочныя аргументы, а яны не ўспрымаюцца! Відаць, гэта і было апошняй кропляй, якая прывяла да таго, што раптам я адчуў: мне не хапае паветра...

Пасля, як потым мне распавялі хлопцы, я сказаў: «Божа, а чаго я так хвалююся?», задрыжаў, пасінеў і ўпаў тварам на стол. Урачы сказалі, што ў мяне на чатыры хвіліны спынілася сэрца. На маё вялікае шчасце, побач быў Алесь Масарэнка — чалавек вопытны ў «сардэчных» справах: ён сунуў мне ў рот нітрагліцэрын і пачаў масаж сэрца. Калі праз нейкі час я прахапіўся, быў вельмі здзіўлены — чаму Алесь масажыруе мне грудзі і спіну і крычыць: «Дыхай, Генадзь! Дыхай!»? Памятаю, я падумаў: а чаго дыхаць? хіба я не дыхаю? І калі я, як у тумане, узняўся з крэсла, усе кінуліся з пытаннем: «Ну што? Ну як вы?!» Я пажартаваў у адказ: «Не дачакаецеся!» «Хуткая дапамога» прыехала хвілін праз дваццаць. Зрабілі ўколы і адвезлі мяне ў рэанімацыю… Дыягназ — буйнаачаговы інфаркт міякарда…

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана


30 лістапада 2006 г. У Палацы мастацтва адбылася творчая вечарына Бураўкіна. Напісаўшы артыкул пра гэта, прапанаваў у газету «Экспресс-новости», але яго не ўзялі. Вось гэты тэкст:

На мінулым тыдні ў Палацы мастацтваў адбылася творчая вечарына паэта Генадзя Бураўкіна. Прысутныя віншавалі Генадзя Мікалаевіча са жнівеньскім 70-годдзем. Праўда, ніхто нават да апошняга моманту не мог з упэўненасцю сказаць, ці адбудзецца гэтая вечарына. Сам жа Генадзь Мікалаевіч ехаў на ўрачысты юбілей, прыхапіўшы сардэчныя лекі…

70-годдзе Генадзь Бураўкін адзначыў яшчэ ў жніўні на сваім лецішчы ў Крыжоўцы ў невялікім коле сяброў. Ідэя хоць і прыпознена, але ўсё-такі павіншаваць любімага паэта, так бы мовіць, усім гуртом належыць народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Бандарэнцы. Аднак узнікла праблема з залай: адзінай установай, дзе быццам бы былі рады бачыць юбіляра і яго гасцей, аказаўся Палац мастацтваў. Але залу на дзвесці чалавек, калі спачатку давалі, дык затым быццам бы перадумалі. Ужо ў апошні момант з’явіліся чуткі, што адключаць электрычнасць. Тым не менш, у палове на сёмую зала была поўная. Калі ж з’явіўся сам Генадзь Бураўкін з жонкай Юліяй Якаўлеўнай, усе падняліся і віталі яго апладысментамі…

Адным з першых юбіляра павіншаваў ягоны сябра Рыгор Барадулін. «Шаноўнае спадарства, віншую вас са святам паэзіі, са святам паэзіі Генадзя Бураўкіна, — сказаў народны паэт Беларусі. — Генадзь Бураўкін — гэта цэлая эпоха ў нашым Адраджэнні. Там, дзе ён працаваў, была Беларушчына. Генадзь Бураўкін зрабіў беларускім тэлебачанне. Ён жа сваёй “Калыханкай” некалькі дзесяцігоддзяў калыхаў нашых дзяцей — будучых барацьбітоў за Беларушчыну. Генадзь Бураўкін у свой час зрабіў “Маладосць” лепшым і прэстыжным часопісам Беларусі, дзе выхоўваліся беларускія кадры паэзіі. Калі працаваў у ААН, ён першы падаў руку нашай эміграцыі літаратурнай. Там, дзе быў Бураўкін, была мудрасць і павага. Генадзь Бураўкін як паэт і як палітык шырокага маштаба — пасля Алеся Адамовіча і Васіля Быкава знакавая постаць у нашым беларускім жыцці. Вершы Генадзя Бураўкіна трэба чытаць душой. Ён не піша вершаў – ён іх выдыхае. Сам ён гаворыць: “Я іду да вершаў пешшу”. І таму пажадаю яму, каб яшчэ доўга яго ногі ішлі да выдатных вершаў!»

