«Сёння моцна помню наш дэвіз: змагаймася — зможам»

На пачатку ХХ стагоддзя Чыкага быў самым беларускім горадам ЗША: з 1892 да 1913 года сюды прыехалі 95 тысяч беларусаў. Сярод іх быў і Янка Чарапук, якому некалі Іван Луцкевіч даў мянушку «Змагар». З гэтай мянушкай ён і застаўся ў нашай гісторыі.

janka_czarapuk_1.jpg

Янка Чарапук усё жыццё дапамагаў сваім землякам. Збіраў грошы і ахвяраваў іх беларускаму студэнцтву і школьніцтву ў Заходняй Беларусі, падтрымліваў беларускія арганізацыі ў Беларусі і ў Чэхаславакіі. Хаця працаваў у дрэваапрацоўчай кампаніі «Chicago and Riverdale Lumber Company» і атрымліваў толькі звычайны заробак.
Нарадзіўся Чарапук у 1896 годзе ў мястэчку Новы Двор на Сакольшчыне (цяпер Польшча). Спачатку вучыўся ў мясцовай гарадской вучэльні, а пасля скончыў гімназію ў Гародні і ў 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт.
Падчас вучобы Янка Чарапук пазнаёміўся з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі, якія яго, шчыра кажучы, уцягнулі ў палітыку. У Пецярбургу беларуса ўкраінцы прызначылі сакратаром Пецярбургскай місіі Цэнтральнай Украінскай Рады. А пазней ён стане супрацоўнікам Міністэрства замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і пераедзе ў Кіеў.
Тым не менш, беларуса з Сакольшчыны больш цікавілі і хвалявалі родныя справы Бацькаўшчыны. Таму ў Пецярбурзе Янка Чарапук стварае грамадскую культурна-асветную арганізацыю «Вольныя беларусы», а ў Кіеве становіцца сябрам Беларускай Рады на Украіне. Там, у Кіеве, ён арганізоўвае нават Беларускую партыю незалежных рэвалюцыянераў.
У 1918 годзе Янка Чарапук вяртаецца на Радзіму і далучаецца да спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён удзельнічае ў Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны, яго прызначаюць сакратаром беларускай рады гэтых рэгіёнаў. Чарапук шмат піша, друкуецца ў гарадзенскіх газетах «Беларус», «Родны край», у «Нашай думцы».
Як падае «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», Янка Чарапук з канца 1919 года едзе ў Рыгу, дзе працаваў сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, з’яўляецца сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР на чале з Антонам Луцкевічам. З 1920 года малады палітык узначальваў дэлегацыю Беларускай Народнай Рэспублікі на міждзяржаўнай канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў, удзельнічае ў Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, прызначаецца сакратаром Дыпламатычнай місіі БНР у Каўнасе.
У 1919 годзе ў Амерыку ў пошуках працы едзе з Беласточчыны бацька Янкі Чарапука — Антон Чарапук. Там ён, як піша Вітаўт Кіпель у сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША», з 1892 да 1913 года ў Чыкага прыехалі 95 тысяч беларусаў — на той час гэта быў самы беларускі горад у ЗША. Сюды ў 1922 годзе прыязджае і Янка Чарапук.
Прыезд яго ў Амерыку не быў выпадковы. Па-першае, тут ужо трохі абжыўся яго бацька, па-другое, яшчэ 18 лістапада 1919 года Змагар пісаў Антону Луцкевічу, выказваючы свае погляды на знешнепалітычную дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі: «Зараз жэ пашлеце дзве місыі ў Англію, асабліва зноў у Амэрыку… Пры гэтым, што датычыцца Амэрыкі та я сам падняўся, каб быць Сэкратаром нашэй Місыі. У мяне там ёсьць вельмі многа знаёмых, адзін наш беларус Сукрановіч з якім я і цяпер маю зносіны…» («Запісы-21». Нью Ёрк, 1994).

Дэлегацыя БНР у Празе, стаіць пасярэдзіне Янка Чарапук, 1919 г.

