Недаацэнены Рыгор Барадулін

Імя Рыгора Барадуліна я ўпершыню пачуў, мабыць, ад свайго бацькі. І гэта нягледзячы на тое, што мы з Барадуліным былі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыкладна ў адзін і той жа час — ён закончыў БДУ ў 1959 годзе, я — у 1956-м.

cnv000016_logo.jpg


Мой бацька вярнуўся з Сібіры ў Мінск у гэтым годзе, у 1956-м… Ён вельмі любіў прымаць гасцей, любіў жартаваць і, мне здаецца, разумеў жарты і не заўважаў чужога нахабства.
У маладыя гады ў яго здараліся цікавыя сутычкі з вядомымі расійскімі паэтамі. Для яго не існавала аўтарытэтаў, народжаных не ім самім. Калі ў Мінску выступаў Маякоўскі, бацька задаў яму нейкае пытанне, на што Маякоўскі сказаў: «Што ты там пляцеш?» Бацька адказаў: «Калі я “пляту”, дык я пайду». І — пакінуў залу, хоць большасці прысутных гэта не спадабалася…
Што да беларускіх пісьменнікаў, дык бацька любіў іх перш за ўсё за творчасць, а іншых проста за беларускасць. Дома ў яго бывалі не толькі добра знаныя Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, але і амаль нікому невядомыя літаратары. Падчас адной з тых сустрэч бацька і прачытаў эпіграму на Рыгора Барадуліна. Цяпер ужо не прыгадаю яе (не ўпэўнены, што яна калі-небудзь друкавалася), але дакладна памятаю, што эпіграма была добразычлівая. Відаць, менавіта з таго часу і стала для мяне вядомае гэтае імя.
Я здаўна шчыра паважаў Барадуліна, любіў яго паэзію. І хоць я на два з паловай месяцы старэйшы за яго, але ў мяне ніколі не было падстаў лічыць Барадуліна блізкім сябрам і казаць «дзядзька Рыгор» — я заўсёды гаварыў «Рыгор Іванавіч», разумеючы пры гэтым, што гэта не зусім па-беларуску.
У маім уяўленні ён быў вельмі далікатны для паэта… Калі паглядзіш на іншых літаратараў, дык заўважыш, што некаторыя з іх лічаць сябе не інакш, як выбітнымі творцамі: рухаюцца паволі, перакананы ў сваёй выключнасці і незразумеласці для простых людзей і паводзяць сябе гэтаксама. Аднак я ніколі не чуў, каб Барадулін называў сябе творцам — ён рабіў усё проста, ніякага снабізму ў яго не было.
Іншая справа, эпіграмы пісаў такія, што калі прышлёпне каго, дык не аспрэчыш! Падобных «прыпячатак» я больш ні ў кога не сустракаў. Аднойчы я нават прызнаўся: «Сваёй эпіграмай Вы можаце ў попел перамалаціць каго заўгодна — так трапна, коратка і дакладна Вы здольны напісаць». І ўжо жартам дадаў: «У гэтым сэнсе я баюся Вас». Барадулін у адказ: «Ну, што Вы! Каб я мог нешта пра Вас не тое напісаць — гэта абсалютна выключана».
І сапраўды, мне ён прысвяціў тост і верш, якія зачытаў на вечарыне з нагоды майго 70-годдзя. Цытую паводле машынапісу, які перадаў мне тады Рыгор Іванавіч:
«Вяльможны спадар Станіслаў Ст. Шушкевіч.Дзякуй Вам за ўсё!Спэцыйна для Вас напісаў тост:
Радзіма ў нас усіх адна.Асушым келіхі да дна,Каб мы жылі,Каб мы быліНязводна на сваёй зямлі!
15.12.04, Mensk, дзядзька Рыгор.P. S. Гл. Стар. 10–11!
Лягчэй, напэўна, Гімалаі зрыць,Чым навучыць —І спікер ведаў гэта, —На беларускай мове гаварыцьТаварышаў з Вярхоўнага Савета.Інтэлігент паверыў сам сабе,Што масла згоды з бурбалак саб’е!Ды збілі з тропу бурбалкі самога,Не ўратавала спікерская тога.Дасведчана засведчана вякамі —Рамантык не дамовіцца з ваўкамі...
…Я часта прыгадваю адну даўнюю сустрэчу. На дзень народзінаў Васіля Быкава мы паехалі ў Бычкі. Быў там і Барадулін, з якім мы некалькі разоў на непрацяглы час заставаліся сам-насам, і тады Рыгор Іванавіч гаварыў пра гэты край, пра ўшацкую зямлю, але я быў, відаць, не дужа далікатны і не паводзіў сябе так, каб працягваць размову, бо, па-першае, мяне вельмі зацікавіла сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна, якая вельмі падобная на свайго брата, і мне захацелася пагаварыць з ёй. Па-другое, да Барадуліна льнулі літаральна ўсе — там было столькі прэтэндэнтаў на яго ўвагу, што ў мяне проста не хапіла нахабства адарваць яго ад астатніх. Іншым разам, думаў я. Але «іншы раз» не здарыўся: у апошнія месяцы жыцця Рыгора Іванавіча я хацеў з ім сустрэцца і падараваць сваю кнігу, але — не давялося…

