Памяці калегі: Кастусю Тарасаву споўнілася б 76 гадоў
Яго няма з намі ўжо больш за 6 гадоў. Выдатнага гісторыка, таленавітага журналіста і рэдактара, цудоўнага і шчырага чалавека. 10 кастрычніка Кастусю Тарасаву споўнілася б 76 гадоў. Прапануем вам артыкул яшчэ аднаго таленавітага чалавека, Аляксея Караля, які ён напісаў, даведаўшыся пра смерць Кастуся.
22 сакавіка тэлефонны званок прынёс мне звестку, што агаломшыла і не дае апомніцца, — не стала Кастуся Тарасава.
Так заўчасна і так несправядліва. Бо ён толькі ж, здаецца,
вырваўся з кіпцюроў смерці, пераадолеў наступствы інсульту. І здолеў
вярнуцца да паўнавартаснай творчасці.
У маі мінулага года Косця перадаў нам у рэдакцыю, з просьбай змясціць на
сайце, сваю гістарычную аповесць “На вайне".
А ў верасні я атрымаў ад яго электронны ліст: “Аляксей, вітаю! Зараз я
вярнуўся з Таліна і меў бы намер, калі ты згодны, супрацоўнічаць з
“Новым часам". Магу прапанаваць аўтарскія
матэрыялы".
І пайшлі, адзін за адным, файлы з яго выбітнымі гістарычнымі нарысамі.
Ранейшай моцы і таленту. Косця гарэў працай. І спяшаўся, спяшаўся,
спяшаўся пісаць.
Мы паспелі надрукаваць дзевяць нарысаў. Апошні — у нумары ад 19
сакавіка. У рэдакцыйным партфелі засталіся яшчэ чатыры. Публікуем —
наўздагон. Нарыс “Гісторыкі і палітыкі"
— гэта роздум пісьменніка і грамадскага дзеяча Кастуся Тарасава аб
праблемах асэнсавання нашага мінулага дзеля сучаснасці з праекцыяй на
будучыню. А зараз, на трагічным абрыве яго жыцця,
гэты роздум гучыць ужо як запавет.
Творы Кастуся Тарасава адкрылі нам гістарычную Атлантыду — нашу краіну
Беларусь. І тым спрацавалі на яе адраджэнне ў якасці суверэннай,
незалежнай дзяржавы. І працягваюць працаваць. Не
кожнаму творцу дадзены такі лёс.
Боль і смутак ад незваротнай страты. Спачуванне родным і блізкім. Нам
будзе вельмі не хапаць Кастуся Тарасава. Але нам застаюцца яго творы,
што ўвайшлі ў агульную беларускую скарбніцу духоўнага
багацця. І ў тым нам суцяшэнне і аптымізм на будучыню ад Кастуся
Тарасава — выбітнага беларускага пісьменніка, гісторыка, дзеяча
нацыянальнага адраджэнскага руху.
Ад рэдакцыі “Новага часу
Аляксей Кароль
---------------------------------------------------------------------------
Біяграфічная даведка
Кастусь Тарасаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1940 года ў Мінску. Пасля
заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох гадоў працаваў
слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе, калектарам у
Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у
арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце
Беларускага політэхнічнага інстытута
(1960–1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на
шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў
рэдактарам,
загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967–1975),
журналістам па дамове і загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі газеты
«Знамя юности»
(1975–1977), рэдактарам аддзелу мастацтва і крытыкі часопісу «Неман»
(1977–1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва»
(1986–1988). З 1990 года — адказны сакратар часопіса «Спадчына».
Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у газеце «Свабода».
Друкаваўся з 1965 года. Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў
узняў тэму гісторыка-культурнай спадчыны. З мастацкім творам выступіў
упершыню ў 1976 годзе (аповесць «Следственный
эксперимент», часопіс «Неман»). Пісаў на рускай і беларускай мовах.
Аўтар кніг аповесцяў «День рассеяния», «Странствие в тесном кругу»,
«Погоня на Грунвальд», "Апошняе каханне князя Міндоўга", "Адзіны сведка —
бог", рамана "Тры жыцці княгіні Рагнеды",
літаратурна-гістарычных эсэ "Памяць пра легенды: Постаці беларускай
мінуўшчыны", а таксама зборнікаў гістарычных дэтэктываў "У час Стральца"
і "Залатая
Горка".
Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф за лепшую публікацыю ў прозе (2008 г.) часопіса “Дзеяслоў.
Усе артыкулы Кастуся Тарасава, надрукаваныя ў "Новым часе" можна прачытаць па спасылцы: