Павел Аляксюк. Чалавек, якога ніхто не змог выкарыстаць
Павел Аляксюк — адна з найбольш таямнічых асоб сярод «бацькаў» БНР. Чалавек, які меўся ўзначаліць урад у рэспубліцы Балаховіча, абвешчанай у Мазыры, але быў зацкаваны як «здраднік» учорашнімі паплечнікамі па беларускім руху яшчэ ў 1920-х.
За прозвішчам Алексюка заўсёды цягнуўся шлейф фінансавых
скандалаў ды абвінавачванняў у здрадзе на карысць палякаў. А яшчэ — шлейф
таямніцы: ён аказаўся ці не адзіным з масцітых палітыкаў 1917–1920-х гадоў, які
сышоў у цень ды цалкам адышоў ад спраў. Сёння мы нават не ведаем года ягонай
смерці і месца вечнага спачыну.
Хто ж ён: агент, карупцыянер, здраднік альбо таленавіты палітык, адзіны рэаліст і прагматык у «абойме» БНР? Дамо слова гісторыку і даследчыку беларускага руху Андрэю Чарнякевічу, аўтару кнігі «Чужы сярод чужых. Павел Аляксюк і беларускія паланафілы».
Алексюка зашмат у беларускім руху
— Чаму ў якасці героя вы абралі Алексюка, а не, скажам, Ластоўскага ці Луцкевіча?
— Я звярнуў увагу на асобу, якую 99 адсоткаў сучаснікаў залічылі да негатыўных персанажаў. Калі ўсе кажуць, што нейкі персанаж — квінтэсенцыя зла, гэта выклікае цікавасць. З іншага боку, Алексюка ў прынцыпе зашмат у беларускім руху. Ён быў паўсюль. Прычым не на другасных пасадах, але ў якасці пачынальніка, арганізатара, заснавальніка.
Беларускі Гродна шмат у чым пачынаўся акурат з яго. Ён быў адным з арганізатараў, духоўным бацькам гуртка беларускай моладзі «Наша хатка» ў 1909-1910 гадах. Быў карэспандэнтам «Нашай Нівы» па Гродзеншчыне. Быў адным з арганізатараў беларускага гуртка ў Пецярбурзе, дзе ўдзельнічаў у першай пастаноўцы «Паўлінкі». І вось гэтага «першага» накапілася вельмі шмат яшчэ да 1918 года і абвяшчэння БНР. Нават з Антонам Луцкевічам ён здолеў пасварыцца яшчэ ў 1915 годзе.
— А з-за чаго пасварыліся?
— Невядома. Найхутчэй, нейкія амбіцыі, розныя бачанні. Магчыма, нейкія фінансавыя плыні — гэтае пытанне суправаджала Алексюка на працягу ўсяго жыцця... А ўжо ў 1917-м Аляксюк выступае адным з першых на беларускамоўным мітынгу ў Мінску, выступае ў Гарадской думе, спрачаецца з Фрунзэ на сялянскім з’ездзе, едзе разам з Варонкам прадстаўляць беларусаў у Петраградзе перад Часовым урадам Расіі, узначальвае выданні «Вольная Беларусь» і «Беларускі шлях», а таксама выдавецтва «Заранка».
Больш за тое, напрыканцы 1917 года як беларускі прадстаўнік ён едзе ва Украіну з даручэннем арганізоўваць беларускія часткі, а пасля прывезці ўкраінскія грошы. І гэта ўражвае. Але разам з тым у Алексюка ёсць рэнамэ, якое ўжо склалася ў нашай гістарычнай літаратуры: здраднік, паланафіл, агент дэфензівы — усё самае кепскае.
Прамаўляў як патрыёт, а не сацыяліст
— Выглядае вельмі энергічным чалавекам…
— Так, безумоўна. Энергічны чалавек, прагматык, палітычны менеджар і піяршчык. Пры ўсім гэтым у ягоных прамовах шмат той рамантычнай мовы, да якой мы ўжо прызвычаіліся. На той час гэта было выключэннем. Большасць беларускіх дзеячаў размаўляла мовай сацыялістычных лозунгаў, а ён прамаўляў як беларускі патрыёт. Ён звяртаўся да гістарычнай спадчыны, праводзіў паралелі… Ён натхняў і на Усебеларускім з’ездзе, і ў іншых выступленнях.