Дэлегацыя БНР у Празе, стаіць пасярэдзіне Янка Чарапук, 1919 г.

У маі 1922 года Янка Чарапук назаўсёды развітаўся з Радзімай. Перад ад’ездам з парахода «Латвія» ён напісаў паштоўку Тамашу Грыбу: «Даражэнькі! Шлю мае сардэчныя прывітаньні усім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася — зможам. Цалую ўсіх. Ваш Я. Чарапук».
Ці добра Чарапуку спачатку было ў Амерыцы? Пра гэта ён піша ў лісце да Вацлава Ластоўскага ў Коўна 9 ліпеня 1923 года: «Цяпер падзялюся з Вамі тым, што ёсьць у мяне тут. Прыезд мой у Амэрыку адбыўся пры самых цяжкіх варунках… Маё становішча ў Амэрыцы было адным з самых страшэнных з’явішч у маём маладом жыцьцю…». Тым не менш, Янка Чарапук-Змагар не скарыўся, рук не апусціў. Найперш ён пачаў пашыраць кола сяброў Беларускага нацыянальнага камітэта і падаў ідэю склікання масавага з’езда беларусаў Чыкага. На гэтую яго ідэю адгукнуўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, і паслаў у ЗША на дапамогу Чарапуку яшчэ аднаго лідара — Язэпа Варонку (дарэчы, таксама родам з Сакольшчыны). Па словах Вітаўта Кіпеля, гэтае масавае мерапрыемства сабрала беларусаў не толькі з Чыкага, але і з іншых штатаў ЗША. У выніку працы з’езда была створана новая арганізацыя — Беларуска-Амерыканская Нацыянальная Асацыяцыя. Кіраўніком яе быў абраны Язэп Варонка, а Янка Чарапук — старшынёй рэвізійнай камісіі.
Арганізацыйныя здольнасці Янкі Чарапука і ўдзел у з’ездзе Язэпа Варонкі зрабілі тады на прысутных вельмі канструктыўны ўплыў і заахвоцілі ўсіх да далейшай дзейнасці. А абранае з’ездам кіраўніцтва і многія актывісты распачалі шырокую беларускую дзейнасць у Злучаных Штатах, хаця наперадзе ўсіх чакала шмат выпрабаванняў.
Жывучы ў Амерыцы, Янка Чарапук-Змагар быў яшчэ адным з арганізатараў Беларуска-Амерыканскага грамадскага задзіночання, а таксама Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады, якая ставіла за мэту дабрачынную дапамогу ахвярам Другой Сусветнай вайны.
Наогул, наш эмігрант усё жыццё дапамагаў сваім землякам. Ён збіраў грошы і ахвяраваў іх беларускаму студэнцтву і школьніцтву ў Заходняй Беларусі, моцна дапамагаў беларускім арганізацыям у Беларусі і ў Чэхаславакіі. Хаця з 1936 года аж да пенсіі ён працаваў на дрэваапрацоўчай кампаніі «Chicago and Riverdale Lumber Company», якая гарантавала толькі пэўны мінімум на жыццё — і не больш.
У 1952 годзе на канадыйскім баку вадаспада Ніягара адбылася першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Яна была прысвечана Янку Купалу. На гэтай сустрэчы Янка Чарапук-Змагар, як прадстаўнік Ураду БНР, выступіў з прамоваю. І такіх выступленняў і прамоў было сотні.
Яшчэ ў 1881 годзе ў Амерыцы была заснавана арганізацыя «Рыцары Калумба», якая з гадамі стала міжнароднай. Янка Чарапук-Змагар уваходзіў у гэтую арганізацыю і меў яе найвышэйшую 4-ю рыцарскую ступень, ступень Патрыятызму.
16 лістапада 1957 года знакамітага беларускага палітычнага дзеяча не стала. Беларускі каталіцкі часопіс «Znic» (1957, №43) пісаў: «На святой Імшы і на праводзінах Янкі Чарапука-Змагара была амаль уся беларуская інтэлігенцыя з Чыкага… А на жалобнай вячэры чула памянуў яго генерал Мікола Дзямідаў ды іншыя».