Марыя Рошчынская: сышла з МУС і маўчаць не стала

Лыжніца зборнай, якая пайшла з МУС, сутыкнулася з беззаконнем: родных забіралі ў РУУС з выбарчага ўчастка, а маме далі суткі за паход у касцёл.

cf3f22827fef082a78ac81d60cf93b60.jpg


23-гадовая лыжніца Марыя Рошчынская са зборнай краіны ў свой час брала прызы на чэмпіянатах Беларусі, удзельнічала ў юніёрскіх і моладзевых чэмпіянатах свету, а год таму перамагала на ЧБ сярод супрацоўнікаў МУС, бо сама лічылася ў гэтай структуры. Але праз некалькі месяцаў пайшла супраць сістэмы: адмовілася ад службы, сканцэнтраваўшыся на спорце, галасавала супраць дзейнай улады, а ў жніўні падпісала ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Зрабіла гэта і яе родная сястра Ганна, якая таксама яшчэ некалькі гадоў таму была членам нацыянальнай зборнай: спачатку ў якасці спартсменкі, а пасля — у ролі масажыста.

Выступленне за перамены ў сям’і Рошчынскіх гранічна зразумела. Ганна разам з мамай на сабе выпрабавалі беззаконне, якое пануе ў Беларусі: былі незалежнымі назіральнікамі на выбарах у школе, дзе калісьці вучыліся Ганна і Марыя, трапілі за краты і атрымлівалі штрафы, выходзячы на мітынгі ў родным Віцебску. А цяпер спадзяюцца, што хутка ўлада ў краіне зменіцца і выходзіць на вуліцу стане больш бяспечна.

У інтэрв’ю «Трыбуне» Марыя Рошчынская распавяла, як яе родныя знайшлі «бярмудскі трохкутнік» на выбарах у Віцебску, як маме далі 10 сутак за паход у касцёл і што думае пра цяперашніх сілавікоў бацька, які ў свой час сам лавіў злачынцаў.

— Ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту падпісалі вы і ваша сястра Ганна. Калі гэта зрабілі?

— Амаль адразу, як з’явіўся ліст. Шчыра, нават не разважалі, ці варта гэта рабіць.

— Ганна ўжо некалькі гадоў як завяршыла кар’еру, а вы дзеючы член зборнай Беларусі. Разумелі, што могуць быць наступствы за выказванне грамадзянскай пазіцыі?

— У прынцыпе, так. Вы ж самі ведаеце, як абыходзіліся з іншымі спартсменамі, нават знакамітымі, да іх ўжываліся санкцыі. Я не так вядомая, як многія калегі, але таксама разумела, што мяне могуць неяк пакараць за адкрытае выказванне свайго меркавання. Тым не менш вырашыла, што маўчаць не буду. Тым больш, мая сям’я сутыкнулася з беззаконнем, якое творыцца ў Беларусі, таму сумневаў, падпісваць ліст або не, у мяне не было. Ды і да таго ж я цалкам падзяляю пункт гледжання большасці і цалкам падтрымліваю ўсе пункты, распісаныя ў звароце.

— Вы яшчэ зімой 2020 года перамагалі ў чэмпіянаце МУС па лыжных гонках, а ўжо праз некалькі месяцаў пайшлі супраць гэтай сістэмы. Як так атрымалася?

— У пачатку чэрвеня я звольнілася з структуры МУС. Хоць, прызнаюся шчыра, мая роля там больш заключалася ў тым, каб удзельнічаць у спаборніцтвах. Але далей сітуацыя атрымлівалася такая, што спартсмены, як я, якія не ўваходзяць у абноўлены першы склад зборнай, павінны былі ўсё ж такі ісці служыць, выконваць пэўныя абавязкі, што ўскладняла б магчымасць трэніравацца. А я вырашыла, што хачу прысвяціць сябе спорту, таму звольнілася з МУС. І, гледзячы на падзеі ў Беларусі, ніколькі пра гэта не пашкадавала. Я ў поўным расчараванні і жаху ад таго, што робяць праваахоўнікі.