У сваю чаргу, прадстаўнік славутага роду Гарэцкіх акадэмік Радзім Гарэцкі выказаў думку, здаецца, усіх прысутных: «Нядаўна “Наша Ніва” звярталася з пытаннем: каго вы лічыце народным паэтам ці пісьменнікам? Я б таксама некаторых назваў, і мне вельмі прыемна, што ўсе гэтыя людзі менавіта з Саюза беларускіх пісьменнікаў, а не з саюза імя сенатара нашага… (Смех, апладысменты.) Але перш-наперш, канешне, народны сярод паэтаў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. (Апладысменты.) Калі б гэтае званне не з гары нехта спушчаў, а спытаў бы ў народа, дык і народ у першую чаргу назваў бы нашага Генадзя Бураўкіна. І гэта было б справядліва і правільна. Пакуль будзе жыць наш народ беларускі, будзе жыць і паэзія Бураўкіна. І — жыве Беларусь!»

Да слова сказаць, у гэты вечар у Палацы мастацтваў сабраўся цвет беларускай інтэлігенцыі: пісьменнікі Мікола Аўрамчык, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Тарас, Сяргей Законнікаў, Валянцін Болтач, Анатоль Кудравец, Алесь Петрашкевіч, Міхась Тычына, Алесь Пашкевіч, мастакі Уладзімір Басалыга, Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў, Васіль Шаранговіч, Алесь Марачкін, Уладзімір Вішнеўскі, Рыгор Сітніца, Кастусь Качан, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, былы кіраўнік «Вольнай сцэны» Валеры Мазынскі, пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, прыйшлі жонка Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна і дачка Алеся Адамовіча Наталля — усіх не пералічыць.

Затое незаўважаным не засталося, каго ў гэты вечар чакалі і, галоўнае, хто абяцаў быць, але так і не прыйшоў. Праўда, мастацкі кіраўнік «Песняроў» Леанід Барткевіч не змог прысутнічаць па аб’ектыўнай прычыне — яго ансамбль павінен быў выступаць у Маскве, аднак напярэдадні Барткевіч запісаў гукавое віншаванне юбіляру. Разам з тым цяжкае ўражанне пакінула паведамленне аб адсутнасці кампазітара Ігара Лучанка, народных артыстаў Беларусі Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Эдуарда Зарыцкага. Са сцэны тлумачылася, што ў іх у гэты дзень раптам з’явіліся неадкладныя справы; у кулуарах гаварылі аб тым, што ўлада паабяцала ім праблемы — у тым выпадку, калі прыйдуць віншаваць паэта. І калі апошніх трох яшчэ можна зразумець (таму што ўсё іх жыццё і творчасць не толькі звязаны з гэтай зямлёй, але і напрамую залежаць ад непрадказальнага настрою ўлады), дык патлумачыць паводзіны народнага артыста СССР і да таго ж пенсіянера Ігара Лучанка...

Некалі ў падобнай сітуацыі апынуўся і сам Бураўкін: калі толькі вярнуўся ў Беларусь з замежнай камандзіроўкі з Нью-Ёрку, яму прапанавалі нейкую высокую пасаду, але пры адной умове — калі ён прынародна адмовіцца ад сяброўства з Васілём Быкавым. Бураўкін адказаў на гэта: «Перадайце вашаму ўсемагутнаму патрону, што на свеце няма і не будзе такіх пасад, за якія я мог бы прадаць сяброўства з Васілём». Сапраўды, кожны свой выбар робіць сам. Як, напрыклад, зрабіў яго цяпер старшыня Саюза мастакоў Уладзімір Басалыга, які і прымаў рашэнне аб прадастаўленні памяшкання для гэтай вечарыны. І хоць яшчэ невядома, чым гэта можа скончыцца для саміх мастакоў, але ў адным яны могуць быць упэўнены — плямаў на іх сумленні не застанецца.

