«Мы, былыя саўкі, такое праклятае племя...» Што Васіль Быкаў пісаў сябрам

20 гадоў Беларусь жыве без Быкава. Без яго спраўджаных мараў і надзей. Без вуліц і праспектаў яго імя. Без яго новых твораў, публічных выступаў, жывой прысутнасці. Але Беларусь навечна застаецца з Быкавым — яго творчай спадчынай, узорнай грамадзянскай і мастакоўскай мужнасцю, патрыятычнымі запаветамі. Беларусь жыве з Быкавым…

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Фота Сяргея Шапрана

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Фота Сяргея Шапрана


Нілу Гілевічу


[9 кастрычніка 1963 г. Горадня]

Ніл, дарагі чалавеча!

Дзякуй табе за твае добрыя словы і за спачуванне. Толькі на фільм [«Третья ракета» («Беларусьфільм», 1963; аўтар сцэнарыя В. Быкаў, рэжысёр Р. Віктараў). — С.Ш.] гэты я ўжо даўно плюнуў, як кажуць. Не па-мойму ён зроблены, шмат што не так, дрэнна, слаба — чорт з ім, з фільмам. Гэта балаган, а не мастацтва — кіно. У літаратуры, нягледзячы на ўсё, усё больш твайго, аўтарскага, а кіно — дрэнь.

Сёння атрымаў ліст ад Юркі Вылчава [Вылчаў Георгі Дзімітраў (нар. у 1926) — балгарскі крытык, літаратуразнавец, перакладчык]. Ён між іншым просіць прыслаць яму выклік чытаць лекцыі на 1 м[еся]ц ад Мінскага або Гродзенскага ўніверсітэтаў, як ён піша. Я зусім не ўяўляю, як гэта зрабіць і ці магчыма гэта.

Краўчанка, фотакор наш, яшчэ не знайшоў таго фота, што ты прасіў. Калі знойдзе, я табе прышлю.

Вось, бадай і ўсё.

Бывай здароў і добрых вершаў табе.

З шанаваннем — Васіль.

Прывітанне Івану Н[авумен]ку.


Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц і Ніл Гілевіч. Баку, 1980

Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц і Ніл Гілевіч. Баку, 1980

Янку Брылю

Дарагі Іван Антонавіч!

Прыехаўшы з Каўказа, знайшоў Ваша пісьмо, якое мяне, вядома, дужа парадавала. Па-першае, таму, што гэта першы пісьмовы водгук, ну а, па-другое, таму, што ён ад чалавека і пісьменніка, які для мяне здаўна вельмі і вельмі шмат значыць. Так што — дзякуй вялікае і шчырае.

Сапраўды, мы вельмі чэрствыя адзін да аднаго, нават аднадумцы, у большасці падвержаны сальераўскаму пароку, і не кожны здольны пераступіць цераз сябе, каб парадавацца чужой удачы. У гэтым сэнсе «Мост» для мяне — радасць, у тым ліку і мастацкая (як для чытача), але найбольш за аўтара, які, даволі пакружыўшы, вяртаецца на «кругі свая», да сваёй, чалавечай, хоць і абскубанай, але праўды. Вось гэты аўтарскі кірунак і змусіў мяне падтрымаць аповесць, я сам напісаў рэцэнзію, і «ЛіМ», трохі яе папатрашыўшы, надрукаваў [Размова пра рэцэнзію на аповесць Івана Шамякіна «Мост»: Быкаў В. Улада праўды // Літаратура і мастацтва. 1965. 27 жн.]. З «Раман-газетай» я Вам спачуваю. Гэты Ільінкоў такі асцярожны тып, ён так доўга прынюхваецца, што ўрэшце атручвае ўсю радасць ад выдання 1 млн. тыражом. Больш палахлівых і больш асцярожных рэдактараў, чым у «Раман-газеце», я не сустракаў нідзе.

Ну, а мы тут жывем ціха і мірна. Аляксей [Карпюк Аляксей Нічыпаравіч (1920 – 1992) — беларускі пісьменнік; сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР (1965 – 1970, 1978 – 1992)], вызвалены ад свае чыноўнічай службы, цяпер «обуреваем» тысячай ідэй самых розных, носіцца з імі па начальству, піша ў высокія інстанцыі. З Мінска выпісаў урэшце Броўку і брыгаду пісьменнікаў і цяпер бударажыць увесь горад сустрэчамі, вечарамі...

Ну дык яшчэ раз Вам вялікае дзякуй.

Бывайце здаровы, усяго Вам найлепшага.

Да сустрэчы!

Ваш — Васіль.

15/IX–65 г.


Максіму Танку


Першаму сакратару праўлення Саюза пісьменнікаў БССР

Паважаны Яўген Іванавіч!

На днях выдавецтва «Беларусь» без колькі-небудзь пераканаўчага абгрунтавання афіцыйна адмовіла мне ў выданні аповесці «Праклятая вышыня», раней запланавага на 1969 год.