Больш за тое, у мяне бацька раней працаваў у МУС. І ён сапраўды абараняў народ, людзей. А цяпер я бачу, што ў Беларусі ўсё зусім наадварот, і дзеянні сілавых структур накіраваныя выключна супраць мірных людзей. У галаве не ўкладаецца, як такое можа быць у мірны час.

— Кім працаваў ваш бацька?

— Яшчэ ў часы СССР ён працаваў у ахове. Неяк з напарнікам затрымаў кватэрнага злодзея, за гэта іх павінны былі прадставіць да ўзнагароды, але з развалам Савецкага Саюза заслужаная медаль дзесьці згубілася, у выніку нікога не ўзнагародзілі. Таксама ён быў ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

— Як ён глядзіць на тое, што робяць цяпер сілавікі?

— Яму адкрыта сумна. Тата разумее, што тое, што было раней – абарона мірных людзей ад злачынцаў — такога ў Беларусі наогул няма. Ён наогул не разумее, што адбываецца ў краіне, і, натуральна, гэта не падтрымлівае. Дзякуй Богу, у нашай сям’і ў гэтым плане няма ніякіх падзелаў, мы салідарныя адзін з адным, хочам пераменаў і спакою ў Беларусі.

— Вы разумееце, чаму МУС у апошні час сябе настолькі дыскрэдытавала?

— Мне здаецца, сілавыя структуры ў Беларусі дыскрэдытавалі сябе раней, проста ў 2020-м гэта стала асабліва прыкметна. І наша сям’я, паўтаруся, сутыкнулася з беззаконнем. Я проста не разумею, як з тых людзей, якімі я ганаруся, гэта значыць маіх родных, якія заўсёды паступаюць сумленна і па сумленні, робяць злачынцаў. Тата сутыкаўся ў сваёй кар’еры з рэальнымі злачынцамі, а цяпер бачыць, як сілавыя структуры робяць нібыта небяспечных людзей з мірных грамадзян — гэта проста шок для ўсёй нашай сям’і. Я думаю, што праваахоўнікі запалоханыя рэжымам і сістэмай, таму вымушаныя выконваць тое, што ім загадваюць.

— Вы неаднаразова ўжо гаварылі, што ваша сям’я сутыкнулася з беззаконнем. Наколькі ведаю, вашыя мама і сястра ў разгар ўсіх паслявыбарчых падзеяў нават траплялі за краты.

— Так, менавіта так. Аня разам з мамай былі незалежнымі назіральнікамі ў школе № 45 Віцебска. Між іншым, у той школе, у якой мы з сястрой у свой час вучыліся. Мы нават выступалі на спаборніцтвах па лыжных гонках за СШ, перамагалі, нашы фатаграфіі віселі на дошцы гонару. Цяпер я ўпэўненая, што сваіх дзяцей туды вучыцца дакладна не аддам.

Я ніколі б не падумала, што Аню, былую вучаніцу школы, і яе маму (пры гэтым работнікі школы, якія былі ў камісіі, ведалі маіх родных) проста не пусцяць на парог, нават нягледзячы на тое, што яны былі незалежнымі назіральнікамі на выбарах. Мама з сястрой павінны былі сядзець за межамі школы дзесьці на бетоне. Пры гэтым ім нават крэслы не вынеслі. А зрабілі гэта неабыякавыя людзі. Жыхары бліжэйшых дамоў назіралі за ўсёй сітуацыяй, а потым прыносілі назіральнікам каву, гарбату, гатовыя былі накарміць. І вось маёй маме хтосьці неабыякавы прынёс крэселка.

А яшчэ быў выпадак, што былыя вучні прынеслі адміністрацыі школы чырвона-белае крэсла з сэрцайкам. Маўляў, калі школа не можа даць назіральнікам мэблю, значыць, там яе проста не хапае. Наколькі чула, дырэктар на гэта прыстрашыла выклікаць міліцыю.

