Нацыяналіст у вечнасці, альбо Мой Кудравец
Адна з яго кніг — «Смерць нацыяналіста» — у вобразе галоўнага героя, шчырага беларуса, трагічнага пакутніка за сваю беларускасць фактычна дэмантавала вульгарны стэрэатып панятка «нацыяналізм».
![kudraviec140509_503_logo.jpg kudraviec140509_503_logo.jpg](/img/v1/news/full/kudraviec140509_503_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
І рэабілітавала адначасна зняважаную афіцыёзам сутнасна патрыятычную традыцыю ў мастацкай, публіцыстычнай спадчыне Беларусі.
Тая зграбненькая кніжачка шчырэй і зблізіла нас — галоўнага рэдактара «Нёмана» і тагачаснага сябра рэдкалегіі, здаралася, і суаўтара гэтага часопіса. Помніцца: лёгкі ў паглядзе прышчур з прытоенай смяшынкай пад стрыжана рудаватымі вусікамі. Поціск цёплае далані. Лагодна барытоністы, з хрыпатцой, голас — гаспадара рэдакцыйнага пакойчыка ў партэры менскай будыніны на скрыжаванні колішніх праспекта Скарыны і вуліцы Даўгабродскай. Тым вераснёвым надвячоркам даверліва ўсмак, не без трывогі, гаманілася абодвум — пра нацыянальнае абуджэнне, ускрыленне духоўнага жыцця ў забранай краіне, пра несупыннасць пакручастага Шляху Беларускага (аб ім у хуткасці — матэрыялы адпаведнага «Круглага стала» на старонках часопіса). На развітанне ўцешыў ён маскоўскага наведніка сваім згаданым вышэй творам, надпісаўшы: «Вельмі паважанаму спадару Каўку, нацыяналісту... з пажаданнем дабра і здароўя на службе роднай беларускай справе. 9.09.1992 г. А. Кудравец». Дзвюма стопачкамі церпкага каньяка з рэдактарскага сейфа падмацавана было тады наша творчае сумоўе дзеля «роднае справы».
Пазней не раз сустракалася, суладна гаманілася нам — часцей у Менску, аднойчы ў Маскве на вечарыне памяці Васіля Быкава. Трапілася раз-другі схапіць гарачы кайф у парылцы, потым, там жа на лецішчы пісьменніка, разняволена застольнічаць — пад нячутныя ўсплёскі ціхае рачулкі Вячы. На запросіны гаспадара даязджалася «тачкай» маёй плямянніцы Ірыны Яскевіч — выкладчыцы хіміі (па-беларуску) у Тэхналагічным універсітэце. Яе і аўтар «Сачынення на вольную тэму» ўдзячна адзначыў сваёй кнігай. Тыя сяброўскія «саміты» прыязна цеплілі руплівая гаспадынька дому Любоў Захараўна з дачушкай Веранікай (увечніла фоткамі некалькі «гасцявальных» момантаў)…
Надарылася таксама завітаць да яго ў кватэру на Славінскага — можа, з часам назавецца вуліцай Анатоля Кудраўца… Разглядаў, між гаворкай, раскошную бібліятэку гаспадара, запыняючы вока на дарчых аўтографах мала не ўсіх нашых сучасных класікаў, іншых знакамітасцяў. Падараваў сябру сваю, маскоўскага выдання, кніжыцу «От Скорины до Купалы», згадаўшы пры тым старанні майго «хроснага» ў далучэнні «маскаля» да беларускае пісьменніцкае сябрыны.
Тут без вясёлага ўспаміну-эпізоду не абыйсціся. Аднойчы на пачатку нулявых, летнім дзянёчкам, Анатоль запыніў мяне ў Купалаўскім музеі, катэгарычна прапанаваўшы:
— Трэба табе, пане-браце, у наш Саюз аформіцца. Дзесяць гадоў, як секцыя крытыкі рэкамендавала аўтара «Тут мой народ», а заявы адпаведнай у нас дасюль няма. Непарадак.
— Дружа мой, — спрабую аджартавацца, — які ж з мяне пісьменнік? Хіба што — піцьменнік (хоць Валоўшчынскую краму на Лысай Гары не штурмаваў), або, паўтараючы мілую жонку, пісака ср... Куды ж такому нямогламу караскацца на Алімп высачэзны, бянтэжыць сапраўдных майстравітых «парнаснікаў»?