А між тым, сам юбіляр, расхваляваны тымі падзеямі, якія папярэднічалі вечарыне, паехаў на яе, прыхапіўшы сардэчныя лекі. Але калі зайшоў у залу і ўбачыў, колькі людзей сабралася, раптам злавіў сябе на тым, што сэрца яго балець перастала…

7 лістапада 2007 г. Бураўкін, патэлефанаваўшы, паведаміў, што два дні таму ў яго сябра Валянціна Болтача знайшлі рак, і цяпер Генадзь Мікалаевіч вырашыў не спяшацца з успамінамі, бо Быкаў напісаў успаміны — і памёр ад раку, цяпер вось Болтач, які таксама толькі што скончыў працу над успамінамі. «Мяне гэта вельмі напалохала», — шчыра прызнаўся Бураўкін.

22 лютага 2010 г. Заходзіў да Бураўкіна, каб забраць яго ліст да Барадуліна, які больш за тыдзень таму з пнеўманіяй патрапіў у рэанімацыю, таму я папрасіў Бураўкіна і Някляева напісаць лісты, каб перадаць іх праз Валянціну Міхайлаўну Барадуліну. Аддаючы свой ліст, Генадзь Мікалаевіч зачытаў яго ўслых:

«Дарагі, родны Рыгор!

Трымайся, дружа. Не забывай, што савецкія хворыя — самыя здаровыя ў свеце, і ты павінен пацвердзіць гэта сваім прыкладам.

Галоўнае — не сумнявайся, што ты не ўсё яшчэ зрабіў на нашай пакутнай зямлі, што партызанская цягавітая Ушаччына абавязкова дабавіць табе сілаў, а нядобразычліўцам і прыхадням ты не раз паспееш гукнуць: “Не дачакаецеся!”

Вельмі хачу неўзабаве пабачыць цябе вясёлым і аптымістычным, вострым на слова і дакладным на думку, якога даўно і аддана люблю.

Уся мая сям’я моліцца за цябе, а мама перадае табе шчырыя полацкія пажаданні выздараўлення і многіх год жыцця.

Абдымаю, браце.

Папраўляйся!

Твой Генадзь.

21.ІІ.2010 г.».


29 кастрычніка 2012 г. Патэлефанаваў Бураўкіну — ён учора прыехаў з лецішча, але хутка паедзе зноў, бо ў мінулыя выходныя моцны вецер зваліў сасну прама на дах дома. Сасну ўжо распілавалі, але цяпер трэба дах рамантаваць… Спытаў пра мае справы. Я распавёў, што нядаўна разам з Глебам Лабадзенкам былі ў Валянціны Уладзіміраўны, сястры Васіля Быкава, яна не думае, што дажыве да таго часу, калі ўсё гэта нарэшце скончыцца, калі не будзе Лукашэнкі. Дый я таксама, па шчырасці, сумняваюся, што дажыву да гэтага светлага часу. Бураўкін у адказ: «Кінь ты! Трэба доўга жыць…» І далей сказаў, як і на сваім 75-годдзі, што беларусы павінны жыць доўга, каб пасля ўсё паправіць і яшчэ папрасіць прабачэння ў Бога і ў нашчадкаў за тое, што нарабілі.

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін


3 сакавіка 2014 г. Учора раптоўна не стала Барадуліна… Патэлефанаваў Юліі Якаўлеўне, спытаў, ці хоча Генадзь Мікалаевіч напісаць развітальнае слова, каб Някляеў зачытаў яго падчас пахавання? І было чутно, як Бураўкін сказаў проста-такі не сваім, дужа цяжкім голасам: «Хачу». Дамовіліся, што ператэлефаную, але праз гадзіну Юлія Якаўлеўна сказала, што як ні спрабавалі нешта запісаць — нічога не выходзіць. Генадзь Мікалаевіч вельмі стаміўся і таму папрасіў зачытаць на пахаванні тое, што раней сказаў Радыё «Свабода» — там невялікае, але добрае яго слова. Так я і паступіў: раздрукаваў тое яго слова, якое Някляеў зачытаў падчас развітання ва Ушачах, каля дома дзядзькі Рыгора.

…Зрэшты, пра Барадуліна мы ўсё ж пагаворым з Генадзем Мікалаевічам, калі ён, адчуваючы, што засталіся ўжо лічаныя дні, пакліча мяне, каб прадыктаваць апошнія свае ўспаміны, якія ён так і сабраўся запісаць. І пачнем нашу гутарку з размовы пра Барадуліна, хоць Генадзь Мікалаевіч і скажа: «Гэты боль яшчэ вельмі блізкі…»