Міколу Купаву — 75!
31 студзеня адзначае сваё 75-годдзе выбітны беларускі мастак і дзяяч нацыянальнага Адраджэння Мікола Купава.
Мікола Купава нарадзіўся ў старажытнай Воршы — слаўным горадзе, вядомым сваёй стойкасцю ў змаганні з захопнікамі, імёнамі вялікіх ваяроў — Канстанціна Астрожскага і Юрыя Радзівіла, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Муры старажытных аршанскіх кляштараў, гістарычныя творы Караткевіча, сяброўства з выбітнымі беларускімі гісторыкамі Міколам Ермаловічам, Міхасём Ткачовым і Алегам Трусавым спрыялі станаўленню Міколы Купавы як мастака, уся творчасць якога прасякнута ідэяй праслаўлення беларускай мінуўшчыны.
Творчая дзейнасць Купавы пачалася ў 1976 годзе — пасля заканчэння Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. Канец 1970-х — пачатак 1980-х гадоў сталі часам новай хвалі нацыянальнага Адраджэння, уздыму цікавасці грамадства да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. Дзейсны ўдзел у гэтым працэсе адыгралі беларускія мастакі-графікі Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Пётра Драчоў, Яўген Кулік і Віктар Сташчанюк. Пачэснае месца ў спісе гэтых слаўных імёнаў займае і Мікола Купава. Створаныя мастаком партрэты Кастуся Каліноўскага, Цёткі, Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, вялікіх князёў літоўскіх Міндоўга, Ягайлы і Вітаўта, гетмана Канстанціна Астрожскага і іншых выбітных асобаў беларускай гісторыі і культуры сталі хрэстаматыйнымі, увайшлі ў набытак беларускіх энцыклапедычных выданняў. Мастак выключнай гістарычнай эрудыцыі, Мікола Купава за аздабленне энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» (1988) быў узнагароджаны дыпломам і медалём імя Францыска Скарыны.
Купава вядомы не толькі як мастак кнігі, які стварыў мноства ілюстрацый да Беларускай энцыклапедыі, твораў Цёткі, Каруся Каганца, Уладзіміра Караткевіча, але і як майстар станковай графікі. Ён плённа працуе ў розных графічных тэхніках — літаграфіі, лінарыце і акварэлі. Яго графічныя працы далі магчымасць дакрануцца да таямніц беларускай мінуўшчыны прыхільнікам творчасці Купавы ў шматлікіх гарадах Беларусі, у Літве, Эстоніі і ЗША.
У 1990 годзе разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі Аляксеем Марачкіным, Віктарам Маркаўцом, Яўгенам Куліком і Уладзімірам Сулкоўскім Мікола Купава стаў заснавальнікам творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. Цягам многіх гадоў Купава быў старшынёй гэтага суполкі, ідэйным грунтам якой стала самаадданае служэнне незалежнай Беларусі, прымаў удзел у распрацоўцы навуковай канцэпцыі дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, ва ўсіх выставах і пленерах, якія ладзіла «Пагоня».
Мікола Купава заслужыў вялікую павагу сваіх калегаў і сяброў, як ініцыятар і арганізатар шматлікіх выставаў і імпрэзаў, прысвечаных выбітным асобам і падзеям гісторыі Беларусі. Цягам многіх гадоў выкладаў у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжу імя Аляксея Глебава і на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту, перадаваў шматлікім вучням свае веды і самааадданае захапленне беларускай гісторыяй.
У дзень слаўнага юбілею Міколы Купавы сябры суполкі «Пагоня» віншуюць свайго мэтра з 75-годдзем, жадаюць яму новых творчых здзяйсненняў і доўгіх гадоў жыцця.
Да гэтых віншаванняў далучаецца і рэдакцыя нашай газеты, якая не раз распавядала пра слаўнага юбіляра і яго выбітныя працы.