— Дак жа і піцьменнікаў і пісак, — уцешліва насядае прыяцель, —там не бракуе. Будзеш сваім сярод сваіх. Так што не какетнічай. Давай хутчэй да нашае сядзібы. Пашкевіч чакае.
Аргумент Анатолеў не вельмі пахіснуў мае сумневы, аднак жа пазабавіў, падвесяліў настрой. Праз якіх паўгадзіны ў кабінеце новаабранага, гожа статнага Старшыні СБП дыскусійна доўжылі тэму, пакуль пад маё «я сагласная» не дамовіліся наконт адпаведнага «членства». Кудравец тут жа задэкляраваў сваю рэкамендацыю (дзве другія дашлюць Генадзь Кісялёў і Іван Бурсаў).
Шчырасць нашых узаемін сілкавалася прад усім мастацка-філасофскімі роздумамі — перажываннямі стваральніка «Раданіцы», спомненых «Сачынення…» «Нацыяналіста», «Зязюля пракукуе заўтра», спакойна ўзрушлівае, на чэхаўскі лад, беларускае навелістыкі. Прывабліваў багаццем свае творчае асобы, далікатным псіхалагізмам выяўленчае манеры пісьма, а найперш — непадробным вычуленнем на ўсё роднае беларускае: навакольныя краявіды, жывых людзей з іх звычайна суцешлівымі клопатамі, другім разам — з драматычнымі й трагічнымі калізіямі й канфліктамі. Лірычная душа празаіка з эпічным паглядам на падзеі, сваіх герояў насычала мастацкую тканіну яго аповесцяў, апавяданняў церпкім элексірам суперажывання, «цяплом чалавечнасці», здатнымі неадольна спаталяць эстэтычныя, душэўныя прагненні чытача. Можа, прыкладам, у каго іншага, як і ў мяне, пры чытанні «Людчыных яблыкаў» горка-соладка зашчыміць пад сэрцам, варухнецца слязіна пад вейкам. Не кажучы пра Ігната Сцяпанавіча «Вапшчэткі» — у кім ці не кожны беларус спазнае сябе, або кагось крэўнага, блізкага, сваё суворае непрыхарошанае сялянскае (альбо гарадское)жыццё, свой лёс — з радасцямі й пралікамі, з мройлівымі памкненнямі да лепшага, светлага — які ж хрысціянскі, з-пад пяра нібы атэістычнага пісьменніка, дасканалы твор. Ды і сам творца — жывое ўвасабленне лепшых якасцяў сваіх персанажаў — не мог не хіліць да сябе каго другога, прагнага зразумення й спагады ў нашым, падлянкай заплутаваным, бытаванні. З ім, даступным, ненапышліва гумарыстычным («Тут вам не здесь») гамонячы, панылы быт саступаў прад быццём, і змрочная безнадзейнасць бягучага дня — прад вечным неспасціжным Часам.
Было цёпла й хвалююча з маім Кудраўцом.
Які, дарэчы, мог заўважыць, падтрымаць братнія парыванні на процілеглым адцінку «беларускай справы». Падахвоціўшы натхняльна-спачувальным водгукам расійска-беларускае выданне Купалавых твораў: «24.07.2008. Дзякуй, даражэнькі, за падарунак! «Маладая Беларусь» — то ўвогуле выключнае выданне, а на сённяшні дзень і надта выключнае і такое патрэбнае. Здаецца, і ведаеш Купалу, і зноў жывеш з ім, а пачынаеш чытаць, перачытваць — і па-новаму адчуваеш, які гэта вялікі чалавек быў і як балела яго душа за родны край. Мінула 100 і болей гадоў, а ўсё гэта сённяшняе, нязменнае, як закамянелае гора, якое не скрануць, не зрушыць. Мільгануў пробліск у хмарах, зноў чарната, дзікасць, нешта звярынае, ваўчынае, хоць сам завый. Даруй, дарагі, за такі сумны запеў, што бывае ад настрою, хаця ведаю, што табе там нашмат складней». Следам — суцяшальная прапанова, на якую — хоць зрынай бытавую брыдоту і хутчэй — на «Белорусский вокзал», за білетам на Мінск: «...Як твае справы, даражэнькі? Ці не маеш сілы, духу зазірнуць на Беларусь? Пры ўсім тым — венікаў я навязаў і гуркі выпаўзаюць на сонца, кветнік Любові Захараўны цешыць вока. Словам, падстаў для сустрэч дастаткова».