— То-бок яшчэ і харызматычны лідар?
— Не ведаю, у сучаснікаў менавіта такое слова не гучыць. Але ягоныя прамовы цытуюцца. Характэрна, што ў канцы 1921 года, калі ягонае негатыўнае рэнамэ ўжо склалася, ён вырашае ехаць у Прагу на палітычную канферэнцыю. Там збіраюцца найперш эсэры, якія ўжо неаднойчы заяўлялі аб сваіх радыкальных поглядах, а гэта ўжо час перманентнага канфлікту… Таму гэта місія хай і не смяротніка, але ён усведамляў, што едзе туды, дзе вельмі неспрыяльнае становішча. Луцкевіч не паехаў, а ён паехаў. І пачаў там казаць!
Па вяртанні з Прагі Аляксюк пачынае бэсціць не толькі эсэраў, што зразумела, але і Лявона Дубейкаўскага, таксама беларускага паланафіла. Чаму? Бо яму не патрэбныя былі канкурэнты. У прыватнасці, Аляксюк вінаваціць яго ў сімпатыях да Урада БНР Ластоўскага, які падтрымлівала Літва, што адразу ж адштурхнула ад Дубейкаўскага польскіх партнёраў… Вось такі палітычны стыль.
Вельмі таленавіты і… амаральны
— Сама паездка — смелы крок, але падобныя сваркі, падаецца, вельмі характэрныя наогул для БНР, варта адно пагартаць архівы…
— Уявіце сабе, што праз нейкі час гісторыку дастануцца перапіскі ў фэйсбуку сучасных палітыкаў ці нашы з вамі. Што яны пра нас падумаюць? Якая гэта частка нашага жыцця?.. Зноў жа, мы настолькі мала ведаем беларускіх дзеячаў, што пасля чытання іхных перапісак першае, што прыходзіць у галаву — расчараванне. Маўляў, мы бачылі іх небажыхарамі, а тут — цалкам жыццёвыя рэчы. У выпадку Алексюка цікава, што яго ці не першым пачалі бэсціць публічна. Усё, што было напісана пра яго ў газетах напярэдадні выбараў у Сейм Сярэдняй Літвы — гэта чорны піяр.
— Раней такога не было?
— Усе спрэчкі паміж Луцкевічам і Ластоўскім адбываліся прыватна. Пазней ужо ўсё гэта стала часткай публічнага жыцця, а ў часы «Грамады» расцвіло пышным цветам… Бачыце, і тут Аляксюк аказаўся першым. Агулам жа сучаснікі сыходзяцца ў дзвюх рэчах наконт Алексюка. Ён вельмі таленавіты і здольны ва ўсіх напрамках. Адначасна цалкам амаральны. Прычым пра гэта кажуць людзі з розных лагераў і кірункаў.
— Аляксюк браўся за безліч праектаў: выдавецтва, культура, войска, палітыка — ці ўсё атрымлівалася? Ці даводзіў нешта да канца?
— Цяжка ацаніць. Усё, чым займаўся Аляксюк — гэта калектыўная праца. Ён падыходзіў да гэтага як да тварэння нацыянальнага руху, таму і за вынік нясе адказнасць не ён адзін. Добры прыклад — Беларуская вайсковая камісія (БВК). Менавіта Аляксюк здолеў атрымаць ад Пілсудскага дазвол на яе арганізацыю. Але ўжо арганізоўваў справу не ён. Яму супрацьстаялі і «эндэкі», якія непрыхільна ставіліся да Пілсудскага, і Рак-Міхайлоўскі, і беларускія эсэры, і той жа Сільвестр Ваявудскі, а з ім Другі аддзел польскага Генштаба. Таму ацэньваць БВК як няўдалы твор асабіста Алексюка — не зусім карэктна.
«Краёвая Сувязь» — адзін з праектаў Паўла Алексюка (выява пячаткі арганізацыі)
Грошы пайшлі на балахоўцаў
— Яму часта закідаюць карупцыю: маўляў, браў грошы пад праекты, грошы знікалі, праекты развальваліся… Ці так было насамрэч?