— Як пісалі СМІ, на выбарах у гэтай школе з’явіўся нейкі «Бермудскі трохкутнік».

— Аня давала неяк інтэрв’ю віцебскаму парталу і распавяла, якія дзіўныя рэчы адбываліся ў тыя дні на ўчастках у школе. У адзін з дзён датэрміновага галасавання незалежныя назіральнікі налічылі 450 выбаршчыкаў, а ў выніковым пратаколе іх чамусьці апынулася каля тысячы. Намесніца дырэктара школы потым казала, што выбаршчыкі маглі ўваходзіць праз іншыя дзверы, і назіральнікі іх проста не заўважылі. Гэта наогул смех нейкі. Па выніках усіх дзён датэрміновага галасавання розніца ў падліках — амаль дзве тысячы чалавек. 9 жніўня ж назіральнікі, у тым ліку мае сястра і мама, налічылі 8 тысяч выбаршчыкаў, а па пратаколах прагаласавала каля чатырох тысяч.

Я ведаю, наколькі мае родныя адказныя людзі, наколькі любяць праўду і справядлівасць. І заўсёды, калі камісія ў канцы дня давала ім пратаколы, былі істотныя нестыкоўкі. Але ніхто нічога не тлумачыў.

— А чаму сястра і мама пайшлі незалежнымі назіральнікамі, навошта ім гэта?

— Мы ў сям’і, як і ўсе беларусы, хацелі, каб у 2020 годзе нарэшце прайшлі сумленныя выбары. Таму мама і сястра адважыліся на тое, каб пайсці і лічыць галасы. Першапачаткова яны хацелі трапіць у камісіі, падавалі заяўкі на гэта, але іх, натуральна, не ўзялі.

Яшчэ задоўга да выбараў мы абмяркоўвалі сітуацыю ў роднымі, блізкімі, сябрамі. І бачылі, хто і за каго збіраецца галасаваць. Таму была надзея на перамены. Мама з сястрой падчас перадвыбарнай кампаніі збіралі подпісы на карысць Віктара Бабарыкі. Мая сям’я шмат гадоў цікавіцца сітуацыяй у краіне, сочыць за навінамі, і калі Бабарыка вырашыў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта, вырашылі даведацца бліжэй, што гэта за чалавек. Мая мама, дарэчы, больш 20 гадоў працавала ў банкаўскай сферы, таму гэтае прозвішча чула. А тут Бабарыка захацеў стаць прэзідэнтам. Па-мойму, гэта годны кандыдат, сумленны, пісьменны. Мы паглядзелі відэаролікі з ім, паслухалі, што рабіў раней, што прапаноўваў для краіны. І вырашылі, што трэба збіраць за яго подпісы. Калі ж яго пасадзілі, то на выбарах, натуральна, галасавалі ўжо за Святлану Ціханоўскую — як і большасць беларусаў.

3f5dce8201329f91a7ccd51d2c222fa1.jpg


— 9 жніўня, наколькі вядома, у школе №45 не абышлося без інцыдэнтаў — прыехаў АМАП?