На працягу апошніх трох гадоў гэта другая адмова запар. Такім чынам, фактычна я пастаўлены перад немагчымасцю выдавацца ў Беларусі на беларускай мове.

Я прашу Вас, сакратарыят, прэзідыум і секцыю прозы СП БССР выкарыстаць высокі аўтарытэт свае арганізацыі і аказаць мне магчымае садзеянне ў гэтым канфлікце з выдавецтвам «Беларусь».

З павагай, Васіль Быкаў.

26 ліпеня 1968 года


Глядзіце таксама


Валянціну Аскоцкаму

17/VII–69 г.

Валя, дорогой дружище!

Спасибо тебе за теплые слова поддержки, они, разумеется, дороги мне. Но я не очень отчаиваюсь — уже привык за последние годы и другого не ждал. Правда, я все же не думал, что наш «ЛіМ» тут же схватится за это дерьмо из-под Мотяшова и перепечатает его на своих страницах [размова пра артыкул І. Мацяшова аб аповесці «Круглянскі мост»], как он это незамедлительно сделал, видимо, не найдя подходящего подонка в Минске. Ну и то бог с ним. Я всем прощаю.

Эти дни усиленно читал, в т. ч. и Б. Окуджавский роман [Акуджава Булат Шалвавіч (1924 – 1997) — расійскі паэт, празаік, бард. Размова, відаць, пра раман Б. Акуджавы «Бедный Авросимов» (Дружба народов. 1969. № 4 – 6).]. Неплохо сделанная вещь, стилистическая сторона просто изумляет. Правда, слишком все зашифровано, затуманено, плохо просматривается в сторону замысла. Но хороша вообще. Превосходен Камю («Падение» в № 5 «Нового мира») и один рассказ Искандера (там же), этот последний бесподобен. Прочитал и твою статью в последней «Литературке» [Оскоцкий В. Безбрежная романтика и берега романтизма // Литературная газета. 1969. 16 июля] — молодцом, правильно воюешь с этими псевдоромантиками и их апологетами. Но романтика сейчас нужна, она дает простор для идеализации действительности. К чему это приводит, мы уже знаем.

В Москве давно уже не был — нету дороги. Книжка в «М[олодой] Г[вардии]» засохла на корню — не издают. В остальном живу помаленьку. Алексей К[арпюк] собирается в Польшу. Я немножко поезжу в конце июля и буду сидеть дома.

Как ты? Куда и когда в отпуск? Как ребята и где Вася? Мой самый сердечный поклон Нине [Ніна Васільеўна Мінаева — жонка В. Аскоцкага].

На этом обнимаю –

твой Василь Б.


Грыгорыю Бакланаву


19 октября 1969 г.

Дорогой Григорий!

Спасибо тебе огромное за дружеское слово поддержки, сказанное как нельзя вовремя. Только это и утешает, других утешений в нашей жизни осталось уже немного. Не скажу, что все эти крупнокалиберные залпы совсем уж подавили меня, но иногда вызывали недоуменный вопрос: отчего уж так уничтожающе — за что? Неужто так стала опасна правда на уровне дворника, даже не домоуправа? А здесь все это еще усугубляется провинцией и провинциализмом обывателей всех рангов. Но — потерпим. Терпели не такое.

В следующем месяце планирую быть в Москве, хотелось бы повидаться. А пока обнимаю тебя по-братски и с благодарностью.

Твой Василь.

Мой сердечный привет Элле и малышам, а также всем Лазаревым.

В. Б.


Васіль Быкаў, Гродна. Фота Сяргея Панізніка

Васіль Быкаў, Гродна. Фота Сяргея Панізніка


Мікалаю Пашкевічу

Шаноўны Мікалай Пашкевіч [Пашкевіч Мікалай Арсеньевіч (1936 –1972) — беларускі педагог, літаратуразнавец, краязнавец]! Нам з Вамі яўна не пашэнціла ў гэтую вясну — так навалілася на мяне клопату ды і хвароба, што, як бачыце, у маі-чэрвені паездка не адбылася. Запіску Вашу знайшоў 28[-га] па прыездзе з Масквы, дзе даўгавата прабыў, а цяпер, вядома, няма сэнсу рушыць. Значыцца адкладзем на восень — верасень-кастрычнік, авось тады лепш пашанцуе.

Я гэтым самым прашу ў Вас і Вашых вучняў прабачэння, але ж не наўмысна падвёў Вас. Акалічнасці, нярэдка здараецца, усё яшчэ мацнейшыя за нас.

Усяго Вам найлепшага ўлетку, з вінаватасцю В. Быкаў.


30/VI–70 г.


Міхасю Лынькову

[Снежань 1970 г.]


Дарагі Міхась Ціханавіч!

Будзьце здаровыя і шчаслівыя ў Новым, 1971 годзе. 

Усё жыццё збіраюся сказаць Вам, як я люблю Вас ад самага дзяцінства. «Гой» была мая першая прачытаная ў жыцці кніжка, я тады быў зусім малы, а Вы — такі малады.

Са шчырасцю абнімаю Вас.

