Апублікаваныя імёны больш за 3500 удзельнікаў бітвы пры Азенкуры

У межах праекта The Soldier in Later Medieval England былі апублікаваныя імёны больш за 3500 французскіх салдат, якія прынялі ўдзел у бітве 1415 г. пры Азенкуры, якая стала адной з самых буйных паразаў французскіх войскаў за час Стогадовай вайны.

Бітва пры Азенкуры. Мініяцюра XV стагоддзя / Wikipedia Commons

Бітва пры Азенкуры. Мініяцюра XV стагоддзя / Wikipedia Commons

Знойдзеныя імёны ўнесены ў агульную базу дадзеных праекта, дзе ўжо знаходзіліся імёны 250 тысяч англійскіх салдат, якія ваявалі ў перыяд паміж 1369 і 1453 гадамі, многія з іх таксама ўдзельнічалі ў Азенкурской бітве. У выніку база дадзеных стала найбуйнейшым архівам біяграфічных дадзеных пра людзей сярэднявечча.
Над стварэннем базы дадзеных працуюць брытанскія універсітэты Саўтгемптана і Рэдынга. Праца была падтрымана фондам «Азенкур 600», створаным да 600-гадовага юбілею бітвы. Асноўнай крыніцай інфармацыі паслужылі спісы асабовага складу, якія служылі адначасова ведамасцю, па якой салдатам выплачваўся іх заробак. У многіх выпадках удалося нават усталяваць рэгіён, адкуль паходзіў вайсковец, яго званне, месца службы ды далейшы лёс. Напрыклад, з 3500 французаў, што трапілі ў базу дадзеных, на поле бойкі загінулі 550 чалавек, а яшчэ 300 былі ўзятыя англічанамі ў палон. Кожны запіс базы дадзеных суправаджаецца спасылкамі на дакументы, якія захоўваюцца ў розных архівах Вялікабрытаніі і Францыі. Раней удзельнікі праекта падрыхтавалі шэраг біяграфій англічан, якія ваявалі пры Азенкуры.
Прафесар Ганна Кары (Anne Curry), дырэктар праекта і дэкан факультэта гуманітарных навук Універсітэта Саўтгемптана, кажа: «Вельмі актуальна, што гэты новы рэсурс стаў даступны пасля мерапрыемстваў, прысвечаных 600-годдзю бітвы пры Азенкуры, у якіх наш універсітэт адыграў ключавую ролю. Сайт The Soldier in Later Medieval England ўжо зарэкамендаваў сябе як бясцэнны рэсурс спецыялістаў па генеалогіі і людзей, якія вывучаюць сацыяльную, палітычную і ваенную гісторыю. Новыя дадзеныя дапамогуць нам прыцягнуць яшчэ больш даследчыкаў і праліць новае святло на Стогадовую вайну».
Для аматараў гісторыі Універсітэт Саўтгемптана таксама распрацаваў бясплатны анлайн-курс «Азенкур 1415: міф і рэальнасць», які пачне працу 17 кастрычніка.
Паводле Pro Science