— Так. У 20: 00 школа зачынілася, неўзабаве павінны былі вывесіць выніковыя пратаколы. Мама з сястрой знаходзіліся на тэрыторыі школы, падышлі яшчэ людзі, таму што ўсім было цікава паглядзець, што напішуць у пратаколе. Мама распавядала: «Сяджу, запісваю нешта, падымаю вочы і бачу, як амапаўцы атачаюць тэрыторыю школы». Наколькі ведаю, яны крычалі пра зачыстку тэрыторыі, што трэба забіраць людзей з белымі бранзалетамі, а потым хапалі ўжо ўсіх запар. Мама з сястрой казалі, што ім дазволена тут знаходзіцца, яны незалежныя назіральнікі, яны павінны азнаёміцца з пратаколам, але амапаўцы гэтага чуць не хацелі, у выніку маіх родных забралі і пратрымалі паўночы ў ізалятары. Пратаколаў на іх не складалі і сярод ночы адпусцілі. А вось нейкай жанчыне далі суткі. Самае цікавае, што гэта жыхарка бліжэйшага дома, яна прынесла назіральнікам кавы. І яе забралі літаральна ў тапачках і хатняй вопратцы, а потым далі пяць сутак за тое, што яна нібыта ўдзельнічала ў мітынгу. Былі і іншыя асуджаныя за тое, што нібыта выкрыкваў нейкія лозунгі, шумелі. Хоць гэтага не было. У Інтэрнэце пазней з’явіўся нават невялікі фільм пра тое, як затрымлівалі людзей ля школы №45. І там усё выдатна відаць. Мама і Аня там таксама распавядалі, што з імі адбылося.

Адзінае, трэба сказаць, што людзей затрымлівалі ў асноўным без прымянення сілы, больш-менш спакойна. Кагосьці, вядома, сілком вялі, але маме нават далі каву дапіць з тэрмакубку. Мама па дарозе ў ізалятар змагла патэлефанаваць з аўтазака і сказала, што яе і Аню вязуць кудысьці. Але ніхто не казаў, куды менавіта. Нават родным не паведамілі, дзе сваякі знаходзяцца. Што гэта за такая таямніца?

— Як мама з сястрой вярнуліся дадому?

— Калі мы даведаліся, што іх затрымалі, я тэлефанавала ўсюды, куды толькі можна, даведвалася, дзе родныя. Мне ніхто нічога канкрэтнага не сказаў. Тата сеў у машыну і паехаў па ўсіх РУУС Віцебска. А потым прыехаў да ІЧУ і вырашыў там чакаць — у выніку прачакаў там некалькі гадзін, але вярнуўся дадому разам з усімі. Мама і сястра потым падавалі скаргу на тое, што іх супрацьзаконна затрымалі, але з міліцыі ім прыйшла адпіска: нібыта іх ніхто не затрымліваў, а проста даставілі для правядзення звычайнай гутаркі. Прычым напісалі, што з імі нібыта пагаварылі ў кабінеце, хоць па факце мама з сястрой знаходзіліся за кратамі.

— А пратаколы ў школе ў выніку вывесілі?

— Вядома, але толькі на наступны дзень, дый тое хвілін на 30. На вялікі жаль, мая родная школа не апынулася ў ліку сумленных. Зразумела, за каго там нібыта прагаласавалі. Шчыра, асаблівага жадання размаўляць з настаўнікамі і сябрамі камісій у нас не было. Адзінае, мы з Аняй вярнулі школе ўсе граматы і падзякі, атрыманыя за час вучобы.

Калі адкрыта, я вельмі спадзявалася, што ў школе будзе сумленнае галасаванне. Дырэктара я не ведаю, таму што ў час маёй вучобы школай кіраваў іншы чалавек, але ўсё ж было настолькі відавочна, ўсёй краіне было бачна, за каго беларусы збіраліся галасаваць. Але ў выніку адбылося ўсё так, як заўсёды.

— Наколькі ведаю, вашу маму і сястру потым зноў затрымлівалі?

— Так. Маме, напрыклад, пару разоў давалі штрафы, і яна яшчэ два разы сядзела на сутках. Спачатку — двое сутак пасля таго, як яе затрымалі на шэсці. А ў лістападзе адбыўся ўвогуле абуральны выпадак. Калі загінуў Раман Бандарэнка, мама пайшла ў касцёл, каб паставіць лампадку і памаліцца за спачын душы хлопца, туды прыехала міліцыя, стала ўсіх здымаць на камеру. Мама распавядала: «Стаю каля крыжа, стаўлю лампадку, а мне ў твар тыкаюць камерай». Нікога тады не забралі, але праз некалькі дзён пачуўся званок з РУУС, яе запрасілі на размову. Мама сказала, каб дасылалі позву, але замест гэтага неўзабаве яна атрымала выклік у суд. Яна пайшла і ўжо адтуль не вярнулася. Ёй далі 10 сутак за тое, што яна нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні.