cnv000019_logo.jpg


Я вылучыў бы такую чацвёрку вялікіх творцаў: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Менавіта ў такой паслядоўнасці, хай ужо прабачыць мне Ніл Сымонавіч, якога я ведаў яшчэ са студэнцкіх гадоў і да якога вельмі добра ставіўся. І калі паўстала пытанне пра наданне звання народнага паэта Гілевічу, я быў, безумоўна, «за». Аднак ужо тады лічыў: калі народны паэт Ніл Гілевіч, дык званне народнага павінен атрымаць і Рыгор Барадулін. І ўсё рабіў, каб так яно і сталася. Хто процідзейнічаў гэтаму — хай ужо застанецца са мной. Тым больш, што ворагаў у Рыгора Іванавіча, мусіць, не было — былі тыя, хто зайздросціў яму. Такое нязрэдчас здараецца сярод творцаў… Хоць мой бацька таксама быў паэтам, але нікому не тое, што не зайздросціў — нават дрэннага слова не мог сказаць ні пра каго з беларускіх пісьменнікаў. І пра маладых гаварыў: «Якія таленавітыя! Якія добрыя!» А што ўжо да помсты, дык гэта яшчэ мая бабка казала, што помсцяць толькі нікчэмныя людзі. Аднак у выпадку з Барадуліным зайздросцілі ўжо не па-добраму, не зусім па-добраму… І калі б я ўважліва прыслухоўвася да пэўных вельмі ўплывовых у той час асоб, дык ён мог бы і не атрымаць звання народнага паэта…

cnv000009_logo.jpg


І раней, і цяпер я часам задумваюся, чаму мы, беларусы, не заўсёды з’яўляемся прыкладам сапраўднай беларускасці? На Украіне ўжо быў Шаўчэнка, а ў нас толькі праз семдзясят гадоў з’явіліся Купала і Колас, якія і сказалі, хто мы, беларусы, ёсць, і што мы павінны рабіць. Менавіта ў гэтым для мяне найперш асаблівасць Купалы і Коласа. А калі гаварыць пра беларускую мову, дык самая-самая годная мова для мяне мова Коласа і Кузьмы Чорнага. У сваю чаргу, самыя яскравыя паэтычныя знаходкі — гэта ўжо Барадулін, у якога, па-мойму, няма несапраўднай паэзіі. І калі многія пісьменнікі лічылі сваёй задачай пісаць і пісаць, дык Барадулін рабіў гэта проста ад душы — для яго гэта было абсалютна натуральна. У яго поўная нечаканасць і рыфмы, і сэнсу. Паэзія Барадуліна — гэта, на маю думку, набор вельмі прыгожых паэтычных спалучэнняў. І зрабіць заўвагу ў адрас яго паэзіі — нават пры самым старанным падыходзе — наўпрост немагчыма.Аднак нягледзячы на ўсю сваю вядомасць, Барадулін і да гэтага часу недаацэнены. І, на вялікі жаль, наша нацыя беларуская знаходзіцца ў такім стане, што яшчэ доўга не ўсвядоміць, што для яе значыць Рыгор Барадулін.
Літаратурны запіс Сяргея Шапрана.
Фота Сяргея Шапрана