10 цікавых фактаў пра апошняга Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна

24 лютага 1935 года нарадзіўся сусветна вядомы беларускі паэт, намінант на Нобелеўскую прэмію Рыгор Барадулін. Якім чалавекам быў вядомы ва ўсім свеце паэт і якім паэтам ён застаўся для сваёй краіны — у матэрыяле «Новага Часу».

274132336_1708815326156422_2529570875388307457_n.jpg

1. Пачнём не з самога Рыгора Барадуліна, а з яго каранёў. Дзед паэта Андрэй Гальвіньш быў этнічным латышом — пра тое таленавіты нашчадак апошняга ўзгадвае ў «Паэме жытняй скібы»:

Мой дзед,

                      рыжанін Галвіньш,              

Механік па млынах,

На грошы быў

                                ня галы

I выпіць —

                      не манах.

Яго прываражылі

Азёры

              ці ільны?

Зрабіўся старажылам

Ушацкай стараны.

Маці ж, паводле вызначэння самога Барадуліна, была беларускай, «з карэнных крывічанак». Яшчэ адна цікавостка што да крыві: ва ўспамінах паэт адзначаў, што крыўдаваў на сяброў за плёткі пра яго яўрэйскае паходжанне.

274148208_932410267639606_2979399054147925977_n.jpg

2. Рыгора Барадуліна нельга было назваць узорным школьнікам. Па яго дзённікавых запісах таго часу бачна, што і ён, і яго аднакласнікі любілі «пагуляць», час ад часу прапускаючы заняткі. Акрамя таго, Барадуліну падабалася задзіраць настаўнікаў і аднакласнікаў, і за словам у кішэню ён не лез. Вось, напрыклад, некалькі радкоў з эпіграмы на аднакласніцу Зелянкову:

Психически больная

И сплетница же рьяная,

Уж ей мать откладывает

Так званое приданое.

На вид она недурна:

Нормальны глазы, брови, нос,

Но ломается так бурно,

Не одолеет даже пёс...

Калі клас пасвячалі ў піянеры, будучы паэт уцёк з гэтай урачыстасці, якая яму сышла з рук — роўна да таго часу, пакуль не давялося ісці ў камсамольцы.


3. Размаўляў і пісаў спачатку па-руску, на беларускую перайшоў у апошніх класах. У школе меў праблемы з мовамі, але толькі беларуская выходзіла на «выдатна» — можна меркаваць, што мова не ў апошнюю ролю адыграла ў паступленні на філфак БДУ і ва ўсім далейшым жыцці паэта.

274104358_317836370389345_5944428169157123324_n.jpg

4. У Рыгора Барадуліна былі дзіўныя стасункі з жанчынамі. Ён вельмі любіў маці Акуліну Андрэеўну, якую за яе мову называў «стыхійна вялікім філолагам» і побач з якой — на старых вушацкіх могілках — хацеў быць пахаваным. Маці ж ён прысвяціў шмат вершаў, паэму «Куліна», у яе гонар назваў кнігу — «Евангелле ад мамы».

Але гэтая вялікая любоў абмінула іншых жанчын у жыцці творцы — напрыклад, яго дачку і ўнучку. Як успамінала яго жонка Валянціна Барадуліна, паэт хацеў сына. Калі нарадзілася дачка Ілона, першым немаўля і маці наведаў Васіль Быкаў, а засмучаны бацька прыехаў у раддом толькі праз тры дні.

«У выхаванні дачкі, а пасля і ўнучкі Дамінікі, Грыша ніякага ўдзелу не браў, — успамінала Валянціна Барадуліна ў гутарцы з Сяргеем Шапранам. — Запомнілася толькі, што быў на Камароўцы разам з Ілонай, калі ёй было гады два-тры, дый толькі таму, што я ў гэты час у бальніцы ляжала. А на Камароўцы тады прадавалі малдаўскае віно ў бочках, таму Грыша і хадзіў».


І зусім ужо дзіўна ставіўся класік да сваіх калег-жанчын. У дзённікавых запісах Рыгора Барадуліна можна сустрэць цікавыя разважанні пра вартасць паэтак і пісьменніц, якіх прымаюць у Саюз пісьменнікаў:

«Заўважыў усю небяспеку прыёму ў Саюз пісьменнікаў шмат жанчын. Пакуль маладыя — каб што. А пад старасць — гэта нейкая страшэнная жамяра, агрэсіўная, смешная. Вясковыя жанчыны старыя прыгожыя, бо яны натуральныя, старэюць па законах прыроды. У іх, калі Бог дае дажыць, усе чатыры паравіны года вабныя. А ў так званых паэтэс і празаічак усё выламанае, манернае, хадульнае, страсць іхняя нейкая сінтэтычна-клоўнская».