— Якія ўмовы ўтрымання ў Віцебску?

— Калі параўноўваць з тым, што расказвалі аб Мінску, то ў нас усё было спакойна. Адзінае, мама сядзела не з «палітычнымі», а са звычайнымі парушальнікамі закона. Ніхто не здзекаваўся, не катаваў. Калі мы перадачкі насілі, прымалі ўсе. Але пазней сказалі, што ваду перадаваць забаронена. Прычыну не назвалі, адказалі толькі, што ў камеры і так добрая цячэ. Але мы разумеем, якая яна «добрая».

— Сястра суткі не атрымлівала?

— Не, на шчасце. Але ў верасні ёй далі штраф 12 базавых за ўдзел у мітынгу. Маўляў, яна выкрыквала лозунгі, размахвала сцягам. Натуральна, усё гэта надумана. У пратаколах куча недахопаў, нейкія памылкі, але ўсё роўна зрабілі чалавека вінаватым.

— Наколькі актыўная ваша сям'я ў плане ўдзелу ў мітынгах?

— Можна сказаць, мы дастаткова актыўныя, заўсёды выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, і за гэта, па сутнасці, пацярпелі. Тым не менш, скажу шчыра, штрафы і суткі нас не спыняюць. Разумею, што многім становіцца страшна з-за рэпрэсій, людзі разумеюць, што яны наогул ніяк не абароненыя, але мы ў сям'і, напрыклад, ніяк не памянялі свой пункт гледжання, не адступаемся ад маральных прынцыпаў. Мы гэтак жа хочам, каб у Беларусі прайшлі новыя сумленныя выбары, без затрыманняў, былі вызваленыя палітвязні. Але гэтага пакуль няма.

— Увосень СМІ абляцелі гісторыі пра тое, як затрымалі дваіх сыноў віцебскага мэра Вадзіма Заранкіна. Як наогул у горадзе адрэагавалі на гэтыя інцыдэнты?

— У многіх быў шок, калі шчыра. Усе думалі, што раз мэр — чалавек набліжаны да ўлады, то беззаконне іх сям’ю не павінна закрануць. Але ў выніку мы ўбачылі, што затрыманымі могуць апынуцца любыя, ніхто не застрахаваны ад такога. Хлопцы, як і многія беларусы, выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, выступілі супраць цяперашняй улады, і ў выніку апынуліся на сутках.

— Калі пасля выбараў уся Беларусь устала, якая абстаноўка была ў Віцебску?

— У сярэдзіне і канцы жніўня быў пад’ём, я ўпершыню ўбачыла, каб у Віцебску збіралася такая вялікая колькасць людзей у адным месцы. Звычайна нікога няма, горад спакойны, ціхі, нават калі параўноўваць з Мінскам. А тут на вуліцах я сустрэла столькі ўсмешлівых людзей, усе былі натхнёныя, усе з задавальненнем ішлі на маршы. Рэальна, было вельмі шмат людзей, але цяпер, на жаль, ужо такога няма. З кастрычніка ўжо стала ўсё цішэй, але дваровыя маршы праходзяць, і, на жаль, выпадкі затрыманняў працягваюцца. У нас у студзені жанчын затрымалі ў лесе, калі яны займаліся скандынаўскай хадой, іх нават судзілі, але, на шчасце, жанчын апраўдалі. Сітуацыя шакавальная. У мяне сям’я спартыўная, мы самі можам кудысьці выйсці пабегаць, на лыжах пакатацца. І я разумею, што мы таксама не абароненыя ад затрымання, нават трэніравацца стала небяспечна. Скажу шчыра, у маёй мамы нават заплечнік ужо сабраны на такі выпадак, складзеныя ўсе неабходныя рэчы.