— З пункту гледжання права, нічога не даказана. Але абвінавачванняў было поўна, яшчэ ад часоў беларускага гуртка. З грашыма яму не шанцавала ці… шанцавала, залежыць ад таго, як паглядзець. Нават апошняя ягоная справа завязана на грашах. Гэта гісторыя таго, як ён у 1930 годзе падпаліў сваю маёмасць, каб атрымаць страхоўку, і трапіў пад суд, але быў апраўданы.
— А што сталася з украінскім крэдытам на беларускае войска?
— Яшчэ ў канцы 1917 года Аляксюк ад імя Цэнтральнай Беларускай Рады едзе ў Кіеў да Цэнтральнай Украінскай Рады. Прычым едзе не проста за грашыма, а за грашыма для арганізацыі беларускіх аддзелаў. Гледзячы па ўсім, грошы ён атрымаў, але па вяртанні ў Мінск яго чакала ўжо цалкам новая расстаноўка сіл. Паміж Радай Усебеларускага З’езду і Аблвыкамзахам адбыўся канфлікт, бальшавікі арыштоўваюць і ўкраінцаў, і беларусаў, у тым ліку Езавітава.
Каму аддаць грошы ў такой сітуацыі? Для яго, відаць, гэта быў момант выбару. Ён палічыў, што даваць грошы Язэпу Варонку і «левым» на невядома што не варта. На маю думку, ён грошы выкарыстаў для беларускай справы, на выданне «Новага шляху» ды іншага. Так ён стаў арганізатарам розных праектаў: у яго быў для гэтага рэсурс. Часта мы дапускаем, што ўсё гэта рабілася за кошт Скірмунта, але ў таго ў 1918 годзе грошай наўпрост не засталося. А ў Алексюка яны былі.
— І гэта не адзіны выпадак?..
— Вельмі падобная гісторыя пазней сталася з касай БВК. Аляксюк прывозіць чарговыя грошы на войска ў Мінск, а сітуацыя за час яго адсутнасці ў чарговы раз карэнна змяняецца. Тут застаюцца эсэры, Рак-Міхайлоўскі, гатовыя іх узяць… Але куды тое пойдзе? У лепшым выпадку на прыватныя патрэбы, але ўлічваючы, што большасць іх сімпатызуюць бальшавікам, а Рак-Міхайлоўскі наогул пасля апынецца ў гродзенскім рэўкаме… Аляксюк вырашае ўсё па-свойму, грошы застаюцца ў яго.
Але ў жніўні 1920-га ён пачынае ствараць Беларускі палітычны камітэт, актыўна дапамагае Балаховічу… Дапускаю, што грошы пайшлі на балахоўцаў. Ці засталося нешта Алексюку? Напэўна, засталося. Але, зноў жа, гэта можна разглядаць як палітычную інвестыцыю. Гэта давала яму магчымасць больш-менш свабодна дзейнічаць, тым часам як большасць беларускіх дзеячаў пры адсутнасці грошай заставаліся ад некага залежнымі.
Палітычны менеджар Балаховіча
— Што можна сказаць пра гісторыю Алексюка, Балаховіча ды Палескі паход 1920-га года?
— Балаховіч стаў беларусам дзякуючы Езавітаву. Але Езавітаў на той час паспеў знікнуць з поля зроку, яны разышліся. І тут надышоў момант, калі Балаховічу спатрэбілася палітычнае заплечча. Ён не быў у стане яго стварыць. У Латышонка ёсць узгадка, якая шмат што тлумачыць: Аляксюк ведаў Балаховіча яшчэ да ўсіх гэтых падзей. А значыць, ім лёгка было знайсці агульную мову. Аляксюк прапанаваў яму палітычную схему, а Балаховіч наўпрост дапасаваў яе да сябе.
Стварэнне Беларускай дзяржавы ў Мазыры ў лістападзе 1920 года — гэта кульмінацыя паходу. Уявіце, Аляксюк з 1909 года выношваў у сабе беларускасць, пасля яму ўсе запярэчвалі, адсоўвалі, бэсцілі. А тут — шыкоўная магчымасць пачаць усё з чыстага ліста. Так у Мазыры паўстае Беларусь. Але калі на нейкі момант сабе ўявіць, што бальшавікі саступілі, а ў Балаховіча з Алексюком атрымалася, мы б займелі адзіны магчымы сцэнар незалежнай Беларусі на той момант. І Аляксюк быў бы там прэм’ерам ці віцэ-прэм’ерам пры Балаховічу.