274166910_433887895204151_8108162344567151700_n.jpg

5. Сама Валянціна Барадуліна лічыла мужа добрым лірыкам, але як паэт-метафізік ён для яе адкрыўся пасля знакамітага зборніка «Ксты». З усё тых жа ўспамінаў Сяргею Шапрану:

«Я павінна прызнацца, што не думала, што Рыгор — такі глыбокі чалавек і паэт. Мне здавалася, што ён найперш лірычны дый толькі, а калі прачытала ягоныя “Ксты”, зразумела, што памылялася. Гэта было для мяне тым больш дзіўна, што Рыгор у апошнія гады не чытаў філасофскія кнігі. Значыцца, я проста недаацэньвала яго…»


6. Менавіта за гэтую кнігу — зборнік «Ксты» (2006), які меў тры перавыданні, — Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе праз адсутнасць добрых перакладаў. Аўтэнтычную мову вершаў творцы немагчыма перадаць праз пераклад. Як і ў выпадку з іншым класікам Алесем Разанавым, вершы Рыгора Барадуліна застаюцца ў прамым сэнсе слова беларускім нацыянальным здабыткам.

***

Усё — пачатак тла, і лоўля дзьмушак,

I млоснасць духу – ўсё лухта лухты.

Спадаюць дні, як ягады ў гарнушак,

І мы – як з дрэва існасці лісты.


Ёсць марны дол – карэе ў ім карэнне,

Ёсць неба мары – ў ім шумяць вярхі.

І кожны долю сам сваю сустрэне,

I знойдуць самі кожнага грахі.


Мукá пакут прасеецца праз сітца

Ад халадоў знямоглай глухаты.

І ў вырай будзе зноў душа прасіцца.

Усё – лухта лухты. І ўсё з лухты.

274524288_318733283654717_7547160292761990236_n.gif

7. Акрамя ўласнай духоўнай паэзіі Рыгор Барадулін пераклаў паэтычную кнігу Яна Паўла ІІ «Рымскі трыпціх». 28 жніўня 2004 г. беларускі паэт разам з архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам пабываў на асабістай аўдыенцыі ў пантыфіка.

8. Творчая спадчына паэта налічвае каля 70 зборнікаў вершаў і кніг паэзіі. Акрамя таго, Рыгор Барадулін быў выбітным перакладчыкам. Менавіта ён пераклаў на беларускую мову помнік старажытнарускай літаратуры «Слова пра паход Ігараў» і знакамітыя «Рубаі» Амара Хаяма. Ён жа перакладаў для нас Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Фрэдэрыка Гарсія Лорку, Сяргея Ясеніна, Габрыэлу Містраль, Пабла Неруду, Адама Міцкевіча і іншых. Вершы самога Барадуліна перакладзеныя на 38 моў свету.

9. У 1984 г. у складзе дэлегацыі БССР паэт прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1990-га па 1999-ты быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1992 г. Рыгор Барадулін атрымаў званне Народнага паэта — і стаў апошнім на сённяшні дзень Народным паэтам у гісторыі Беларусі. З 1995-га па 1997-мы Барадулін быў адным з кіраўнікоў беларускага Фонда Сораса. Чалец Сойма БНФ, на прэзідэнцкіх выбарах 1994 г. актыўна падтрымліваў Зянона Пазняка, пасля адышоў ад палітыкі.

274254242_640107120397650_3973122432191856002_n.jpg

10. Менавіта Рыгору Барадуліну прысвечана знакамітая аповесць Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы».

***

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём

Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,

Твой кожны дзень,

Забраны забыццём,

Лічы сваім найбольшым адкрыццём,

Ты — з дрэва часу

Кволая галіна.


Штодня вядзі з самім сабою бой,

Каб клопаты цябе не пахавалі,

Жыві надзеяй,

Мараю слабой,

Што свет трымаецца

Адным табой —

З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.


Старайся не ў дзяльбе,

А ў малацьбе,

Каб вымалаціць з цемрачы праменне.

Ляж зморшчынкай

Ва ўсмешцы на ілбе,

Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,

У незваротнай вечнасці —

Імгненне.


***

Чалавек не ўзнікае так —

Чалавек не ўзнікае так —

Ён збываецца, адбываецца

Як ратай,

Як дзівак,

Як мастак,

Ад якога свет адбіваецца.


Чалавек не знікае так,

Бы ў кішэні вякоў пятак.

Ён сціраецца аб дарогі,

Разбіваецца аб адчаі,

Пераходзіць ва ўсе трывогі

Веку,

Што яго прыручае.


Перш чым вочы заслоняць векам,

Чалавек хоча стаць чалавекам.