Ваш Васіль Быкаў.


Рыгору Барадуліну

Дарагі Рыгорка,

толькі што атрымаў твой ліст, пісаны 1 лістапада. Чакаў доўга і ўжо пачаў трывожыцца. А Ірына [Ірына Міхайлаўна — жонка В. Быкава.] толькі павялічвала тую трывогу, кажучы: штосьці ня тое! Чаго так доўга ня піша Рыгорка? 

Прабач, даражэнькі, што я не пішу гэтак часта, хоць размаўляю з табой штодня і штоночы, як ня сплю. А тое бывае часта — з прычыны і без, хаця ўсё натуральна, калі мець на ўвазе ўзрост. Біблейскі! Канешне, тут іншае жыцьцё, але для іншых. Мы, былыя саўкі, такое праклятае племя, якому нідзе не наканавана шчасьця — ні дома, ні на людзях. Нашая метафізіка такая — з выразанай малекулай шчасьця, заместа якой пасаджана малекула манкурта, што ўсё і вызначыла. І, мабыць, не для аднаго пакаленьня. Наш тут тэрмін канчаецца, і па праўдзе я чакаю таго канца [У снежні 1999 г. скончыўся тэрмін знаходжання І. і В. Быкавых у Фінляндыі, дзе па запрашэнні Фінскага ПЭН-Цэнтру ў межах ПЭН-клубаўскай праграмы «Пісьменнік у выгнанні» яны жылі з чэрвеня 1998 г.]. Бо… Вельмі шмат у гэтым бо, тое не апісаць у лісьце. Але, як цяпер пагляджу, паўтараецца лёс маёй мамы (хіба ў іншых варунках): і там, і там нельга. У Бычках было добра, добры сын [Малодшы брат В. Быкава Мікалай Уладзіміравіч.], але там […]. У Ваўчы добрая дачка [Сястра В. Быкава Валянціна Уладзіміраўна, узяўшы шлюб, пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Ваўчо, таксама на Ушаччыне.], але благі зяць. Во мама бедная і тузалася — туды-сюды, пакуль не супакоілася назаўжды пад бычкоўскімі хвоямі. Ну але тое — невырашальная класічная праблема, толькі мама ня ведала таго. Адно — адчувала. Я во — ведаю, ды ад таго веданьня не лягчэй. Як бы не цяжалей было.

Але во пішу. Апавяданьні пакуль ляжаць, а прыпавесьці пасылаю на «Свабоду», адтуль перадаюць у «Н[ашу] Н[іву]». Дужа сумняваюся ў каштоўнасьці ўсяго напісанага, часам да адчаю. Суцяшаю сябе хіба тым, што ўжо позна хістацца-вагацца, ёсьць тое, што ёсьць. Іншага ня будзе. Твой 21 верш [21-ы верш з цыкла «Лісты зь Менску».] адразу ж перадрукаваў на кампутары. Як і ўсе папярэднія, ён геніяльны! Твая паэзія стала такой, што вартая, каб гучаць зь неба. Зь нябесных сфэраў. Толькі як дамагчыся таго? Дзе тыя дзьверы на неба?

Рыгорка, браток, толькі будзь як-небудзь здаровы. Не хварэй. І няхай будуць здаровыя твае дзяўчаткі. А будуць здаровыя, будуць і шчасьлівыя, — скажу, трохі перайначваючы аднаго нашага вялікага.

Міхалішка [Ірына Міхайлаўна Быкава.] дужа ўсьцешана тваім лістом.

Абдымаю і — да сустрэчы!!

Сьціплая кветачка ад сябра [Унізе Быкавым намаляваная кветка.].


24 ліст[апада 1]999 г.

Васіль 


Глядзіце таксама

Рыгору Барадуліну


[3 красавіка 2000 г.]

Мілыя і шаноўныя нашы Рыгорка, Валічка, Дамінічка [Родныя Р. Барадуліна: жонка Валянціна Міхайлаўна і ўнучка Дамініка.] — зь Вялікаднем вас віншуем, вельмі жадаем вам цёплай вясны, зялёнай травы і хлеба на стале. А й да хлеба таксама.

Шлём гэтае з Мілану, у якім апынуліся на 3 дні, заўтра едзем у Берлін [Запрошаныя Нямецкім ПЭН-цэнтрам, І. і В. Быкавы на пачатку лютага 2000 г. прыехалі ў Германію, дзе, вымушаныя час ад часу пераязджаць (Віперсдорф, Берлін, Франкфурт-на-Майне, зноў Віперсдорф), пражылі да снежня 2002 г.]. Тут добра. Але… Можаце здагадацца, што далей за але. Тут здалёку мы вас памятаем, шануем і любім як родных любых людзей, якіх навакол небагата. Можа, Бог дасьць пабачыцца цёплай вясёнкай [В. Быкаў прыязджаў у Беларусь у чэрвені 2001 г.].

Шчасьцейка вам. Васіль і Ірына 



Падрыхтоўка да публікацыі і каментары Сяргея Шапрана