…Апошнімі гадамі сябра адчувальна пахворваў, наша непасрэднае кантактаванне ўскладнілася, хаця зрэдчас перакідваліся пісьмамі. Але сціло працавітай руцэ Майстра не здраджвала, аб чым — яго эсэістычныя старонкі ў «Дзеяслове», падарожныя нататкі з Нямеччыны (гасцяваў-лекаваўся ў Веранікі з Хельмутам), адкуль адгукнуўся да мяне адной-другой прыветнай паштоўкай.
Троху раней, вясной 2012-га, было дамовіліся зноў сустрэцца ў доме Літаратара над Вячай. Падахвоціўся на вандроўку і Міхась Скобла, які без усякіх зніжак апавяданні Кудраўца лічыў айчыннай класікай і меркаваў зрабіць з ім перадачу на радыё. Да таго часу знаны пісьменніцкі Дом на Фрунзе (чаму — не Гарэцкага, хаця б Жылуновіча?) захапілі рэйдары-гандляры з-пад фірмы чорнай памяці Пуцянкова. З раскіданага гнязда ўратаваны Кудраўцом партрэт Купалы туліўся, памятаю, ля творчага варштата пісьменніка. Выспяваў сюжэт грамадска-нацыянальнага гучання. На жаль, не здзейсніўся, не прагучэў. Болей сустрэчных нагодаў не траплялася…
На пачатку вясны 2014-га атрымаў ад яго кранальнае лісцянятка, не падумалася, што апошняе. Паведамляў пра свае балючыя выпрабаванні — падкалечаную руку, пра сыход у вечнасць Рыгора Барадуліна, абураўся нашэсцем братоў-захопнікаў з Усходу на сястру Украіну. Балючае было пісьмо (цалкам тэкст — «Скарыніч», выпуск 11). Мне тады, бездапаможна «бальнічнаму» заложніку, не выпала адразу адгукнуцца на світальны сігнал дарагога суродзіча з Радзімы. Пакуль пярэдаднем свята Перамогі, з Менску, не прагучэў, нібы секануў пад сэрца, тэлефонны голас: «Кудравец памёр. Заўтра хаваюць»…
Пра высачыню яго мастацкага талента, грамадзянскую сумленнасць, чалавечую спагадлівасць да бліжніх і дальніх думалася, спаміналася сябрамі-калегамі пры жалобным развітанні ў рытуальнай зальцы на Альшэўскага. Затым — на пясчыстых выжарах Калодзешчанскіх кладоў. Там, на аціхлым абшары вечнасці, спачыў ад зямных турботаў, абок сваёй абранніцы Любові, дзіўны наш словатворца — гадунец клічаўскіх Аколіц — Анатоль Паўлавіч Кудравец.
Незадоўга перад тым ён адарыў чытачоў, мабыць, апошняй з прыжыццёвых, кніжачкай — «За дальнім прычалам» (бібліятэчка «Дзеяслова»), зборнічкам трапяткіх эсэ, літаратурных партрэтаў сучаснікаў Беларускага Парнаса, постацяў яму, відаць, духоўна найбліжэйшых: Варлена Бечыка, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Яна Скрыгана, Міхася Стральцова, Уладзіміра Верамейчыка. Праз іхнія нятускныя абліччы міжвольна падсвечана сціплая харашыня думкі, пачуцця самога аўтара, яго натуральная прысутнасць у класічным радзе беларускай нацыянальнай — нацыяналістычнай — прозы, беларускай думкі.
Таёмным паромам адплываючы ў вечнасць, ён пакінуў патомным з творчым набыткам разам — гостра засцярожлівыя ад халопства, нацыянальнае нішчымнасці спавядальныя радкі:
«Я не баюся смерці нацыяналізму, таму што нацыяналізм — гэта не адзін чалавек і не дзесяць чалавек. Гэта ідэя, гэта, можна сказаць, душа нашага народу. Нацыяналізм — гэта любоў да зямлі, а яна будзе жыць, пакуль будзе Зямля, пакуль будуць на ёй жыць людзі, якіх будуць называць беларусамі і якія будуць і размаўляць па-беларуску, і думаць па-беларуску, і думаць пра Беларусь» (інтэрв’ю з «Нашаніўцам» Андрэем Дынько).
Будам жа думаць, размаўляць. Будам жыць і тварыць. Як і запавешчана: па-беларуску.