— Чаму, як думаеце, масавыя акцыі ў абласных цэнтрах сышлі на нішто?

— Камусьці прыгразілі звальненнем, камусьці — выключэннем аднекуль, прыгразілі штрафамі, суткамі. А людзі хочуць жыць, працаваць, радавацца. Пару разоў жорсткія сутыкненні з сілавікамі ў Віцебску былі, а потым народ спалохаўся магчымых рэпрэсій на працы ці вучобе.

— Вы з'яўляецеся дзеючай спартсменкай і членам зборнай Беларусі. За тое, што падпісалі ліст, адкрыта выказалі грамадзянскую пазіцыю, праблем няма?

— Ніякіх санкцый да мяне быццам бы не ўжывалі. Адзінае, нашы лыжнікі звычайна ў пачатку зімы з’язджаюць на ўкатку за мяжу, туды, дзе ёсць снег. Але ў 2020-м гэтая ўкатка прайшла міма мяне, і прычыну такога рашэння мне ніхто не назваў, хоць з трэнерамі я мела зносіны. Зразумелага адказу не атрымала. Я падумала, што раз нічога мне не кажуць, то, напэўна, прычына ў адным — у тым, што я падпісала ліст.

— У вашай зборнай людзей не прымушалі падпісваць праўладны ліст?

— Калі шчыра, не ў курсе. Адзінае, памятаю, як трэнеры прасілі, каб мы не лайкалі і не рэпосцілі палітычныя запісы.

Што тычыцца ліста, то ў спісе падпісантаў убачыла шмат знаёмых мне прозвішчаў, але не чула, каб іх прымушалі. Напэўна, гэтыя хлопцы і дзяўчаты падпісвалі ліст ці то з-за страху, ці то з-за нейкай абыякавасці. У кожнага свае прычыны. Але, шчыра кажучы, прозвішчы многіх я была здзіўленая там убачыць. Не хачу ўдакладняць, але пэўныя людзі мяне расчаравалі. Таму што, па сутнасці, яны падтрымліваюць тое беззаконне, якое дзеецца ў Беларусі.

— Якія ў вас перспектывы ў зборнай?

— Думаю, ужо асабліва ніякіх. У лютым у нас павінен прайсці Кубак Беларусі, я ў ім збіраюся ўдзельнічаць. Хоць пасля гэтага інтэрв’ю многае можа памяняцца. Я, калі шчыра, да ўсяго гатовая.

– А як вы ставіцеся да санкцый МАК, адмены чэмпіянату свету па хакеі?

— Выключна станоўча. Так, у нейкай ступені санкцыі могуць закрануць і мяне, і маіх сяброў. Але тое, што людзі пазбаўляюцца волі на некалькі гадоў, гінуць за тое, што выказваюць сваю пазіцыю, і гэтыя спартыўныя санкцыі — проста несувымерныя рэчы. Я наогул не разумею, як можна заставацца ў баку, калі такая сітуацыя ў краіне.

Хваляванне і пэўны страх, мне здаецца, ёсць у кожнага чалавека. Але гэта ўсё перайшло ў такі стан, што стала чымсьці звыклым. Беларусы жывуць у экстрэмальных для псіхікі ўмовах, і кожны разумее, што ў любы момант можа быць затрыманы.

— Але так жа жыць нельга.

— Безумоўна. Мне вельмі хочацца, каб такая сітуацыя ў краіне скончылася як мага хутчэй. Заўсёды веру ў дабро, у тое, што яно перамагае. І веру, што гвалт у краіне спыніцца, зноў можна будзе спакойна выходзіць на вуліцу і нічога не баяцца. Але гэта будзе ўжо пры новай уладзе. Пры цяперашняй-гвалт і рэпрэсіі з усіх бакоў. Галоўнае — верыць, што ўсё зменіцца. І пакуль вера ёсць у людзей, можна ўсяго дасягнуць.

Пераклад НЧ. Фота з асабістага архіва Марыі і Ганны Рошчынскіх