— Ёсць нават думка, што ў такім выпадку Беларусь перажыла б эпоху аўтарытарызму яшчэ ў 1920-я…
— Развагі пра тое, што Балаховіч — тагачасны Лукашэнка, гэта, безумоўна,гульня. Але гульня, якая дазваляе зразумець гісторыю. У іх шмат чаго агульнага, праўда. Гэта найперш стаўленне да палітычных дагматаў, якія можна выкарыстоўваць для сваёй карысці, для ўлады. Яны хочуць і рэалізуюць уладу. Дарэчы, Аляксюк быў тады адным з нешматлікіх палітыкаў, якія мелі волю да ўлады. Таксама, як Балаховіч, як Лукашэнка.
Рэдактар баяўся, што жонка Алексюка яго застрэліць…
— Ці вядома нешта пра сям’ю Алексюка?
— Гэта вельмі драматычная гісторыя. Ягоная малодшая сястра была рэдактаркай гродзенскай газеты «Зорка». У канцы 1919 года яна нават атрымала ўзнагароду БНР за тое, што здолела перайсці ўкраінска-бальшавіцкі фронт і пранесці вэксаль на частку ўкраінскіх грошай. Пазней яна яшчэ раз узгадваецца як адзін з кіраўнікоў партызанскіх атрадаў «Зялёнага Дуба» ў 1921 годзе. Пазней, як і большасць Алексюкоў, яна губляецца.
Жонка Алексюка была літоўкай. Яны ажаніліся напярэдадні Першай сусветнай вайны. Варта памятаць, што Аляксюк — адзін з першых перакладчыкаў з літоўскай на беларускую мову. Разам з тым, ад 1921 года Аляксюк, як прыхільнік Польшчы, стаў ворагам Літвы №1 з ліку беларускіх дзеячаў. Ёсць згадка, як ягоная жонка прыйшла ў выдавецтва аднаго часопіса ў Вільні, а рэдактар-літовец баяўся, што яна яго застрэліць: сачыў увесь час за ейнай рукой.
— У іх былі дзеці?
— Ягонага сына напаткаў трагічны лёс. Вітольд Аляксюк, вучань адной з віленскіх каталіцкіх семінарый, у 1926 годзе прыехаў да бацькоў у Наваградак і застрэліўся. У прэсе пісалі, што ён выпадкова стрэліў сабе ў галаву, але, улічваючы моду на самагубства сярод моладзі ў той час, магло быць і па-іншаму. Магіла Алексюка-малодшага дагэтуль захавалася на каталіцкіх могілках у Наваградку.
Цікавы і гродзенскі след Алексюкоў. Старэйшая сястра Яўгенія была жонкай аднаго з прадстаўнікоў гродзенскага старастата. Згодна дакументам польскай выведкі ад 1921 года, і яна, і ейны муж праходзяць як прамоўтары беларушчыны. Муж памёр у першай палове 1920-х гадоў, жонка ці засталася, ці з’ехала (дакладна невядома). Ёсць і іншыя згадкі пра Алексюкоў, але незразумела, ці тое крэўныя, ці з адным прозвішчам. Наогул жа, усе яго сваякі — гэта энергічныя і яскравыя асобы, якія самі выскокваюць на старонкі гістарычных дакументаў.
Данясенні на Алексюка пісаў сам Аляксюк…
— Усё ж такі, ці быў Аляксюк кадравым супрацоўнікам польскай выведкі? Ці праўдзівыя абвінавачванні супраць яго з боку беларускіх дзеячаў?
— Дакладна можна сказаць, што ў Алексюка, у адрозненне ад іншых цалкам падкантрольных асоб, не было тэчкі ў Другім аддзеле польскага Генштаба («Двуйка»). Ёсць тэчкі і на Ладнова, і на Зямкевіча — яны дакладна супрацоўнічалі. З іншага боку, ён пэўна меў уплывы і гэтыя ўплывы выкарыстоўваў. Але шмат чаго было на асабістым узроўні. Гэта цікавая палітычная гульня...
