Нязручны — бо не ручны. Памяці Марата Краўцова

На ўгодкі з дня смерці Марата Васільевіча Краўцова, 5 снежня,з’ездзіў на яго магілу на Паўночных могілках Брэста. Выехаў восенню, а па дарозе ахінула белым зіма. Так што давялося няпроста, па нашых трасах пераможцаў.

Былі часы — берасцейскага Краўцова запрашалі на тутэйшае тэлебачанне

Былі часы — берасцейскага Краўцова запрашалі на тутэйшае тэлебачанне


Думалася па дарозе, акрамя таго, а як выжыць на гэтых трасах, — пра яго.

Побач з намі быў чалавек абсалютна ўнікальны, нестандартны. Няўломак або падранак — гэта як хто мяркуе-маракуе. Народжаны ў чорнапамятным 1937 годзе, ён як сын расстралянага «ворага народа» быў здадзены ў спецсірацінец для «дзяцей ворагаў народа» ў Езярышчы пад Віцебскам. Там яго, зусім хлапчука, савецкія пячорнікі-ізуверы зацягнулі ў лабараторыю, каб праверыць, як рэагуе арганізм чалавека на нямірны атам. Кляпалі атамную бомбу, і трэба было праверыць. Дык набралі гурт безабаронных дзяцей і ўчынілі сваю дзікасць. Як распавядаў сам Марат Краўцоў, «засунулі галавой пад нейкі тубус і абпраменілі па немагу». Потым ва ўсіх дзяцей з групы паддоследных павылазілі валасы. «Хадзілі ў цюбецейках, смяяліся адно над адным. А што — мы дзеці, нам усё было ніпачым», — згадваў ён. Але з часам аказалася, што яшчэ як па чым. «Разбалеліся косці, з’явіліся на іх нейкія нарасты, гузакі на чэрапе, касцях, новатворы на скуры, — дзяліўся са мной Марат Васільевіч у апошнія гады свайго жыцця, калі мы больш шчытна пазнаёміліся.

Але нягоды не зламалі яго — як разумею, хутчэй загартавалі. Бываюць такія характары. Вывучыўся на слесара, палюбіў дакладнасць. Дзякуючы адыходу самых адпетых галавасекаў і людаедаў наступілі паслабленні, удалося атрымаць вышэйшую тэхнічную адукацыю.

Марат Краўцоў палюбіў навуку, абараніў кандыдатскую, потым доктарскую дысертацыю. Доктар тэхнічных навук, прафесар. І — з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, вораг падхалімаў і лізаблюдаў.

Марат Краўцоў каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у СССР на Трышынскіх могілках (Брэст).

Марат Краўцоў каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у СССР на Трышынскіх могілках (Брэст).


Калі Савецкі Саюз адкрыўся свету, яго запрашалі пераехаць у ЗША. Казалі, чаму — чыталі яго працы. Але ён застаўся жыць і ствараць дома, у роднай Беларусі. Шмат каму быў Марат Краўцоў нязручны — бо не ручны, не еў з рук. Але быў занадта маштабным і значным, каб проста адсунуць убок. Усё-такі тэхнічныя навукі абы хто выкладаць проста не зможа. У Брэсцкім тэхнічным універсітэце ён карыстаўся павагай людзей непсаваных і непрыхільнасцю карупцыянераў ды кар’ерыстаў, чым ганарыўся.

Помніцца, як дакладна Марат Васільевіч аналізаваў сацыяльную сітуацыю. Прадракаў часы, калі ў нас стане шмат горш. Калі і яго адсунуць. Асобна помніцца яго прадказанне, што да шляху, якім пойдзе Расія.

Што ж, дзякуй за дакладны прагноз, дарагі дружа. За нашыя гутаркі, якія друкаваў жывы тады яшчэ ў паперы «Брестский курьер». Мая максіма, што помнікі трэба ставіць толькі людзям мастацтва і навукоўцам, — і тыя, і тыя цярэбяць нам паралельныя шляхі пазнання, дарогі да сапраўды добрага, камфортнага жыцця, — гэтае маё выслоўе цалкам датычыць цябе. І прыйдзе яшчэ час…

А пакуль прыйшоў час адведаць твой сціплы правільны помнік на штатных брэсцкіх могілках. І я зрабіў гэта.

Не мітусіцеся, людзі, шукайце ў сабе Марата Краўцова. То застанецеся людзьмі.