Дзіўна, але ў часы Савецка-польскай вайны 1920 года, калі ў Польшчы ішла канкурэнцыя паміж рознымі сіламі, «паланафіл» Аляксюк быў у контрах з Другім аддзелам. Пра гэта сведчыць той факт, што ў 1921 годзе дэфензіва сачыла за Алексюком, але… у гэтым увесь Аляксюк! На матэрыялах выведкі, якія захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы, ёсць вельмі цікавая прыпіска алоўкам, пакінутая адным з аналітыкаў Другога аддзела: «У мяне вельмі моцныя падазрэнні, што гэтыя данясенні на Алексюка пісаў сам Аляксюк…»
— Я разумею, што гэта даволі нетыповы фармат стасункаў…
— Такіх беларускіх дзеячаў вельмі мала, насамрэч. Усе ўяўляюцца альбо ахвярамі, альбо апантанымі ідэяй, а гэта быў чалавек, здольны самастойна будаваць свой лёс. Столькі разоў яго ламала праз калена, столькі разоў яго публічна пракліналі… а ён штораз вяртаўся, як птушка-фенікс. Алексюка не здолеў выкарыстаць ніхто. А ён — выкарыстаў шмат каго.
Падчас вайны з ім магло быць усё што заўгодна…
— Якім чынам Аляксюк выйшаў з палітычнай гонкі?
— У Заходняй Беларусі на той момант ужо ўсё «пасыпалася». Засталіся камунізаваныя рэшткі «Грамады», нешта ад хадэкаў, розныя маргінальныя праекты... Ва ўсё гэта ён ужо не ўпісваецца, адыходзіць ад беларускіх спраў. І ў 1931-м ён выдае хіба ці не самую бліскучую гульню — знікае з грамадскага жыцця. З таго, што можна адсачыць, нібы з’язджае ў Острув Мазавецкі. У 1944 годзе ці пазней паглыбляецца яшчэ далей у карэнную Польшчу.
Год і месца ягонага пахавання невядомыя. Я вырашыў для сябе не працягваць пошукаў у гэтым кірунку, скончыць кнігу. Гэтае знікненне — ягонае права на забыццё. З іншага боку, калі недзе яшчэ захаваўся ягоны архіў… гэта была б бомба! Ва ўніверсітэтах вучаць, што гісторыю чалавека трэба скончваць ягонай смерцю. Але 1931 год — канец менавіта ягонай палітычнай біяграфіі.
— Няўжо Аляксюк ніяк не засвяціўся ў гады Другой сусветнай вайны? Няўжо не вярнуўся ў Беларусь?
— З таго, што я ведаю пра гэтага чалавека, дапускаю, што ён вяртаўся. Усё што заўгодна магло быць. Магчыма, Аляксюк недзе ўдзельнічаў, прычым актыўна. Я не здзіўлюся, калі знойдуцца дакументы пра яго ўдзел у АК альбо ў паваенным польскім СБ. А можа, у 1931 годзе ён зрабіў для сябе нейкую катэгарычную выснову і шчыра ад усяго адышоў.
Пячатка з сонцам па-над хвалямі
— На вокладцы кніжкі мы бачым разбітую рамку з партрэтам Алексюка, а зверху — адбітак падэшвы. Гэта стаўленне аўтара да героя?
— Такую вокладку мне зрабіў выдавец, але трапіў у самую сутнасць. І падэшву, і разбіты партрэт можна інтэрпрэтаваць зусім па-рознаму. Можна трактаваць як вобраз, збэшчаны сучаснікамі і нашчадкамі. А што за гэтым партрэтам? Што ўвасабляе гэты чалавек?.. Я вельмі хачу, каб выснову рабіў сам чытач.
Ну і апошняе: калі Аляксюк пісаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» лісты ў 1910 годзе, нешта па-беларуску, нешта па-польску, на сваіх капэртах ён заўжды пазначаў у зваротным адрасе: «Беларусь». То-бок ён яшчэ тады дакладна вызначыў прыналежнасць свайго горада, а пісаў ён з Гродна. Дарэчы, на лістах была і ягоная асабістая пячатка: узыходзячае сонца па-над хвалямі. Можна сказаць, што Аляксюк прыдумаў і частку сучаснага беларускага герба. Але гэта ўжо жарт.